Як паводзіць сябе на допыце?

Наўрад ці хтосьці загадзя плануе схадзіць на допыт да следчага – гэта заўсёды адбываецца нечакана. Улічваючы, што кожнае дзеянне і слова можа быць выкарыстана супраць цябе, прыводзім інструкцыю, якая дапаможа прайсці гэтае выпрабаванне.

 

Як цябе могуць выклікаць на допыт?

  На допыт павінны выклікаць афіцыйным дакументам – позвай. У позве павінна быць пазначана: хто і ў якой якасці выклікаецца, да каго і па якім адрасе, а таксама час, калі трэба прыйсці, і наступствы няяўкі без уважлівых прычын. Дарэчы, калі наступствы не пазначаны, ужо можна гаварыць пра неадпаведнасць позвы патрабаванням закона.
 
  Позва павінна абавязкова ўручацца пад распіску. Калі няма магчымасці яе перадаць табе асабіста, то яе перадаюць пад распіску паўналетнім членам сям'і альбо твайму кіраўніцтву на працы, а тыя ўжо абавязаныя перадаць позву табе. Таксама цябе могуць выклікаць «з дапамогай іншых сродкаў сувязі»: тэлеграма, пошта, факс, хоць страла Чынгачгука – тлумачэнняў з гэтай нагоды КПК не прыводзіць.

  Важна патрабаваць менавіта позву, нават калі цябе выклікаюць па тэлефоне. Позва з'яўляецца дакументам, які не толькі застанецца ў цябе ў якасці доказу выкліку на допыт, але і можа быць прад'яўленая начальніку на працы ( «Чаму адсутнічалі?» – «Соры, шэф, хадзіў на допыт, вось позва»).

 

Як праходзіць допыт?

  Першае, што павінен зрабіць следчы перад допытам, – «устанавіць асобу дапытванага», потым паведаміць, у якасці каго ты выклікаешся, па якой справе будзе праходзіць допыт, і растлумачыць усе правы і абавязкі (артыкулы 41, 43, 50 і 60 КПК).

  Следчы не павінен задаваць навадныя пытанні. Калі пытанні не маюць прамога дачынення да крымінальнай справы, табе варта нагадаць пра гэта следчаму і не марнаваць яго і свой час.

  Асноўнае права, якое ў цябе ёсць, – не сведчыць супраць самога(-ой) сябе, членаў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў (гэта гарантуе арт. 27 Канстытуцыі). Да блiзкiх сваякоў адносяцца бацькi, дзядулі і бабулі, дзеці, унукі, а таксама браты, сёстры, жонкі і мужы. Да членаў сям'і адносяцца «непрацаздольныя ўтрыманцы і іншыя асобы, якія пражываюць сумесна з табой і вядуць з табой агульную гаспадарку».

  Ты маеш права ўласнаручна запісваць свае паказанні ў пратакол (ч. 4 арт. 218 КПК). Гэта немагчыма зрабіць, калі пратакол пішацца на камп’ютары, таму можаш сам(-а) запісваць пытанні следчага і свае адказы на іх па паперках.

  Любыя парушэнні закона трэба адзначаць у пратаколе допыту, рана ці позна ён будзе ў цябе ў руках для подпісу. І калі раптам следчы будзе забараняць табе гэта рабіць – ён не мае рацыі.

  Згодна з КПК, допыт можа доўжыцца да 8 гадзін (допыт звыш 4 гадзін бесперапынна патрабуе перапынку не менш за гадзіну).

  Трэба памятаць, што чалавек на допыце застаецца чалавекам і ставіцца да яго трэба адпаведна. Калі на цябе крычаць, пагражаюць фізічным ціскам – гэта прамое парушэнне закона (ч. 3 арт. 18 КПК). Не варта адказваць тым жа, але такія дзеянні следчага абавязкова трэба адлюстроўваць у пратаколе.

  Перад падпісаннем пратакола ўважліва прачытай кожнае слова, дамажыся ўнясення неабходных дапаўненняў і паправак, звярні ўвагу на адпаведнасць указанага ў пратаколе часу допыту рэальнаму часу яго правядзення. Падпісваецца кожная старонка пратакола.

 

Ці можна наогул адмовіцца ад дачы паказанняў?

  Падазраваны(-ая) або абвінавачаны(-ая) можа адмовіцца ад дачы паказанняў (п. 9 ч. 2 ст. 41 КПК, п. 8 ч. 2 ст. 43 КПК).

  Усім астатнім у выпадку адмовы ад паказанняў або дачы заведама лжывых паказанняў можа пагражаць крымінальная адказнасць.

 

Чаго не варта рабіць на допыце?

  Заўсёды трэба памятаць залатое правіла камунікацыі падчас следчых дзеянняў: «Не вер. Не бойся. Не прасі. Не хлусі». Хаміць следчаму не варта.

  Лішне казаць больш, чым пытаюцца, і адказваць на пытанні, якія табе не задавалі. Не варта і спяшацца з адказамі. Падумай, перш чым адказваць.

  І ўжо дакладна не варта падпісваць ніякіх дакументаў без уважлівага вывучэння.

 

Што рабіць, калі цябе запрашаюць «пагутарыць неафіцыйна»?

  Многія рабяты з органаў лічаць, што ў іх ёсць паўнамоцтвы па правядзенне неафіцыйных гутарак, паколькі ва ўсіх законах ёсць фраза пра іх правы: «Даюцца таксама іншыя правы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь». Трэба разумець, што пры гэтым у цябе няма абавязку браць удзел у такіх гутарках, адказнасці за такую адмову няма. Пра гэта варта нагадваць тады, калі цябе наганяюць на працы ці вучобе, але ты не хочаш з імі размаўляць. Лепш за ўсё ўдакладніць імя, званне і орган, а потым ветліва адмовіцца, нават калі табе будуць пагражаць.

  Калі цябе запрашаюць на падобную гутарку па тэлефоне, выразна дай зразумець, што не збіраешся ісці без позвы. Гутарка не з'яўляецца працэсуальным дзеяннем, таму і позву табе не дашлюць.

 

Як псіхалагічна падрыхтавацца да допыту?

  Пракансультавацца з тымі, хто добра разбіраецца ў пытанні. Пачытаць публікацыі па тэме або паглядзець ролікі ў інтэрнэце (знойдзеш нямала па запыце «Як паводзіць сябе на допыце»). А таксама не забудзься папярэдзіць каго-небудзь з блізкіх, каб у выпадку чаго ведалі, дзе цябе шукаць.

 

Якіх памылак лепш пазбягаць пры допыце?

  Часта людзі кажуць больш, чым трэба. Паддаюцца на «ўгаворы» і трактоўкі следчых, няўважліва чытаюць пратаколы допыту і не просяць выпраўляць недакладнасці (якія могуць здацца не такімі ўжо важнымі).

  У тэксце падпісанага табой пратакола не павінна заставацца пустых месцаў, якія ў далейшым рукой нядобрасумленнага следчага могуць быць запоўненыя словамі, якіх ты не казаў(-ла), – на ўсіх пустых месцах, у тым ліку на абароце старонак, стаў прочырк.

Дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Сяргею Усцінаву з «Прававой ініцыятывы» і Насці Лойка з Human Constanta.

Iлюстрацыя by Sheeborshee