Адкрываецца выстава-амаж мастаку Захару Кудзіну
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.03.2021
- 4878
27 сакавіка ў Палацы мастацтва адбудзецца адкрыццё выставы-амажу мастаку Захару Кудзіну. У выставе бяруць удзел больш за 40 аўтараў і аўтарак, ад пачаткоўцаў да ўжо вядомых у Беларусі мастакоў і мастачак.
Галоўная мэта – распавесці пра свае пачуцці да асобы Захара Кудзіна праз фатаграфію, графіку, жывапіс, скульптуру ды інсталяцыі. Паводле стваральнікаў і стваральніц выставы-амажу, яна мае стаць часткай нашай калектыўнай памяці пра мастака.
Захар Кудзін вядомы сваім дынамічным абстрактным мастацтвам, якое ўключае ў сябе жывапіс, скульптуру і музыку і якое сам мастак акрэсліваў як нейра-арт. У 2019 годзе Захар Кудзін сыграў галоўную ролю – самога сябе – у фільме «Чыстае мастацтва» рэжысёра Максіма Шведа. Ва ўзросце 33 год Захар пайшоў з жыцця, пакінуўшы па сабе вялікую мастацкую спадчыну.
Выстава-амаж працягнецца да 10 красавіка ў ZAL#2 у Палацы мастацтва на Казлова, 3. Час працы: аўторак – нядзеля з 11 да 20. Уваход на выставу бясплатны.