Усе мужчыны робяць гэта.
Некаторыя нават двойчы на месяц.
Ёсць тыя, хто робіць гэта толькі ў марах. Ёсць тыя, хто робіць гэта публічна. Ёсць тыя, хто плаціць за гэта немалыя грошы. І, вядома, ёсць тыя, хто хацеў бы рабіць гэта бясплатна і як мага часцей, але баіцца прызнацца ў сваім патаемным жаданні.
Аднак абсалютна ў кожнага без выключэння мужчыны бывае момант, калі ён робіць гэта першы раз.
Учора я зрабіў Гэта. Упершыню, за грошы і публічна.
На душы крыху сорамна, на сэрцы жах, а вось у галаве і на ёй поўны парадак. Напэўна, так і мусіць быць пасля першага ў тваім жыцці барбершопу.
«Каб ацаніць веліч майго ўчынку, трэба ведаць, што я сівы маршчыністы мужчына 41 году, інтраверт з невялікай, але экспансіўнай лысінай, кансерватар і цемрашал, які ненавідзіць шорты, англійскую мову, гучную музыку, мужчынскае брацтва і самакаты»
Магчыма, апошняга, хто ведае? – але таемны госць на тое і таемны госць, каб ніколі не казаць «ніколі». Ён жа таемны, інкогніта, інак у кіно, начальнік інкубатара летуценняў, у яго кожны раз – першы, і кожны барбершоп для яго – барацьба з самім сабой, са сваімі страхамі і комплексамі.
Так. Я зрабіў гэта.
Я наведаў свой першы ў жыцці барбершоп.
Як з парашутам скочыў, далібог.
Каб ацаніць усю веліч гэтага факту, трэба ўлічыць, што да нядаўняга часу я цьмяна ўяўляў сабе розніцу паміж «барбершопам» і «барбекю», а пры слове «андэркат» уяўляў сабе сакавіты кавалак мяса.
Вядома, філолаг ува мне ўсяляк супраціўляўся гэткай тупізне, але кожнага разу, праходзячы паўз вокны барбершопаў, дзе кожны кожнаму брат, апрача дзяўчыны на рэсэпшне, я казаў сабе: вось месца, куды мне эх-позна-позна, ды і не хочацца зусім. Каб ацаніць веліч майго ўчынку, трэба ведаць, што я сівы маршчыністы мужчына 41 году, інтраверт з невялікай, але экспансіўнай лысінай, кансерватар і цемрашал, які ненавідзіць шорты, англійскую мову, гучную музыку, мужчынскае брацтва і самакаты.
Калі казаць пра цырульні ў маёй біяграфіі, дык у Гамбургу я звычайна аддаваўся ў рукі пажылых туркаў, у Парыжы – маладому алжырцу з вострым лязом, але ў Менску… У родным Менску я заўжды стрыгся ў дзяржаўных «парікмахерскіх», дзе мілыя беларускія жанчыны бальзакаўскага ўзросту хвалілі мяне за прадстаўнічы выгляд і добрыя манеры. І раптам: барбершоп у рабрыну – вось да чаго даводзіць лета!
Напэўна, уся рэч у тым, што я не баюся быць смешным. Быць смешным – гэта апошняе, чаго мусіць баяцца беларускі пісьменнік. Ён і так смешны паводле вызначэння. «Калі мяне пазнаюць на вуліцы ў твар, я здзіўляюся. Калі мяне не пазнаюць, я таксама здзіўляюся. Такім чынам, на маім твары заўжды прысутнічае выраз здзіўлення», – лепш за Даўлатава пра вядомасць беларускага пісьменніка не сказаў пакуль ніхто.
Гартаючы часопіс «Большой» з гэтай цытатай, я сядзеў у барбершопе CUT на Камсамольскай, курыў і чакаў, пакуль мяне паклічуць на экзекуцыю.
Я быў тут самы стары: прынамсі, на дзесяць гадоў старэйшы за любога наведніка і майстра. Мне было цікава параўнаць стэрэатыпы наконт барбершопаў з суворай рэальнасцю. Я чытаў, што ў барбершопах прапануюць віскі, піва і і каву – каву мне ветліва прапанавалі, але я з большай ахвотай бахнуў бы сто грам віскі, каб супакоіцца.
У прынцыпе, першы прыступ страху здарыўся яшчэ тады, калі я атрымаў sms з паведамленнем, што майго майстра будуць зваць Серафім. Відаць, творчы псеўданім, падумаў я. Серафім аказаўся дужа прыязным хлопцам гадоў дваццаці васьмі і сапраўдным знаўцам сваёй справы. Не, ён не пытаўся ў мяне, як алжырац з Парыжу: «Вэры мач?» – і не выпальваў мне валасы ў вушах палымнеючай у прыцемках палачкай, як гэта рабілі гамбургскія туркі.
Ненавязлівы і карэктны, ён круціў мяне ў чорным крэсле і рабіў сваю справу: у люстэрку пакрысе з’яўляўся зусім іншы Бахарэвіч, памаладзелы, памужнелы і ўпэўнены ў сабе, крыху падобны да маладога берлінца часоў прыходу НСДАП да ўлады.
Я і так цудоўна разумеў, што амерыканскага дрывасека майстру з мяне не зрабіць, як ні старайся, і таму не патрабаваў ад яго занадта шмат. Чуючы, як пад небяспечным лязом рыпіць мая сівая шчэць, я разглядваў карцінкі з паўголымі дзяўчатамі, натхняўся вольным мужчынскім духам, якога так бракуе ў менскіх цырульнях, чытаў забаўныя налепкі: «ТВАЕ ШКАРПЭТКІ ПАХНУЦЬ УПЭЎНЕНАСЦЮ» – і думаў.
Думаў пра тое, што ўлетку нічога не бывае эх-позна-позна. Летам ніколі не позна ўзяць і ўсё памяняць, лета – найлепшая пара любові да сябе. Калі яшчэ, як не ўлетку, трэба аднойчы паглядзецца ў люстэрка і сказаць: хопіць, старасці не бывае, старасць у тваёй галаве, а не ў тым, што на ёй.
«Думаў, што зараз выйду на праспект і пабачу цябе, і ты засмяешся, і нашае лета зноў пабяжыць праз праспект на чырвонае святло»
Думаў, што калі барбершоп – гэта гламур, дык лепш быць гламурным, чым вечна смурным, строгім і гладкім мерцвяком. Думаў, што вось проста зараз, з кожным рухам маладога цырульніка з мяне на падлогу падае яшчэ адзін кавалачак сівой савеччыны. Ад якой, як мне здавалася, ніколі не пазбавіцца ні мне, ні гэтым людзям, ні гэтай краіне. Савеччына – гэта страх зменаў, нават у люстэрку.
Думаў, што зараз выйду на праспект і пабачу цябе, і ты засмяешся, і нашае лета зноў пабяжыць праз праспект на чырвонае святло.
Думаў, што заўтра, калі гэты тэкст выйдзе, трэба абавязкова павесіць фота з новай фрызурай у фэйсбуку. Калі вы ў мяне ў фрэндах, вы яе пабачыце. А калі не – пабачыце недзе на вуліцы.
Калі пазнаеце, канечне.
Альгерд Бахарэвіч прымярае на сябе ролю рэвізора і наведвае кнігарню «Сон Гогаля» на вуліцы Леніна.
Альгерд Бахарэвіч у новай частцы праекту «Таемны госць» – пра тое, чым сакавітая дэпрэсія маладых адрозніваецца ад блюзу.
Кім я буду, калі лета скончыцца? Кім будзеш ты? Таемны госць Альгерд Бахарэвіч кажа лету «Бывай!» – і ўзгадвае ўсё.
У новай калонцы праекту «Таемны госць» Альгерд Бахарэвіч расказвае, як беларускі горад грахоў адмывае сябе ад заганаў.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (4)
34маг, который я люблю - времен луков бомжей )))
Калі ласачка https://34mag.net/post/kudy-pryvodzyac-mary
Націўная рэклама (native advertising) барбершопа cut ?
Тэоры змовы (Conspiracy theory)?