У Менску пройдзе серыя лекцый пра квір
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.04.2019
- 6371
Арганізатары_кі фестывалю DOTYK анансавалі лекторый пра канцэпт «квір». Першы івэнт адбудзецца 5 траўня.
На лекцыі «Квір – гэта дарога ў нікуды» абмяркуюць, што наогул значыць слова «квір» і як яго юзаюць людзі. Можна будзе адукавацца, паспрачацца і разам пашукаць квір-практыкі, якія стануць «крыніцай сілы і натхнення». Мерапрыемства будзе весці Тоні Лашдэн – «ганаровая квіруха Беларусі, уладаль_ніца тысячы ідэнтычнасцяў, з якіх ні адна не можа быць прысвоена». Тоні працуе з тэмамі перасякальнага прыгнёту, псіхічнага дабрабыту, справядлівай працы і негетэрасэксуальнасці. Карацей кажучы, чалавек за свае словы адказвае.
Тоні Лашдэн
лектар_ка
«Ад лекцыі варта чакаць шмат карыснага. Па-першае, мы будзем размаўляць пра гісторыю слова “квір”, пра тое, як розныя рызыкоўныя людзі яго ўжывалі, выходзілі з ім на вуліцы, засыналі з ім дома, клеілі яго на дошкі аб'яў ва ўніверсітэтах і крычалі яго побач з участкамі паліцыі. Па-другое, акрамя слова “квір”, прагучаць яшчэ іншыя розныя словы. Цалкам верагодна, мы там будзем прамаўляць словы “сэкс”, “сэксуальнасць”, “норма”, “вагіна”, “фемінізм”, “турма” – увогуле ўсе самыя любімыя беларускія словы. Па-трэцяе, мы толькі прыкрываем гэтае мерапрыемствам словам “лекцыя”, на самой справе там будзе шабаш ведзьмаў, і на яго трэба абавязкова прыйсці і ў ім паўдзельнічаць.
Гэта будзе карысна тым, хто спрабуе знайсці нейкія практыкі супраціву тужлівай нарматыўнай рэальнасці вакол і жыць у свеце па-за межамі душных нормаў і ўстановак.
Навошта беларус_кам гэта наогул трэба? Квір – гэта стратэгія выжывання ў рэпрэсіўнай сацыяльнай сістэме, я не ведаю больш эфектыўнага спосабу для беларускіх людзей перастаць думаць пра тое, што пра іх падумаюць іншыя і скажуць суседзі. Гэта практыка вызвалення і набыцця асабістай прасторы, усім у Беларусі яе раю».
Ганна Брэдава
арганізатарка
«"Квір" – вельмі складанае слова, яно шматзначнае, але часцей за ўсё ў нашым кантэксце яго выкарыстоўваюць як "парасонавае" вызначэнне для людзей з сэксуальнай і гендэрнай ідэнтычнасцю, якая адрозніваецца ад нарматыўнай, а тыя сэнсы, якія закладваліся першапачаткова ў квір-тэорыю, абмяркоўваюцца не часта. DOTYK як раз хоча папрацаваць з гэтымі сэнсамі.
Увогуле ідэя лекторыя з’явілася таму, што нават многія мае сябры, якія цікавяцца пытаннямі гендара, не разумеюць, што такое "квір" і чаму DOTYK – гэта квір-фестываль, а не ЛГБТ-фестываль.
Зараз у нас запланавана каля пяці лекцый. На першай мы закранем само паняцце слова "квір", яго шматзначнасць, розныя сэнсы, якія туды ўкладваюцца. Наступную лекцыю прачытае Мікалай Гарбачоў. Ён прэзентуе сваё даследаванне пра квір у Беларусі.
Хацелася б бачыць на мерапрыемствах людзей, якія цікавяцца разнастайнасцю і магчымасцю пражываць жыццё, адрознае ад стандартнай нарматыўнай мадэлі "дом – праца – сям'я і г. д.” Хацелася б, каб у людзей з'явілася больш перспектыў, якімі яны могуць карыстацца, і больш прызмаў, праз якія яны могуць глядзець на свет. Беларусам варта стаць больш квірнымі, у тым сэнсе, што больш крытычна падыходзіць да тых установак, якія дае нам грамадства, і аналізаваць іх у тым ліку праз квірную прызму».