1772 3

Дзяніс Кобрусеў

Грамадскі актывіст і адзін з заснавальнікаў кампаніі «Генплан – для минчан!» Дзяніс Кобрусеў расказвае, як сваімі ўласнымі ручанькамі спыніць бясконцую забудову горада.

 

Чым займаюцца: развіццё мясцовых супольнасцей.

Дата заснавання: 2011 год.

Структура: 3-6 чалавек – асноўнае ядро, астатнія – прыхільнікі, мясцовыя жыхары, лакальныя лідары.

Кантакты:

Сайт   Facebook

З кім гутарым: Дзяніс Кобрусеў, 30 год. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Прадстаўнік кампаніі «Генплан – для минчан!» і грамадскі актывіст.

 


 

Гісторыя Дзяніса

– Яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт пачалася мая грамадзянская актыўнасць. Я быў сябрам Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС), удзельнічаў у гістарычна-краязнаўчай дзейнасці Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і нават прымаў удзел у палітычных праектах, бо з’яўляўся актывістам БХД.

Мой пераход ад дзейнасці ў розных установах да больш самастойнай адбыўся пасля выбараў 2010 года, калі ў грамадстве наступіла апатыя. Я зразумеў, што ў Беларусі вялікі недахоп людзей, якія маглі б рабіць звычайную, «палявую» працу – супрацоўнічаць з грамадзянамі і спрабаваць іх пераканаць у неабходнасці дзейнічаць, дапамагчы альбо навучыць вырашаць свае мясцовыя праблемы эфектыўна. І вось гэтае разуменне прывяло да таго, што мы, каманда аднадумцаў, вырашылі стварыць асобную ініцыятыву і займацца тымі пытаннямі, якія лічым вартымі, а дакладней развіццём мясцовых супольнасцей.


 

 

Пра эгаістаў і правакатараў

– У сваёй дзейнасці мы вырашылі сфакусавацца на тым, каб дапамагаць мясцовым жыхарам вырашаць праблемы на сваіх тэрыторыях і такім чынам павялічваць якасць пражывання і набліжаць да еўрапейскіх стандартаў. Адсюль і першая назва – «Еўраперспектыва».

Першым кейсам быў Севастопальскі парк – тады існавала пагроза правядзення трэцяга транспартнага кола праз яго. Мы спрабавалі падняць гэтую тэму і хацелі, каб яна гучала ў СМІ і каб дзяржаўныя планы былі адменены. З’явілася ідэя, якую ў Менску ніхто раней не спрабаваў рэалізаваць, – правядзенне мясцовага рэферэндуму, дзе жыхары маглі б прагаласаваць за ці супраць дарогі. Але такі рэферэндум немагчыма ініцыяваць самастойна, бо канчатковае пытанне заўсёды застаецца за мясцовымі органамі ўлады. Нягледзячы на тое, што яны заўсёды зарубалі гэтую ініцыятыву, мы прыцягнулі шмат увагі з боку мясцовых жыхароў і СМІ (Onliner, tut.by, naviny,by, Белсат, Радыё Рацыя і інш).

У выніку пытанне будаўніцтва трэцяга кола была закрыта і замацавана на ўзроўні генеральнага плану горада Менска ў 2015 годзе, калі дарогу праклалі паўночней – праз вуліцу Каліноўскага. Кейс атрымаўся паспяховым і значным для нас, менавіта з яго пачаліся нашыя кампаніі па дапамозе грамадзянам.

«Я зразумеў, што ў Беларусі вялікі недахоп людзей, якія маглі б рабіць звычайную, "палявую" працу»

А пяць гадоў таму якраз пачаў узнікаць домабудаўнічы канфлікт, калі мясцовыя жыхары пратэставалі супраць ушчыльнення і высякання зялёных насаджэнняў. Тады гэтае пытанне стаяла вельмі востра і ўлады былі вельмі катэгарычна настроеныя. Яны лічылі, што ўшчыльненне – гэта адзіны шлях развіцца горада, жыхары – калектыўныя эгаісты, а грамадскія арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам, – правакатары.

Менавіта такая інфармацыя гучала ў СМІ, і нам даводзілася траціць шмат часу на барацьбу з гэтымі праявамі. Так узнік другі кейс, які склаў нам рэпутацыю і, можна сказаць, прадвызначыў далейшае развіццё як арганізацыі і ініцыятывы.

 

 

Пра ўшчыльненне

– Супраць ушчыльнення Уручча-2 мясцовыя жыхары змагаліся самастойна некалькі гадоў, але ў іх апускаліся рукі, бо яны не ведалі, што рабіць далей. Тады мы забудавалі грамадскую кампанію «Ушчыльненне Уручча-2»: ладзілі мерапрыемствы, мітынгі, ініцыявалі збор подпісаў.

І гэта быў адзіны выпадак у Менску, калі лідараў мясцовай ініцыятыўнай групы запрашалі на сустрэчу з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта (на той час з Уладзімірам Макеем).

У грамадстве адбыўся вялікі рэзананс, які скончыўся нефармальным кампрамісам: замест шасці запланаваных дамоў пабудавалі толькі тры. Але гэты кампраміс пратрымаўся толькі год, да часу, калі Мікалай Ладуцька вырашыў яго парушыць і працягнуць забудоўваць раён.

Па выніках, нягледзячы на пратэсты, былі пабудаваны пяць дамоў, але сама сітуацыя ў раёне прывяла да таго, што горадабудаўнічая палітыка Менска была зменена. Калі можна так сказаць, Уручча пала ахвярай ушчыльнення. Усе наступныя кампаніі і канфлікты вырашаліся значна прасцей і з большым пазітывам: абарона сквера на вуліцы Харужай-Гая, абарона яблыневага саду ў Курасоўшчыне на тэрыторыі дзіцячай бальніцы, кампанія супраць ушчыльнення квартала па зав. Калініна, абарона фантана і зялёнай зоны па вуліцы Пуліхава-Першамайская і шмат іншых.

«Яны лічылі, што жыхары – калектыўныя эгаісты, а грамадскія арганізацыі, якія дапамагаюць ім, − правакатары»

У гэтым была наша самая вялікая заслуга – выявіўся трэнд на змяненне сітуацыі. Да нас сталі звяртацца людзі з іншых раёнаў горада з аналагічнымі праблемамі. Фактычна з таго моманту, з 2012-га, мы пачалі больш прафесійна займацца тэмай развіцця Менска, дапамогай мясцовым жыхарам з канфліктамі на глебе ўшчыльнення іх раёнаў, а таксама прымаць удзел у грамадскіх абмеркаваннях па праблемах забудовы.

І вось ужо на працягу 5 гадоў мы гэтым і займаемся. Нам хапае працы ў двухмільённым горадзе, але да нас звяртаюцца людзі і з рэгіёнаў, якім мы дапамагаем кансультацыйна. Цяпер, напрыклад, такая праблема стала актуальнай для Салігорска, гэта самы густанаселены горад у Беларусі, дзе шчыльнасць засялення вышэйшая, чым у Менску. Горад абмежаваны з аднаго боку вадасховішчам, з другога – лесам першай катэгорыі, з трэцяга – зямлёй сельскагаспадарчага прызначэння, таму калі ўзнікае пытанне забудовы, то ўшчыльняюцца дваровыя тэрыторыі, тэрыторыі стадыёнаў.

 

 

«Генплан – для минчан!»

– Праз нашыя горадабудаўнічыя кампаніі па вырашэнні канфліктаў мы прыйшлі да таго, што ў 2015 годзе павінна была прайсці чарговая карэкціроўка генеральнага плана Менска. Яна адбылася, і мы, замест старой назвы, узялі іншую – «Генплан – для минчан!», бо яна больш адпавядала праблемам.

Па-першае, мы шырока інфармавалі ўсіх аб тым, што праходзіць грамадскае абмеркаванне генплана. Мы прыцягвалі людзей, каб яны глядзелі, што адбываецца з тэрыторыямі, на якіх яны жывуць, і каб яны маглі рабіць заўвагі па іх паляпшэнні. За гэты маленькі час мы не маглі вырашыць стратэгічныя пытанні, але змаглі змяніць канкрэтныя нормы і зрабіць фармулёўкі больш дакладнымі, каб пазбегнуць двайных трактовак. Па-другое, спачатку генеральны план не хацелі размяшчаць у інтэрнэце, у шырокім доступе, былі толькі два папяровыя асобнікі, якія не дазвалялі нават капіяваць.

«Гэта быў адзіны выпадак, калі лідараў мясцовай ініцыятыўнай групы запрашалі на сустрэчу з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта»

Мы апублікавалі інсайдарскую інфармацыю, потым зрабілі вялікі калектыўны зварот на 50 старонак тэксту, дзе былі адлюстраваныя ўсе праўкі і прапановы. Вялікім поспехам стала тое, што палову з іх усё ж такі прынялі, і яны цяпер прапісаныя ў генплане.

За пяць гадоў у людзей змянілася стаўлення да праблемы. Цяпер жыхары ведаюць, сочаць, прымаюць удзел, і калі ім нешта не падабаецца, яны могуць уключыцца ў працэс, бо ведаюць, што рабіць. У сукупнасці ўсё прывяло да таго, што сёння праштурхнуць непапулярнае горадабудаўнічае рашэнне для гарадскіх уладаў стала значна цяжэй, і нават на ўзроўні праектных прапаноў яны спрабуюць згладзіць вуглы, каб мінімізаваць сацыяльны пратэст. Практыка паказвае, што калі такія пратэсты ёсць, то прымаюцца ўсе прапановы жыхароў ці знаходзяцца кампрамісныя рашэнні.

 

 

Пра Цнянку

– Цяпер ідзе грамадскае абмеркаванне праекту па планаванні тэрыторыі жылой сядзібнай забудовы вёскі Цна. Па праекце прадугледжана размяшчэнне фізкультурна-аздараўленчага комплексу з тэніснымі кортамі. Пляцоўку пад комплекс пачалі расчышчаць на пачатку красавіка 2016, калі праект быў толькі на стадыі ўзгаднення і зацвярджэння. Вядома, мясцовыя жыхары абурыліся.

Людзі сабралі 3500 подпісаў супраць будаўніцтва ў межах водаахоўнай зоны Цнянскага вадасховішча, але ўлады праігнаравалі іх меркаванне і пачалі будаваць.

«Для нас галоўнае – развіццё супольнасці»

На сённяшні дзень грамадскае абмеркаванне яшчэ не скончана, але супраць зацвярджэння і рэалізацыі праекту выказваюцца не толькі жыхары Зялёнага Лугу, але і неабыякавыя да лёсу вадасховішча жыхары іншых раёнаў сталіцы.

Стала вядома, што будаўніцтва комплексу з сярэдзіны лістапада закансерваванае, а таксама спынена дзяржэкспертыза.

Людзі задаюцца пытаннем: навошта трэба было спяшацца з будаўніцтвам, вырубаць дрэвы, рыць катлаван, калі цяпер ён закансерваваны на невядомы тэрмін? Навошта было выносіць праект на абмеркаванне, калі кінутая будаўнічая пляцоўка зеўрае ранай на беразе Цнянскага вадасховішча? Каму гэта выгадна і хто за гэта адкажа?

 

 

Пра матывацыю

– Наша цікавасць у тым, што адказнасць за навакольнае асяроддзе і месца пражывання ляжыць на супольнасці канкрэтнай тэрыторыі. І развіццё гэтай тэрыторыі магчыма толькі тады, калі жыхары прымуць адказнасць клапаціцца, нешта рабіць і абараняць яе. Тады мы робім максімум, каб дапамагчы ім вырашаць праблемы. Для нас галоўнае – развіццё супольнасці. Калі кампаніі заканчваюцца, мы спрабуем стымуляваць жыхароў, каб яны працягвалі актыўнасць: ладзілі суботнікі, займаліся дваровымі тэрыторыямі і падтрымлівалі кантакты з іншымі актывістамі.

Людзі пачынаюць ездзіць на сходы ў іншыя раёны, і атрымліваецца, што яны з лакальнага актывізму пераходзяць на гарадскі. А самае галоўнае – яны не спыняюцца, нават становяцца медыйнымі персонамі. Гэта значыць, што ім не ўсе роўна, што адбываецца.


Тэкст Марына Насенка
Фота by Таня Капiтонава

Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і анлайн-часопіса «Имена».


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (3)

Алексей10-12-2016, 03:06

О либерастизации городов по Яну Гейлу. streithahn.livejournal.com/169802.html

Адказаць

KTXN11-12-2016, 17:25

О, как отважна борьба с либерастией в лукашенковской Белоруссии

Адказаць

Luna25-07-2017, 12:38

Дзіуна!!! Ці есць магчымасць якімт небудзь шляхам далучыцца да праекту і наогул, якія перспктывы дзеля тых, хто звяртаецца зза мяжы?

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.