Doctor Oy: «Мастак бярэ на сябе адказнасць зрабіць горад прыгожым»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 05.04.2024
- 3902
Работы беларускага стрыт-арт-мастака Doctor Oy можна спаткаць у розных пунктах свету – ад Беларусі да Бразіліі. Ёсць у яго творчасці і парыжскі след: аднойчы Doctor Oy размаляваў знакамітыя трубы Цэнтра Жоржа Пампіду ў Парыжы – і атрымаў за тое немаленькі штраф. Цяпер у Вільні ідзе поп-ап-выстава мастака «S.P.A.D.C.H.Y.N.A»: заспець яе можна ў Hutkasmachnaa window gallery, то-бок у акне CreateCulture Space на Karmelitų gatvė 5. З гэтай нагоды мы сустрэліся з Doctor Oy, каб пагутарыць пра матывы і шчасце творчага хуліганства.
Пра персанальную выставу
– Як выглядаюць твае будні?
– Працую на працы да вечара. Займаюся дызайнам, мантую ролікі, атрымліваю заробак. Пасля працы ўжо раблю свае справы, нешта малюю ці проста нічога не раблю.
– Якімі праектамі цяпер займаешся?
– Перыядычна ў мяне ёсць замовы на карціны або роспісы. Шмат іх ці не, залежыць ад сезона. Ёсць два сезоны, калі фігачыш нешта вялікае і цалкам занураешся ў працу. У астатнія два сезоны я проста заняты сваімі справамі, адпачываю, разважаю. Акрамя заказаў раблю нешта для сябе, праектую прышпільныя штукі, якія потым выкарыстоўваю на вуліцы, або нехта іх купляе. Я знайшоў класны алгарытм і яго прытрымліваюся: ёсць асноўная праца, якая дазваляе разгрузіць галаву і здабыць грошай, і мастацтва як другая праца. І я даўно перастаў зважаць на попыт: проста нешта раблю, а пасля знаходзяцца людзі, якім гэта цікава.
– Распавядзі пра канцэпцыю персанальнай выставы.
– Я хацеў сабраць усё, над чым працаваў, аформіць гэта ў класны сюжэт і выставіцца. Калі я рабіў інсталяцыю ў Менску, то ўвогуле нічога не апісваў. Меркаваў, што людзі ўсё зразумеюць, прасіў іх пакінуць водгукі побач з эксплікацыяй. Тады з'явілася шмат паперак з пасланнямі – класна. Але мастацтва мусіць счытвацца. Ёсць абстрактныя вобразы, якія не счытваюцца, я цалкам гэта прымаю, але цяпер грамадства трошкі стамілася з-за таго, што свет страціў розум і хоча прастаты. Занадта канцэптуальнае мастацтва добра ўспрымаць у спакойны перыяд жыцця, а зараз яно бывае не ў касу.
Магу памыляцца, але гэтае маё меркаванне. У дадзены момант я не магу прыйсці на выставу, паглядзець на гліну на падлозе і нешта з яе вынесці. Калі я не бачу сэнсу, то думаю: «Блін, яшчэ ісці чытаць, божа мой!» А калі ты прыходзіш у музей, дапусцім, Халакосту, то бачыш фатаграфію, дзе людзі падвяргаюцца катаванням, бачыш людзей, якія іх катуюць, – усё зразумела. Цяжка жыць, і хочацца разумець адразу. Далей, спадзяюся, мы набяромся сіл і будзем ускладняць мастацтва і жыццё, а пакуль для мяне мастацтва падзялілася на суперканцэптуальнае і мастацтва з сэнсам.
«Я не магу прыйсці на выставу, паглядзець на гліну на падлозе і нешта з яе вынесці»
– Гучыш як мастак, які думае пра людзей. Табе хочацца, каб было зразумела.
– Хочацца, але я эгаіст і ўсё роўна дыктую сваё мастацтва людзям. Вядома, я навязваю сваё бачанне, але ў людзей ёсць выбар: глядзець на гэта ці не. Гэтаксама, як ёсць выбар, глядзець суперэксперыментальнае мастацтва, згенераванае з дапамогай штучнага інтэлекту, ці не. На планеце ж куча куткоў, дзе ўсё выдатна і людзям не важна, што адбываецца ў астатнім свеце. У мяне зараз іншыя погляды, таму мне і займацца такім не цікава.
– Чаму табе, найперш вулічнаму мастаку, важна зрабіць выставу?
– Гэта як падвесці вынік, да чаго ты ідзеш. Хочацца пагрузіць людзей у гэты свет, паказаць, што там, як гэта выглядае. Падобна да рэвю.
Пра мастацтва ў гарадах: Менск, Варшава, Парыж, Лісабон
– Калі ты апошні раз свавольнічаў? Што гэта было?
– Апошняе з свавольстваў было ў Варшаве. Мы з Мілай Коткай знайшлі месцы, якія не адносяцца да культурнай спадчыны, зрабілі там стрыт-арт і знялі гэта ў рамках майстар-класа Vulica Brasil. Рабяты зрабілі відэа з усёй падрыхтоўкай і як мы ўначы ляпілі.
А вось перадапошняя выхадка даволі гучна нашумела. Я размаляваў Цэнтр Жоржа Пампіду ў Парыжы, і мне за гэта ўляпілі штраф. Я тады ездзіў да сябра ў Лісабон і заразіўся ідэяй, што як едзеш куды, трэба не дарма грошы траціць. Вось і памаляваў у Лісабоне. Назад ляцеў праз Парыж і нічога ўжо не планаваў, а потым ішоў міма музея Пампіду і падумаў: «Было б крута!» Ідэя мяне грызла, і ў выніку з'явіўся тварык. Рыхтаваўся да гэтага пару дзён, рэпетаваў, вылічваў патрулі і пераходы аховы, але ў выніку мяне прынялі.
– Гэта было беражліва?
– Адносна. У нейкі момант я расслабіўся, правароніў сітуацыю і вырашыў бегчы. Пасля таго, як мяне злавілі, я зразумеў, што можна было не ўцякаць і добра, што абышлося без электрашокера. Прымалі мяне чалавек пяць. Пасля падышлі яшчэ двое з аўтаматамі і пад'ехала яшчэ машына. Запісалі імя-прозвішча, я ім ласкава прапанаваў падпісацца на Instagram. Не было ніякай агрэсіі, ніхто не біў, хіба што мяне адразу ж закавалі ў кайданкі і пасадзілі ў машыну. Далей мы ўсміхаліся, яны жартавалі, што я, відаць, ідыёт, ну і адвезлі ў пастарунак.
– Вялікі штраф выпісалі?
– Я быў гатовы – $ 1500. Вырашыў, што намалюю тры карціны і прадам іх па 500 (ну, як сярэдні заробак у Беларусі).
– Падпісантаў пасля гэтага выпадку дадалося?
– Пасля кожнай выхадкі нехта прыбаўляецца, бо недзе нехта пра яе напісаў. Але не тое каб я хацеў для падпісчыкаў трапляць у нейкія сітуацыі, як у Парыжы. Проста хочацца рабіць класныя рэчы. Жаданне свярбіць, страшна – значыць, трэба рабіць, значыць, яно таго варта. Але трэба ацэньваць рызыкі, а то можа быць і зусім непрыемна.
– У які бок цябе цягне рабіць арт зараз? У лайтовы ці больш востры?
– Як любы мастак, я знаходжуся ў пошуках: якую форму знайсці, каб выказаць тое, у чым зараз знаходзішся і што ўвогуле адчуваеш? Спрабаваў рознае і зразумеў, што правальвацца ў смутак мне не цікава. Паплакалі – хопіць. Хочацца дапамагаць людзям знайсці выйсце з гэтага, па-іншаму паглядзець на хтонь і, магчыма, наогул перагледзець арыенціры, знайсці ў сабе сілы жыць і даваць жыццё іншым. Я вырашыў, што лепей натхняць. Ужо ўсё паказана, а мне асабіста бракуе натхнення.
«Жаданне свярбіць, страшна – значыць, трэба рабіць, значыць, яно таго вартае»
– Як думаеш, што мастацтва можа даваць людзям?
– Для мяне мастацтва – у першую чаргу тэрапія. Як і любая тэрапія, мастацтва працуе на тое, каб пераадольваць праблемы, паказваць іх, вучыцца паглядзець на іх збоку, пражыць і планаваць, што далей. Тое, што раблю я, дапамагае знайсці выйсце з сітуацыі, пераасэнсаваць культуру, чалавечы погляд і эмоцыі, паднабрацца моцы. Хацелася б такога.
– Ты, падаецца, ахвотна дзелішся досведам: быў і artist talk у CreateCulture Space, майстар-клас з Vulica Brasil. Як пачуваешся ў такой ролі?
– Гэта неад'емная частка працы, калі ты займаешся мастацтвам. Абавязкова знойдзецца нехта, хто захоча даведацца падрабязней пра тое, чым ты займаешся. Мне падабаецца дзяліцца. Часам хочацца і памаўчаць, таму пра некаторыя ідэі я не гавару, але калі разумею, што прыйшоў час закрыць этап жыцця, падсумаваць яго праз artist talk ці лекцыю, то я гэта раблю. Класна дзяліцца. Такі гурток па інтарэсах.
«Правальвацца ў смутак мне не цікава. Паплакалі – хопіць»
– Няма жадання арганізаваць нейкі сталы «гурток»?
– Не, я адзін. Мне прасцей так працаваць. У кам'юніці, магчыма, лягчэй існаваць і прасоўвацца, дабівацца паспяховых поспехаў, але я не ўпэўнены, што пакуль да іх гатовы.
– Ты знаёмы з беларускім стрыт-арт-кам’юніці Art Yard у Тбілісі?
– Так, у ім бяруць удзел мае знаёмыя, сябры. Яны ствараюць нешта ў Грузіі, канешне, не без падводных камянёў. У новай краіне складаней выбудаваць ланцужок маштабных падзей, калі ты эмігрант. А ў іх атрымліваецца. Грузія ўвогуле прышпільная гісторыя. Тварык на снезе, які я рабіў у Менску перад ад'ездам, я якраз там прыдумаў. Мне на іх узгорках-гарах паўсюль бачыліся пыскі. Грузія натхняе.
– А што яшчэ натхняе? Бразілія?
– Так! У Бразіліі натхняе проста ўсё! Асабліва пасля Менска, дзе я паўгода ўзгадняў мурал каля кінатэатра «Ракета». У Бразіліі я прыехаў, паказаў на дом, сказаў «хачу тут» і зрабіў. Узгадненне заняло менш за гадзіну.
Пра моц кам’юніці і асаблівасці сола-мастацтва, а таксама пра цяжкасці ўзгаднення вулічнага мастацтва ў Менску Doctor Oy распавёў у падкасце «Трэба спрабаваць»:
Пра дыктат мастака і яго зорнасць
– Як на тваю творчасць у працэсе рэагуюць мінакі? На тое ж «Яйка» каля «Ракеты»?
– Па-рознаму, але агулам пазітыўна. Камусьці не падабалася, казалі: «Блін, лайно ты малюеш!» Потым я тлумачыў, пра што малюнак, і мне адказвалі: «Тады нядрэнна». Мусіць быць смеласць і дыктоўка прасторы: урбаніст бярэ на сябе адказнасць зрабіць горад зручным, а мастак бярэ на сябе адказнасць зрабіць горад прыгожым. Трэба быць цвёрда ўпэўненым, што зробленае пойдзе на карысць усім. Падчас сваёй працы я быў дакладна ўпэўнены, што ўсё класна.
У Лісабоне я зафарбаваў невялікую пляцоўку, фрагмент лесвіцы, дзе была куча незразумелага графіці і брудна. Людзі праходзілі міма, фоткалі і нешта пыталіся, калі я маляваў. Думаю, муралы дапамагаюць натуральна акультурыць прастору.
– Колькі ў тваіх памкненнях любові да горада, а колькі нарцысізму?
– У першую чаргу гэта жаданне проста зрабіць. Мэта – укараніць сваё бачанне ў горад і зрабіць яго лепшым. Пасля ты ўжо бачыш, як людзі рэагуюць, што ім падабаецца, што яны выбіраюцца са свайго шэрага кокана, – і ты, атрымліваецца, дыктуеш умовы. У гэты момант ты крыху аўтакрат.
– Ці можа арт мяняць практыку выкарыстання прасторы?
– Так, вядома. Часам прастора дыктуе ўмову працы, а часам праца пасля дыктуе, як змяніць прастору. Дапусцім, у маім выпадку мы гаворым пра першы варыянт, а ў выпадку там нейкага Джэфа Кунса або Бэнксі – другі, прастора падладжваецца. Вось у Кунса ёсць рэчы, пад якія прыкольна зрабіць пэўны ўчастак зямлі, ён можа надаваць сэнсы. Калі разглядаць працы Бэнксі, то, як бы хто да яго ні ставіўся, чувак можа сабе дазволіць намаляваць на хаце паветраны шарык – і потым хату знясуць, а сцяну пакінуць. Лічу, гэта вельмі сур'ёзная сіла.
– Як ацэньваеш узровень сваёй зоркі?
– Няма ніякай зоркі. Як бы ні хацелася, каб яна была.
– А ты хочаш славы?
– Хацеў. Перыядычна задумваешся пра гэта, але ў выніку сталееш і адкладаеш усе гэтыя дзіцячыя думкі ўбок. Усім вакол падабацца – гэта канфармізм і тое, чаго я пазбягаю. Я спрабую розныя стылі, нешта, што нават можа падабацца толькі мне.
– Якія працы беларускіх мастакоў цябе ўражваюць?
– Праца фатографаў, якія здымаюць у поўнай дупе свету і паказваюць людзям, што адбываецца, мяне вельмі натхняе. І падабаюцца мастакі, якія працуюць над захаваннем сваёй спадчыны. Гэта мае сучаснікі, якія не даюць забыцца пра тое, над чым мы працавалі ў краіне і працягваем працаваць тут. Гэта і Hutkasmachnaa, і Маша Мароз, і Вадзік Фін.
«Хочацца, каб людзі ведалі, што ёсць Беларусь і тамака жывуць людзі, якія займаюцца класнымі рэчамі»
– А для цябе важная беларуская ідэнтычнасць у творчасці?
– Важная. Мая культура накладае адбітак на тое, што я раблю, і я стараюся інтэграваць гэта ў мастацтва. У той жа час я намагаюся адыходзіць ад класічных вобразаў Беларусі, бо еду ў новыя краіны і працую ў іх асяроддзі. Мая задача як мастака тут – прыўнесці сваю культуру, але і рухацца наперад, рабіць сваю культуру свежай, даступнай для ўспрымання свету.
Хочацца, каб людзі ведалі, што ёсць Беларусь і тамака жывуць людзі, якія займаюцца класнымі рэчамі. Дастаткова сучаснымі, каб змагацца з усімі лбамі гэтага свету. Таму я Пампіду і размаляваў. Там вісеў Шэпард Фейры і Space Invader, а я падумаў: «Чорт пабірай, там зараз і Doctor Oy яшчэ будзе!»