«Атрымаўся win-win»: беларускія муралы – у грузінскіх дварах
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 30.08.2023
- 3063
У верасні ў Тбілісі мае з'явіцца новая партыя стрыт-арту ад беларускага кам'юніці Art Yard. Свежыя муралы падсумуюць другі сезон развіцця праекта. З гэтай нагоды 34 распытаў культурную менеджарку і заснавальніцу Art Yard Волю Кавальскую пра тое, як вулічнае мастацтва дапамагае акумуляваць творчую энергію вакол канкрэтнага месца, і пра тое, як Art Yard яднае дыяспару і локалаў.
Як стартавала гэтая гісторыя
– Я пераехала ў Грузію ў пачатку 2022 года, і мне хацелася знаёміцца з мясцовымі жыхарамі, інтэгравацца ў культуру, належаць гэтаму месцу. Не хацелася быць такім digital nomad, які жыве ў сваім свеціку і яму, па сутнасці, не важна, дзе быць: тая ж трэнажорка і кавярня. Мне хацелася існаваць крыху па-іншаму, таму я прыдумала гэты праект. У Грузіі ў мяне былі пара знаёмых мастакоў, а ў іх – іх знаёмыя, і вось мы вырашылі нешта зрабіць разам.
«Не хацелася быць такім digital nomad, які жыве ў сваім свеціку і яму, па сутнасці, не важна, дзе быць»
– То-бок Art Yard вырас з кола знаёмых?
– Так, але яшчэ я зрабіла такі «open call» – проста напісала, што ёсць ідэя, прыходзьце, хто хоча. Прыйшло шмат людзей, але, паколькі не было нічога, акрамя ідэі, іх трэба было арганізоўваць. Людзі не заўсёды даюць рады ў самаарганізацыі, таму частка сышла, але нехта далучыўся. Напрыклад, Вераніка, якая ў праекце займаецца відэа, так з намі і засталася. І Lev Yakov прыйшоў на сустрэчу, а потым намаляваў мурал.
Цяпер у камандзе сем чалавек: ёсць мастакі з мінулага сезона – Вадзік Фін, які будзе працаваць з праектам як тэхнічны дырэктар, займацца цалкам фарбай, сценамі, і Грыс Лугард, які дапамагае з кантактамі і мерчам у сваёй шаўкаграфіі; ёсць Вольга – дызайнерка; Алёна Гілеўская, якая займаецца PR, нашым іміджам, цалкам сацсеткамі і дапамагае мне са сценамі; Вераніка дапамагае з відэакантэнтам; Гіёма – з фотакантэнтам, ён жа перакладае нам на грузінскую некаторыя рэчы і дапамагае дамаўляцца. Неўзабаве пачнуць маляваць новыя рабяты, агулам атрымаецца чалавек дванаццаць.
Пра тое, як будаваць кам’юніці вакол мастацтва
– У самым пачатку вы зладзілі нэтворкінг. Які быў плён?
– Я паклікала рабят, мы пазнаёміліся, сталі думаць, што б зрабіць у фармаце плэйсмэйкінгу. Усё пачалося спантанна, не было грошай, а была толькі ідэя – і трэба было вельмі падсілкоўваць усіх энергіяй.
Потым мы знайшлі месца ў раёне Сабуртала. Мяне пазнаёмілі з грузінам Тазо, у яго якраз быў дворык. Мясцовыя самі пачалі яго акультурваць: пасадзілі плюшч на сцены, паставілі лавачкі і хацелі намаляваць муралы, шукалі мастакоў. Мы зрабілі ім тры муралы ўнутры двара і адзін – звонку, з вуліцы. Яны нават аплацілі фарбу і мінімальна заплацілі мастакам. Атрымаўся такі win-win: рабяты намалявалі тое, што хацелі, а жыхары ўзгаднілі муралы і ў выніку засталіся радыя. Мяркую, удачная гісторыя, як на першы раз.
Пасля першай спробы рабяты былі зараджаныя. Мы знайшлі фінансаванне, усё лепей распланавалі і падышлі да праекта болей стратэгічна. У нас шмат планаў на будучыню.
Тут ёсць два вельмі крутыя фестывалі, з адным з іх – Niko Movement – мы нядрэнна дачыняемся. Сандра, яго каардынатар, крыху нам дапамагае са сценамі. Пры гэтым іх фармат – вялікія муралы. У нас не так, мы не робім вялізныя працы ў дваццаць паверхаў. Наш варыянт – невялікія аб'екты, магчыма, незаўважныя на першы погляд, і больш актыўнае ўзаемадзеянне з горадам. Таму праект і называецца Art Yard – як панадворак, які ўсіх бы аб'ядноўваў. Муралы мы хочам спалучаць агульнай гісторыяй кшалту квізаў, квэстаў, рабіць больш сацыяльныя варушнякі.
У гэтым сезоне ў нас фармуецца больш дакладнае бачанне, куды мы рухаемся, чаго хочам і як сябе пазіцыянуем. Да нас можна далучыцца, і мы гатовыя падтрымліваць ідэі. Адзін украінскі мастак прыйшоў да нас і сказаў, што хоча зрабіць для якога-небудзь дзіцячага дома стрыт-арт, унутры памяшкання ўзаемадзейнічаць з дзеткамі, можа, майстар-клас зладзіць, каб яны таксама малявалі. Ідэя падалася нам класнай, і мы знайшлі дзіцячы дом, дзе жывуць дзеці з асаблівасцямі развіцця. Будзем для іх нешта рабіць, хутчэй за ўсё, у верасні.
Мне падабаецца, што не проста я задаю нейкую траекторыю развіцця праекта і мы па ёй рушым, – рабяты самі прапануюць, і мы ідзём разам па агульнай траекторыі.
«Муралы мы хочам спалучаць агульнай гісторыяй кшалту квізаў, квэстаў»
– А чаму вырашылі будаваць кам’юніці менавіта вакол стрыт-арту?
– Ідэя была ў тым, каб знайсці агульнае паміж намі і мясцовымі жыхарамі. А стрыт-арт – гэта ж сацыяльнае мастацтва, да якога мае доступ кожны, хто жыве ў горадзе. Рабіць нешта сумеснае для двара, вуліцы, раёна – гэта тое, што можа класна мэтчыць нас і дапамагаць знайсці агульную мову. Да таго ж гэта можа быць іміджавая гісторыя для беларусак і беларусаў. Грузіны небагата пра нас ведаюць, а мы не вельмі шмат ведалі пра іх, пакуль не прыехалі сюды жыць. На гэтую тэму мы нядаўна размаўлялі з грузінамі. Вырашылі, што ўсё роўна пра краіну табе расказваюць людзі, якіх ты ведаеш асабіста. То-бок чым больш яны будуць знаёміцца з намі, тым лепшым будзе наш імідж.
«Рабіць нешта сумеснае для двара – гэта тое, што можа класна мэтчыць нас і дапамагаць знайсці агульную мову»
Увогуле, я даўно хацела папрацаваць са стрыт-артам, а Грузія – добрае месца, тут гэтая сфера развітая. Таму сёлета мы зрабілі тэматычны open call – пра нешта агульнае паміж Грузіяй і Беларуссю. Збольшага беларусы малююць пра Грузію, і цікава, як мастакі ўспрынялі тэму. Мы спрабуем знайсці пункты судотыку і падсвятліць іх, каб такім чынам наблізіць нас адно да аднаго.
– Распавядзі пра бясплатны анлайн-курс па муралах, які вы запусцілі нядаўна.
– Гэта анлайн-курс для беларусаў і беларусак, якія жывуць у Беларусі і за яе межамі, але частка рабят – з Грузіі. Гэта таксама пра кам'юніці. У нас ёсць тыя, хто цяпер у Беларусі і хоча намаляваць мурал у сваім раёне. У Польшчы некалькі рабят, нехта ў Літве. Хочацца, каб яны таксама паміж сабой калабаравалі, пасля атрымання ведаў нешта стваралі. То-бок гэта такая магчымасць знайсці пункт уваходу ў стрыт-арт. Для рабят, якія займаліся творчасцю, але на сценах не малявалі, гэта і пра знаёмствы з мастакамі, магчымасць паказаць ім свае працы, папрасіць кансультацыю.
Пра плэйсмэйкінг і мясцовых жыхароў
– Стрыт-арт ужо дапамагае наладжваць кантакт з мясцовымі?
– Мне здаецца, так. Прынамсі, я так бачу, дачыняючыся з імі. Рабяты малююць і камунікуюць з мясцовымі. Людзі падыходзяць і пытаюцца: «А што вы? А хто вы? А што малюеце? А навошта?» Плюс сёлета ў нас будзе калабарацыя з грузінскімі мастачкамі.
– Як вы знайшліся?
– Спачатку адна мастачка сама напісала. Мы зрабілі Facebook па-грузінску і запусцілі таргетаваную рэкламу ў сацсетках. Па рэкламе яна нас, напэўна, і знайшла, а потым напісала пад адным з пастоў з анонсам лекцыі Вадзіка Фіна.
Мы паглядзелі яе працы, яна малюе на фемінісцкія тэмы. У яе быў праект пра жанчын з розных краін, і сярод малюнкаў аказалася выява Святланы Алексіевіч. Мы напісалі ёй, што нам было б цікава з ёй паразмаўляць, сумесна намаляваць праект. Яна адказала: «Класна, буду рада». Неяк натуральна гэта адбываецца. Мы адмыслова не шукаем нікога, нам бы ўправіцца з тым, што ёсць.
Яшчэ ў нас ёсць міні-каманда мастакоў, у іх ліку – мастак-беларус і мастачка-грузінка, муж і жонка. Яны малююць больш у Польшчы, але прыедуць, каб адмаляваць працу ў Грузіі.
Проста трэба камунікаваць, распавядаць пра праект – і ўсё неяк здараецца. Мой малады чалавек – Гіёма – грузін, ён дапамагае са зносінамі: лісты піша, тэлефануе. Заўсёды лепш, калі ёсць магчымасць спрасціць камунікацыю. Але настроіць міжкультурны дыялог усё роўна складана. Вялікае пытанне – як зрабіць так, каб людзі ўзаемадзейнічалі самі.
– Калі кажуць, што Art Yard – гэта пра плэйсмэйкінг, што маецца на ўвазе?
– Плэйсмэйкінг – стварэнне месцаў, якія прыцягваюць да сябе іншыя варушнякі. Умоўна: мы малюем сцяну – а потым тамака з'яўляецца кавярня, лавачка і гэтак далей. Пакуль што я б не сказала, што мы робім нейкі вялікі плэйсмэйкінг. Але летась у нас быў кейс дворыка ў Сабуртала, дзе мы хацелі зрабіць завершаную гісторыю – месца, дзе можна нешта яшчэ зрабіць. Ён так і функцыянуе, яго самі грузіны ўжо дараблялі.
Мы намагаемся не выбіраць месцы, дзе ўжо нешта адбываецца. Можна, вядома, зайсці ў кавярню і сказаць: «Давайце мы намалюем вам тут мурал», але такой дарожкай ісці не вельмі хочацца. Нам прышпільней браць месцы, дзе цяпер нічога няма, маляваць, а потым там будзе нешта з'яўляцца.
Пра планы на восень і далей
– На бліжэйшую адмалёўку муралаў у верасні набор вы ўжо закрылі. Падзелішся, чаго чакаць?
– Запланавана мінімум 6 муралаў. Мне б хацелася 8, але гэта залежыць ад кошту кожнай працы. Магчыма, у кагосьці будзе менш колераў, у кагосьці будзе не такая буйная праца, таму не патрэбны будуць будаўнічыя рыштаванні, хопіць лесвіцы – гэта адразу зробіць мурал таннейшым. Я спадзяюся, што атрымаецца паперакідваць грошы, паэканоміць недзе і зрабіць большую колькасць. Але мінімум – 6.
Маляваць будуць Вадзік Фін і Грыс Лугард з мінулага сезона, мастачка Каця з псеўданімам kotplot, гурт Wow Wall Studio з рознымі мастакамі ў складзе: грузінскімі, польскімі, беларускімі. Будуць і пакуль незнаёмыя рабяты.
«Мы даведаліся, што ёсць эка-фарба, якая чысціць паветра»
У наступным годзе я б хацела зрабіць open call на эка-тэматыку. Магчыма, стварыць муралы з выкарыстаннем смецця. Ці, напрыклад, мы даведаліся, што ёсць эка-фарба, якая чысціць паветра! Так загарэліся ідэяй зрабіць з ёй мурал, што вырашылі яе знайсці. Думаю, гэта было б класна, улічваючы, што ў Грузіі тэма экалогіі пакуль не такая папулярная.
Яшчэ адзін мой грандыёзны план – зрабіць міні-рэзідэнцыю. Паклікаць беларускіх і грузінскіх мастакоў на тыдзень ці 10 дзён творчых лабараторый, дзе мы будзем маляваць, абменьвацца досведам, праводзіць майстар-класы.
Сандра прапанаваў нам калабарацыю з іх фестывалем Niko Movement. Хочам арганізаваць абмен з Еўропай: два беларускія і два грузінскія мастакі маглі б паехаць у еўрапейскія краіны і там адмаляваць вялікія муралы, а еўрапейскія мастакі прыехалі б маляваць у Грузію. Зрабіць такі праект вельмі крута. Вялізарныя муралы – пакуль не зусім наш маштаб, але ў цэлым – чаму не.
Фота: Гіема