CreateCulture Space запрашае на персанальную выставу Ангеліны Блашчыцынай
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.03.2024
- 3095
22 сакавіка а 19-й у прасторы CreateCulture Space у Вільні адкрыецца выстава партрэтаў і акварэльных ілюстрацый Ангеліны Блашчыцынай па выніках сумеснага Open Call з Chrysalis Mag.
«Out(In)side» прапануе звярнуцца да ўнутранага свету чалавека, схаванага за вонкавым: умоўна кажучы, паглядзець на партрэт – і пабачыць, што пад скурай, а заадно паразважаць пра міфы ўнутры нас.
«Праз кожны слой заліўкі, кожнае перапляценне колераў мастачка расказвае гісторыю пра сустрэчу рэальнасці і міфа, а акварэль як матэрыял накіроўвае гледача даследаваць крохкасць і тонкасць уласнай існасці, – распавядаюць пра выставу арганізатары. – Партрэт і ілюстрацыя, рэальнасць і міф, знешняе і унутранае – канцэпцыі, што суіснуюць у творчасці Ангеліны. Унутраны свет чалавека шматслойны: у ім мноства схаванага, міфічнага, не адлюстраванага ў знешнім вобразе. А міф – гэта метафара перажыванняў, якія нараджаюцца ў чалавеку на працягу жыцця і, сутыкаючыся з рэальнасцю, або паміраюць, або робяцца мацнейшымі».
Ангеліна Блашчыцына – выпускніца беларускай Акадэміі мастацтваў. З паступленнем у Акадэмію мастацтваў у Вільні яна вярнулася да вытокаў сваёй творчасці: партрэтаў, плэнераў. «Як мастачку мяне натхняе прырода: прырода навокал нас і прырода самога чалавека. Я люблю пісаць партрэты, таму што яны адлюстроўваюць невычарпальную крыніцу энергіі і тое мноства міфаў, якое нясуць у сабе людзі», – кажа Ангеліна. Таксама яна працуе як ілюстратарка, яе работы можна пабачыць на вокладках літоўскага выдавецтва Nieko Rimto: вокладка і тытул да «Akys»/«Вочы» Аўрэліі Савіцкене і ілюстрацыі да кнігі пра легенды і міфы сузор’яў «Star Stories» Аніты Ганеры, якая яшчэ чакае публікацыі.
Каб трапіць на адкрыццё выставы «Out(In)side», трэба зарэгістравацца праз гугл-форму. Выстава будзе даступная да 10 красавіка ў працоўныя дні прасторы з 9:30 па 18:00.
Адрас CreateCulture Space: Karmelitų g. 5. Падрабязней пра тое, што гэта за прастора такая, чытай у нашым матэрыяле па спасылцы.