Беларускі дызайнер рэканструяваў шрыфт Францыска Скарыны
- Рубрыка: УЛОЎ
- 01.07.2020
- 11750
Дызайнер шрыфтоў Аляксей Коваль завяршыў працу над моцным праектам: ён рэканструяваў шрыфт, якім Францыск Скарына друкаваў Біблію ў 1517–1534 гадах. Skaryna 2017 Title даступны для бясплатнай запампоўкі на ўмовах Creative Commons. Ён падаецца ідэальным для афармлення тытулаў ды загалоўкаў кніг беларускага эпасу, выданняў пра асвету і гісторыю краіны.
Лічбавая версія шрыфту была створаная на замову software engineer Антона Брыля, які шмат вольнага часу вылучае на даследаванне гісторыі беларускага эпасу ды літаратуры і аднойчы звярнуў увагу, што набраць тэкст «пад даўніну» беларусам няма чым. З прапановай запоўніць лакуну Антон Брыль звярнуўся да Аляксея Коваля.
Аляксей Коваль
аўтар шрыфту
«У асяроддзі дызайнераў можна пачуць, што стылізацыі пад даўнія часы – гэта нешта, што не мае сэнсу, а галоўнае пытанне – "навошта?". Коратка: бо дакладна няма шрыфту, які можна было б ужыць для ілюстрацыі Адраджэння ва Усходняй Еўропе. І гэта пры тым, што ўнёсак выхадцаў сучаснай Беларусі вельмі значны.
А доўгі адказ трэба пачаць з гісторыі. Кнігі Бібліі на працягу значнага часу былі асноўнымі, так бы мовіць, падручнікамі для агульнай адукацыі, і па перакладах кніг Бібліі з лацінскай на родныя мовы гісторыкі адзначаюць пераход тэрыторый ды краін да асветніцтва. Гэта першы значны ўнёсак Скарыны, аб якім усе ведаюць са школы. З пункту гледжання дызайну Францыск Скарына зрабіў не менш значныя дасягненні. Ён быў не першы, хто друкаваў невялікія кнігі, але ён рабіў гэта прынцыпова: замест распаўсюджаных тады фаліянтаў – кнігі ў чвэрць звычайнага памеру. Гэта як прапанаваць смартфон замест дэсктоп-камп’ютара. Канешне, спатрэбіліся шрыфты невялікага памеру. І Скарына такія распрацаваў: гэта не спроба імітацыі рукапісу, а прамыя ("друкаваныя") графемы без прамых рукапісных прататыпаў.
Гэтыя шрыфты ў значнай ступені ўнікальныя, і, магчыма, каб не рэформа кірыліцы 1710 года і не ўваход у склад Расійскай імперыі, яны маглі б у значнай частцы стаць асновай для больш гарманічнай кірыліцы. Такім чынам, нам трэба святкаваць не толькі факт выдання кніг Бібліі і ўступ сучасных беларускіх зямель у эпоху Адраджэння, а яшчэ і ўнікальны ўнёсак у графіку кірылічнай сістэмы пісьма.
Увогуле шрыфт – гэта тое, што выдатна перадае адчуванне эпохі на ўзроўні эмоцый. Залаты век беларускіх зямель мае свой каліграфічны почырк – беларускі скорапіс, але наборнага шрыфту, які б можна было выкарыстаць, каб перадаць атмасферу Адраджэння, не было. Цяпер такі шрыфт з’явіўся.
Рэканструкцыя шрыфту – гэта пошук кампрамісу. Такіх кампрамісаў шмат і ў шрыфце Skaryna 2017 Title. Ёсць пэўныя недакладнасці адбіткаў літар пад уплывам часу і недасканаласці тэхналогій друку. Кожнаму аўтару рэканструкцыі даводзіцца вырашаць, на колькі дасканалым будзе контур і ў якой ступені фінальная раздрукоўка будзе выглядаць падобнай да арыгіналу. Я вырашыў рабіць контур такім чынам, каб раздрукоўка ў памерах арыгінальных кніг Скарыны была падобная да іх і каб у літарах адчувалася рукапісная аснова.
Кожны аўтар сам абірае ступень гістарычнай даставернасці. Так, стылізацыі "пад Скарыну" былі і раней, а рэканструкцыі, набліжаныя да арыгіналу, толькі пачынаюць з'яўляцца».
Skaryna 2017 Title – гэта unicase-гарнітура, усе літары тут аднаго памеру, але частка знакаў адрозніваецца, як то было ў першакрыніцы. Цікава, што шрыфт дазваляе карыстацца лігатурамі для дыфтонгаў «дж» і «дз».
З волі Антона Брыля скарынаўскія літары агульнадаступныя для ўсіх бясплатна. Версія Creative Commons падтрымлівае кірыліцу, лічбы і службовыя знакі, але ў лацініцы ўтрымлівае знакі толькі для рымскіх лічбаў. Пры жаданні можна набыць на MyFonts.com пашыраную версію Skaryna 2017 Title – з кірыліцай, пашыранай лацініцай і поўным наборам службовых знакаў.