У Горадні адкрываецца галерэя «400 квадратаў»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 18.05.2021
- 16937
21 траўня а 19-й Гарадзенскім ГЗЦ Triniti адкрыецца новая арт-пляцоўка «400 квадратаў». Першай падзеяй тут будзе выстава-амаж мастаку Захару Кудзіну, якую менчукі пабачылі ў Менску ў Палацы мастацтва.
Экспанаты для выставы збіралі і стваралі розныя мастакі ў знак памяці пра Захара Кудзіна. Таксама спецыяльна для экспазіцыі ў галерэі «400 квадратаў» куратарская група праекта адабрала некалькі значных работ самога Захара Кудзіна і відэаматэрыялы. Нагадаем, што Кудзін, які пайшоў з жыцця ў 33 гады, вядомы дынамічным абстрактным мастацтвам, якое сам ён вызначаў як «нейра-арт». Ён самы малады мастак з тых, чые працы ўваходзяць у калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея краіны.
«Гэта вялікі гонар і адказнасць – адкрываць галерэю з такога важнага імя для сучаснага беларускага мастацтва, як Захар Кудзін, – кажа кіраўнік галерэі Андрэй Бараноўскі. – Задумваючы галерэю, мы хацелі стварыць арт-прастору, здольную экспанаваць сучасныя творы мастацтва, таму вялікім поспехам было знайсці перспектыўнае памяшканне, прыдатнае да таго, каб размясціць буйнафарматныя працы».
Каб паміж артам і гледачом не было «пасрэднікаў», стваральнікі «400 квадратаў» вырашылі адмовіцца ад найму наглядчыкаў, ахоўнікаў і гідаў у іх класічным разуменні (аўдыягіды, дарэчы, будуць). Такі ход разлічаны на тое, каб дадаць інтымнасці ў момант судакранання з мастацтвам.
Выстава-амаж Захару Кудзіну будзе доўжыцца да 27 чэрвеня. Наведаць яе можна з 9:00 да 22:00 у любы дзень.