Валя Говар і Сяргей Каспяровіч

Як працуе ў Беларусі цэнтр комплекснай падтрымкі ЛГБТК+ людзей і іх блізкіх? Як грамадства працуе па-за ім і як працуе яго каманда? Пра ўсё гэта мы распыталі ў каардынатараў Community Centre для ЛГБТК+ людзей і іх блізкіх (КЦ) – Валі Говар і Сяргея Каспяровіча.

 

 Валя Говар , 29 год. Скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ. Менеджарка і PR-менеджарка культурных праектаў і Community Centre для ЛГБТК+ людзей і іх блізкіх.

 Сяргей Каспяровіч , 34 гады. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і права». Менеджар і адміністратар Community Centre для ЛГБТК+ людзей і іх блізкіх.

 

Сайт КЦ     Facebook    VK

 

 

Як з’явіўся Community Centre і каму ён патрэбны

Валя: «Community Centre для ЛГБТК+ людзей і іх блізкіх – гэта аказанне сэрвісаў і дапамогі людзям, якія ў гэтым маюць патрэбу, стварэнне прасторы для стасункаў, салідарызацыя. Мы кажам людзям: вы не адны, вам адкажуць і паспрабуюць дапамагчы, ваш голас пачуюць, вы не застаняцеся адны ў бядзе.

Community Centre – гэта і псіхатэрапеўтычная, і праваабарончая дапамога. У рамках псіхатэрапеўтычнага напрамку ў нас дзейнічае група ўзаемадапамогі для бацькоў ЛГБТК+ людзей, тэрапеўтычная група, ёсць дні бясплатных кансультацый. У рамках праваабарончага напрамку мы аказваем бясплатныя юрыдычныя кансультацыі. Таксама штомесяц мы праводзім сустрэчы гульнятэкі Queerspace і адукацыйныя мерапрыемствы.

Ад сваіх гетэрасэксуальных сяброў, знаёмых, калег я шмат разоў чула: “Сярод майго акружэння няма людзей ЛГБТК+”. Адкуль вы ведаеце? У многіх ёсць такая думка, што негетэранарматыўныя людзі – з’ява, не звязаная з Беларуссю, не звязаная з іх асяроддзем – з іх офісам, курсам ва ўніверсітэце, але ЛГБТК+ людзі ёсць паўсюль».

«У нас прадстаўлены практычна ўсе літары ЛГБТК+. Тут прысутнічаюць людзі рознага ўзроўню дастатку і розных прафесій»

Сяргей: «Аднойчы я наведваў івэнт “Добрая варэнне для добрых людзей”, якое арганізоўвалі бацькі дзяцей з аўтызмам. І яны адкрыта расказвалі пра свае праблемы, нічога не хавалі. Такой шчырасці нам не хапае. Чым больш мы дзелімся сваім розным вопытам, праблемамі і радасцямі, тым лепш мы разумеем адно аднаго. Асабіста мне важна, каб не было праблем замоўчвання ні ў якой частцы грамадства: і хатні гвалт над жанчынамі, і тое, што людзям з інваліднасцю немагчыма трапіць на мерапрыемствы, – гэта ўсё тычыцца мяне.

У суседняй Украіне бацькі ЛГБТК+ ездзяць з лекцыямі нават па школах. Канешне, мы б таксама хацелі стасавацца з дзяржаўнымі органамі, тлумачыць праблемы ЛГБТК+ людзей і працаваць з працадаўцамі, напрыклад, па ўзоры брытанскай арганізацыі Stonewall».

 

 

«Ёсць такая думка, што негетэранарматыўныя людзі – з’ява, не звязаная з Беларуссю, але людзі ЛГБТК+ ёсць паўсюль»

Настолкі як нагода для камунікацыі

Сяргей: «Я курырую гульнятэкі Queerspace у КЦ і лічу, што гэта частка стварэння супольнасці, спосаб аб'яднаць вакол КЦ людзей. Настольныя гульні – гэта нешта для ўсіх, забаўляльнае, не звязанае з барацьбой і цяжкімі тэмамі, таму да іх дастаткова лёгка далучыцца.

Але Queerspace – гэта не толькі гульні, а яшчэ і пляцоўка для камунікацыі. Часам хтосьці хоча спытаць у больш дасведчаных людзей пра нейкую сітуацыю – напрыклад, камін-аўт перад бацькамі. Мы не працуем з непаўналетнімі, але закрытымі могуць быць і дарослыя людзі. І я бачу, як людзі дзеляцца сваім вопытам. У нас ёсць жаданне ладзіць дыскусіі, і яны натуральна ўжо ўключыліся ў мерапрыемствы гульнятэкі, проста мы пакуль не пазіцыянуем гэта як асобны праект.

Спачатку склад нашых наведвальні_ц быў вельмі аднастайны, па гендарным складзе – у тым ліку. Цяпер сітуацыя моцна адрозніваецца. Яшчэ ніколі наша аўдыторыя не была такой разнастайнай, у тым ліку ўзростава – ад 18 да 40. У нас прадстаўлены практычна ўсе літары ЛГБТК+. Тут прысутнічаюць людзі рознага ўзроўню дастатку і розных прафесій».

 

 

Пра прынцып «Пачні з сябе»

Сяргей: «Я бачыў, што ў Беларусі нічога не мяняецца да лепшага ў сацыяльным плане. І я разумеў, што праблема ў тым ліку ўва мне, таму што я не мяняўся і нічога не рабіў. А павінен нешта рабіць, а не проста хацець, каб нехта рабіў штосьці за мяне ці без мяне.

І вось я пайшоў у праваабарончым напрамку, туды, дзе сутыкаюцца інтарэсы ўсіх людзей, і стаў валанцёрам “Вясны”, назіральнікам за выбарамі, мерапрыемствамі, мітынгамі. Многія ЛГБТК+ людзі ідуць у праваабарону, таму што разумеюць: правы чалавека і іх правы – гэта адно і тое ж. Пацярпець ад злачынстваў на глебе гамафобіі можа і гетэрасэксуальны чалавек, проста з-за вонкавага выгляду ці непаразумення.

Чатыры гады таму я прыйшоў на першы DOTYK [фестываль квір-гісторыі. – заўв. 34] і пазнаёміўся з супольнасцю ЛГБТК+. Я атрымаў велізарны зарад энергіі. І на наступны год прыйшоў у DOTYK як валанцёр, а потым стаў часткай каманды».

«На жаль, словы ЛГБТК+ чалавека не настолькі каштоўныя, як словы гетэрасэксуальнага чалавека, якога грамадства агулам успрымае такім жа, як яны самі»

Валя: «Актывізм працуе для мяне на ўзроўні маіх асабістых каштоўнасцяў. Я веру, што мы ўсе маем роўныя правы і свет павінен дзейнічаць у адпаведнасці з Дэкларацыяй правоў чалавека. Нічые правы не павінны прыгнятацца нягледзячы ні на што, тым больш не гледзячы на тое, да якіх груп чалавек адносіцца і якія асаблівасці ён мае.
У актывізм я прыйшла праз валанцёрства на другім фестывалі квір-культуры DOTYK. Потым далучылася да каманды трэцяга фестывалю ў якасці PR-менеджаркі. Пасля гэтага вырашыла сысці, але запыт на тое, каб не сысці з актывізму, у мяне застаўся.

Амаль праз два тыдні пасля прыняцця рашэння аб сыходзе з DOTYK мы пачалі працу над стварэннем КЦ. Цяпер КЦ – гэта адна з найважнейшых спраў у маім жыцці.

Супольнасць дае мне вялікую падтрымку на эмацыйным узроўні. Калі ў кагосьці з супольнасці бяда, то ўсе з’ядноўваюцца і пачынаюць вырашаць яе ў межах сваіх магчымасцяў. Быў выпадак, калі хлопца з іншага горада паклалі ў шпіталь. Інфармацыя аб гэтым выпадку хутка распаўсюдзілася сярод актывісцкай супольнасці, і людзі пачалі дапамагаць незнаёмаму чалавеку не віртуальна, а афлайн: мы хадзілі ў бальніцу да абсалютна незнаёмага чалавека! Калі я першы раз сутыкнулася з такім выпадкам, то падумала: божа, гэта немагчыма, гэта нейкі новы выдатны свет».

 

 

«І хатні гвалт над жанчынамі, і тое, што людзям з інваліднасцю немагчыма трапіць на мерапрыемствы, – гэта ўсё тычыцца мяне»

Пра бацькоў ЛГБТК+ людзей

Валя: «Былі выпадкі, калі бацькі прыходзілі да нас у тым стане, калі яны не маглі спакойна гаварыць пра тое, што іх дзіця ЛГБТК+, – гэта вызывала ў іх буру негатыўных эмоцый, асацыяцый і думак. Зараз гэта людзі, якія спакойна жывуць з гэтым веданнем і маюць добрыя стасункі са сваімі дзецьмі, стасуюцца з партнёрамі, партнёркамі сваіх дзяцей. На сустрэчах групы ўзаемападтрымкі яны чытаюць літаратуру, абмяркоўваюць матэрыялы СМІ, размаўляюць, дзеляцца вопытам. Некаторыя бацькі вельмі адкрытыя: яны даюць інтэрв'ю, прымаюць удзел у антыгамафобных кампаніях, напрыклад у флэшмобе кампаніі “Справа_Пі” і гурта Shuma #superparents».

Сяргей: «Для бацькоў ЛГБТК+ людзей вельмі важна ведаць, што яны не адны, а для нас важна тое, што ў групе ім становіцца лепш. І яны з дзецьмі становяцца больш сям'ёй.

Часцей нам прыходзіцца размаўляць з гетэрасэксуальнай цысгендарнай большасцю. І калі размова ідзе праз чалавека, які разумее нашы праблемы і наш боль, але пры гэтым з'яўляецца часткай гэтай большасці, то словы даходзяць лягчэй. На жаль, словы ЛГБТК+ чалавека не настолькі каштоўныя, як словы гетэрасэксуальнага чалавека, якога грамадства агулам успрымае такім жа, як яны самі.

Канешне, у групы вялізны актывісцкі патэнцыял, але мы не ствараем армію актывістак. Я не магу і не хачу патрабаваць ад іх актыўнай пазіцыі 24/7. Я ад сябе такога не магу патрабаваць. Але калі я ведаю, што ёсць шмат бацькоў, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей, для мяне гэта ўжо падтрымка. Я магу сказаць іншым: глядзіце, якія бацькі ёсць, – і ў вас усё будзе добра».

 

 

Як не выгараць дашчэнту, калі ты ў ЛГБТК+ актывізме

Валя: «Для мяне актывізм і ёсць мая антывыгаральная практыка. Мяне праца актывісткі вельмі супакойвае. Я разумею, што мы робім важную справу, у нас вельмі добрая каманда, унутры якой мы адно аднаго падтрымліваем.

У актывізме ёсць такая з'ява: колькі б ты ні рабіў, здаецца, што ты робіш недастаткова. У нашай працы ў Community Centre лёгка прасачыць вынік тут і цяпер. У нас кожны месяц праходзяць мерапрыемствы, і ёсць кароткатэрміновы вынік, які лёгка замерыць. Людзі прыходзяць на нашы івэнты, на кансультацыі, сустрэчы груп – значыць, гэта ім важна. Кароткатэрміновыя вынікі падтрымліваюць».

Сяргей: «Выгаранне было звязана з маёй папярэдняй дзейнасцю. Я не адчуваў аддачы. Адсутнасць выразнага адчувальнага выніку моцна біла па мне. А КЦ – гэта стабільная дзейнасць з выразнымі вынікамі. Мне можа здавацца, што дынамікі няма, але дынаміка ёсць: яна бачная па фактах і лічбах».

 

Фота: Віялета Саўчыц