«Чалавек Раман Бурак» – ці то казка, ці то не ад Альгерда Бахарэвіча
- 10.07.2020
- 5160
Ранкам беларусы прачынаюцца як быццам у сваім ложку, а як быццам не зусім. Кожны дзень поўніцца новымі казкамі, і ў залежнасці ад майстэрства казачнікаў, якіх мы слухаем, свет вакол перакідаецца то мядовым вулеем, то камерай з павуціннем без павука. Сёння 34mag праводзіць цябе ў свет экстрэмальных фантазій: публікуем казку з «Апошняй кнігі пана А.» Альгерда Бахарэвіча, якая з’явілася ў продажы пару тыдняў таму.
740 грамаў чароўнай прозы вышлі ў выдавецтве «Янушкевіч». Паводле скразнога сюжэта, пісьменнік-даўжнік, каб сплаціць доўг крэдытору, піша казкі і вечарамі чытае іх дарослым. Казкі гэтыя не пра Жар-птушак, а пра жыццё за акном – гісторыі, што адбываюцца з беларусамі цяпер і некалі пераўтворацца ў гарадскія легенды. Аўтар параўноўвае свой твор з серыялам на 60 серый. Вось табе адна з іх ад цітраў да цітраў.
Альгерд Бахарэвіч – пра флюіднасць жанру
«Гэта, можа, і ня казка. Нейкае такое фантастычнае апавяданьне. Добра тое, што яно зразумелае і без кантэксту цэлай кнігі».
Чалавек Раман Бурак
З «Апошняй кнігі пана А.»
***
Першае, пра што мы дамовіліся зь Інгай, калі селі адно насупраць аднаго: гэта ўсё ж будзе мужчына.
Шчыра кажучы, я чакаў бойкі. Жорсткай, з выкарыстаньнем забароненых прыёмаў. Інга з самага пачатку не выдавала на тую, зь якой можна лёгка дамовіцца. Я ведаў такіх, як яна, здольных наклікаць панылую стому яшчэ да таго, як раскрыюць рот. А рот яна мела шырокі, даволі прыгожы і злосны, я не сумняваўся, што ён поўны пытаньняў, прэтэнзій і ўжо даўно сфармуляваных крыўдаў. Чаму да яе прыставілі мяне, саракагадовага, белага, гетэрасэксуальнага, хоць абяцалі, што яна будзе працаваць над праектам сама? Чаму мы будзем сядзець у адным кабінэце? Мне патрэбная сакратарка? Мамка? Чаму я наогул вырашыў, што магу займацца такой тонкай справай? І чаму абавязкова мужчына? Усё, што ты скажаш такім вар’яткам, нават у самай далікатнай форме, яны ўспрымуць як павучаньне. Нават калі папрасіць іх зачыніць акно, бо з вуліцы дзьме, яны зірнуць на цябе так, нібы зараз высадзяць шыбу кулаком.
Але Інга змаўчала. Яна баялася, што калі пачне скандаліць, праект аддадуць мне. Бо час пайшоў.
Я быў гатовы, што на вызначэньне полу мы змарнуем прынамсі пару дзён, я пакінуў у календары тэрмін на раскачку, я быў падрыхтаваны да ўсіх гэтых песьняў: «гендэр», «роўнасьць», «патрыярхат», быў гатовы цярпліва і скептычна ўсьміхацца і ўрэшце саступіць ёй у нечым малым, каб яна пагадзілася ў прынцыповым.
Гэта мусіў быць мужчына, таму што задуманага ня мог зрабіць ніхто, апрача мужчыны. І нават Інга разумела, што спрачацца тут бессэнсоўна.
«Мужчына, — сказаў я мякка. — Якія мужчынскія імёны вам падабаюцца, Інга?»
«Шчыра? Ніякія. Можаце выбраць самі».
«Я ўжо выбраў. Але, магчыма…»
«Дашліце мне на пошту».
«Яго маглі б зваць…»
«Дашліце мне на пошту, я пагляджу».
Я ўздыхнуў і даслаў ёй паведамленьне. У паведамленьні было ўсяго тры словы.
Раман Аляксандравіч Бурак
Яна нічога не адказала. Я запытальна зірнуў на яе галаву, напалову схаваную за сьцяной ноўтбука, яе вачэй не было відаць, толькі абвешанае жалезьзем вуха. Жалезныя завушніцы пагойдваліся ў такт яе энэргічным рухам. Яна нават не кіўнула, яна ўжо працавала, яна ўсім сваім выглядам паказвала мне, што ёй усё гэта не падабаецца, але што зробіш. А я глядзеў на яе і думаў, што яна тут абсалютна лішняя. Я ніколі ня ўмеў працаваць у камандзе. Мне было б зручней зрабіць усё самому.
Раман Аляксандравіч Бурак. На тое, каб прыдумаць гэтае імя, мне спатрэбіўся цэлы дзень, я спыніўся на ім яшчэ да таго, як мяне пазнаёмілі з Інгай, яшчэ да таго, як узялі на гэтую дзіўную працу, якая, тым ня менш, уратавала мяне ад столькіх праблем. Інга, Інга… Магла б ацаніць выразнасьць — і ў той самы час сьціпласьць маёй прыдумкі. Раман Бурак. Звычайнае імя звычайнага чалавека, а ўсё ж — раз пачуўшы, ужо не забудзеш. І лацінкай добра пішацца.
«Інга, вы атрымалі маё паведамленьне?»
«Я працую».
«Над чым?»
«Ну ў яго ж была маці?»
«Вы б хоць кіўнулі, Інга, я ж мушу ведаць…»
«Я кіўнула. Я не магу ківаць паўгадзіны запар. Праверце пошту».
Я праверыў. І праўда. «Сьвятлана Васілеўна Бурак, у дзявоцтве Славіна», напісала мне Інга. Так мы і будзем працаваць наступныя некалькі месяцаў? Я хацеў сказаць ёй, што так ня пойдзе, але вырашыў адкласьці размовы на потым. Яна ж пагадзілася на мужчыну. Ня ўсё адразу, вырашыў я. Разьбярэмся.
Інга скончыла пісьменьніцкія курсы — адны з тых, якія апошнім часам распладзіліся ў нас, як танныя цырульні, прыватную школку, дзе амбітныя літаратурныя няўдаліцы вучаць наіўных летуценьнікаў скарачаць і правіць, выкідваць і прарэджваць, карацей: рэзаць і стрыгчы ўласныя тэксты і вымятаць непатрэбнае. Яны там чамусьці лічылі, што гэта галоўнае ўменьне, якім мусіць валодаць літаратар, і ўдзёўбвалі гэтую лухту ў галовы сваім навучэнцам. Кастрыруй і не камплексуй — так можна было сфармуляваць іхнае творчае крэда. Таму я не чакаў ад Інгі занадта шмат.
Карацей, неяк мы зь Інгай усё ж пачалі праект. Мы абое ведалі, што мусім сьпяшацца. На нашыя месцы маглі б узяць зусім іншых людзей. Калі б кіраўніцтва пабачыла, што праект тармозіцца праз наш канфлікт, дык не сумняваюся, яно б не раздумвала ні хвіліны. І не было б ніякага Рамана Бурака. Быў бы іншы чалавек. Зусім іншы.
Я ведаў, што Інгу нашая работа хвалюе ня менш, чым мяне. Яна не прызнавалася ў гэтым, але задача, пастаўленая перад намі, не магла не хваляваць. Адчуваньне, якое мы мелі ў тыя дні, нельга было параўнаць ні з чым. Ты сядзіш у кабінэце і пішаш. Пішаш першае, што прыйдзе ў галаву, бо часу мала. А недзе далёка, на падземным заводзе, сядзяць людзі і чытаюць напісанае табой. Гэтыя людзі чытаюць так уважліва, як ніхто і нідзе ў нашым суворым сьвеце. Яны чытаюць і аддаюць загады. Загады накіроўваюцца ў лябараторыю. І тое, што пішам мы зь Інгай, робіцца яваю. На вялікім стале, абкружаным людзьмі ў белых халатах, ляжыць істота, якую завуць Раман Бурак. Раман Бурак сьпіць. Ён існуе і не існуе адначасова. Ён рыхтуецца да існаваньня. Ён рыхтуецца да подзьвігу, але яшчэ ня ведае пра гэта. Ён рыхтуецца жыць — і памерці ў імя свабоды.
«Аднойчы Раману Бураку пазваніў зь лецішча бацька і папрасіў прыехаць да яго, каб адрамантаваць дах, абкусаны па краях нядаўняй ліпеньскай бурай. Раман Бурак стаяў на хісткіх драбінах, адной рукой трымаючы малаток за горла, а другой схапіўшыся за абламаны, нагрэты сонцам шыфэр. Цяжкая галоўка малатка вызірала з-пад ягоных пальцаў, нібы ён злавіў тут, на даху, драпежную птушку і цяпер душыў яе, душыў — ён, страшны, няўклюдны чалавек зь цьвіком у сьцятых вуснах… Раман Бурак адчуў, як драбіны сыходзяць у яго з-пад ног…»
Такую вось лухту я пісаў, пазіраючы раз-пораз на Інгу, якая захоплена ляскала клявішамі за суседнім сталом. Я пісаў, не задумваючыся, думаць мусілі людзі ў лябараторыі, гэта іхнымі намаганьнямі праз пару гадзін Раман Бурак на вялікім стале набываў новыя рысы, веды, навыкі і ўспаміны. Я пісаў, а ў лябараторыі ўважліва чыталі і аддавалі загады, і на цемі Рамана Бурака зьяўляўся даўні шнар ад падзеньня з трох мэтраў, а рукі Рамана Бурака набывалі ўзровень валоданьня малатком ніжэйшы за сярэдні (4 паводле 10-бальнай шкалы), а вусны і язык Рамана Бурака запаміналі смак халоднага цьвіка, а ў памяць Рамана Бурака закладваліся згадкі пра бацьку на іншым баку даху, вобраз задушанай ім птушкі, успаміны пра сонца, якое лупіла проста ў твар, пра маці, якая стаяла ўнізе і роспачна крычала, ня здольная спыніць ягонае падзеньне… Ён ацалеў тады, толькі на галаву наклалі швы — і ў галаву Рамана Бурака, проста ў мозг перацякала цяпер дэфармаваная спэцыяльнай праграмай інфармацыя пра доктара «Хуткай дапамогі», што доўга не магла знайсьці бацькоўскае лецішча…
У паўзах паміж працаю я чытаў тое, што пісала Інга — я мусіў чытаць гэта, каб не супярэчыць яе тэкстам і дапаўняць іх, каб улічваць іх у сваіх нататках пра Рамана Бурака. Яна пісала значна больш сьцісла, і я раздражнёна думаў, як радуюцца яе тэкстам у лябараторыі, бо выцягваць з напісанага ёю патрэбны матэрыял было значна лягчэй.
Я зайздросьціў ёй. Але я ня мог сабе дазволіць пісаць так, як яна. Я меў стыль. А яна скончыла пісьменьніцкія курсы.
«Раман Бурак прыйшоў з працы. Ён глядзіць порна на старым кампутары, хаваючы правую руку пад сталом. Левай рукой ён час ад часу хапае бутэльку піва і прыкладваецца да яе, гучна адрыгваючы. Яму хочацца зрабіць відэа гучней, але ён баіцца, што суседзі за сьцяной пачуюць, чым ён займаецца. Раман Бурак дапівае піва і з расшпіленымі штанамі, бліскучымі ад тлушчу, ідзе ў кухню. Ён бярэ зь лядоўні яшчэ адну бутэльку. У лядоўні — учорашні недаедзены абед з «Макдональдсу», больш там нічога няма. Толькі карычневая кардонная скрынка стаіць на верхняй паліцы, прачыненая так, што відаць кавалкі халоднай бульбы-фры. Раман Бурак дастае па адной тлустыя і ліпучыя кавалкі і жарэ іх, выціраючы пальцы аб штаны…»
У лябараторыі любяць такія простыя факты. Раман Бурак мае хворы страўнік і хваробу кішэчніка, трохі мізагініі (6,5 паводле 10-бальнай шкалы), нездаровае лібіда, пару фобіяў, даволі высокі (7,5) узровень алькагалізму. Сэксуальныя рэцэптары Рамана Бурака атрымліваюць у падарунак улюбёныя раздражняльнікі. Сьвядомасьць Рамана Бурака напаўняецца, як балёнік паветрам, страхам перад суседзямі і парачкай комплексаў.
Усё гэта, напісанае неўтаймоўнай Інгай, цудоўна спалучаецца з працай псыхолягаў, якія сядзяць на паверх ніжэй за нас — іхная задача сфармаваць псыхічную сыстэму Рамана Бурака на аснове нашых празаічных экзэрсысаў. Зрэшты, часам мы можам пісаць і вершамі. Раман Бурак ня надта любіць паэзію, але без паэзіі не апішаш чалавечую асобу. Начальству ўсё роўна, якім будзе Раман Бурак. Ягоны подзьвіг зьдзівіць усіх. Сьвятлана Бурак (у дзявоцтве Славіна) і Аляксандар Бурак былі б шакаваныя ўчынкам іх сына. Але яны даўно ў магіле. Магілай займалася іншая лябараторыя, пра іх я нічога ня ведаў. У нас не было доступу да такой інфармацыі.
«Ня бойцеся хаосу, — сказалі нам кіраўнікі праекту. — Без хаосу няма чалавека. Няхай ваш апекаванец будзе супярэчлівы, складаны, непрадказальны, невытлумачальны. Тым больш жыцьця ў ім будзе. Тым большая верагоднасьць, што ніхто не даведаецца праўды, калі ўсё скончыцца».
І мы з Інгай ня стрымлівалі сябе. Раман Бурак ускладняўся з кожнай хвілінай. Раман Бурак удасканальваўся і пачынаў парушаць простыя схемы. Раман Бурак абрастаў хваробамі, шнарамі, радзімымі плямамі, таямніцамі, успамінамі, тактыльнымі галюцынацыямі, снамі, забароненымі жаданьнямі, рэцэптарамі, болямі і насалодамі…
Чалавек, які ў нас выходзіў, быў уразьлівай натурай.
Інга зрабіла ўсё, каб перавесьці гэтую ўразьлівасьць у плашчыню зла і самаразбурэньня. Яна нібы помсьціла мне за тое, што пагадзілася на самым пачатку, каб наш аб’ект быў мужчынам. Яе Раман Бурак піў, меў брудныя фантазіі, не любіў жанчын і ўсяляк сьцьвярджаў сябе ў ролі агрэсіўнага самца. Яе Раман Бурак марыў каго-небудзь забіць.
Мой Раман Бурак быў тонкім, добрым у сваёй сутнасьці чалавекам, няўклюдным і легкаверным, наіўным і летуценным. Ягонае асабістае жыцьцё ня склалася. Ягоная маладосьць праляцела, як сон. Мой Раман Бурак быў нечым падобны да мяне.
Раман Бурак Інгі быў падобны да… Ну, магчыма, ён быў падобны да яе былога каханка ці мужа. Я ня ведаю, мы ніколі зь ёй пра гэта не гаварылі.
Праект быў скончаны са спазьненьнем на месяц. Неблагі вынік, сказалі кіраўнікі, мы разьлічвалі, што давядзецца даць вам яшчэ год.
Недзе далёка ад нас, у адной зь лябараторыяў падземнага заводу, на вялікім стале ляжаў чалавек Раман Бурак. Ён ужо існаваў. Бо вакол існаваў сьвет, які быў сьветам Рамана Бурака.
Мы ня ведалі, калі канкрэтна ў лябараторыі быў дадзены першы імпульс. Але мы ведалі, што гэта адбылося. Раман Бурак падняўся са стала і падышоў да акна.
Ён ведаў, што ён не на радзіме. Але яму хацелася вярнуцца туды. Яму было блага. Раман Бурак падышоў да лядоўні і дастаў адтуль бутэльку піва. За ягонай сьпінай зьявіўся чалавек у белым халаце.
«Я ў шпіталі?» — спытаў чалавек Раман Бурак.
«Так, — сказаў яму чалавек у белым халаце. — Вы турыст. Вы прыехалі ў нашую краіну па турыстычнай візе. Вы трапілі ў аварыю, але ўсё абышлося. Невялікі правал у памяці, вось і ўсё. Страхавая кампанія ўсё аплаціла. Вы памятаеце, зь якой краіны прыехалі?»
Раман Бурак назваў краіну.
«Правільна, — сказаў доктар. — Як вас завуць?»
«Раман Бурак», — сказаў Раман Бурак.
«Як завуць вашых бацькоў?»
«Сьвятлана Бурак і Аляксандар Бурак».
«Можаце назваць дзявочае прозьвішча вашай маці?»
«Славіна. Сьвятлана Славіна».
«Выдатна, — сказаў доктар. — Вось бачыце, вы ўсё памятаеце, апрача аварыі. Але ўспомніцца і гэта. Як вы сябе адчуваеце?»
«Нармальна, — сказаў Раман Бурак. — Выдатна. Добрае піва. У вас што, у шпіталях даюць піва?»
Гэта я прыдумаў яму такі голас. Хрыпаты, няўпэўнены, з прысьвістам. Голас чалавека, у якога хранічны бранхіт.
«Вы ў свабоднай краіне, — усьміхнуўся доктар. — Мы вас выпісваем. Можаце вярнуцца на радзіму. І будзьце асьцярожныя, пераходзячы вуліцу».
«Пешаходы ў маім горадзе, — сказаў Раман Бурак, — самыя дысцыплінаваныя ў Эўропе».
«І ўсё ж, — зноў усьміхнуўся доктар. — Беражыце сябе».
Тое, што Раману Бураку было блага, зьяўлялася часткай пляну. Раман Бурак мусіў ведаць, што ён выйшаў са шпіталя — і таму ягоны стан быў нармальны для нядаўняга пацыента. Усё будзе добра, сказаў Раман Бурак сам сабе, едучы ў аэрапорт. Ён часта гаварыў сам з сабой. Цяжка напісаць чалавека з чыстага аркуша, калі ён ня будзе размаўляць сам з сабой.
У прызначаны дзень мы сабраліся ў кабінэце кіраўнікоў праекту. На стале стаяла шампанскае. На шырокім экране ішлі навіны. Навіны з нашай няшчаснай Радзімы. Мы былі далёка ад яе, мы былі эмігранты, але за намі была сіла. Сіла свабоды.
Кіраўнік праекту адкаркаваў шампанскае, але ня стаў даставаць корак. Ён так і стаяў, заціснуўшы яго ў руцэ. Ён прыберагаў урачысты стрэл да той запаветнай сэкунды, калі…
«Тэракт на галоўнай плошчы! Пяць хвілін таму ў цэнтры сталіцы падчас вайсковага параду невядомы пачаў страляніну па ўрадавых трыбунах…»
Мы ўпіліся вачыма ў манітор, дзе мільгалі кадры добра знаёмай нам плошчы. Па ўсім было відаць, што парад працягваўся — ня так проста было спыніць гэтую адладжаную махіну. Але на трыбунах панавала паніка. Некалькі імгненьняў былі чуваць толькі крыкі і музыка.
«Тэрарыст стрэліў у Лідэра Нацыі, — закрычаў раптам рэпарцёр з экрана. — Па нашых зьвестках, стрэл быў зроблены проста ў галаву, Лідэр Нацыі сканчаўся на месцы. Паліцыя затрымала забойцу… Пры затрыманьні тэрарыст не аказаў супраціву…»
Шампанскае стрэліла. Кіраўнік праекту разьліў яго па келіхах, мне дасталася адна пена, але я прамаўчаў.
Мы былі эмігранты, але за намі была сіла. Сіла і прага свабоды. Сіла — і найноўшыя навуковыя дасягненьні. Сіла — і слова. Мы даўно ня верылі ў той народ, які гатовы быў цярпець дыктатуру. Мы зьехалі і вырашылі, што зьменім уладу так, як і належыць людзям новага стагодзьдзя.
«Падыдзіце да мяне, — сказаў кіраўнік праекту. — Давайце вып’ем за Алеся і Інгу. За бацькоў таго, хто вызваліў Бацькаўшчыну з-пад улады жорсткага дыктатара. Яны — бацька і маці нашага героя! Яны стваралі яго асобу, работнікі лябараторыі ўдыхалі жыцьцё ў кавалак бяздушнай матэрыі, сотні людзей працавалі над гэтым праектам, сотні патрыётаў рабілі дзень і ноч адну справу, якая скончылася нашай перамогай. Спадарства! Тырана больш няма! За Алеся і Інгу, якія прыдумалі чалавека, што ўратаваў наш край! Уратаваў без аніводнай ахвяры для нашага народу! Ура!»
Мы выпілі. Нехта зрабіў гук мацнейшым. Мы чакалі новай інфармацыі. І яна прыйшла.
«Паліцыі стала вядома імя забойцы, — балбатаў рэпарцёр. — Тэрарыст назваў яго сам. Заставайцеся з намі, наступнае ўключэньне празь пяць хвілін…»
Мы хорам замыкалі нешта радасна-незадаволенае. Інга зірнула на мяне. Вядома, нам хацелася пачуць імя, якое прыдумаў наш маленькі аддзел. Напэўна, Інга ўспамінала той дзень, калі я даслаў ёй гэтыя тры словы: Раман Аляксандравіч Бурак. Але яна пагадзілася тады. І цяпер я цаніў яе згоду.
Пяць хвілін цягнуліся доўга.
«Нагадаю, што сёньня падчас вайсковага параду ў цэнтры сталіцы быў забіты наш вялікі Лідэр Нацыі, — зноў, захлынаючыся ад важнасьці паведамленьня, закрычаў у аб’ектыў рэпарцёр. — Стрэл быў зроблены з адлегласьці дваццаць мэтраў з аўтаматычнай вінтоўкі замежнай вытворчасьці. Паліцыі стала вядомае імя забойцы. Гэта жанчына па імені Паліна Чэпік, якая пражывала ў пад’езьдзе аднаго з дамоў на праспэкце Велічы. Мы сабралі зьвесткі пра яе. Паліна Чэпік пражыла ў доме на праспэкце Велічы ўсё жыцьцё, працуючы прыбіральшчыцай. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, яна ніколі не была заўважаная ў сувязях з замежнымі выведкамі або эмігранцкімі тэрарыстычнымі арганізацыямі…»
Мы так і не даведаліся, куды падзеўся Раман Аляксандравіч Бурак. Мы пішам кнігі, якія ніхто не купляе, і зарабляем на жыцьцё чым давядзецца. Часам мы зь Інгай сустракаемся ў кавярні каля Старога моста і моўчкі сядзім, назіраючы за турыстамі, якія наваднілі перад Калядамі гэты прыгожы, але зусім чужы нам горад. Мы ўглядаемся ў твары, думаючы пра тое, што ён можа аднойчы вярнуцца. Вярнуцца, каб паглядзець у вочы нам, сваім выпадковым бацьку і маці — і, магчыма, нават падзякаваць. Падзякаваць хрыпатым голасам чалавека з хранічным бранхітам, які летась, прыхварэўшы, даў яму я.
Ілюстрацыі: Юля Спіноза