Vulica Brasil выпусціла на YouTube мастацкія майстар-класы
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.03.2024
- 3545
Каманда Vulica Brasil запусціла праект Vulica Academy – серыю майстар-класаў выбітных сучасных беларускіх мастачак і мастакоў. Падчас прагляду можна не толькі прымерыць на сябе ролю творцы, але і паслухаць пра тое, што хвалюе саміх майстроў. Распавядаем пра Vulica Academy і відэа-варкшоп-трылогію.
Што такое Vulica Academy?
Vulica Academy – гэта адукацыйны праект, які пачынаецца трылогіяй варкшопаў сучасных беларускіх мастакоў і мастачак: Караліны Паляковай, Doctor Oy, Bazinato. Галоўная ідэя і мэта кожнага з відэа – дазволіць сабе з гадзіну як мастак падумаць пра працэс увасаблення твора, пра тое, як з нічога ствараецца нешта і як гэтае нешта ўпісваецца ў сацыякультурны ці гарадскі кантэкст.
Міла Котка,
мастачка і прадзюсарка Vulica Academy
– Першы прататып праекта быў зроблены яшчэ ў 2019 годзе – падчас апошняй Vulica Brasil у Менску. Яшчэ тады я зразумела, што за сем год працы з Vulica Brasil я, можна сказаць, таксама скончыла Vulica Academy, бо паспела папрацаваць больш чым з 50 мастакамі з Беларусі і іншых краін. З часам Vulica Brasil акурат пераключылася на бестэрытарыяльныя праекты, якія могуць дасягнуць да гледача незалежна ад таго, ці шпацыруе ён па Кастрычніцкай у Менску, жыве ў Варшаве, Бразіліі ці ў іншых кутках свету. Так і нарадзіліся анлайн майстар-класы.
Фармат такі, быццам глядач прыйшоў у госці да творцы – і ён ці яна шчыра дзеліцца сваімі тэхнікамі і практыкамі. Кожны фільм пачынаецца з самапрэзентацыі вядоўцы, працягваецца тэорыяй і сканчваецца практыкай, якая праходзіць у калабарацыі з іншым творцам, каб гледачу было лягчэй атаясаміць сябе з кімсьці і вучыцца на прыкладзе іншага.
– Мастак – гэта такі эгацэнтрыст з нейкага пункту гледжання, ён сам ведае, як лепш. А калі мы бачым, як два мастакі калабарыруюць, як яны камунікуюць і адзін з іх «паддаецца», гэта значыць, што любы іншы чалавек, які мае мастацкія здольнасці, зможа далучыцца да працэсу негвалтоўна. Нашы фільмы не пра тое, як круты мастак вучыць некрутых нешта рабіць. Яны пра пазіцыю роўнага з роўным.
Майстар-класамі заклікаюць дзяліцца ў тым ліку з замежнымі сябрамі, якія не размаўляюць па-руску ці па-беларуску. Усе відэа зроблены з субцітрамі на англійскай мове і разлічаны таксама на міжнародную супольнасць, якая можа не ведаць беларускага кантэксту.
***
Пра што глядзець?
Калажы, кліпы і гендарная роўнасць ад Караліны Паляковай
Першым у трылогіі Vulica Academy выйшаў бадзёры майстар-клас Караліны Паляковай. У відэа заснавальніца дызайнерскага брэнду bsmrtna дзеліцца шляхамі стварэння калажу і кліпаў, а потым разам з Doctor Oy збірае новыя працы. Таксама падчас свайго фільма Караліна так ці інакш закранае пытанні гендарнай роўнасці і абмяркоўвае іх з калегам.
***
Стрыт-арт & народная спадчына ад Doctor Oy
Другім удзельнікам Акадэміі стаў стрыт-арт мастак Doctor Oy, якога аматары стрыт-арту ведаюць па яркіх працах у стылі неа поп-арт ці гучных гісторыях, як са стрыт-артам на Цэнтры Жоржа Пампіду ў Парыжы, за які мастак быў затрыманы паліцыяй і атрымаў штраф € 1500. У відэа Vulica Academy Doctor Oy закрануў тэму спалучэння і пераасэнсавання спадчыны з сучаснасцю і стварыў новы арт-аб’ект з гіпсу. Мастак натхняўся ручніком сваёй бабулі і беларускай традыцыйнай вышыўкай, працаваў з новымі для сябе матэрыяламі ды разам з фатографкай Кацярынай Ігнашэвіч расклейваў стрыт-арт у Варшаве.
***
Лясны арт і цёмная экалогія ад Bazinato
Бадай, самы медытатыўны фільм з серыі – майстар-клас Bazinato, які запрашае гледача стварыць арт разам з лесам. Мастак як аўдыявізуальны гіпнатызёр працуе з прыроднымі матэрыяламі і, зыходзячы з канцэпцыі цёмнай экалогіі, стварае мастацтва нібыта для самога лесу, а таксама звяртае ўвагу, як можна рабіць мастацтва не толькі для людзей, а яшчэ для прыроды – кары, ракі або мурашоў – і адыходзіць ад антрапацэнтрычнага погляду на свет. У выпуску ён разам з Мілай Коткай разважае пра ўстойлівае развіццё ды экалогію і стварае арт-аб’ект на рацэ.
Фота: Караліна Палякова, Doctor Oy, Кацярына Ігнашэвіч, Bazinato