Міла Котка і яе «іерогліфы»
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 22.05.2021
- 26717
Як вярнуць сабе сябе, калі шмат гадоў ты працуеш «цэнтрам перасячэння разнастайных энергій» – курыруеш маштабны, мультыартавы і ўсімі любімы фестываль? Міла Котка, якая прыдумала Vulica Brasil і стала яго «вечным рухавіком», знайшла спосаб: пасля фэсту 2019-га яна адправілася ў Тайланд, дзе дазволіла сабе абсалютна нічым не займацца, каб зразумець, а што ж яна захоча рабіць сама па сабе, без сацыяльных імпульсаў звонку? Пагутарылі пра тую прыгажосць, якая стала вынікам эксперыменту.
Што можна знайсці ў ізраільскай пустэчы
– Бразілія – гэта ідэальнае спалучэнне розных светапоглядаў, розных каранёў, розных ідэнтычнасцей. Калі я блізка пазнаёмілася з гэтай краінай, то адчула прагу прыўнесці ў нашу збольшага стэрыльную прастору ўсю тую разнастайнасць, што пабачыла ў Бразіліі, усё тое, што прымушала вібраваць маё цела і шакавала ў добрым сэнсе слова. Не маю намеру казаць, быццам свет беларусаў дзесяць-дваццаць год таму быў пусты. Я маю на ўвазе, што гэты свет быў зачынены, і тое, што адбывалася ў публічнай прасторы, было вельмі цэнзураванае. Маёй місіяй як прадзюсаркі Vulica Brasil было выцягнуць беларусаў вонкі, запрасіўшы натуральна адкрытых бразільцаў, даць прастору для свабоды творчых уяўленняў. І за сем год існавання фестывалю мы пабачылі столькі сусветаў!
Пэўны час я была рухавіком нечага, чаго раней не існавала, і на мне было вельмі шмат адказнасці. Гэта было тое, чым я жыла, але і тое, што мяне моцна дэстабілізавала як асобу. Я была цэнтрам, праз які праходзілі розныя энергіі, праблемы, светапогляды. Тут, напрыклад, і тонкі свет мастака, і зусім не тонкі свет уплывовага бізнэсоўца. Каб знаходзіць баланс паміж рознымі энергіямі, часам даводзілася ахвяраваць сваім унутраным светам. Рабіць мастацтва рукамі іншых людзей было цікава, але, калі я вярталася да сябе, з’яўлялася адчуванне, што сама сабе я не належу.
Пасля аднаго вельмі складанага фестывалю я паехала ў пустыню ў Ізраіль. Мне хацелася прасторы, дзе няма нікога, няма людзей, няма расліннасці. Ёсць проста цішыня і пустэча. Я хацела адчуць, што такое пустэча, якая натуральна існуе і не з’яўляецца нейкай анамаліяй, гэта прыродная з’ява. Думала, што апынуся нібыта ў цёмным пакоі і мне будзе страшна, але, што дзіўна, я адчула там самы неверагодны свой стан – адчула сябе сабою. Я жывая адзінка, я дзяўчына, я іду па пяску, мне трэба глытаць ваду са сваёй двухлітровай пляшкі. І раптам я пачала заўважаць, што пустыня не пустая: у ёй шмат раслін і жывёльнага свету. Пляма заварушылася і пабегла – тое быў яшчар, які мімікрыраваў пад гэты быццам бы пустэльны свет. Тады я ўпершыню зразумела, што стан цішыні ў пустэчы можа адкрыць іншую візію.
«Рабіць мастацтва рукамі іншых людзей было цікава, але, калі я вярталася да сябе, з’яўлялася адчуванне, што сама сабе я не належу»
Пасля апошняга фестывалю ў 2019 годзе я паехала ў Тайланд, дзе зняла з сябрам хіжыну ў джунглях насупраць вадаспаду. Я забараніла сабе рабіць што заўгодна – ніякага прадакшану, ніякага інтэрнэту. Хацела пабачыць: што я захачу зрабіць натуральным чынам і што першае з мяне выйдзе? Выйдзе не таму, што я ўзяла на сябе нейкую сацыяльную адказнасць ці прыдумала нейкую місію, а таму, што я сама як чалавек захачу гэта зрабіць.
Прайшоў месяц такога нераблення. Я сядзела і раптам пачала нешта складваць з падручных рэчаў. І ўбачыла нешта прыгожае, чаго не бачыла раней. Я сфатаграфавала гэта, падумала: «Уаў, мне гэта падабаецца!»
Як дазволіць сабе стаць мастачкай
– Ёсць такая практыка ў псіхатэрапіі – нічоганерабленне, калі ты забараняеш сабе рабіць хоць нешта і проста ляжыш на канапе дзень, два, тры. Нават калі цябе ўжо падрывае, трэба ляжаць, і дзесьці на трэці дзень у цябе будзе ясная карціна таго, што ты насамрэч хочаш рабіць, а не збіраешся рабіць пад ціскам маніпуляцый знешняга свету.
Ідэя, якая да мяне прыйшла, – гэта было нешта натуральнае і арганічнае. Я не думала, што буду рабіць з гэтым далей. Але калі я працягнула, то зразумела, што нарэшце знайшла адказы на шматлікія свае пытанні. Я знайшла, якім чынам змагу абагульніць свой светапогляд, сваё ўяўленне аб эстэтыцы, свой досвед. Чым далей я працягваю, тым больш назіранняў за светам магу туды ўпісаць. Вельмі важна знайсці форму, у якой зможаш спалучыць усё, што цябе цікавіць.
Спачатку мне было страшна гэта публікаваць, бо я не мастак. У фільме «Выхад праз сувенірную краму» акурат была гісторыя пра чалавека, які быццам здымаў дакументальны фільм пра мастакоў стрыт-арту, але замест таго, каб выпусціць фільм, ён скарыстаўся досведам, каб самому стаць быццам мастаком і сваё быццам мастацтва прадаваць за мільёны даляраў. Мне б такім «Брэйнвошам», які праз куратарства меў доступ да мастакоў і тут раптам сам мастак, быць не хацелася. Але я дазволіла сабе зрабіць інстаграм, дзе нікога не фолаўлю, і забараніла каментары, каб мяне ніхто не змог ні загасіць, ні кудысьці накіраваць, куды мне не трэба. Я вырашыла, што да ста пастоў я пабуду ў гэтым стане. На 50-м я рашылася зрабіць выставу. На 70-м упершыню вырашыла пра гэта расказаць. Раблюся больш упэўненая.
«Хацелася перадаць стан падарожжа і медытацыі, і ў дзень выставы я напусціла дыму і пачала медытаваць»
Можа падацца дзіўным, адкуль такія страхі ў чалавека, які столькі ўсяго зрабіў, але гэта прысутнічае ў кожным чалавеку. Напрыклад, мой сябра і мастак Захар Кудзін – размаўляючы з ім, ты ніколі б не мог падумаць, што ён мае нейкі ўнутраны страх і можа скончыць жыццё самагубствам. Нават у чалавека, які паказвае, што ведае, як уладкаваны свет, і упэўнены ў сваім мастацтве, ёсць слабая мясціна.
Гэта, хутчэй за ўсё, спадчына нашай адукацыі і выхавання ў сістэме, дзе крытыка прысутнічае яшчэ да таго, як нейкае дзеянне будзе зробленае. Але найперш гэта псіхічныя сайд-эфекты, з якімі мы сутыкаемся цягам жыцця незалежна ад краіны.
На свой дзень народзінаў я «дазволіла» сабе быць мастачкай і зрабіць выставу. Вельмі ўдзячная Машы Значонак, якая прапанавала прастору «Корпуса», калі пачула маю ідэю. Куратар Максім Крук дапамог гэтую прастору адаптаваць. Мы расставілі расліны. Мы раздрукавалі работы. Я прынесла з дому частку сваіх знаходак, каб паказаць элементы, з якіх ствараю сваё мастацтва. Хацелася перадаць стан падарожжа і медытацыі, і ў дзень выставы я напусціла дыму і пачала медытаваць спінай да ўваходу. Гэта было цікава: бачыць сваю экспазіцыю, адчуваць спінай гледачоў і адчуваць момант, калі ты скончыш медытацыю і павернешся да людзей і іх запросіш. Выставу зрабілі аднадзённай – як нейкі досвед, што чалавек пражывае ў імгненнай эмоцыі.
Якую новую візію адкрывае дзікая прырода
– Я вельмі люблю прыроду. Люблю, калі я магу пагрузіцца ў пустэчу, у дзікі прыродны кантэкст, калі побач са мной няма людзей, ніякіх планаў і хуткаплыннага часу. Люблю, калі я жыву ў сапраўдным, створаным мільёнамі гадоў рытме.
У кожнага свае сродкі дасягнуць чысціні светапогляду. Мой сродак – прайсціся па дзікіх мясцінах, дзе вока бачыць выключна фрактальную геаметрыю прыроды, розныя яе колеры. Гэта адкрывае іншы стан мозгу, і я пераключаюся з факусаванага мыслення на дыфузнае. Факусаванае мысленне, паводле нейрабіёлагаў, накіраванае на вырашэнне нейкай задачы і сканцэнтраванае ў лобнай частцы мозгу. Дыфузнае – гэта калі нейроны ўспыхваюць у новых месцах і нараджаюцца новыя сувязі. У гэты стан мне і дапамагае перайсці, так бы мовіць, экасцежка. Стан унікальны: заўважаеш некаторыя элементы, якія не заўважаў раней. Факусаванае мысленне не дазваляе бачыць новае, дыфузнае – адкрывае новую візію. Калі дыфузнае мысленне раптам уключаецца ў мяне ў горадзе, я пачынаю моцна чуць увесь гук наваколля, і гэта моцна раздражняе. А прыродныя гукі – вецер, птушкі, шэлест лісця, вада – гэта зусім іншая санорная якасць.
Аб’екты, з якімі я працую, для мяне самыя прыгожыя, магчыма, таму, што прырода працавала над імі мільёны гадоў, а тое, над чым працуюць мільёны гадоў, нашмат болей адточанае за тое, што любы чалавек прыдумае нават за ўсё сваё жыццё. Гэта першакрыніца, якую нельга пераплюнуць, але хочацца запомніць. Нехта фатаграфуе, нехта малюе, нехта заваёўвае гэтую рэальнасць, як канкістадоры. Магчыма, гэта ўласцівасць чалавечай псіхікі – забіраць усё, што падабаецца. Але мая кватэра і так ужо ператварылася ў «геалагічны музей»: мох з Грэцыі, камень з гор Бразіліі, пяро аднекуль яшчэ… Я ператвараюся ў натураліста, які спрабуе знайсці вачамі тое, чаго не бачыў раней. Дзіўна, але такіх элементаў вельмі шмат.
Свае кампазіцыі я назвала для сябе гербы ці іерогліфы. Гербы – таму што яны адлюстроўваюць тыя эндэмікі ці форму таго асяроддзя, якое навокал, а іерогліфы – бо гэта мой зашыфраваны спосаб вярнуцца ў тое падарожжа, перанесціся ў тое месца.
«Мая кватэра і так ужо ператварылася ў "геалагічны музей": мох з Грэцыі, камень з гор Бразіліі, пяро аднекуль яшчэ…»
Абстракцыя – адыход ад пачуццёвага досведу і пераход да ірацыянальнага стану, калі мне патрэбна ўбачыць нешта новае. Калі я раблю камбінацыю, я не хачу, каб я бачыла, напрыклад, рамонак. У інтэрнэце мільярды здымкаў самых прыгожых кветак, але яны цэласныя. Я бяру толькі элементы аб’ектаў і камбіную, каб убачыць нешта новае.
Звычайна мае гербы сіметрычныя, яны збалансаваныя, даюць пачуццё камфорту. Сіметрыя – адзін з нейрафізіялагічных трукаў, каб дасягнуць адчування прыгажосці, а мая ідэя – вярнуць чалавека да стану спакою і каб у гэтым стане ён убачыў свой ход думак. Зараз мала людзей дазваляюць сабе спыніцца, неяк патрыпаваць.
Найлепшы сродак вярнуцца да сябе
– Год таму я вырашыла адзначыць Новы год у поўнай цішы будыйскага манастыра ў Тайландзе, дзе папрасілася навучыць мяне медытацыі. Медытацыю заўжды не любіла, бо для мяне гэта была памылка чалавечая: мы нарадзіліся ў руху, жыццё – гэта рух. Але было цікава як тое, чаго я не ведаю. І за дзесяць дзён там я зразумела, што медытацыя – гэта аддзялення сябе як істоты ад фону, думак, жаданняў, дысторшанаў соцыуму. Калі ты можаш аддзяліць адно ад другога, ты свабодны чалавек. Калі я прыйшла ў манастыр, то бачыла свет «вачамі наперад», а калі пакідала яго, то быццам глядзела на сябе і ззаду, і збоку – бачыла, як я рэагую на тое, што раблю, і бачыла ўвесь навакольны свет. Так бы мовіць, я пашырыла жылплошчу ўласнай душы.
На прыродзе здараецца тое самае: ты перастаеш бачыць сябе як першапрычыну ўсяго, а пачынаеш бачыць сябе ў гэтай прыродзе. Бачыш, што находзішся ў сувязі з усім і гэтая сувязь вельмі важная. Калі мы страчваем гэтае адчуванне сувязі, тады і пачынаюцца псіхічныя праблемы і няўтульныя станы.
Гэта не эскапізм. Я вынайшла гэты спосаб як найлепшы сродак вярнуцца да сябе. Сучасная цывілізацыя часцяком патрабуе ад чалавека заўсёды быць у нейкім стане ўсплёску, але гэта немагчыма. Напрыклад, каб нарадзіцца, чалавеку сапраўды патрэбны ўсплёск, але потым надыходзіць перыяд нармалізацыі, які дазваляе жанчыне і дзіцю сабраць эмоцыі. У прыродзе не заўсёды вулканы вывяргаюцца, і я пераношу тое, што адбываецца ў прыродзе, на тое, што адбываецца з чалавекам. Шмат падобнага.
У стане вырашэння пытанняў, якіх ніхто раней не вырашаў, важна азначыць для сябе, на што ты можаш паўплываць, а на што – не. Вось на тое, на што можаш паўплываць, тое і рабіць, але даваць сабе час для адпачынку.
Як мастак я гарманізую рэчаіснасць творчымі сродкамі. Калі Руся ладзіла глабальную медытацыю з пасылам загаіць раны, бо і на вайне трэба лекавацца, ёй не хапала візуалу, і яна звярнулася да мяне. Галоўная ідэя Русі была паказаць, як з цёмных пачуццяў, у якія чалавек акунаецца – гэта і віна, і адчай, і пачуццё сілы, мацнейшай за цябе, – прарастаюць кветкі: пачуццё еднасці, годнасці, важнасці, дачынення да нечага большага.
«Сучасная цывілізацыя часцяком патрабуе ад чалавека заўсёды быць у нейкім стане ўсплёску, але гэта немагчыма»
Натуральна, я не магу рабіць усё ў адной каларыстыцы. Калі я шукала і працавала далей, злавіла сябе на думцы: «Атрымліваецца нешта чырвона-зялёнае, не ідзі гэтым шляхам!» – а потым сабе кажу: «Ды чаму не ідзі?» Гэта новая страта – калі мы пачынаем глядзець на свет праз каляровую айдэнтыку. Трэба ўсе колеры на наш бок перацягваць. І чорны таксама.
Я не падтрымліваю рыторыку, што кагосьці трэба знішчыць, а камусьці даць свет. Попел з’яўляецца добрым угнаеннем, каб пазней тут выраслі джунглі. Наша задача – інтэрпрэтаваць тое, што адбываецца, так, каб мы маглі на гэта абаперціся і далей нешта разам ствараць. Выключыць нейкі колер, эмоцыю, з’яву немагчыма. Іх можна толькі некуды трансфармаваць.
Фота: Міла Котка, партрэты – Каця Ігнашэвіч