
Успрыманне іншымі
– Я не чакаю, што маё мастацтва зразумеюць. На мой погляд, значна важней адчуваць, чым разумець, бо сувязь з мастацтвам больш абстрактная. Часам ты адчуваеш штосьці незразумелае, але яго асэнсаванне прыходзіць да цябе толькі праз пяць гадоў. Са мной часта такое здараецца: тлумачэнні маіх карцін прыходзяць пазней за самі карціны. Ніколі спачатку. Акрамя таго, значэнне змяняецца ў залежнасці ад моманту яго ўспрымання, але мастацтва – гэта заўсёды брама ў іншае вымярэнне. Няхай і ў вымярэнне майго жыцця.
Быць пустым
– Сапраўдны творчы працэс патрабуе пэўнага стану – унутранай пустаты. Трэба цалкам змяніцца, каб паток падхапіў цябе. Часам мне патрэбныя тры гадзіны, каб увайсці ў гэты стан. Я спрабую, спрабую і спрабую… Калі гэта нарэшце адбываецца, я губляю пачуццё сябе, станаўлюся больш успрыімлівым і чуллівым. Я пераходжу ў іншае вымярэнне і, калі вяртаюся, не разумею, што адбылося. Можа, толькі праз год разумею… Мастацтва дазваляе сустрэцца з невядомым. Вось гэта важна. Не канцэпцыя. Напрыклад, я несвядома адлюстроўваю японскія матывы ў сваіх карцінах. Яны навялі мяне на думку, што я маю продкаў з японскага народу айну. У наступным годзе я планую паехаць у Японію і адшукаць сваю сувязь з гэтым народам.


Мурал на Раманаўскай Слабадзе
– У цэнтры майго мурала – дзяўчына, якой жанчына адразае валасы. З валасамі дзяўчына пазбаўляецца ідэнтычнасці, бо важна ўмець аддзяляць сябе ад мінулага, абумоўленасці соцыумам, сям’ёй, месцам, рэлігіяй – усім тым, на чым будуецца наша асоба, якая часта праграмуе нашы паводзіны і наша ўспрыманне рэальнасці. Складана быць вольным ад мінулага, бо яно дае нам бяспеку. Але, калі ты глядзіш на жыццё праз вопыт мінулага, твае рэакцыі становяцца аўтаматычныя і ты паводзіш сябе як робат.
Магчыма, прасвятленне якраз пра гэта – пра разуменне ілюзорнасці асобы. Людзі насамрэч не баяцца фізічнай смерці, яны баяцца згубіць сябе, сваё эга – тое, чым, ім падаецца, яны ёсць. Калі чалавек цалкам вязне ў акалічнасцях свайго жыцця, ён нічога не ведае пра сучаснасць, бо яго ўвага цалкам захоплена мінулым. І ён паўтарае яго зноў і зноў… Нібыта закрышталізаваны. Так працуе наш розум. Гэта шакуе, калі бачыш, наколькі ты абумоўлены, наколькі аўтаматызаваны, наколькі ты – усяго толькі рэакцыя. Я зразумеў гэта нядаўна. Таму я звяртаюся да мастацтва – яно дапамагае мне знайсці мой асабісты шлях, а не толькі прымаць прапановы знешняга свету.
Я часткова малюю мурал пэндзлем, бо для мяне важна дакранацца, адчуваць сябе першапачаткова мастаком, а не графіцістам. Да таго ж фарба са спрэяў таксічная.

«Людзі насамрэч не баяцца фізічнай смерці, яны баяцца згубіць сябе, сваё эга»

«Галіны, што растуць знадворку акна»
– Некалькі гадоў таму мне прыснілася жанчына з залатым шарам на лбе. Яна лётала звонку маёй студыі і казала, каб я дазволіў сваім галінам расці знадворку акна. Пасля чаго я спытаў, дзе магу знайсці яе. Яна адказала: «У лесе». А потым паляцела да месяца.
Праз месяц пасля сну я атруціўся выпарэннямі шкіпінару і зразумеў, што гэта ўнутраны голас кліча мяне на прыроду, каб я «дазволіў сваім галінам расці знадворку акна». Я перабраўся жыць у лес, дзе жыў і маляваў у поўнай адзіноце.
Але толькі нядаўна я канчаткова зразумеў словы жанчыны. Яна казала пра пашырэнне свядомасці да сусветнага маштабу, пра аб’яднанне свайго жыцця з жыццём усяго свету, бо, калі ты замкнёны толькі на сабе і на ўласным жыцці, твае магчымасці абмежаваны. Нават мастацтва тады становіцца тэхнічным, а тэхніка цалкам механічная. Розум павінен быць свабодным і шырокім, як сусвет, калі хочаш дакрануцца да невядомага. Калі няма прасторы ў галаве, ты можаш толькі паўтараць…


Крызіс
– У мяне быў двухгадовы крызіс, калі я перастаў маляваць. Ён быў звязаны з непрыманнем таго, як дзейнічае маркетынг у сферы мастацтва, якія адносіны складваюцца паміж мастакамі, галерэямі і людзьмі, што іх прэзентуюць. Усё гэта супярэчыць маім этычным прынцыпам. Я адчуваю дыскамфорт, калі знаходжуся ў мастацкіх галерэях вялікіх гарадоў, такіх як Сан-Паўлу, бо там няма сузірання і апошняе, што ты там бачыш, – гэта мастацкі твор, які не можаш належна ацаніць. У мяне пачалася фрустрацыя. Замест малявання я пачаў вывучаць агракультуру, каб самастойна вырошчваць ежу. Тады я адчуў у гэтым больш сэнсу, бо ўсё жыццё я толькі маляваў і больш нічога не ведаў, а быць выключна мастаком для мяне стала недастаткова.
Я звярнуўся да прыроды, пачаў вырошчваць уласную гародніну і бачыць, як у свеце ўсё ўзаемазвязана. Мае галіны пачалі пашырацца. Потым я з’ехаў на некалькі месяцаў у Каліфорнію, дзе працаваў на ферме аднаго вельмі мудрага чалавека. Мы шмат размаўлялі пра мастацтва і пра тое, чаму я перастаў маляваць. І там я зразумеў, што, каб пабудаваць новую рэчаіснасць, новыя адносіны з мастацтвам, мне патрэбна паліва, мне патрэбны грошы. Грошы, якія належаць людзям, чые прынцыпы я не раздзяляю, але якія потым я выкарыстаю для стварэння новай рэальнасці. Канфлікт быў вырашаны, і гэтай вясной я зноў вярнуўся да пэндзляў.

«Некалькі гадоў таму мне прыснілася жанчына з залатым шарам на лбе»


Храм мастацтва
– Я намагаюся пабудаваць новыя адносіны з мастацтвам. Больш комплексныя, халістычныя (holos – цэласнасць, цэльнасць). Мая ідэя ў тым, каб стварыць месца, дзе ўсё будзе ўзаемазвязана. Не толькі выяўленчае мастацтва і архітэктура, але і зямля, вада, вырошчванне ежы будуць адным цэлым. Мастацтва тут – усяго адзін фрагмент малюнка. Таму я хачу вынесці яго па-за межы горада – на прыроду.
Я дзяліўся са сваімі сябрамі ўсім, што вывучыў пра ўзнаўляльнасць прыроды і пермакультуру. Яны наведвалі мой дом у гарах Мінас-Жэрайс і бачылі, як я жыву, не шкодзячы прыродзе, і сам забяспечваю сябе ежай. Сярод іх быў Імай Юск, які маляваў летась у Менску. Разам у нас узнікла ідэя, як злучыць прыроду і крэатыўнасць, каб жыць у гармоніі з зямлёй, якая нас корміць. Усяго нас чацвёра, і мы збіраемся набыць зямлю недалёка ад Сан-Паўлу, каб не быць канчаткова ізаляванымі ад вялікага горада. Мы назавем гэтае месца «Храмам мастацтва».
У вялікім горадзе шмат забаў і рэчаў, якія дарма адцягваюць нашу ўвагу. Там лёгка запоўніць унутраную пустату, каб не сутыкацца са сваімі страхамі. Мне знаёмы гэты вакуум, і для мяне прырода, вырошчванне сваёй ежы, адзінота сталі лекамі. «Храм мастацтва» дасць людзям магчымасць жыць інакш. Як я ўжо казаў, мне некамфортна ў сферы сучаснага мастацтва. Таму ў мяне ёсць магчымасць стварыць уласную рэчаіснасць. Альбо застацца нешчаслівым.

Вяртанне
– Пасля крызісу натхненне вярнулася да мяне, і мне зноў захацелася маляваць. Але я вырашыў, што больш не хачу ніякай бяспекі, што я хачу быць абсалютна адкрытым для ўсяго. І дзіўныя рэчы пачалі здарацца. Як толькі я вярнуўся з Каліфорніі, я атрымаў запрашэнне ад Данілу Коста (арганізатара Vulica Brasil) прыехаць у Беларусь. Я падумаў, што гэта знак для мяне. Я так хацеў вярнуцца да мастацтва – а тут такая прапанова! А праз тыдзень мой сябар прапанаваў зрабіць выставу ў Аўстраліі. Так што ў наступным годзе я накіруюся туды.
Бяспека
– Нас вучылі, каб наша будучыня была забяспечана. Каб мы ведалі, што будзе заўтра. У нейкім плане мастацтва становіцца «вірусам» – яно дазваляе нам дакрануцца да невядомага і думаць абстрактна. Калі ты ў кантакце з сапраўдным мастацтвам, ты ніколі не будзеш цалкам у бяспецы. Ніколі. Бяспекі наогул не існуе. Гэта наш розум шукае яе. Але жыццё такое кароткае, навошта існаваць у бяспецы?
Vulica Brasil
– Я быў вельмі здзіўлены тым, якія тут спагадлівыя, чулыя людзі. Заўсёды гатовыя дапамагчы. Асабліва валанцёры. Я праводжу тут цэлы дзень, і яны заўсёды тут, са мной. На жаль, у мяне не было магчымасці добра пазнаёміцца з Менскам, але я ведаю, што ў Віцебскай вобласці ёсць арт-рэзідэнцыя Белая Царква, якая сумяшчае мастацтва і паважлівыя адносіны да зямлі. Вось туды я б вельмі жадаў завітаць.
«Я адчуваю дыскамфорт, калі знаходжуся ў мастацкіх галерэях вялікіх гарадоў»




Схапіць мару за хвост, нават калі бачыш яе адным вокам на дзве сотыя.
Інтэрв'ю са свабодным мастаком, які атрымлівае задавальненне ад таго, што робіць. Прынамсі, ён так кажа.
Як атрымаць мільёны еўра на сваю ініцыятыву і што прыводзіць да менеджарскага аргазму – унутраная кухня аднаго з буйнейшых некамерцыйных фондаў Беларусі.
У Менск прыйшла сусветная «сацыяльная франшыза». Чытай в’ю з арганізатаркамі.
Гіпнотык-тэхна і эксперыментальны IDM.
І анансавалі выступы з новым альбомам.
Ноч паміж агнём, лесам і музыкай.
BelSwimSisters – пра падрыхтоўку да выкліку, рэгламент і матывацыю.