Як выдаць сваю кнігу?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 28.02.2020
- 7049
Хочаш выдаць кнігу і не ведаеш, як гэта зрабіць? Мы цалкам падтрымліваем развіццё літаратуры, таму сабралі для цябе парачку самых дзейсных сцэнароў. Іх тры: праца з выдавецтвам, сэрвісы самвыдату і краўдфандынг.
Будзем зыходзіць з таго, што сама кніга ў цябе ўжо напісаная. Вылучы час на дэталёвы інтэрнэт-рэсёрч і складзі спіс выдавецтваў, якія друкуюць кнігі падобнай тэматыкі. Часам маленькае незалежнае выдавецтва можа быць больш выйгрышным варыянтам, чым нейкі гігант, – яны хутчэй адказваюць і зацікаўленыя ў пошуку новых аўтараў. Напрыклад, звярні ўвагу на выдавецтвы «Янушкевіч» і «Галіяфы» для дарослай і дзіцячай літаратуры на беларускай мове, Koska для дзіцячых кніг на беларускай, «Логвінаў» і «Мастацкая літаратура» для мастацкай літаратуры на рускай і беларускай, серыю «Пункт адліку» для пісьменнікаў-дэбютантаў.
Вывучы сайт абранага выдавецтва і раздзел для аўтараў, калі ён ёсць. Там могуць быць указанні на тое, што павінна быць у тваім лісце і сінопсісе (пра гэта ніжэй), а можа быць напісана, што рукапісы ад аўтараў наогул не прымаюцца. Тады марнаваць сілы на ліст няма сэнсу – ён усё роўна адправіцца ў кошык.
Добрая ідэя – перад зваротам у выдавецтва апублікаваць некалькі апавяданняў або частку вялікага твора ў зборніках ці літаратурных часопісах («Нёман», «Дзеяслоў», «Літаратура і мастацтва», «Маладосць»). Яшчэ адзін варыянт – удзельнічаць у літаратурных конкурсах. Часам прызам можа быць менавіта друк тваёй кнігі ці твайго апавядання ў зборніку.
Калі табе дастаткова электроннай кнігі – яе можа апублікаваць і прадаваць kniharnia.by. Ты заплаціш за вёрстку і ISBN, а калі кніга будзе апублікаваная, зможаш атрымліваць 50% прыбытку ад кожнага прададзенага асобніка.
Кіруйся агульнымі прынцыпамі дзелавога стылю. Павітай адрасата (простае «Вітаю» падыдзе), прадстаўся, коратка раскажы пра сябе (дзе працуеш ці вучышся і як ты звязаны(-ая) з літаратурай) і пакажы, што канкрэтна ты хочаш прапанаваць выдавецтву (напрыклад, раман, п'есу або зборнік апавяданняў). Добрым тонам будзе адправіць асобны ліст у кожнае выдавецтва, а не пакідаць спіс мэйлаў у адрасным радку. І, вядома, двойчы правер ліст на памылкі. Да ліста прымацуй сінопсіс і ўрывак твайго твора.
Сінопсіс – гэта кароткая інфармацыя пра твой твор. Там павінны быць пазначаны месца і час дзеяння, героі, матывацыя іх дзеянняў і змены ў іх жыцці, канфлікты, развіццё падзей і павароты сюжэта, развязка, жанр твора. Аб'ём сінопсіса звычайна ўказваецца на сайце выдавецтва – ён можа складаць ад 500-600 слоў да 3-5 старонак. Сінопсіс пішацца ад трэцяй асобы, у актыўным стане і ў цяперашнім часе. Па сінопсісе мусіць быць бачна, што сюжэт твора прадуманы і лагічны, а персанажы трапныя. У сінопсісе, як і ў цэлым творы, дарэчны аўтарскі стыль і літаратурнае майстэрства. Падкрэслі важныя элементы, нечаканыя павароты сюжэта (але без празмернасці дэталяў), манеру апавядання. Дыялогі ў сінопсіс звычайна не ўключаюцца. Калі ў цябе твор нон-фікшн, ты можаш паказаць спіс глаў з кароткім апісаннем таго, пра што распавядаецца ў кожнай з іх.
Паглядзі, ці пазначаны ў патрабаваннях выдавецтва тэхнічныя параметры (калі так – кіруйся імі), калі не – арыентуйся на агульнапрынятыя правілы афармлення тэксту без эксперыментаў са шрыфтамі. У лісце таксама будзе дарэчным пазначыць спасылку на твой блог, колькасць падпісчыкаў і іх актыўнасць, бо лаяльная аўдыторыя, якая будзе чакаць тваёй публікацыі, – дадатковы аргумент на карысць таго, што кніга не залежыцца на складзе. Дадай працоўную назву, інфармацыю пра аўтара, меркаваную аўдыторыю. Пастаўся да напісання сінопсіса не менш сур'ёзна, чым да самой кнігі. Выдаткаваць на гэта некалькі тыдняў – цалкам нармальна.
Адказаць табе могуць і праз некалькі дзён, і праз некалькі месяцаў. Прычынай адмовы можа быць іншая тэматыка выдавецтва або неактуальнасць тваёй кнігі менавіта цяпер. У гэтым выпадку паспрабуй разгледзець варыянт самастойнага выдання і краўдфандынгу.
Андрэй Янушкевіч
дырэктар выдавецтва «Янушкевіч»:
– Аўтар-дэбютант можа даслаць нам для азнаямлення рукапіс сваёй кнігі. Першае, што мы робім у выдавецтве, знаёмімся з тэкстам. Без гэтага не можа адбывацца далейшая камунікацыя з аўтарам. Самае важнае, каб рукапіс быў цікавы. Мы палюем на добрыя рукапісы. Іх, на жаль, мала. Калі рукапіс нам цікавы, аддаём для азнаямлення экспертам, якім давяраем. Глядзім, якая рынкавая кан'юнктура ў гэты момант, што карыстаецца попытам сярод чытачоў. Калі зоркі сыходзяцца, прапаноўваем заключыць ліцэнзійную дамову на перадачу правоў у абмен на выданне накладу кнігі і ганарар.
Ура, выдавецтва прыняло мой рукапіс! Я разбагацею?
Як і ва ўсіх выпадках, адказ такі: уважліва чытай дамову. Не пашкадуй грошай на кансультацыю юрыста або спытай парады ў больш дасведчанага калегі, які растлумачыць табе ўсе пытанні, звязаныя з тваім ганарарам, роялці і аўтарскімі правамі. Роялці – гэта аўтарскі ганарар, належны табе як уладальніку або ўладальніцы аўтарскіх правоў на інтэлектуальную ўласнасць за кожную публікацыю. Звычайна гэта 10%. У выпадку, калі твая кніга вельмі спадабаецца выдаўцу, роялці можа быць крыху вышэйшым. Таксама ты можаш паспрабаваць папрасіць вышэйшае роялці ў выпадку, калі будзеш выдаваць электронную або аўдыякніжку – бо выдаткі на яе тыражаванне меншыя, чым на папяровую. Звярні ўвагу на тэрміны перадачы правоў выдавецтву (стандартна – пяць гадоў) і геаграфію распаўсюджвання гэтых правоў. Правы на экранізацыі, тэатральныя пастаноўкі ды іншыя ўвасабленні тваёй кнігі пакідай за сабой: хто ведае, раптам потым ты прадасі правы на камп’ютарную гульню па яе матывах і менавіта гэта зробіць цябе мільянерам.
У дамове дакладна прапісваецца колькасць знакаў, якія ты павінен(-а) напісаць, тэрмін, да якога ты абавязваешся здаць рукапіс, усе твае правы адносна яго, а таксама штрафы за невыкананне абавязацельстваў. Пры гэтым ты можаш прапанаваць выдавецтву скарэктаваць нейкія пункты, нешта прыбраць альбо дадаць – не факт, што на гэта пойдуць (магчыма, ім будзе прасцей проста адмовіцца ад працы з табой і знайсці больш падатлівага аўтара), але калі для цябе прынцыпова нешта агаварыць, гэта варта рабіць у самым пачатку.
Таксама ў дамове можа быць пазначаны наклад. Спачатку выдавецтва можа надрукаваць невялікі наклад, а потым, у выпадку поспеху і попыту, – дадрукаваць.
Падрыхтуйся, што ў выдавецтве можа не быць бюджэту на прасоўванне тваёй кнігі, правядзенне прэзентацый і іншых маркетынгавых мерапрыемстваў. Тады табе прыйдзецца асвоіць навыкі піяршчыка і маркетолага і расказваць пра сваю кнігу самастойна.
Вольга Прымачэнка
журналістка, выдала дзве кнігі праз выдавецкі сэрвіс Ridero і піша трэцюю з традыцыйным выдавецтвам:
– Важна: калі ты журналіст(-ка) і зарабляеш сабе на жыццё тэкстамі, чытай дамову, якую ты падпісваеш, калі атрымліваеш ганарар у СМІ. Калі па дамове ты перадаеш выключныя маёмасныя правы на створаны табой тэкст СМІ, ты не маеш права прынесці яго ў традыцыйнае выдавецтва. Па дамове з апошнім ты гарантуеш, што правы на рукапіс знаходзяцца ў цябе, паколькі, згодна з гэтай жа дамовай, выключныя маёмасныя правы на рукапіс ты перадаеш выдавецтву. Калі ты блогер і збіраешся выкарыстоўваць тэксты са свайго блога, то выдавецтва можа запатрабаваць у цябе афіцыйнае пацверджанне таго, што твой сайт сапраўды належыць табе. Так у мяне ўпершыню акупіўся платны хостынг і рэгулярная плата за дамен Gnezdo.by – неабходны імянны сертыфікат з пячаткай генеруецца з асабістага кабінета на хостынгу за секунду.
Ці можа быць такое, што выдавецтва само прыйдзе да мяне?
Так – калі ў цябе ўжо ёсць свая вялікая і актыўная аўдыторыя на тваім сайце або блогу, а ты пішаш на тую тэму і ў той сферы, якая цікавая выдавецтву.
Хто такі літаратурны агент і ці патрэбны ён мне?
Літаратурны агент – гэта пасрэднік паміж аўтарам і выдавецтвам. Літаратурны агент павінен добра разбірацца ў кніжным рынку і ведаць, каму, што і за якую цану можна прадаць. Пісьменніка гэта пазбаўляе ад пошуку выдавецтва і перамоў з рэдакцыямі. У некаторых краінах выдаўцы не разглядаюць рукапісы ад аўтараў наўпрост, а супрацоўнічаюць толькі з літагентамі. З іншага боку, літагент таксама возьме сваю камісію, так што можаш разглядаць сваю самастойную ролю як перавагу.
Я хачу паспрабаваць выдаць кнігу самастойна. Што рабіць?
Існуюць выдавецкія сэрвісы, якія дапамогуць любому аўтару самастойна апублікаваць сваю кнігу і размясціць яе ў анлайн-бібліятэках і інтэрнэт-крамах. Друк у традыцыйным выглядзе таксама магчымы – па прынцыпе print on demand, гэта значыць друк па патрабаванні. Гэта азначае, што, калі чытач хоча атрымаць друкаваны асобнік тваёй кнігі, ён афармляе заказ у інтэрнэт-краме, а сэрвіс перадае файл кнігі ў друкарню, дзе кнігу надрукуюць і адправяць пакупніку. Самыя папулярныя такія сэрвісы – Ridero і «Литрес: Самиздат».
Пра самастойны вопыт выдання кнігі расказвае Вольга Прымачэнка, аўтарка блога Gnezdo.by, журналістка, выдала дзве кнігі на Ridero і піша трэцюю з традыцыйным выдавецтвам:
– Ты рыхтуеш рукапіс, загружаеш файл у сістэму, выбіраеш вокладку (альбо загружаеш сваю) і макет вёрсткі (адрозніваюцца шрыфтамі), праходзіш мадэрацыю сэрвісу (да двух тыдняў: гэта трэба, каб не выпусціць у друк, напрыклад, кнігу, што распальвае нацыянальную варожасць або распавядае, як варыць амфетамін у хатніх умовах) – і ты аўтар самвыдату. За дадатковую плату Ridero можа прапанаваць паслугі карэктара і дызайнера вокладкі, калі хочаш вылучыцца, а не карыстацца вокладкай са стандартнага набору макетаў.
Калі ў тваёй кнізе ёсць мат або сарамліва запіканае слова «ж*па», кнізе прысвойваецца ўзроставае абмежаванне «18+» і ззаду на вокладцы ў абавязковым парадку друкуецца папярэджанне: «Увага! Кніга змяшчае нецэнзурную лаянку».
Там жа ёсць спецыяльная форма, якую ты запаўняеш, вызначаючы, якое аўтарскае роялці ты хочаш атрымліваць з продажу кожнай копіі. Тут важна разумець, што наверх тваёй сумы Ridero навесіць сваю камісію, а інтэрнэт-крама потым яшчэ і сваю (у розных крамаў розныя нацэнкі), таму выніковая цана можа стаць такой, што за яе тваю кніжку проста не захочацца купляць, будзе занадта дорага. Бо гэта цана яшчэ без уліку дастаўкі! Так, папяровая кніга аб'ёмам у 200 старонак, з якой ты атрымаеш долар аўтарскага роялці, можа ў выніку абысціся ў $ 14 твайму чытачу з Беларусі. Колькасць краін, куды Ridero высылае кнігі print on demand, абмежаваная – ва Украіну, напрыклад, не шле. Калі ў цябе вялікая ўкраінская аўдыторыя – май на ўвазе.
З добрага: у Ridero спагадлівая служба падтрымкі і празрыстая сістэма статыстыкі – у асабістым кабінеце ты можаш бачыць, колькі копій і праз якую краму (Ridero, ЛитРес, Ozon, Amazon, Bookmate) было прададзена ў кожным месяцы. Калі сума ад продажаў дасягае 1000 расійскіх рублёў, іх можна вывесці банкаўскім пераводам. Дарэчы, кнігу можна выстаўляць і бясплатна.
Пра што тут варта ведаць беларускаму аўтару: паколькі ты не рэзідэнт, расійская падатковая возьме з цябе 30% падатку (Ridero па дамове з'яўляецца падатковым агентам аўтара і аўтаматычна спаганяе з яго падатак пры кожным вывадзе грошай). Паступленне грошай з-за мяжы па беларускім заканадаўстве ты абавязаны(-а) адлюстраваць у дэкларацыі аб даходах (незалежна ад сумы) у сваёй падатковай. Для таго каб пазбегнуць двайнога падаткаабкладання (бо ў Расіі з цябе ўжо падатак знялі), табе трэба падаць у беларускую падатковую даведку з гербавай пячаткай з расійскай падатковай, якая пацвярджае, што падатак выплачаны. Ridero выдае толькі даведку НДФЛ-2 – так, у ёй адлюстравана, колькі грошай табе пералічылі і які падатак утрымалі, але яе недастаткова для падатковага заліку. Каб атрымаць неабходную даведку, мне трэба ехаць у Екацярынбург (выдавецтва знаходзіцца там) і самастойна атрымліваць даведку з гербавай пячаткай у падатковай – альбо рабіць на кагосьці даверанасць, каб ён вырашаў гэтыя пытанні ў Екацярынбургу за мяне. У выніку танней атрымліваецца заплаціць двайны падатак.
Аўтарскае права на рукапіс пасля публікацыі на Ridero застаецца за аўтарам – ты зможаш выкарыстаць гэтыя тэксты, калі будзеш друкавацца ў традыцыйным выдавецтве. Друк кнігі ў цвёрдай вокладцы (а не ў мяккай) на Ridero можа замовіць толькі аўтар. Для гэтага табе трэба аплаціць друк накладу, а потым дастаўку. Пра ўладкаванне гэтага накладу ў крамы табе трэба будзе паклапаціцца самастойна. У кнізе можна выкарыстоўваць фатаграфіі і ілюстрацыі, але тут важна памятаць пра тое, каб не парушаліся нічые аўтарскія правы – па дамове з Ridero ты гэта гарантуеш, то-бок у выпадку чаго адказваць на прэтэнзіі давядзецца табе, а не выдавецтву.
Ці трэба ўкладаць у такое выдавецтва свае грошы?
Так, калі ты хочаш, каб рукапіс сышоў без памылак і з прыгожай вокладкай – тады табе патрэбныя карэктар і дызайнер вокладкі. У прынцыпе, калі кніга ўжо будзе апублікаваная, але потым праз месяц ты знойдзеш у ёй памылкі або вырашыш нешта перарабіць, яе можна адклікаць, унесці змены і зноўку апублікаваць (толькі яна зноў на нейкі час сыдзе на мадэрацыю і будзе недаступная для куплі). Таму лепш гэта практыкаваць толькі ў самых крайніх выпадках, а значыць – выдаткаваць час і рэсурс на вычытку рукапісу перад публікацыяй.
Ці змагу я зарабіць на такім самвыдаце?
Калі кніга «стрэліць» і прадасца шмат копій, ты зможаш зарабіць на гэтым, і нават пасля выплаты падаткаў у цябе будзе сума, якой магло і не быць, калі б ты не рызыкнуў(-ла), але ніякіх гарантый ніхто не дае.
Так, а што з краўдфандынгам?
Пра выданне кніг з дапамогай краўдфандынгу распавядае
Аліна Лісаковіч
CEO краўдфандынгавай платформы Ulej.by
– Выданне кніг – адна з самых папулярных катэгорый праектаў у «Вуллі». Больш за 120 кніг выдадзена праз краўдфандынг. Гэта мастацкая літаратура для дарослых і для дзяцей як на рускай, так і на беларускай мовах. Для таго каб запусціць праект на краўд-платформе, трэба:
напісаць кнігу. Варыянт таго, што кніга будзе дапісаная пазней, не падыходзіць, бо ёсць рызыка таго, што аўтара накрые творчы крызіс і кніга не выйдзе зусім;
звярнуцца да выдавецтва. Яны дапамогуць вызначыцца з накладам, раскажуць пра тэрміны друку і, самае галоўнае, агучаць кошт выдання кнігі. Сярэдні бюджэт кніжных праектаў 4000-6000 беларускіх рублёў, але можна сабраць як меншую, так і большую суму;
толькі пасля гэтага можна прыступіць да працы над праектам: напісаць тэкст з апісаннем зместу кнігі, яе ўнікальнасці, тэхнічных характарыстык (выгляд вокладкі, колькасць старонак, наяўнасць ілюстрацый) – гэта дапаможа патэнцыйным спонсарам праекта лепш пазнаёміцца з кнігай і захацець яе замовіць. Акрамя гэтага, варта памятаць, што ў чалавека не будзе магчымасці кнігу памацаць і пагартаць, таму яе трэба візуалізаваць: зрабіць фота, карцінкі або інфаграфіку. І замацуе гэта ўсё відэазварот або відэапрэзентацыя вашага праекта перад патэнцыяльнымі спонсарамі – гэта можа быць кароткі маналог на камеру, буктрэйлер або сюжэтны ролік. Гледачы ўбачаць цябе, жывога чалавека, а гэта павялічвае лаяльнасць і давер у адносінах да праекта і да цябе.
Як толькі прэзентацыя гатовая, можна падумаць пра тое, як ты будзеш прасоўваць свой праект. Для гэтага адкажы на пытанні: хто твая мэтавая аўдыторыя і дзе яна знаходзіцца, у чым унікальнасць тваёй кнігі і што яе адрознівае ад усіх астатніх. Гэта дапаможа не марнаваць сілы і павялічвае шанцы на поспех. Так, першыя працэнты людзей, якія цябе падтрымаюць, – гэта сябры і сваякі, але гэтага будзе недастаткова, каб забяспечыць перадзамову ў 200-300 кніг.
Калі праект запушчаны, ты прасоўваеш сваю кампанію, распавядаеш пра кнігу і праект у сацсетках, сябрам, СМІ, блогерам. І рыхтавацца трэба да таго, што рабіць ты гэта будзеш часта і шмат. Інакш ніяк. І самае галоўнае – не бойся прасоўваць свой праект! Памятай пра тое, што ты прапануеш круты прадукт, які вельмі патрэбны людзям і зробіць іх жыццё крыху лепшым.
Далей два сцэнары. Варыянт 1: праект сабраў усю суму і патрэбную колькасць перадзамоў, ты атрымліваеш грошы і ідзеш у выдавецтва, яны выдаюць тваю кнігу, і ты аддаеш іх спонсарам праекта. Варыянт 2: не ўдалося сабраць усю суму і зоркі не сышліся. Грошы вяртаюцца спонсарам, а табе трэба папрацаваць над памылкамі, каб ведаць, што наступным разам зрабіць па-іншаму.
60% літаратурных праектаў завяршаецца паспяхова. Гэта сведчыць пра тое, што кнігі запатрабаваныя і варта паспрабаваць. Краўдфандынг – гэта магчымасць заявіць пра сябе, знайсці сваіх чытачоў, атрымаць перадзамовы на кнігу яшчэ да яе выхаду, уцягнуць аўдыторыю ў сумеснае стварэнне кнігі.
Карысная інфармацыя аб аўтарскім праве ў Беларусі
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Наталлі Паваляевай, Вользе Прымачэнка, Аліне Лісаковіч, Андрэю Янушкевічу
Iлюстрацыя by Sheeborshee