Крысціна:
– Усё пачалося яшчэ ў школе, гадоў дзевяць назад. Я тады жыла ў Смалявічах, і адно атэлье шукала дзяўчат для паказаў вясельных сукенак. Мяне запрасілі. З усёй групы толькі ў мяне быў 46 памер.
Пасля пераезду ў Менск усё крыху заглухла. Але аднойчы я ўбачыла конкурс на TUT.by, там якраз шукалі мадэляў plus size. Я адправіла фота, і мяне запрасілі на кастынг. Там прыехала каля ста дзяўчат! Мне хацелася хуценька перажыць гэтую ганьбу, таму я пайшла адна з першых. Але ў рэдакцыі сказалі: «Мы менавіта такіх і шукаем», і я зразумела, што «трапіла». Усяго выбралі дзяўчат восем, і мы некалькі месяцаў рыхтаваліся да конкурсу. Нас вучылі дэфіле, пазіраванню. Я доўгі час лідзіравала па інтэрнэт-галасаванні, але ў выніку заняла 2 месца. Потым мяне запрасіў рэдакцыйны фатограф, і я знялася для рэкламы Volkswagen. Былі класныя праекты з Беларускім цэнтрам моды для рэкламы адзення. Цяпер я езджу на кастынгі, мяне рэгулярна запрашаюць на здымкі, хоць і часта адмаўляюць.
Маё цела не толькі маё. Я часам адчуваю, што яно цалкам мне не прыналежыць. Калі ты не працуеш мадэллю, яно толькі тваё. А калі здымаешся для брэндаў адзення і майткаў, яго могуць разглядаць іншыя. Ведаеш напэўна, што ўсе нястачы будуць заўважаны. Людзі знойдуць што пакрытыкаваць. Я да гэтага прызвычаілася і не саромеюся. Мне падабаюцца здымкі, і я буду працягваць працаваць, пакуль мяне запрашаюць. Значыць, гэта камусьці трэба.
Часам я чую насмешкі на фотасесiях, людзі лічаць нармальным тыкнуць пальцам на мяне ці дакрануцца да жывата і сказаць: «Добра, хоць пругкі». Ці: «Вось азадак нічога, але рукі… Ну пабачым». Яны лічаць, што мы, мадэлі, павінны гэта цярпець. І мы церпім. Бо рынак вялікi, і заўсёды знойдуцца ахвотнікі на наша месца. Калі штосьці не падабаецца, прабачай, знойдуць іншых.
Фігура
У школе ў мяне не было перажыванняў наконт маёй фiгуры. Я заўсёды магла за сябе пастаяць. У мяне не было асаблівых комплексаў, я актыўна займалася спортам, баскетболам. Я прывучыла сябе не звяртаць увагу на розных прыдуркаў. Калі нехта казаў: «У цябе тоўстыя ляжкі!» ці «Ды ты заіка!» (у школе я заікалася), я проста адказвала: «Так, ужо каторы год». І на гэтым усё. Калі ты згаджаешся, іншым з цябе нецікава ўжо кпіць.
Аднак часам мне здаецца, што я адзін суцэльны камяк недахопаў. Я лічу, што ў мяне недастаткова доўгія ногі, недастаткова роўны нос, недастаткова роўныя зубы. Я думаю, гэта нармальна, што ў кожнага ёсць свае «неідэальнасці», мы ж не манекены.
З часам мірышся са сваім целам, вучышся кампенсаваць недахопы адзеннем. Я ўвесь час над сабой працую. Хаджу ў залу. Вельмі хачу на танцы. Я не хачу сваё цела перакроіць ці зрабіць наноў. Я проста хачу яго падтрымлiваць у добрай форме.
Стан
Мне пашчасціла, што мая фігура як пясочны гадзіннiк. Мяне цалкам задавольваюць мае грудзі пятага памеру. У прынцыпе, што тут можа не задаволiць, я не ведаю. Стан у мяне нават трохі вузейшы, чым трэба. Сцёгны ў мяне вельмі жаночыя, круглявыя. Я хаджу ў спартзалу, каб зрабіць цела больш рэльефным.
Многія думаюць, што мадэллю plus size можа быць кожная буйная дзяўчына, але гэта не так. У нас ёсць таксама пэўныя патрабаванні, але яны не такія жорсткія, як у звычайных мадэляў.
«Калі нехта казаў: “У цябе тоўстыя ляжкі”, я проста адказвала: “Так, ужо каторы год”»
Вусны
Вусны ў мяне пульхныя ад прыроды. Маім вуснам часта робяць кампліменты, а часам і шчыра зайздросцяць. Кажуць: «Шанцуе табе, такія вусны, а іншым трэба рабiць аперацыю». Раней мне нават хацелася, каб у мяне былі тонкія вусны, але цяпер я не хачу іх змяняць.
Нос
Мая самая галоўная праблема. Раней я лічыла, што з вуснамі яшчэ можна жыць, але з носам зусім бяда. Мне хацелася мець танюткі роўны носік. Але потым я чытала пра карэкцыю і яго выпраўленне. Зразумела, што такім людзям, як я, з буйнымі рысамі твару, не падыдзе маленькі носік. І супакоілася. Цяпер я думаю, мой нос вельмі славянскі, і ён выглядае арганічна на маім твары.
Вочы
Часам людзі кажуць, што ў мяне занадта вялікія вочы. Сябры некалькi разоў прасілі, каб я перастала іх выкочваць. Але я раблю гэта не адмыслова – у мяне проста такія вочы. Калі я дзіўлюся, яны і сапраўды вялікія.
Шчыкалаткі
У прыняцці сябе мне дапамагае «фотатэрапія». На адной з фотасесій я даведалася, што ў мяне класныя шчыкалаткі. Раней іх увесь час хавала, думала, што яны масіўныя. А цяпер бачу, што яны прыгожыя, і імкнуся падкрэсліць iх прыгажосць: амаль заўсёды хаджу на абцасах, прыадкрываю шчыкалаткі. Я і ўлетку і ўзімку хаджу на абцасах, вельмi яны мне падабаюцца.
Мяне вельмі злуе, калі крамы дзеляць нас на худых і поўных. Вось, прыклад: нядаўна зайшла ў Terranova. А яны шыюць адзенне да 50-га памеру. А ў мяне 50-52. Дык мяне прадаўцы накіравалі ў іншую краму – для «вялікіх цётак». Часам, бывае, ёсць асобная шыльда «вялікія памеры». Гэта выглядае як «месцы для інвалідаў». Мы звычайныя людзі, навошта так падзяляць?
Я думаю, усё зменіцца гадоў праз 10-15. Калі ў глянцы, на білбордах, у часопісах з'явіцца не адзін тыпаж, а розныя – жывыя людзі, высокія і нізкія, худыя і поўныя, маладыя і пажылыя. Мне падабаецца цытата Стыва Джобса: «Людзі не ведаюць, чаго жадаюць, пакуль ім гэта не прапануюць». Наш глянец думае, што народ не гатовы. А я думаю, народ гатовы, проста яму гэтага не прапануюць. Сучасныя людзі прагнуць разнастайнасці. Яны падарожнічаюць, яны актыўныя. Яны глядзяць часопісы і жадаюць бачыць людзей, падобных да сябе. Калі я купляю джынсы, я хачу ўбачыць, як яны выглядаюць на дзяўчыне маёй камплекцыі, а не на дзяўчыне 42-га памеру. Старое пакаленне наўрад ці зменіш, але новае – магчыма.
«Сучасныя людзі прагнуць разнастайнасці. Яны падарожнічаюць, яны актыўныя. Яны глядзяць часопісы і жадаюць бачыць людзей, падобных да сябе»
Цяпер, калі выходзіць фотасесія з мадэлямі plus size, людзі робяць з гэтага сенсацыю, крычаць пра гэта. Гэта штосьці незвычайнае, экстраардынарнае. Я спадзяюся, праз час заміж клічніка будзе стаяць кропка. Гэта стане нармальным і звыклым.
Запускаем серыю інтымных інтэрв’ю, у якіх за герояў кажуць іх уласныя целы.
Пара бодзімадыфікатараў крок за крокам распавядаюць пра свае змененыя целы.
У наступным выпуску самай вуаерыстычнай рубрыкі «Голас цела» разглядаем худзізну, шнары і смочкі Ягора Кіпы.
Запускаем серыю інтымных інтэрв’ю, у якіх за герояў кажуць іх уласныя целы.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
классная героиня) и красивая девушка! приятное ощущение после материала осталось.
Она прекрасна.