Арцём Крукаў і Жэня Чарняўскі

  • 24.11.2015
  • Аўтар: 34mag
  • 2864

Мы пагутарылі з агентамі першай гомельскай кавярні на колах Cup of peace, Арцёмам Крукавым і Жэняй Чарняўскім, пра бізнэс на паркоўцы буйной крамы, музычнае начное шоу «Аэрастат» і перспектывы перазапуску іх вагончыка.

 

 Чым займаюцца:  Заснавалі першую ў Гомелі кавярню на колах Cup of peace і рэгулярна ладзілі побач з прычэпам культурніцкія падзеі. Звычайная паркоўка ля супермаркета была галоўным месцам тусоўкі тутэйшай моладзі. Але ў 2018-м праект закрыўся. Хлопцы сканцэнтраваліся на працы ў болей традыцыйным фармаце – адкрылі арт-салон «Чаша мира».

 З кім гутарым: 

Арцём Крукаў, 30 гадоў. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ў Гомелі.

Жэня Чарняўскі, 30 гадоў. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Відэааператар і барыста.

 

VK    Instagram

Арыгінальная дата публікацыі – 24.11.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняліся героі і іх актывізм праз гады.

 

 

 Гісторыя Арцёма і Жэні 

Арцём: Па спецыяльнасці я – механік-вагоннік. Скочыў вучобу ў дзяржаўным універсітэце траспарту і паехаў працаваць на будоўлях у Сібір, а калі вярнуўся ў Гомель, вырашыў адкрыць маленькую кавярю на колах – Cup of peace. Грошы зарабіў у Расіі, бацькі, вядома, таксама крыху дапамаглі. Рашэнне заняцца гэтай справай невыпадковае: у мяне на той момант быў вопыт працы ў галіне грамадскага харчавання – я браў удзел у адкрыцці гомельскага кафэ «Узлесак». Але калі праект кафэ пачаў пашырацца, я з яго выйшаў, бо не меў больш грошай. Выдаткі на прычэп, рамонт і кававарку былі значна меншымі, да таго ж разуменне, што гэта «сваё», вельмі добра мабілізоўвала.

Жэня: Я скончыў фізічны факультэт у «скарыне» і працую інжынерам у лабараторыі айчыннага прадпрыемства «Гомсельмаш», правяраю спраўнасць дэталяў ды іх згоднасць з чарцяжамі. Акрамя таго, разам з Харытонам мы здымаем youtube-шоу «Воскресное воскресенье», я выступаю аператарам.

 

 

«Нам хацелася стварыць гэткі санаторый для душы, а не проста кавярню, дзе любы гамяльчук мог бы бавіць час за кубкам кавы ці гарбаты»

 Што такое «кафелаторый»? 

– Cup of peace уяўляў з сябе прычэп «Купава», які мы купілі і самі перарабілі пад кавярню на колах. Мы не выкарыстоўвалі акрэсленне foodtrack, бо рабіць ежу нам не дазвалялі па санітарных нормах, і ўсе прызвычаіліся казаць «вагончык Cup of peace». Тым не менш у нас можна было набыць слодычы – пірагі, пірожныя. Знайсці нас было дастаткова лёгка – мы стаялі на паркоўцы ля супермаркета MartInn, што на вуліцы Гагарына, непадалёк ад цэнтра горада. Сярод усіх варыянтаў лакацый, якія мы знайшлі, нам спадабалася гэтая, бо мы былі нібыта ў цэнтры, але пры тым схаваныя. Шуму ад нас не было.

Насамрэч мы самі прыдумалі сабе акрэсленне – «кафелаторый». Гэта спалучэнне словаў «кафетэрый» і «санаторый». Нам хацелася стварыць гэткі санаторый для душы, а не проста кавярню, дзе любы гамяльчук мог бы бавіць час за кубкам кавы ці гарбаты. Расслабляцца на паркоўцы сярод бетонавых сценаў не надта крута, таму мы зрабілі чылаўт-зону – з паддонаў зладзілі месцы для сядзення, самаробны таршэр паставілі, гірлянду над прычэпам павесілі. З замілавання да вулічнай культуры мы пачалі ладзіць розныя мерапрыемствы побач з вагончыкам: кінапаказы, канцэрты, выставы і чытанні вершаў, нават мясцовы вулічны тэатр выступаў.

Хутка паркоўка сталася адной з асноўных кропак прыцягнення моладзі ў Гомелі. Улетку 2015-га мы паставілі гэткую сцэну з канапай і зладзілі конкурс сярод вулічных музыкаў з прызавым фондам у мільён – спаборніцтва выйграла інструментальнае трыа. У верасні рабілі выставу трох дзяўчын-мастачак, прыцягнулі металічныя агароджы, якія на будоўлях выкарыстоўваюць, і развесілі на іх карціны – атрымалася галерэя пад небам. А напрыканцы кастрычніка святкавалі першы дзень народзінаў – круцілі пласцінкі і тым, хто прыйшоў са сваім кубкам, бясплатна налівалі бразільскую каву. У нас не было нейкага жорсткага мастацкага адбору, мы лічым, што ўсе ахвотныя павінны мець магчымасць выступіць, паклаўшы перад сабой шапку, – а натоўп няхай вырашае, кінуць манету ці не.

Канешне, паркоўка – не лепшая лакацыя для чылу, але, акрамя нашага споту, у Гомелі не было месцаў, дзе можна і кавы папіць, і выступ нейкі пад адкрытым небам паглядзець.

Правядзенне культурніцкіх падзей і колькасць наведнікаў кавярні моцна залежаць ад надвор’я. Людзі часта аддаюць перавагу або хатняй канапе, або цёплай кавярні пад дахам, таму мы пераехалі ў памяшканне. У лістападзе 2018 года мы адкрылі салон «Чаша Мира» на Савецкай вуліцы. Салон – гэта той жа вагончык, толькі з дахам ды сценамі, якія сталі выставачнай прасторай для мастакоў Беларусі.

 

 

 Аэрастат і слон на паркоўцы 

– У траўні 2015 года мы замуцілі свой дзвіж у мясцовым цэнтры моладзевай культуры «Юнацтва», таксама ў новым для Гомеля фармаце. Гэта быў начны канцэрт пад назвай «Аэрастат» – выступы некалькіх музыкаў і дыджэяў да пятай раніцы. Па сутнасці, на начны «Аэрастат» нас натхніў савецкі вынаходнік Леў Тэрмен, стваральнік электрамузычнага інструмента «тэрменвокс». На гэтым інструменце граюць без непасрэдных дотыкаў, бо ён улоўлівае рух рук – можна сцвердзіць, што з яго і пачалася электронная музыка. Мы запрасілі зайграць у Гомелі ўнука вынаходніка, Пятра Тэрмена, ды яшчэ некалькі маскоўскіх дыджэяў. Атрымалася занадта крутое для Гомеля мерапрыемства – было прыкладна сто пяцьдзясят чалавек, мы засталіся ў «мінусе», але ўсё роўна вельмі задаволеныя.

«Мы гарадскія аніматары з уласнай волі, якія аплачваюць сваё месца на паркоўцы»

 

 

«Мы лічым, што ўсе ахвотныя павінны мець магчымасць выступіць, паклаўшы перад сабой шапку, – а натоўп няхай вырашае, кінуць манету ці не»

 Быць піянерам 

– Мы адчуваем сябе першаадкрывальнікамі – пасля Cup of peace у Гомелі пачалі з’яўляцца новыя кава-лаўкі і кавярні. Да нас нават прыходзілі маладыя прадпрымальнікі, якія таксама хацелі б пачаць невялічкі бізнэс у сферы паслуг. Распытвалі, чакалі парадаў, як перамагчы беларускую бюракратыю. Але я лічу, што яна не такая ўжо страшная – трэба толькі з усімі па-людску размаўляць. Усе дазволы мы атрымалі без вонкавай дапамогі.

MartInn не разумеў, што ад нашага суседства ён толькі выйграваў. Канешне, тыя наведнікі, што да нас прыходзілі, завітвалі і ў краму – па чыпсікі, па шакаладку. Раней падчас нашых падзей супрацоўнікі крамы зачынялі прыбіральні, бо ім не падабалася, што шмат народу імі карыстаецца. Аднойчы прыйшоў мясцовы бізнэсмэн, уладальнік сапраўднага аэрастату. Прапанаваў на нашай паркоўцы ўпершыню ў Гомелі паветраны шар запусціць. Але кіраўніцтва крамы адмовілася, не падабаюцца ім чамусьці такія ідэі. Атрымлівалася, што мы гарадскія аніматары з уласнай волі, якія аплачвалі сваё месца на паркоўцы.

Нягледзячы на тое, што мерапрыемствы калі-нікалі збіралі па сто пяцьдзясят чалавек, міліцыя праблем не стварала, нават дапамагала часам. Напрыклад, у нас быў канцэрт невялічкага сімфанічнага аркестра, і ў першы шэраг зачасаліся двое падвыпілых мужыкоў, якія астатнім гледачам перашкаджалі. Дык міліцыянты іх заўважылі і вывелі прэч. Мы самі таксама сачылі за дысцыплінай – ганялі тых, хто з бутэлечкай піва прыходзіць вершы паслухаць ці паліць побач са «сцэнай». Наогул мы выступаем за безалкагольныя мерапрыемствы і самі на штодзень алкаголю ўжо не спажываем.

 

 

 Перазапуск вагончыка 

Зараз рабяты збіраюць грошы на Ulej на перазагрузку легендарнага вагончыка. У чарговай рэінкарнацыі гэта будзе жоўтая падводная лодка (Арцём і Жэня – фаны «бітлоў»). Каб пераўтварыць вагончык у падлодку, патрабуецца 2200 рублёў. Калі збяруць больш, актывісты абяцаюць зладзіць пяты гарадскі фэст «Цар вулічнай музыкі». Усе падрабязнасці – тут.

 

 Фота by  Наташа Ашэка