«Такой магіі я не бачыла нідзе і ніколі»: Алёна Ходар – пра новы праект
- Рубрыка: УЛОЎ
- 13.09.2019
- 8448
У нашых facebook-стужках з'явіліся здымкі голых жанчын у чырвоным асвятленні і пасты захаплення ад удзелу ў здымках тых самых голых жанчын. Аказалася, гэта тызеры выставы Алёны Ходар. 34mag пацікавіўся ў 23-гадовай мастачкі і фатографкі, што гэта будзе.
– Чаму «інверсія»? І пры чым тут Наэ?
– Мэтанакіраванай адсылкі да Наэ няма. Пунш, чырвонае асвятленне і паўтор песні «Supernature» у той самы вечар натуральным чынам склалі такую асацыяцыю. Ну і, вядома, тое самае пачуццё «экстазу», якое адчулі ўсе прысутныя.
Праект «інверсія» з'яўляецца вельмі інтымным, адкрытым, рэзанансным, замацоўвальным сімвалам у маёй творчасці, а таксама і пунктам адліку.
Я пачала адчуваць, што ў маёй дзейнасці прысутнічае нейкая супярэчнасць. Мне спатрэбілася 5 гадоў, каб навучыцца паказваць і даказваць жанчынам, што яны цудоўныя, і 24 гады, каб даказаць сабе, што цудоўная і я.
Сэнсавы змест праекта я нашу ў сабе столькі, колькі і займаюся фатаграфіяй, а візуальная карцінка з'явілася ў галаве спантанна і ярка за некалькі дзён да таго, як я зрабіла пост пра пошук удзельніц.
– Як ішлі справы з водгукам? Ці прыйшлося камусьці адмовіць? Як адбіралі дзяўчат?
– За дзесяць дзён да самога мерапрыемства я зрабіла пост у Instagram, што шукаю дзяўчат, якія гатовыя цалкам агаліцца для ўдзелу ў творчым праекце. За 2-3 гадзіны мне адпісалі больш за 100 чалавек, што было вельмі прыемна. Нечакана, што многія хутка адважыліся бясстрашна даверыцца мне, пагадзіўшыся на ўсё, што будзе адбывацца ў прызначаным месцы. Я адразу выдаліла публікацыю, бо ўжо разумела: гэтай колькасці дастаткова для рэалізацыі таго, што я хачу зрабіць.
Абмежаванне – толькі 18+, больш ніякіх. І ніякага адбору не было.
– Як настроілі дзяўчат на працу?
– Для дзяўчат быў выдзелены час на знаёмства і адпачынак, недзе гадзіна-паўтары. Усе, яшчэ апранутыя, размаўляючы і папіваючы напоі, знаёміліся адна з адной. Шчырасць з майго боку, музыка, святло і колер, дваццаць бутэлек віна і шэсць літраў пуншу, вядома, з'яўляліся прычынай расслабленага стану, але вялікую ролю ў «наладцы атмасферы» адыгралі самі дзяўчыны, якія імгненна зблізіліся.
Калі прыйшоў час распранацца, усе былі гатовыя за лічаныя секунды. Кожную я правяла за руку на патрэбную кропку, і ўсе акунуліся ў «біямасу кахання».
Я ведала, што будзе нешта асаблівае, але тое, што адбывалася ў рэчаіснасці, апісаць словамі, на жаль, проста немагчыма. Такой магіі, згуртаванасці, духу сястрынства, прыгажосці я не бачыла нідзе і ніколі.
– Якіх азарэнняў чакаць ад выставы гледачу?
– Я не хачу і не магу абмяжоўваць гледача, кажучы, які спектр эмоцый ён зможа адчуць. Але вельмі спадзяюся, што ён убачыць не толькі голыя выдатныя целы.
– Чаму ў 2019 годзе распранаць людзей усё яшчэ актуальна і як мастаку служыць голае цела цяпер?
– Галізна з'яўлялася і з'яўляецца натуральным станам чалавека! Мы жывём у эпоху постмадэрнізму і можам дазволіць сабе тварыць без усялякіх правілаў і абавязацельстваў. Неабмежаваная свабода. А цела і з'яўляецца інструментам свабоды.
– У праекта будзе нейкі працяг?
– Гэта толькі пачатак.
Аўтарка выказвае вялікую падзяку ўсім, хто прыняў удзел, а таксама MATRЁSHKA Photo Studio за дапамогу і магчымасць рэалізацыі.
Выстава «інверсія» адбудзецца 27 верасня, у дзень народзінаў аўтаркі, у клубе HIDE.