Як адкрыць інтэрнэт-радыёстанцыю?

  • 04.02.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 6529

Неяк так склалася, што працу на радыё ахутвае пэўны арэол прывабнасці і рамантызму: напэўна, ледзь не кожны хацеў бы зазірнуць падчас эфіру ў студыю, парыпець дупай у скураным крэсле гукарэжысёра і перадаць прывітанне сябру-ўрбаністу з суседняга раёна. На жаль, такой магчымасці мы табе не дадзім. Затое распавядзем, як стварыць уласную «бі-бі-сі» з падкастамі пра сучаснае мастацтва і Арыянай Грандэ на рэпіце. Для гэтага мы запыталіся ў Паўла Кірпікава і Аляксандра Карнейчука, якія ўжо паўгода песцяць менскую інтэрнэт-радыёстанцыю Radio Plato.

 

Перш за ўсё трэба зразумець,  навошта табе радыё . Калі ты хочаш раскопваць апошнія навінкі канадскай індзі-сцэны і распавядаць пра ўзлёты і падзенні Jefferson Airplane – гэта адно. Калі тваё прызначэнне – тлумачыць ваганні ф’ючэрсных каціровак і абмяркоўваць геапалітычнае становішча ў краінах Урадлівага паўмесяца, – гэта другое. Зусім трэці выпадак, калі ты хочаш збіраць навіны свайго раёна, распавядаць, у якім двары ўзвялі дзіцячую пляцоўку, і рэкламаваць заняткі тайскага боксу ў спартзале мясцовай школы. Адсюль вынікае фармат. Якім ён будзе: цалкам музычным, размаўляльным або змешаным? Які будзе тон эфіру: забаўляльны, сур’ёзны? Ці збіраешся ты вяшчаць кругласутачна або дастаткова кропкавых трансляцый у пэўны час?

«На Radio Plato мы выбралі фармат музыкальнага радыё 24/7, якое ты ўключаеш у той момант, калі задаешся пытаннем: “Што б такога зараз паслухаць?” Апроч гэтага, мы робім інтэрв’ю з лакальнымі героямі, трансляцыі з менскіх вечарынак – і ў прынцыпе накіраваны на ўзмацненне мясцовага кам’юніці. Пачалі з музычнага, але не адмаўляемся ад мастацкіх, актывісцкіх ці нават акадэмічных украпін».

 

 

Наступны этап –  вызначыцца з бюджэтам . Ці ёсць у цябе стартавы капітал? А мо ты ведаеш паспяховага бізнэсмэна, які стаміўся ад мітусні жыцця і хоча інвеставаць у што-небудзь цікавае? Або ты незалежны карсар і хочаш будаваць свой карабель цалкам самастойна? У час інтэрнэту магчымы кожны з гэтых варыянтаў, але ад гэтага залежыць курс, які ты возьмеш.

«Мы вырашылі збіраць радыё “на каленках”, без аніякіх укладанняў. Таму наш шлях – гэта інтэрнэт-радыё. Можна было б намагацца і FM-дыяпазону, але для гэтага патрэбна некалькі дзясяткаў тысяч долараў, выйграць тэндар і яшчэ даказаць“мэтазгоднасць праекта”. Мы лепей дачакаемся, калі Wi-Fi прыйдзе ў аўтамагнітолы».

 

 

 Анлайн-брадкастынг складаецца з наступных тэхнічных кампанентаў . Па-першае, табе неабходна месца, дзе будуць захоўвацца аўдыяфайлы, якія ты будзеш браць у ратацыю. Гэта можа быць асабісты камп’ютар, але тады ён павінен быць заўсёды ўключаны падчас эфіру. Другі варыянт – размясціць файлы на хостынгу. Тады хоць мясцовую ТЭЦ закараціць, з тваім джукбоксам нічога не стане.

Па-другое, неабходная праграма-аўтадыджэй, з дапамогай якой ты зможаш ствараць плэйлісты, планаваць эфір і падключаць да яго асобных дыджэяў. Мы можам парэкамендаваць Sam Broadcaster, RadioDJ і Centova Cast. Яны адрозніваюцца коштам, наяўнасцю/аб’ёмам хостынгу і функцыяналам.

Затым табе неабходны стрымінгавы сервер. Сігнал ад аўтадыджэя ідзе да яго і далей раздаецца кожнаму слухачу. Тут важны паказчык – прапускная магчымасць яго канала. Напрыклад, тваё вяшчанне ідзе ў якасці 128 кбіт/с, значыць, калі цябе слухаюць 10 чалавек, сервер павінен раздаваць сігнал 1,28 Мбіт/с. А калі прыйдзе 50 ці 100 слухачоў? Таму калі ты вяшчаеш з хатняга камп’ютара, не забудзь падрубіць хуткасны інэт (звяртай увагу менавіта на аддачу). Сярод самых папулярных стрымінг-сервераў – SHOUTcast і Icecast. Апошняя эбсалютлі фры.

«Radio Plato мы забазіравалі на платформе Centova Cast. Яны даюць 20Gb хостынгу, просты аўтадыджэй і прыкручаны да сэрвісу Icecast – усё за 10 долараў у месяц. Мы вяшчаем у 192 кбіт/с, і нават калі на радыё сядзіць сотня чалавек, нічога не ляскаецца».

 

 

Пасля архітэктурных рашэнняў трэба заняцца дызайнам эфіру, то-бок  праграмінгам . Калі ты вяшчаеш кругласутачна, падумай, што ў цябе будзе граць раніцай, што днём, а што позняй ноччу. Можаш прадстаўляць слухача ў пэўны час сутак. Чым ён ці яна займаецца? Робіць гімнастыку, корпаецца ў метро або смажыць гародніну на лецішчы? Так ты зможаш разбіць суткі і дні тыдню на ўнікальныя плэйлісты. Памятай пра колькасць трэкаў, неабходных для ратацыі.

«Мы карыстаемся формулай: для гадзіны эфіру нам неабходна пяць гадзін музыкі, каб яна не задзяўбла ўжо на другі дзень. Эфірную сетку мы разбілі на пяць пастаянных блокаў: з 7 да 11 раніцы грае бадзёрая музыка для прачынання; з 11 да 18 – павольны плэйліст з хітовымі ўкрапінамі для дзённага workflow; з 18 да 22 – музыка вяртання дамоў, сустрэчы з сябрамі, там шмат рытмічнага індзі, постпанку і хіп-хопа; з 22 пачынаецца паўсоннае даўнтэмпа, каб чыліцца з асалодай; а з 2 ночы і да 7 раніцы – глыбокі эмбіентны graveyard. Акрамя пастаянных блокаў, мы штотыднёва выпускаем асобныя перадачы – гасцявыя міксы, размоўныя падкасты, трансляцыі з вечарынак, аўдыяказкі. Штосьці ставім днём, штосьці ўвечары».

 

 

 Ліцэнзія . Калі ты плануеш размоўны фармат радыё, то-бок у эфіры будзе гучаць толькі гутарка, то ліцэнзія дакладна не трэба. Для трансляцыі музыкі неабходна заключаць дагавор з яе праваўладальнікамі. У Беларусі калектыўным кіраваннем аўтарскага права займаецца Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Звязвацца з ім мае сэнс, калі ты круціш «Песняроў», Ціхановіча, Вольскага ці каталогі мэйджар-лэйблаў, з якімі НЦІУ мае дамоўленасці.

«Большая частка нашага эфіру – гэта андэграўнд-рэлізы з бэндкэмпа ці саўндклаўда. І ніякі НЦІУ ліцэнзаваць іх не дапаможа. Трэба з кожным аўтарам асобна мець дамоўленасць. Частку згодаў мы робім: прапануем беларускім музыкам і замежным сябрам уключыць іх трэкі ў ратацыю. У цэлым жа мы ўспрымаем сваю дзейнасць як прамоўтарскую, якая дапамагае распаўсюдзіць гучанне таго ці іншага артыста».

 

 

Акрамя запраграмаваных эфіраў, можна рабіць  жывыя трансляцыі : са студыі ці івэнта. Для гэтага табе спатрэбіцца якасны мікрафон, аўдыякартка, камп’ютар і хуткасны інтэрнэт. Важна наладзіць Wi-Fi-роўтар на іншыя частоты, чым тыя, якімі карыстаюцца твае суседзі і мабільная сувязь, а яшчэ лепей падрубіць яго праз кабель да кампа. Бо калі на івэнт наб’юцца некалькі сотняў чалавек і будуць сінхронна посціць сторыз з хэдлайнерам, твая трансляцыя ў гэты час пахерыцца нафіг.

«Для трансляцыі з вечарынак мы бярэм сігнал з асноўнага пульта і праз лінейны ўваход прыводзім яго ў лэптоп. Далей сігнал бярэ зручная праграмка Butt, якая дасылае яго на наш Icecast-сервер, перабіваючы асноўную ратацыю. Тут самае важнае – забяспечыць стабільны інтэрнэт (дарэчы, хопіць і мабільнага)».

 

 

Калі тэхнічныя і праграмныя моманты пройдзены, можна задумацца аб  прасоўванні . Ці будзе гэта асобны сайт з апісаннем праграм або толькі акаўнт на якім-небудзь Mixlr? Праз якія сацсеткі ты будзеш камунікаваць з аўдыторыяй? На якой мове? Як усё будзе выглядаць візуальна? Гэта не менш важныя пытанні, чым пабудова эфіру, якія разам будуць складвацца ў цэльны вобраз.

«Мы зрабілі стыльны і лаканічны дызайн з кнопкай пасярэдзіне і мінімумам інфармацыі. Завялі Facebook, VK, Instagram, архівы перадач захоўваем на Mixcloud. З аўдыторыяй мы камунікуем на беларускай мове – нам так зручней, ды і чаму б сваім праектам не падтрымаць уласную мову і культуру? Важна: раскідай сваю радыёстанцыю ва ўсе магчымыя каталогі і мабільныя дадаткі. У нас, напрыклад, праз гэта чвэрць трафіка з-за мяжы. Вось спіс дырэкторый, куды мы дадалі Radio Plato».

 

 

Наступны этап –  маштабаванне . Шукай аднадумцаў, якім таксама цікава было б рабіць разам з табой радыё. Хтосьці даўно марыў распавядаць млявым голасам пра навінкі мінімал-тэхна? Крута! У кагосьці лагодны голас і ён ці яна абажае чытаць казкі? Цудоўна! Табе неабходныя людзі, таму што радыё будзе праглынаць амаль увесь твой час. А праекту трэба расці.

«Акурат зараз Radio Plato знаходзіцца на гэтым этапе. Мы ўдвох займаемся насычэннем эфіру музыкай, планаваннем, праграмінгам сайта, дызайнам, SMM і піярам. У нас выходзяць размоўныя падкасты пра музыку “Бацін патэфон” і трансляцыі Karma Podcast – абодва праекты робяць сябры без нашага ўдзелу. Напэўна, калі былі б грошы, заахвочваць аднадумцаў было б лягчэй, але мы не забываем, як збіраўся першы Apple».

 

 

Ну і нарэшце агульная парада –  камунікуй з людзьмі . Рабі калабарацыі, нэтворкінг. Кожная супраца з артыстам ці іншым праектам прыносіць скрыжаванне аўдыторыі. А чым дрэнныя сітуацыі win-win?

«Адразу ў першы тыдзень існавання нам напісаў Паша Данкоў з праекта Mechta і прапанаваў зрабіць трансляцыю з тусы, на якую прыязджаў варшаўскі дыджэй Eltron. Так у нас з’явіліся слухачы з Польшчы».

 

Radio Plato ў сацсетках:

Сайт    |   VK    |   Facebook    |   Instagram    |   Mixcloud


 Паслухай таксама 11 крутых еўрапейскіх радыёстанцый