Надзея Леановіч: «Хочацца зафіксаваць горад у цяперашні час»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 01.03.2024
- 3145
Яе пейзажы дакладна хоць раз трапляліся табе ў стужцы, а магчыма, нават вымушалі адгукнуцца: «О, гэта ж мой Менск!» Творчасць Надзеі Леановіч асацыюецца з разнаквеццем беларускай сталіцы і пазітыўным падыходам да жыцця. 34 сустрэўся з мастачкай, каб паразмаўляць пра яскравае ўспрыманне менскіх краявідаў, пошук натхнення і персанажаў у гарадскім асяроддзі.
Пра маляванне заўсёды і паўсюль
– Надзея, як маешся? Чым зараз займаешся?
– Апошнія чатыры гады я full time artist. Кожны дзень я малюю ці пішу, вось і ўсё. У мяне няма ніякіх іншых сфераў дзейнасці, я не хаджу на нейкую «звычайную» працу. Я дармаед, калі так паглядзець. Але насамрэч я плачу падаткі і зарабляю сваёй творчасцю. А будзе пытанне: «Колькі ты зарабляеш?» Я на яго адкажу! Мае карціны каштуюць па-рознаму, і мне, канешне, хацелася б зарабляць больш, але праз тое, што я пакуль не здымаю кватэру, выцягваю. За 2023-ы я прадала 60 карцін і зарабіла менш, чым за папярэдні год, але лічу, што я больш адпачывала – таму так і выйшла.
Фота: Антон Гапуцін
– Як ты ўвогуле вынайшла свае пазнавальныя пейзажы?
– Пасля таго як я звольнілася з размеркавання выкладчыцай у школе, у мяне быў перапынак у некалькі гадоў. Я не ведала, што рабіць, і нават думала вяртацца да «нармальнай» працы. Такі стан пошуку прывёў мяне да мінімалістычных малюнкаў у скетчбуку. Адзін з першых, здаецца, быў з паездкі ў Марсэль. Я намалявала касцёл у цэнтры горада, але вельмі проста. Памятаю, збоку ён меў уваход у крамку «Табак», і я падумала: царква з табакеркай – вось гэта рэальна опіум для народа, жывая ілюстрацыя. Малюнак атрымаўся мінімалістычным і трапным, дый сам сюжэт мне спадабаўся. Так я прыйшла да яркага мінімалізму ў пейзажах, з якім працую цяпер. Мне заўжды падабалася нешта больш мінімалістычнае з вялікімі плямамі колераў, але да скетчу з Марсэля ў мяне так не атрымлівалася.
«За 2023-ы я прадала 60 карцін»
Крыху пазней я зразумела, што мне падабаюцца менавіта пейзажы, падабаецца спрашчаць іх у сваёй стылістыцы. Тады я намалявала першае палатно з пейзажам Асмалоўкі – часткай раёна з кіёскам, дзе прадаецца кава. Менавіта пасля гэтага я ўбачыла станоўчыя водгукі ад людзей і падумала, што трэба далей спрабаваць у гэтым кірунку. Праўда, спачатку ў мяне не атрымоўвалася маляваць рэгулярна. Маёй энергіі не хапала для гэтага. Зараз усё не так.
– Знаёмыя казалі мне перад інтэрв’ю, што ты малюеш заўсёды і паўсюль і з цябе ўвогуле б’е гэтая прага да творчасці. Адкуль такая энергія да мастацтва?
– Пра маю «творчую энергію» ўсе кажуць! А я думаю: «Няўжо ў астатніх мастакоў не так?» Вось, напрыклад, учора, ідучы дахаты пасля шпацыру і цэлага дня працы над адной з карцін, я рэзка падумала, што хачу памаляваць яшчэ дома. Так і пабегла шукаць мастацкую краму, бо заставалася дзесяць хвілін да закрыцця. У выніку я яе знайшла, набыла аркушаў. Потым ішла і думала: навошта яны мне ўвогуле, бо ў Вільні мне засталося пару дзён і наўрад ці я паспею нешта зрабіць. Але, калі прыйшла дадому наступным вечарам, усё ж такі нешта пакрамзоліла.
«Часцей за ўсё мне не трэба сядзець і прыдумляць, бо з горадам вельмі зручна: ён заўжды ёсць»
Насамрэч не ведаю, адкуль гэта энергія. Пакуль яна ёсць – цудоўна. У мяне няма выгарання, ёсць рэжым, усё спарадкавана. Мне не цяжка арганізаваць сваю працу так, каб быў сапраўдны адпачынак, калі можна нічога не рабіць тыдзень ці нават месяц і маляваць толькі нейкія дробязі. Іншае – адкуль браць натхненне. У мяне заўжды ёсць сюжэты, якія я знаходжу падчас любога шпацыру па горадзе. Бачу нейкі закуток, які мне падабаецца, – малюю. Часцей за ўсё мне не трэба сядзець і прыдумляць, бо з горадам вельмі зручна: ён заўжды ёсць.
Пра каляровы горад на палотнах і ў жыцці
– Як ты абіраеш канкрэтныя месцы ў горадзе?
– Збольшага гэта мае шпацыры: хаджу па горадзе і разглядаю будынкі. Можна зразумець, дзе я пабывала, бо я адразу малюю месца. Вось так магу і спаліцца, што была на раёне ў сяброў, а да іх не зайшла. Карацей, звычайна я проста еду ў горад, гляджу, што ёсць навокал, і раблю фотаздымкі ці замалёўкі. Часам я спецыяльна еду на патрэбнае месца, каб успомніць, як яно выглядае, і намаляваць. Напрыклад, на Трактарным я не бываю, гэта не мой раён, таму туды мне трэба спачатку з’ездзіць і пагуляць. Увогуле так з шмат чым працуе: калі я ўжо аказваюся ў новым для сябе раёне па справах, то стараюся пахадзіць там у вольную гадзіну. Рэдка я раблю працу з мапы ці па замове са здымка. Але нават у такіх выпадках я намагаюся з’ездзіць на месца і паглядзець яго, бо інакш ты не ўяўляеш аб’ёмы будынка, магчыма, упускаеш важную асаблівасць, якой не бачна на адзіным ракурсе.
– Што менавіта цябе чапляе ў пейзажах?
– Проста штодзённасць, ад якой нікуды не падзецца. Хочацца зафіксаваць горад у цяперашні час, бо мо якога-небудзь будынка ўжо не будзе праз дзесяць год. То-бок мае працы як фотадакументалістыка, адбітак эпохі ці штосьці такое. Тут няма нейкага філасофскага падтэксту. Хутчэй, як укласці ў альбом фотакарткі і захаваць. Я паказваю людзям месцы, якія мне падабаюцца, распавядаю, што ў горадзе класна. Бо ёсць жа тыя, хто перапытвае, што гэта і дзе, яны ніколі не былі ў гэтым месцы ці ніколі не бачылі яго гэтак. Часам я хачу перадаць пэўны настрой, але заўжды намагаюся працаваць у пазітыўным ключы, каб Менск падабаўся не толькі мне, а яшчэ і іншым.
«Я паказваю людзям месцы, якія мне падабаюцца, распавядаю, што ў горадзе класна»
– Менск заўсёды вельмі яскравы на тваіх палотнах.
– Здаецца, у мяне ёсць нейкае самаўнушэнне, і, калі гляджу на будынкі, у мяне ўжо каляровыя фільтры падкручваюцца, усё ўяўляецца больш яскравым. Зразумела, горад не такі сонечны. Бываюць смешныя выпадкі, калі я малюю карціны, а потым вяртаюся на тыя месцы з палотнаў і не магу зразумець, чаму будынкі іншага колеру. Аказваецца, я сама сябе запэўніла, што дом там нейкі ружовы ці жоўты, а арыгінал не такі. Запэўніваю людзей, што горад лепшы, чым насамрэч. Тыя, хто ўжо пэўны час не былі ў Менску, напрыклад, кажуць, што на маіх карцінах Менск іх успамінаў, што ён такі і ёсць у жыцці. Тады я думаю: «Чувакі, вы проста даўно не былі». Але я свядома не збіраюся фарбаваць яго ў шэры. У рэальнасці хапае драмы і тугі.
– Якія твае любімыя месцы ў Менску?
– Гэта, што называецца, дзіўная любоў да родных месцаў. У іх нічога няма асаблівага, таму я іх рэдка малюю, і калі малюю, тады звычайна пакідаю сабе. Мой раён – гэта Чырвоны Бор, Захад і Сухарава, якое побач, – мне тут класна. Асабліва люблю месцы, якія не надта змяніліся з часам, бо ёсць жа і тыя, дзе ўсё ўжо забудавана, і я іх не надта пазнаю з дзіцячых успамінаў.
Цікава, што я зараз не так шмат часу баўлю ў Менску. Людзі чамусьці ўпэўненыя, што калі карціна з Менскам, то яна і напісана ў Менску, але збольшага гэта не так. Я зараз жыву ў іншым горадзе каля Менска, і мне забаўна, калі пакупнікі кажуць: «Давайце сёння прыязджайце, сустрэнемся», – а я не магу, бо мне нязручна ехаць тэрмінова. Але я, канешне, люблю горад і лічу сябе абсалютна сталічным жыхаром. Мне бывае няўтульна ў маленькім горадзе, хочацца маштабу і чагосьці большага.
Фота: Антон Гапуцін
Яскравыя ЖЭСмэны, лыжнікі ды новы вобраз
– А як на твае карціны трапляюць людзі?
– Я рэдка малюю сюжэты, дзе чалавек робіць штосьці канкрэтнае. Людзі ў мяне – цені, невялічкія вобразы ці кропачкі ў горадзе, якія цягаюцца па сваіх справах, спяшаюцца на працу. Асобы часцей за ўсё з’яўляюцца ў сюжэце, каб падтрымаць адчуванне, што ў горадзе нешта адбываецца і ён не зусім вымер і стаіць асобна з голымі будынкамі. А то часам я гляджу – і зусім сумна без людзей. Не заўсёды ж малюеш праспект Незалежнасці, дзе можна нікога не дадаваць.
– У цябе ёсць асобная серыя прац з ЖЭСманамі, дзе яны неяк забаўляюцца ў горадзе. Можаш пра яе распавесці?
– О, так! Зараз бывае, што нехта з сяброў мне іх нават здымае на вуліцы і пазначае на сторыз ці дасылае, маўляў, «во ЖЭСманы – на, глядзі ды рысуй давай!» Серыю з імі я называю «Маленькія чалавечкі» ці «Мурашы». Дарэчы, спачатку з’явіліся не яны, а лыжнікі, і наконт узнікнення двух гэтых вобразаў ёсць гісторыя.
Я не надта люблю глядзець спорт, і так склалася, што ў маёй сям’і глядзяць толькі лыжныя гонкі, біятлон і зімовыя Алімпіяды. Нават калі ты за кагосьці не заўзееш, то проста глядзіш на прыгожую карцінку. Таму мне гэта і падабалася: эстэтычна прыгожы спорт з аэраздымкамі ці далёкімі планамі швейцарскіх ці нарвежскіх краявідаў з заснежанымі елкамі, гарамі і трамплінамі. Я глядзела і думала: трэба зрабіць нешта такое, каб была вялікая прастора белага колеру, можна было лаканічна перадаць снег і сюжэт з ім. У выніку з’явіліся лыжнікі, а пасля іх я вырашыла працягваць ідэю з зімовымі забавамі. Памятаю, адной з першых з’явілася карціна «Летуценнік», дзе ЖЭСман валяўся і рабіў снежнага анёла. Яму бы працаваць, а ён у гэтай сваёй форме проста ляжыць і радасны займаецца нейкімі дзіцячымі справамі.
«Адной з першых з’явілася карціна “Летуценнік”, дзе ЖЭСман валяўся і рабіў снежнага анёла»
Пасля гэтага з’явілася яшчэ некалькі прац з зімовай серыі, а потым мне нехта прапанаваў інтэрв’ю. Здаецца, трэба было паказаць некалькі карцін і сфоткацца з імі. Мне заўжды хочацца паказваць нешта новае, і проста ў ноч перад інтэрв’ю я прыдумала новых ЖЭСманаў са знакамітымі вазамі каля плошчы Перамогі. Якраз з’явілася навіна, што вазы зноў пафарбавалі ў белы колер, і я падумала: «А што, калі яны цяпер будуць белыя на жоўтым фоне? Быццам ЖЭСманы іх фарбуюць прама цяпер». Далей падцягнулася і іранічная назва – «Затое чысценька», маўляў, нарэшце прывялі ў парадак. Пачалі падцягвацца і іншыя сюжэты. Мне спадабалася працаваць з гэтымі мурашамі, таму яны з’яўляюцца і далей. Але ж для такіх карцін трэба ўбачыць нешта яскравае ў горадзе, спецыяльна сядзець, думаць ці вось, напрыклад, гугліць гэтых дворнікаў, каб проста паглядзець, што яны там робяць увогуле. З сюжэтамі бывае часам цяжкавата.
Фота: Ліна Дрэйк
– Як з’явіўся вобраз Раісы?
– Я проста очэнь люблю ЖЭСманаў і хачу імі кіраваць! Раіса быццам бы працуе ў нейкай службе і вырашае пытанні, займаецца паперкамі. Аднойчы я проста абірала касцюм на Хэлаўін і прыдумала яе. Звычайна робіш якую-небудзь дурату з кіно ці там апранаешся вядзьмаркай, але гэтым разам я падумала: «Чаго гэта я думаю пра нешта далёкае, трэба думаць пра нашы рэаліі». Так і з’явіўся вобраз жанчыны, да якой ты звяртаешся са скаргай, а яна пасылае цябе ў іншую інстанцыю, потым у іншую, і так бясконца. Дарэчы, усе патрэбныя элементы касцюма я знайшла дома: большасць узятая ў бабулі ці матулі, знайшоўся нават парык. Пасля Хэлаўіну я паспела забыцца на Раісу, але аднойчы мне напісала крутая фатографка з прапановай паздымаць. Я пагадзілася, і мы аднавілі вобраз.
– Як ты пераўтвараешся ў Раісу?
– Я адчуваю сябе ў гэтым вобразе неяк утульна. Мне заўжды падабаліся песні савецкай эстрады, перадачы і кіно тыпу «Служебного романа». Пару песень Пугачовай – і я ўжо ў вобразе «з кім тут разабрацца?». Мне яшчэ падабаецца, што калі я пераўтвараюся ў Раісу, то магу кагосьці пакрытыкаваць адкрыта. У звычайным жыцці я намагаюся быць добрай і так не атрымоўваецца, а ў Раісы – на здароўе. У вобразе ты як актор можаш зрабіць нешта дурнаватае ці, гледзячы людзям у вочы, нешта сказаць. І людзі не пакрыўдзяцца, бо падумаюць, што я жартавала, а я, можа, і не жартавала!
«Калі я пераўтвараюся ў Раісу, то магу кагосьці пакрытыкаваць адкрыта»
– Гэты вобраз стаў з’яўляцца не толькі ў тваіх сацсетках, а яшчэ і на выставах.
– Я прыходзіла як Раіса на Арт-Мінск ці Восеньскі салон. Мяне тады яшчэ не ўзялі ўдзельнічаць як мастачку, і я падумала: прыйду на адкрыццё, пакажуся, што я ёсць, павітаюся са знаёмымі ды пакрытыкую кагосьці. Нехта падумаў, што прыйшла сапраўдная праверка. Але збольшага людзі да вобраза Раісы падыходзілі з гумарам – пафоткаліся і ўсё.
Я раней бачыла падобныя перформансы ў мастакоў. Яны не ўдзельнічалі ў асноўнай экспазіцыі, але ладзілі інтэрвенцыі ці штосьці такое. У нас, праўда, на гэта крыўдуюць. Я ведаю, што арганізатарам Арт-Мінска не вельмі спадабалася мая ініцыятыва. Хаця гэта ж, падаецца, прыцягненне ўвагі да іх выставы, і добра, што іншыя мастакі могуць разглядаць іх імпрэзы ў гэткім ракурсе, а не проста вешаць там карціны на продаж. Але вось камусьці гэта не падабаецца.
Увогуле лічу, што ў нас бракуе якога-небудзь варушняку, для мяне ў нас зашмат сур'ёзных выстаў робіцца. Усё неяк чынна-благародна, а я вось люблю хадзіць на нешта трэшовае. Мне падабаюцца іранічныя выставы, трэшовыя жарты, маргінальнае мастацтва. Я, напрыклад, не надта люблю матныя словы, але мне падабаецца гэта як выказванне – чаму не? Хачу, каб было больш свабоды на выставах, каб было рознае.