Новы Першамай

Пісьменнік і мастак Аляксей Талстоў – пра актуальнасць Першамаю, новыя сэнсы і адценні Дня салідарнасці працоўных і неабходнасць аб'ядноўвацца.
 
 

Не памятаю я ніякіх першамайскіх дэманстрацыяў. Калоны працоўных, чырвоныя транспаранты з белымі літарамі, дзеці з балонікамі на плячах у бацькоў, «Мір! Труд! Май!» – ніколі такога не бачыў, хіба ў дзяцінстве ў тэлевізары, на архіўных кадрах. Страшна падумаць, я нават не ведаю, ці ненавіджу Савецкі Саюз. Як можна ўвогуле ненавідзець гісторыю, хай і такую паскудную? Зразумела, што ўва ўсіх ёсць свае прэтэнзіі да яе, пэўныя асабістыя моманты, успаміны сваякоў, што сыходзяць некуды далёка ў часы сталінскіх рэпрэсіяў. Імперыя нікуды не падзелася, імперыя вядзе вайну, пагражае мне і майму ладу жыцця, спакойнаму і «стабільнаму». Але якое дачыненне гэта мае да салідарнасці працоўных, да супрацьстаяння ўладзе буйнога капіталу?

Я нічога не памятаю пра святкаванне Першамаю, як, напэўна, і мільёны тых, каму цяпер прыблізна каля 30-ці ці маладзейшых.

Што такога страшнага ў гэтым свяце? Аўтарытарныя прышпілы сучаснай Беларусі – следства савецкай бюракратычнай традыцыі. Патасныя Дні Незалежнасці, угодкі Вялікай Перамогі, парады і масавыя гулянні, поп-зоркі ды ўрачысты шашлычок у парку Горкага – вядома, нам яшчэ давядзецца пасумаваць па ўсім гэтым. Але ніхто ж не сумняецца, што гэта ўсё толькі тэатр, упрыгожанае рознакаляровымі сцяжкамі саламянае шоу фальклорных калектываў і гандлёвых шапікаў з таннаю гарэлкай. Падпіты баяніст у няякаснай вышыванцы і традыцыйных ботах каля Палацу спорту. І ён стоадсоткава не мае аніякага дачынення да сытых топ-менеджараў «беларускага цуду», да яго піаршчыкаў з ідэалагічнага аддзелу, да ратацыі алігархаў і да кіраўніцтва нашай дарагой карпарацыі.

…130 гадоў таму, 4 траўня 1886-га, рабочыя Чыкага сабраліся на мітынг на плошчы Хэймаркет. Усё як мае быць: патрабавалі 8-гадзіннага працоўнага дня, абмяркоўвалі забойства паліцыянтамі сваіх таварышаў падчас страйку напярэдадні. Калі копы прыйшлі разганяць, нехта з актывістаў кінуў у іх бомбу. Страляніна, некалькі забітых, дзясяткі параненых, сямёра анархістаў асуджаныя да смяротнага пакарання. То бок гэта самы пачатак барацьбы за грамадзянскія правы, самаарганізацыя людзей працы, без якой мы наўрад ці б гаварылі сёння аб правах чалавека, сацыяльных гарантыях, безумоўным прыбытку і г. д. Не было б ані прафсаюзаў, ані грамадскага кантролю, ані безумоўнага даходу. Хто ведае, можа, пад пытаннем была б і выбарнасць улады.

Права на горад, разнастайныя супольныя ініцыятывы, онлайн-петыцыі ды той жа краўдфандынг. Існуе шмат нагодаў для яднання, шмат пытанняў, якіх паасобку не вырашыш.

Трохі дзіўна ўзгадваць такое, калі постфардызм даўно перайначыў усе працоўныя сувязі. Годна апранутыя людзі збіраюцца каля прахадной і рушаць некуды ў цэнтр, радасныя, вясёлыя, гатовыя далучыцца да ўрачыстай дэманстрацыі – гэта нейкая наіўная карцінка, прывітанне з нерэальнага савецкага мінулага. І смешна, і сумна. Прадпрыемствы пераведзеныя на 3–4 дні, прызначаюцца дадатковыя адпачынкі. Офісныя кадры, саларыят і спрэчнасць кантрактавай сістэмы. Фрылансеры і дыстанцыйная праца, частковая занятасць, выпадковыя падпрацоўкі, кагнітарыі ў вечных пошуках праектаў. Падаецца, ува ўсёй гэтай неаднастайнай працоўнай сілы няма ніякіх падставаў для аб'яднання.

Для мяне Першамай – гэта перадусім салідарнасць. Зведзенае пасля зруйнавання Саюзу да нейкага архаізму, сёння гэтае слова нібы ажывае, прымае ў сябе новыя адценні. Права на горад, разнастайныя супольныя ініцыятывы, онлайн-петыцыі ды той жа краўдфандынг. Існуе шмат нагодаў для яднання, шмат пытанняў, якіх паасобку не вырашыш.

Бюракратычная машына, якая дасталася нам у спадчыну ад савецкага часу, відавочна патрабуе замены. Сумнеўна, што занураны ў свае ўласныя праблемы палахлівы індывідуаліст зможа дасягнуць у гэтым вялікага поспеху. Варта нарэшце зразумець, што гэтае свята не належыць дзяржаўнай ідэалогіі (як і шмат іншых святаў) – яно належыць людзям. Гэта нашае свята, свята супольнага дзеяння, свята той сілы, якая і ёсць рухавіком усіх пераменаў. 1 траўня – менавіта той дзень, калі замест таго, каб чарговы раз бездапаможна наракаць на нейкіх начальнікаў, мы можам проста крыху ў сябе паверыць, адчуць сябе троху мацнейшымі. А, паверыўшы ў сябе, неўзабаве саспеем і да нечага большага.

Салідарызуймася, сябры!

 
P.S. Дарэчы, менавіта 1 траўня ў падвале галерэі «Ў» адкрылася новая персанальная выстава Аляксея Талстова «Гэта так прыгожа!» – наведайся, выстава працуе штодзённа з 17:00 да 21:00.

 


КАМЕНТАРЫ (0)

КАМЕНТАВАЦЬ