10 праграм, каб навесці парадак з грашыма

  • 28.11.2024
  • Аўтар: 34mag
  • 621

Калі хочацца ўзяць пад кантроль нешта ў сваім жыцці, можна пачаць з фінансаў. Магія эксэль-табліц падуладная не ўсім людзям без бухгалтарскага гена, затое апкі з фіксацыяй даходаў і выдаткаў знойдуцца на любы густ ды пад любыя мэты. У адных можна лёгка адсачыць, куды сыходзяць грошы; другія дапамогуць абмежаваць выдаткі па канкрэтных пазіцыях ці назбіраць на мару; а яшчэ ёсць адмысловыя праграмы, дзе за пару клікаў можна вырашаць сумесныя грашовыя пытанні з партнёрамі ці суседзямі па кватэры.

 

 

Monefy

  Сайт | Android | iOS

Monefy – простая апка, якая дапамагае адсочваць «грашовыя патокі». Націскаеш на плюс – фіксуеш прыбытак, мінус – выдатак. Ёсць магчымасць асобна кантраляваць аперацыі кэшам і па карце, платная версія ўмее ў мультывалютнасць. Таксама ў платнай версіі можна дадаваць уласныя катэгорыі выдаткаў з рэлевантнымі іконкамі, але і ў бясплатным варыянце катэгорый звышдастаткова.

З Monefy будзе лёгка зразумець, на што больш за ўсё сыходзіла грошай у месяц ці за год і дзе палягае твая асабістая «чорная грашовая дзірка». Тыя, хто атрымліваюць сродкі з розных крыніц, аб'ектыўна ўбачаць, якая з гэтых крыніц больш паўнаводная. А яшчэ тут можна абраць розныя рэжымы адлюстравання рахунку – на выпадак, калі хочацца бачыць пераходны астатак або трымаць перад вачыма свой бюджэт.

 

 

Money Manager

  Сайт | Android | iOS

Апка, якая шчодра прапануе кучу опцый бясплатна – давядзецца толькі пацярпець рэкламныя банеры. Апроч адключэння рэкламы, даплаціць прапануюць за безліміт акаўнтаў і выкарыстанне дэсктопнага менеджара, але, шчыра, для асабістага фінменеджменту гэта ўзровень «гуру».

У Money Manager ёсць абсалютна ўсё, што патрэбна для кантролю грашовых плыняў. Можна рабіць асобныя «скарбонкі» для кэшу, банкаўскіх картак, запазычанасцяў, інвестыцыйных рахункаў і іншага; заводзіць безліч дэталёвых катэгорый для апісання сваіх выдаткаў; наладжваць напаміналкі пра рэкурэнтныя плацяжы; аналізаваць усё на прыгожых дыяграмах; абіраць прыемную каляровую тэму і нават асобна вызначаць, якога колеру будзе ў цябе галоўная панэлька.

 

 

Spendee

  Сайт | Android | iOS

Забяспечвае кантроль за ўсімі тваімі рахункамі, ці тое банкаўскія акаўнты або крыптавалютныя гаманцы. Праграму можна падлучыць да іх – і Spendee будзе аўтаматычна фіксаваць транзакцыі, так што не спатрэбіцца ўручную заносіць кожны піражок з крамы ля дома. Забіваць аперацыі ручкамі прыйдзецца толькі ў тым выпадку, калі карыстаешся гатоўкай. Аднак калі цябе насцярожваюць розныя сінхранізацыі з банкамі, то можаш запісваць уручную ўсё – працуе і так.

У Spendee ёсць опцыя ўсталёўваць абмежаванні па розных артыкулах выдаткаў, каб не спускаць больш, чым хацелася б. Таксама ёсць функцыянал для тых, хто хоча падсабраць грошай на нейкую мару. А яшчэ пры жаданні можна завесці сумесныя рахункі для пары, сям'і ці кватарантаў.

 

 

Splitwise

  Сайт | Android | iOS

Апка, якая зберагла не адно сяброўства. Splitwise дапамагае лёгка падлічыць, хто і колькі каму вінен, калі нехта аплачваў агульныя рахункі ў рэстаране ці недзе яшчэ. Гэта незаменная штука ў групавых падарожжах, бо не даводзіцца ствараць нататкі пра агульныя выдаткі на ежу, таксі, бензін або апартаменты, а потым усё гэта віртуозна калькуляваць. У Splitwise вы проста ствараеце групу пад вашу сітуацыю і ўносіце рахункі, а ўся калькуляцыя будзе зробленая за вас, прычым амаль у любых валютах.

Таксама праграму паважаюць тыя, хто здымаюць разам жыллё, ці сем'і, якія не жывуць з агульнай скарбонкі. І гэта, натуральна, ратавалачка для тых, хто часта дае ці бярэ ў доўг.

 

 

Honeydue

  Сайт | Android | iOS

Класная праграма для парачак. У Honeydue вы зможаце не толькі кантраляваць агульныя выдаткі, але і камунікаваць наконт плацяжоў ва ўбудаваным чаце. Шмат хто з карыстальнікаў цэняць апку менавіта за гэты чат, які дазваляе ўсе размовы вакол грошай згрузіць у адно месца і потым, калі што, хутка адшукаць патрэбныя звесткі і інфармацыю.

Але можна выкарыстоўваць апку не толькі для парных выдаткаў, але і для асабістага фінансавага ўліку – ты сам(-а) выбіраеш, што для партнёра(-кі) будзе бачным, а што не. Ёсць опцыя лімітаў з напамінальнікам аб тым, што вы да іх набліжаецеся. Аб плацяжах па крэдыце або аб выплатах страхавой кампаніі Honeydue умее нагадваць таксама. Але калі табе трэба праграма, каб ставіць фінансавыя мэты і адсочваць, як прасоўваюцца справы з іх дасягненнем, то гэта не зусім яно.

 

 

Bills Monitor

  Android | iOS

Дапамагае планаваць плацяжы. Сюды можна заносіць плацяжы, што паўтараюцца, і ўключаць напаміналкі, каб своечасова пакласці грошы на тэлефон ці інтэрнэт, аплаціць страхоўку, набыць падарункі, працягнуць абанемент у фітнэс-клуб, заданаціць нейкім добрым рабятам і гэтак далей. Таксама ў Bills Monitor можна сартаваць абавязковыя плацяжы па катэгорыях і адсочваць у календары, якія выдаткі ў цябе на носе. За пару даляраў можна паставіць версію Pro з дадатковымі фічамі.

На абедзвюх платформах праграма з гэтай назвай выглядае просценька, але ў Google Play ты рэальна ўспомніш світанак андроідаўскага дызайну (плюс гэта ці мінус – вырашаць табе).

 

 

Wallet

  Android | iOS

Ва ўсіх у сматфонах жывуць гэтыя кашалькі, але варта прыгледзецца да іх лепей, бо гэтая штука файная не толькі як сховішча плацежных карт, але і як віртуальная кішэня для карт лаяльнасці, купонаў, клубных карт, квіткоў, лічбавых ключоў і іншага. Калі не ленавацца закідваць гэта ўсё ў Wallet, то, па-першае, не даводзіцца цягаць з сабой дысконтныя карткі, якімі карыстаешся раз на год, а па-другое, не прапускаеш магчымасць зэканоміць, калі гэтае «раз на год» нарэшце здараецца.

 

 

DeepFin

  Сайт | Android | iOS

Актуальна для тых, хто фрылансіць у Літве. Дапамагае трымаць у парадку даходы і выдаткі ІП, умее выстаўляць інвойсы і праварочваць анлайн-плацяжы. А яшчэ DeepFin калькулюе падаткі згодна з літоўскім заканадаўствам. Праграма выкарыстоўвае штучны інтэлект і навучаецца ў працэсе. Узровень бяспекі даных заяўлены як для прадпрыемстваў, то-бок высокі.

 

 

Expensify

  Сайт | Android | iOS

Гэтая праграма ў першую чаргу для тых, хто хоча адсочваць грашовую плынь у межах рабочай каманды (і гэтыя фічы платныя), але заадно яе можна выкарыстоўваць для асабістай бухгалтэрыі. З фішак – скануе чэкі і здабывае інфармацыю з іх аўтаматычна; а яшчэ Expensify прапануе палічыць выдаткі на бензін, абапіраючыся на GPS-дадзеныя па маршруце. Увогуле, шмат наваротаў, якія камусьці пададуцца абсалютна залішнімі, затое нейкія камандныя справы гэтая апка дапаможа паставіць на паток.

 

 

Habitica

  Сайт | Android | iOS

Гэтая праграма не пра грошы, але можа дапамагчы закрываць некаторыя пытаннечкі з імі своечасова і нават з задавальненнем. Habitica створаная для таго, каб матываваць сябе ўмацоўваць добрыя звычкі і радзей паддавацца дрэнным. Тут ты заводзіш персанажа і, прапампоўваючы сябе ў сваіх мэтах, прапампоўваеш гэтага аватара. Можна засінхроніцца з сябрамі, каб аб'яднаць намаганні на шляху да лепшых версій сябе.

У праграму можна заносіць задачы, якія паўтараюцца (напрыклад, плацяжы па рахунках), аднаразовыя to-do (вярнуць пазыку своечасова), але галоўнае тут – фіксацыя добрых і дрэнных звычак, якія могуць быць звязаныя і з грашыма. Напрыклад, можна пстрыкаць на мінус кожны раз, калі шопінг у масмаркеце стаў крыніцай лёгкага дафаміну, і на плюс – калі атрымалася ўтрымацца ў рамках тыднёвага бюджэту (ці проста заахвочваць сябе за тое, што фіксуеш маніфлоў у адной з апак, якія былі пералічаныя вышэй)

Любы коўч скажа, што частка грашовых праблем крыецца ў стылі жыцця і звычках. Дык вось, Habitica дапаможа прынамсі выявіць прабоіны ў лодцы твайго фінансавага дабрабыту – і, магчыма, задумацца над тым, што з імі можна зрабіць.