Жыццё квіруе: праграма фестывалю DOTYK-2018
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.04.2018
- 12541
Міжнародны зіхоткі фестываль квір-гісторыі DOTYK пройдзе з 6 па 8 красавіка ў Менску. У праграме: канферэнцыя, публічныя лекцыі і прэзентацыі, відэапаказ спектакля, вечарына і канцэрты. Па незалежных ад арганізатараў і арганізатарак абставінах месца правядзення змянілася са «Сталоўкі XYZ» на іншыя лакацыі. На ўсе мерапрыемствы патрэбная рэгістрацыя.
Асноўнай падзеяй фестывалю стане адкрытая канферэнцыя, прысвечаная квір-гісторыі і ненарматыўнай ідэнтычнасці на постсавецкай прасторы з удзелам спікераў і спікерак з Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Францыі і Эстоніі.
«Даследчыкі і даследчыцы з розных краін Еўропы распавядуць пра жыццё звычайных прадстаўнікоў і прадстаўніц супольнасці ЛГБТ+ у СССР, пра цяжкасці захавання квір-гісторыі, пра бачнасць супольнасці ЛГБТ+ у публічнай прасторы», – кажуць арганізатары.
Даследчыца гісторыі Іра Ралдугіна прадставіць відэазапіс свайго сумеснага праекта з драматургам Валерыем Пячэйкіным. Спектакль заснаваны на ўнікальных лістах раннесавецкіх квір-асоб 1920-х гадоў да Уладзіміра Бехцерава – найбуйнейшага эксперта эпохі, псіхіятра і неўролага. Сяляне і рабочыя адкрыта пісалі яму пра сваю гомасэксуальнасць.
6 красавіка (пятніца)
19.00 Урачыстае адкрыццё IV Міжнароднага фестывалю квір-гісторыі DOTYK.
20.00 «Савецкі Харві Мілк? Гісторыя Нікі Палякова».
7 красавіка (субота)
10.00-17.00 Канферэнцыя «Квір-гісторыя былога СССР і постсавецкіх краін».
17.00 Публічная лекцыя «Гомасэксуальныя суб'ектыўнасці ў шматнацыянальным СССР».
19.00 Канцэрт Вольгі Краўзэ (Расія/Украіна).
23.00 Вечарына «Так усё зараз #2».
8 красавіка (нядзеля)
14.00 Варкшоп «Манiфест бяспечнай прасторы».
15.00 «MAKEOUT, нашто вы робіце друкаваны часопіс у ХХІ стагоддзі?»
17.00 Публічная лекцыя «Архіў свабоды ці «гей-прапаганда»? Расійская ЛГБТ-прэса ў 1990-х гадах».
19.00 Гутарка «Познесавецкі квір: асобы, падзеі, успаміны».
Узроставае абмежаванне для наведвальнікаў і наведвальніц: 18+.
Як прайшло адкрыццё фестывалю летась, глядзі ў нашым рэпорце.