У Гомелі адраджаецца праект Cup of Peace
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.04.2019
- 5626
Праект Cup of Peace запусціўся пяць гадоў таму – гэта была кавярня на колах, якая збірала вакол сябе культурны варушняк Гомеля. Вагончык праіснаваў некалькі гадоў, паспеўшы стаць важным артэфактам сённяшняга Гомеля. Летась стваральнікі Cup of Peace запусцілі праект «Чара свету» – стацыянарную «кавалаторыю» ў сваім горадзе. А паралельна з гэтым вырашылі адрадзіць і вагончык – але ўжо ў выглядзе падводнай лодкі.
Для гэтага яны запусцілі краўдфандынг на «Улье» – і змаглі сабраць неабходныя 2200 BYN. Адкрыць абноўлены Cup of Peace плануюць ужо летам. Трохі зменяць фармат: цяпер гэта будуць івэнты на беразе Сожы.
Таксама ў планах Cup of Peace: «Паправіць блакітную "волгу", пасадзіць на фаркоп жоўтую субмарыну і "даплыць" да Vulica Brasil», – пра гэта нам расказаў Жэня Чарняўскі, адзін з удзельнікаў праекта.
Арцём Крукаў, сузаснавальнік Cup of Peace
– Гэты праект стане серыяй падзей на беразе ракі Сож. Збяром творчых людзей на прыродзе і аформім ім адпачынак. Жоўтая субмарына (яна ж – залатая рыбка) стане сімвалам. Бо ўсе мы жывём у ёй і хочам злавіць яе.
Адкрыццё плануем на чэрвень, будзем глядзець па надвор'і і праведзенай працы. На адкрыцці будзе сакрэтны канцэрт і прагляд мультфільма The Beatles «Жоўтая падводная лодка».
Дзякуючы такім сайтам, як «Улей», людзі мяняюцца энергетыкай і натхняюць адно аднаго на справу – для гэтага дастаткова жадання і добрай ідэі. Мы, вядома, верылі, што зможам сабраць патрэбную суму, таму што яна не была велізарнай і за пяць гадоў узаемадзеяння з рознымі людзьмі ў нас набралася нямала сяброў і добразычліўцаў. Сумневы ў поспеху былі толькі ў сярэдзіне шляху, а цяпер ёсць толькі пачуццё падзякі. Разумееш, што маленькі чалавек можа тварыць цуды, калі ён становіцца часткай большага.
Падрабязней пра гісторыю Арцёма і Жэні ты можаш даведацца з нашага прафайла ў раздзеле «Актывісты».