Вальжына Морт атрымала ўплывовую прэмію Griffin Poetry Prize
- Рубрыка: УЛОЎ
- 24.06.2021
- 23365
Беларуска-амерыканская паэтка Вальжына Морт атрымала Griffin Poetry Prize за апошні зборнік вершаў «Music for the Dead and Resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрослых»).
Гэтую прэстыжную прэмію заснаваў у 2000 годзе бізнэсмэн-філантроп Скот Грыфін. Узнагароды тут прысуджаюцца ў дзвюх секцыях: міжнароднай і канадскай. Канадскі прыз сёлета ўзяла Канісія Любрын.
Найлепшыя творы ў міжнароднай секцыі адбіралі сябры журы з Украіны, Славеніі і Канады. Агулам яны прачыталі па 682 кнігі вершаў, у тым ліку 55 перакладаў з 28 моў. Кнігі на «Грыфіна» высунуў 231 выдавец з 14 краін свету.
Паводле меркавання журы, паэзія Вальжыны Морт вылучылася разнастайнасцю – ад інтымнай лірыкі да пратэснай, пры гэтым ва ўсіх вершах «ёсць беспамылковая эмоцыя, якая працягвае гучаць у нашых розумах яшчэ доўга пасля таго, як мы дачытаем кнігу». Зместава зборнік абапіраецца на ўспаміны і досвед бабулі паэткі, у кола ўвагі трапляюць савецкія працоўныя лагеры, перадзел зямлі, масавыя забойствы ў час Другой сусветнай вайны, сталінскія рэпрэсіі, наступствы аварыі на ЧАЭС, ідэалагічны кантроль савецкай школы. Пры гэтым, адзначае журы, старонкі «Music for the Dead and Resurrected» пра Беларусь урэшце напісаныя пра ўсіх людзей на свеце, бо «яны ператвараюць нашы ўспаміны і наша гора ў непараўнальную музыку».
Прыз для пераможцы Griffin Poetry Prize сёлета складае 65 тысяч канадскіх даляраў (гэта каля $ 52800). Паэты, якія трапілі ў шорт-ліст, атрымаюць па 10 тысяч канадсіх даляраў (каля $ 8100). Гэта самая шчодрая ўзнагарода Канады.
«Сёння мяне знайшла мая Папараць-Кветка», – напісала Вальжына ў Facebook, падзякавала журы за гонар і выразіла спадзеў, што дзякуючы прэміі кніга пашырыць кола чытачоў.
Летась The New York Times уключыў «Music for the Dead and Resurrected» у спіс найлепшых паэтычных кніг 2020-га. Набыць зборнік можна, напрыклад, на Amazon. А пачытаць інтэрв'ю з Вальжынай (праўда, пра іншую кніжку) можна тут.