Лічба дня: толькі 6% беларусаў выступаюць супраць катаванняў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 25.06.2019
- 5520
24 чэрвеня арганізацыя «Прававая ініцыятыва» апублікавала справаздачу па выніках даследавання «Вымярэнне талерантнасці беларусаў да дзяржаўнага гвалту».
Рэспандэнтаў (а іх было 902 чалавекі ад 18 да 55 гадоў) апытвалі анлайн у сакавіку-красавіку 2019 года. Пытанні даследавання былі сфармуляваныя па матывах рэальных кейсаў у Беларусі. У апытанцы быў пункт аб тым, ці дапушчальна катаваць чалавека, каб прадухіліць тэракт, або каб выбіць прызнанне ў забойстве, або каб пакараць за выхад з лозунгамі на праезную частку.
Асноўныя высновы атрымаліся такія:
Пры максімуме ў 86 балаў 50% апытаных маюць індэкс талерантнасці ніжэй за 20,1 бала (ужо нядрэнна!). 10% выбаркі адрозніваецца крайнім непрыманнем гвалту. Адсочваецца сувязь зніжэння талерантнасці да гвалту з ростам узроўню адукацыі і ўзроўнем даходу рэспандэнтаў.
Давер да дзяржінстытутаў абароны правоў зніжаецца, калі чалавеку прылятала ад іх асабіста. 37% такіх рэспандэнтаў гатовыя звярнуцца ў пракуратуру. Сярод тых, хто з дзяржаўным гвалтам твар у твар не сутыкаўся, гэты паказчык – усяго 54%.
Толькі 6% апытаных не дапускаюць дзяржаўнага гвалту ні пры якіх абставінах. Траціна рэспандэнтаў лічыць, што дзяржаўны гвалт можа быць ужыты ў выпадку, калі парушаецца права на жыццё пацярпелага. Калі катаванні могуць дапамагчы прадухіліць тэракт, то больш за палову рэспандэнтаў увогуле не расцэньваюць дзеянні дзяржорганаў як гвалт і лічаць гэтыя дзеянні дапушчальнымі.
Беларусы разумеюць гвалт як празмернае пакаранне за ўчыненыя дзеянні, якія супярэчаць закону. Але большая частка рэспандэнтаў дапускае катаванні ў выпадку, калі існуе пагроза жыццям іншых людзей або злачынца сам адкрыта парушае ўстаноўленыя правілы. 80% апытаных апраўдваюць збіццё саўдзельніка тэрарыста. 46% апытаных апраўдваюць збіццё парушальніка правілаў (кейс: кантралёры ў турме даведаліся, што зняволены пранёс наркотыкі на тэрыторыю, у якасці пакарання яны сем разоў ударылі яго дубінкай па ягадзіцах і адправілі ў ШЫЗА).
Гвалт часцей апраўдваецца, калі затрыманы парушае правілы. 26% рэспандэнтаў дапускае пакаранне з боку дзяржорганаў за наўмыснае невыкананне правілаў нават пры нізкай небяспецы злачынства або злачынцы (кейс: падчас мітынгу частка калоны выйшла на праезную частку, у нейкі момант амапаўцы пахапалі людзей, запіхнулі іх у аўтазакі, завезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе паставілі на вуліцы тварам да сцяны і пры тэмпературы +1°С пратрымалі дзве гадзіны, не дазваляючы размаўляць і рухацца).
Беларусы ў цэлым станоўча ставяцца да смяротнага пакарання. Доля рэспандэнтаў, якія ўхваляюць смяротнае пакаранне, падае, калі расце ўзровень адукацыі, узровень даходу перавышае $ 500 або чалавек падвяргаўся гвалту з боку дзяржорганаў.
Індэкс талерантнасці ў цэлым звязаны са стаўленнем да смяротнага пакарання, аднак ён не вызначае стаўленне да смяротнага пакарання. Толькі абсалютна неталерантныя да гвалту рэспандэнты радзей сярэдняга ўхваляюць смяротнае пакаранне.
Поўны тэкст справаздачы з інфаграфікай чытай тут.
Калі хочаш пагутарыць пра катаванні і дзяржаўны гвалт, прыходзь 28 чэрвеня на пляцоўку «Другі паверх» (Машэрава, 9, корп. 8). Тут абмяркуюць вынікі даследавання, падыскутуюць пра неюрыдычныя спосабы прадухіліць катаванні і пакажуць фільм «Крайний юг».
Сустрэча адбудзецца ў рамках кампаніі «Пытай/ся. Неделя против пыток», прымеркаванай да Міжнароднага дня ААН у падтрымку ахвяр катаванняў – 26 чэрвеня.
Акрамя дыскусіі пра катаванні, на тыдні будуць і іншыя цікавыя івэнты. Падрабязней пра іх чытай у праграме.