«Вялікі дзякуй»: першая сувенірная крама на Кастрычніцкай

Пару тыдняў таму на Кастрычніцкай адкрылася сувенірная крама «Вялікі дзякуй», якая прапануе сучасныя падарункі – менавіта такія, праз якія хочацца паказваць Беларусь. Глядзі, дзе цяпер трэба шопіцца перад вандроўкамі.

 

На фота: Віталь Яцкевіч і Валянцін Духневіч

Стваральнікам не хапала класнай сувенірна-падарункавай крамы – і яны вырашылі зрабіць сваю, стылёвую. Для людзей, у якіх ёсць патрэба ў эстэтыцы. Канцэпцыя крамы – сучасны беларускі прэзент.

«Мы хочам аддзяліцца ад таго, што звычайна асацыюецца з беларускімі падарункамі: трактары, саломка, каўбасы, журавіны ў цукры, – кажа Віталь. – Мэта крамы ў тым, каб замежнікі запомнілі нашу краіну сучаснай, інавацыйнай, моднай і духоўна развітай. Можаце клікаць нас рэвалюцыянерамі».

Крама знаходзіцца па адрасе Кастрычніцкая, 23а. Чаму менавіта тут? Таму што на гэтай вуліцы людзі адчуваюць сябе крыху вальней, чым у астатняй краіне.

«Кастрычніцкая – гэта не толькі пра ежу, але і пра культуру. Гэтым яна адрозніваецца ад іншых менскіх лакацый, – дадае Валянцін. – Але ж мы праводзілі сацыяльнае апытанне і даведаліся, што людзям тут не хапае месца для шопінгу».

Цяпер тут есць усё тое, што можа звацца сучасным беларускім сувенірам: ад пернікаў з малюнкамі муралаў на Кастрычніцкай да набору для барадачоў. Увогуле гэта рэчы, блізкія беларусам і зразумелыя замежнікам.

«Мы не будзем рабіць з нашай крамы нейкі глабальны міжкантынентальны бізнэс – хутчэй, гэта наш унёсак у развіццё гэтай вуліцы і краіны», – абагульняе Віталь.


 Адрас:  вул. Кастрычніцкая, 23а 

 Часы працы:  12:00–22:00 

Instagram

 

Фота – Таня Капітонава

КАМЕНТАРЫ (1)

зграя
зграя | 26.05.2018 16:30

лстр ёсць?

0 0