Ёсць пытанне: што за бар адкрыўся на месцы «Хулігана»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 05.04.2021
- 3118
Ужо некалькі тыдняў на Кастрычніцкай, 16 працуе новы – «безназоўны» – бар. Ён адкрыўся на месцы былога «Хулігана», які закрыўся ў мінулым кастрычніку. Часткова з той жа камандай, таму шмат хто тут жа палічыў, што гэта камбэк ранейшага бара. Каб развянчаць гэты міф, 34 звязаўся з усімі датычнымі асобамі і разабраўся, у чым розніца.
Да новай установы не маюць дачынення ранейшыя заснавальнікі і арт-дырэктары. Макс Старцаў пару месяцаў таму паехаў у Кіеў і ўдакладняў у сторыс, што «праект "Хуліган" цалкам закрыўся, а я з'ехаў будаваць жыццё нанова ў іншы горад».
Коля Лабаценка, які прапрацаваў у гэтым памяшканні з часоў «Ньютана», таксама больш не займаецца месцам: «Увогуле сышоў са сферы, рухаюся ў іншым кірунку і пераключыўся на абсмажванне кавы».
Новымі ўладальнікамі першага паверха на Кастрычніцкай, 16 сталі тыя ж людзі, што займаюцца ёгай паверхам вышэй. Што пра гэта кажа заснавальніца Yoga Place Наташа Новікава: «Папярэднія заснавальнікі, якія займаліся "Хуліганам", выйшлі са статута, а памяшканне "Хуліка" перайшло да Yoga Place. Студыя ёгі зрабіла новую юрыдычную асобу, а каб памяшканне не прастойвала, вырашылі далёка не хадзіць і знайшлі зацікаўленых асоб, якія прапанавалі сваю канцэпцыю і кіраванне барам».
«Зацікаўленай асобай» і арт-дырэктарам новага бара стаў Стас Stacy – ён шмат гадоў правёў у «Хулігане», паспеўшы пазаймацца там прывозамі замежных дыджэяў у рамках руху Dreams Come True: «Пасля закрыцця "Хулігана" я звязаўся з уладальнікамі Yoga Place і прапанаваў ім заняцца гэтым памяшканнем. Новы бар называецца "Молада зелена". За стойкай насамрэч можна ўбачыць некалькі чалавек з каманды "Хулігана". Людзі не захацелі сыходзіць з барнага варушняку, а ў новым месцы якраз з'явіліся знаёмыя вакансіі».
У выніку ад «Хулігана» тут засталіся дух, некалькі знаёмых асоб і ўтульны інстаграм.