Запусціўся рэсурс для беларускіх музычных дзеячаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.01.2024
- 3310
Тым, хто абраў для сябе цярністы шлях музычнай славы, стала крыху прасцей шукаць магчымасці для прафесійнага росту: іх цяпер збірае ў адзін кошык тэлеграм-канал Belarus Music Export.
Канал створаны для артыстаў, музыкантаў, кампазітараў, дыджэяў, менеджараў музычных творцаў, арганізатараў музычных падзей, прадстаўнікоў музычнай інфраструктуры. Пад інфраструктурай каманда BME разумее пляцоўкі, адмысловыя СМІ, агенцыі, прома-групы, рэпетыцыйныя пункты, студыі гуказапісу ды ўсё, што неяк датыкаецца музыкі або мяжуе з ёю. «Калі ты звязваеш сваю прафесійную дзейнасць з сучаснай музыкай, а сэрца – з Беларуссю, то мы працуем на тваю карысць!» – кажуць стваральнікі канала.
Які кантэнт пастаўляе Belarus Music Export: інфа пра стажыроўкі, семінары, конкурсы, шоу-кейсы, оўпэн-колы, варштаты, рэзідэнцыі, калабы.
Першы пост распавядае пра італьянскі конкурс тэатральных, танцавальных, музыкальных і цыркавых праектаў Mittelyoung, дзе чакаюць артыстаў да 30 гадоў, абяцаюць эканамічную падтрымку і іншыя прыемныя штукі.