Як зберагчы калектыў ад перагрэву і канфліктаў? Меркаванне сацыятэхніка
- 03.12.2024
- 139
Новы сезон падкасту «Трэба спрабаваць» стартаваў з выпуску пра тое, як захаваць каманду. Адным з гасцей гэтага эпізоду стаў Міхаіл Волчак – стваральнік ініцыятыў «Забей» і «Фаланстар», аўтар курса «Практычная сацыятэхніка» і вядучы блога пра супольнасці talash.by. Сёння мы публікуем канспект размовы з Міхаілам пра тое, як цыркулюе энергія маленькіх калектываў, чаму ўнікнуць унутраных канфліктаў у прынцыпе немагчыма і навошта перадаваць веды новым пакаленням, калі тыя хочуць набіваць уласныя гузы.
Як зразумець, што адбываецца ў вашым калектыве?
З сучаснымі ведамі развіваць супольнасці можна і ад пачатку асэнсавана, як спецыяліст(-ка). Але звычайна гэта спантанная гісторыя: людзі збіваюцца ў групы, як звяры ў чародкі. Напрыклад: ты граеш у гульню, хочаш знайсці аднадумцаў – ствараеш клан; ты пішаш музыку, хочаш выступаць – збіраеш гурт. Усё адбываецца натуральным чынам і далей жыве больш-менш стыхійна.
Рэч яшчэ і ў тым, што мы звычайна вывучаем грамадства як комплекс нейкіх інстытуцый, не разумеючы на ўзроўні культуры, што мы з’яўляемся часткай гэтага грамадства. Калі на Захадзе чалавек атрымлівае такое разуменне на практыцы – ён можа пайсці ў тыя ж скаўты, напрыклад, ці яшчэ ў якое гадамі наладжанае згуртаванне, – то мы вывучаем грамадства «ад аўстралапітэкаў да князёў» і сучаснага дзяржапарату, не разумеючы: а дзе ва ўсім гэтым я, чалавек, шараговы грамадзянін? Але, каб падыходзіць да любога калектыўнага дзеяння асэнсавана, вельмі важна бачыць, што вялікае грамадства на мільёны складаецца з невялікіх груп, гэткіх «малекул». Бо кожны з нас знаходзіцца менавіта на «малекулярным» узроўні і толькі адсюль мы можам неяк адрэфлексаваць, што адбываецца з нашым калектывам.
Што можна пачытаць па тэме:
«Нарысы нефармальнай сацыятэхнікі» («Очерки неформальной социотехники») М. Кардонскага і М. Кажарынава. Кніга дапаможа паглядзець на мікракалектывы не як на наступства «падлеткавай дэвіяцыі», нешта выпадковае, а як на базавыя структураванні грамадства.
Працы нобелеўскіх лаўрэатаў 2024 года Дарана Аджэмаглу, Саймана Джонсана і Джэймса Робінсана, у прыватнасці – «Why Nations Fail» (у рускім выданні – «Почему одни страны богатые, а другие бедные»), «The Narrow Corridor: States, Societies, and the Fate of Liberty» («Узкий коридор»). У «Вузкім калідоры» аўтары адрэфлексавалі аддзяленне рамяства ад гандлю, грамадства ад дзяржавы, пры гэтым паспрабавалі адысці ад заходняга ўспрымання, даследуючы ў тым ліку Кітай і дакалумбаву Амерыку. Тут можна ўзяць для сябе веды пра грамадства, суполкі і іх развіццё.
Калі пачынаюцца канфлікты?
У любой прадуктыўнай нефармальнай групе па сканчэнні другога – у сярэдзіне трэцяга года ўзнікаюць канфлікты. Па выніку гэтая група або распадаецца, або трансфармуецца. Апошняе не значыць, што мы маем справу з той жа групай; гэта значыць, што група жыве ў другім пакаленні, адправіўшы першае «на пенсію», ці гэта ўжо іншая група з іншым ідэалам. Калі ж лёс склаўся так, што група не можа дэклараваць свае колішнія каштоўнасці і ідэал, то яна распадаецца, бо існаваць «з двума каштоўнаснымі днамі» проста немагчыма.
У перыяды, калі адбываецца нейкі знешні ўздым, які стымулюе людзей яднацца і ствараць групы (напрыклад, дваровыя супольнасці), калектывы хутка праходзяць усе стадыі жыцця і хутка разбураюцца – за кошт перагрэву. Так-так, супольнасці пераграваюцца рыхтык як фізічныя субстанцыі. Як не дапускаць перагрэву? З фізікі мы ведаем, што, калі энергія прыходзіць, ты разаграваешся, але, каб энергія захавалася, трэба адмыслова для гэтага нешта зрабіць. У выпадку з групамі патрэбнае структураванне: энергію трэба размеркаваць, захаваць і выдаткоўваць на дасягненне мэт групы.
Энергія ў малых групах віруе па-рознаму, бо самі групы могуць быць вельмі розныя, і ўлада ў іх размяркоўваецца па-свойму. Моцны лідар будзе прыносіць павышаную энергію, але важна, куды гэта энергія пойдзе. Як група яе структуруе?
Самі па сабе іерархіі для групы не згубныя, і – што важна – у калектыве няма лішніх роляў і, адпаведна, лішніх удзельнікаў. Таму нельга спісаць «няпоспех» групы і яе распад на тое, што не атрымалася пабудаваць гарызантальныя адносіны ці «нехта цягнуў коўдру на сябе». Калектывы могуць ісці да мэты ў розных кансталяцыях. Але, на жаль, энтрапія заўсёды нарастае, і прасцей стварыць новы калектыў, чым рамантаваць той, што «зламаўся». Рамантаваць – гэта як ісці супраць прыроды, ставіць сацыятэхнічныя эксперыменты. Ну а раптам спрацуе?
Чаму група губляе людзей вакол яе?
Трэба адрозніваць уласна нефармальны калектыў і кола яго прыхільнікаў. Калектыў робіць каштоўнасна ці культурна агульную рэч, а прыхільнікі падтрымліваюць супольнасць, і ў гістарычным разуменні іх колькасць не мусіць нарастаць. Калі на ваш дабрачынны івэнт прыйшлі 10 чалавек, потым 50, а потым 5, гэта зусім не прычына засмучацца. Варта разумець, што для чалавечых калектываў не актуальная логіка лінейнага прагрэсу – калі ты з кожным разам мусіш расці колькасна. Для іх арганічная логіка зменаў пор году: вясна, лета, восень, зіма – і так па коле. Ёсць час выкладацца – і ёсць час рэгенеравацца.
Аднак некаторыя калектывы выходзяць на шлях «капіталізацыі сацыяльнага». У нейкі момант яны адыходзяць ад сваёй мэты і карыстаюцца рынкавымі метадамі – прасоўваюць сваю ідэю як тавар. Дзеля таго каб спадабацца іншым, у іх уключаюцца механізмы, якія не адпавядаюць ідэалу, вакол якога ўсе першапачаткова згуртаваліся. І калі само ядро размываецца, то і прыхільнікі пачынаюць успрымаць дзейнасць групы не як сацыяльна-місійную, а як нейкі рынкавы сэрвіс. Група губляе людзей праз рыхласць свайго ядра і ўплыў знешняй культуры, рынкавых адносін.
Заўвага: пры гэтым нават камерцыйныя згуртаванні могуць мець супольнасную структуру. Напрыклад, пабудова першых мастоў у ЗША і ў Еўропе базавалася на стварэнні так званых акцыянерных таварыстваў, але перад імі паўставалі ініцыятывы, групкі архітэктараў і прадпрымальнікаў, якія збіралі людзей вакол ідэі моста. Ужо пасля стваралася юрыдычная асоба, але за ёй існавала ідэя: ці можам мы пабудаваць мост праз раку? І, па сутнасці, 15 гадоў, колькі той мост будаваўся, у гэтых людзей была агульная мэта, да якой яны ішлі. Яны былі паўнавартаснай супольнасцю.
Адкуль бярэцца энергія і куды яна сыходзіць?
Калі сустракаюцца два чалавекі, якіх не задавальняе бягучы стан рэчаў – напрыклад, ім няма дзе адпачыць або няма з кім паганяць мяч, – яны вырашаюць, што свет недасканалы, і разумеюць, што гатовыя гэты свет мяняць, тады адбываецца пярвічная сплаўка. Два чалавекі ствараюць калектыўны суб’ект – адсюль атрымліваецца зарад. Першасная энергія вынікае з сустрэчы двух людзей, якія ў нечым замэтчыліся. І вось суполка пачынае нешта рабіць. Нейкія івэнты ці паходы сумесныя.
Далей энергію трэба захаваць. Розныя ролі ў калектыве прымаюць на сябе розныя спосабы захавання энергіі. На ўзроўні камунікацыі энергія цыркулюе ўнутры групы. Калі маем іерархію, то недзе можа здарыцца перагрэў, а на гарызанталі больш энергіі захоўваецца. На ўзроўні менеджменту мы прадпрымаем рацыянальныя дзеянні на захаванне гэтай энергіі: напрыклад, робім толькі тое, што рухае нас да мэты. Энергія захоўваецца ў тым ліку за кошт такіх эфектыўных дзеянняў, як прыход новых людзей, вынаходніцтва розных падыходаў. І нават калі калектыў падзяліўся, але яго ідэалы захаваліся, то і энергія захавалася. Канешне, падзел на групы можа траўмаваць людзей (і часта траўмуе), але з пазіцыі росту гэта плюс, бо яны могуць разгарнуцца яшчэ лепей. У адным пакаленні калектыў жыве ў сярэднім 3–3,5 гады, гэта дадзенасць.
Як перадаваць веды новым пакаленням?
Супольнасць азадачваецца перадачай ведаў, калі яе энергія сумарна меншая за энергію наступнага пакалення. Але энергія фізічна не перадаецца ад энергетычна слабога энергетычна мацнейшаму. Атрымліваецца так, што прыходзяць новыя, зараджаныя людзі, і яны ўспрымаюць старэйшае пакаленне як «пенсіянераў», ад якіх нечага ўзяць. Гэта выклік.
Кансервацыя ведаў – добрая ідэя, але мусіць пракруціцца цыкл. Нешта павінна «памерці», залегчы ў археалагічныя слаі, каб потым нехта яго адкапаў і такі: «Ваў! Гэта што за цуд?!» Умоўна кажучы, крыжакоў пачала перці ідэя «вызвалення Труны Гасподняй» праз тысячу гадоў з моманту з’яўлення тае Труны. Патрэбны час, каб нейкая ідэя зноў усплыла і стала трыгерам, каб нешта рабіць.
Ідэі заразныя. Яны губляюць актуальнасць, але потым могуць запаліць кагосьці зноў. І таму важна веды захоўваць і перадаваць. Некаму гэта, цалкам верагодна, адгукнецца.
«Грамадства мусіць умець апісваць сябе на мікраўзроўні, – кажа Міхаіл, які зараз працуе над кнігай па сацыятэхніцы. – І я хацеў бы, каб слоўнік грамадства пра грамадства развіваўся. Бо калі суполка не перадае веды, то цыкл хутка забываецца. І калі няма адпаведнага слоўніка, людзі карыстаюцца тым жа бізнэс-слоўнікам і лічаць, што ім трэба “маштабавацца” ці ўжываць “смарт-метад”. Але ў логіцы карпаратыўнага бізнэсу гэты слоўнік працуе, бо тут мы гаворым пра эфектыўнасць эканамічнай дзейнасці – там важна перамагаць канкурэнтаў, заваёўваць новыя рынкі. Але супольнасць жыве інакш. Для яе ўласцівы прыродны цыкл зіма-вясна-лета-восень – і зноў па коле. Ёсць час, калі чалавек выкладваецца, і ёсць час, калі ён рэгенеруе. І для гэтага ўсяго патрэбны іншы слоўнік».
***
Падкаст «Трэба спрабаваць» дапамагае рабіць сацыяльна важныя справы, абапіраючыся на веды экспертаў і экспертак, якія ў справе не першы год. Аўдыяшоў распавядае пра розныя фарматы супольнай актыўнасці, пра фармальную арганізацыю ініцыятыў, пра пошукі сродкаў на існаванне і магчымасці выйсці на шырокую аўдыторыю праз СМІ.
Падкаст даступны на Apple Podcasts, Soundcloud, Castbox, Spotify, Yandex.Music і ў YouTube.