2947 0

Лена Антановіч

Журналістка і моладзевая актывістка Лена Антановіч распавядае, як сваімі сіламі можна ажывіць і мадэрнізаваць любімую лесапаркавую зону, калі дзяржаўныя ўстановы не хочуць гэтым займацца.

 

Чым займаюцца: Трансфармацыяй лесапаркавай зоны Салігорска ў чыстае і камфортнае месца для здаровага і актыўнага адпачынку.

Дата заснавання: 2016 год.

Структура: 5-10 чалавек.

Кантакты:
VK

З кім гутарым: Лена Антановіч, 24 гады. Журналістка, стваральніца праекту «Наша Сцежка» у Салігорску.

 

 

Гісторыя Лены

– Я скончыла інстытут журналістыкі, і па размеркаванні мяне накіравалі ў родны Салігорск. У мяне было два месяцы да пачатку работы на мясцовым тэлеканале, і я пачала актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці: арганізоўвала велапакатушкі, суботнікі і многае іншае.

«Аднойчы мы задумаліся: як зрабіць так, каб наша праца была эфектыўнай?»

Я заўсёды вельмі любіла нашу лесапаркавую зону, таму што часта бавіла там час у дзяцінстве. Але цяпер звярнула ўвагу на тое, што яна стала вельмі запушчанай. Там заўсёды шмат смецця, уся інфраструктура даўно развальваецца, і многія людзі прыходзяць туды проста выпіць піва на лавачках. Таму мы з сябрамі сталі праводзіць суботнікі, прыбіраць тэрыторыю, але праз тыдзень там зноў станавілася брудна.

Аднойчы мы задумаліся: як зрабіць так, каб наша праца была эфектыўнай? І стала зразумела, што гэты лес трэба цалкам перафарматаваць, перазагрузіць.

Калі зрабіць яго камфортным і прыемным, людзі перастануць там гадзіць, стануць ставіцца да яго больш сур’ёзна. Падчас абдумвання гэтай ідэі я натыкнулася на інфармацыю пра шоу «Горад» і зразумела, што гэта менавіта тое, што трэба. Мы з камандай падалі заяўку і ў выніку выйгралі.

 

 

Пачатак сцежкі

– Раней на «Нашай Сцежцы», або на «Сцежцы Здароўя», было зусім страшна. Усе савецкія аб’екты былі абшарпаныя, фарба на іх аблупілася. Невялікі фургончык, які выконваў функцыі распранальні і склада спартыўнага інвентара, быў увесь размаляваны непрыстойнымі надпісамі. За старымі столікамі пастаянна збіраліся выпівакі. Да таго ж у лесе не было скрыняў для смецця, і адна кінутая на зямлю паперка праз тыдзень ператваралася ў звалку. У сукупнасці гэта ўсё стварала досыць панурае ўражанне, хацелася як мага хутчэй адтуль уцячы. І пры гэтым лес – транзітная зона ў горадзе: практычна ўсе жыхары Салігорска кожны дзень там праходзяць.

«Мы вырашылі не проста заявіць пра тое, што ёсць праблема, але і зрабіць нешта сваімі рукамі, таму прынялі ўдзел у “Горадзе”»

На дзяржаўным узроўні тут пастаянна праводзяцца мерапрыемствы накшталт спартыўнага арыентавання і бегу, але да нас ніхто з простых актывістаў не праводзіў тут нічога падобнага. Гэты лес знаходзіцца на балансе ЖКГ, і яна не спраўляецца з усёй працай, таму дадзеная тэрыторыя была ў такім сумным стане – з дарогі ж не відаць, і гэта галоўнае. Пытанне аб рэканструкцыі ўздымалі гадоў дзесяць таму: адзін чалавек ад ФАК (фізкультурна-аздараўленчы комплекс) пісаў у газеты, звяртаўся ў выканкам, але так і не давёў справу да канца. Ён спадзяваўся, што калі напісаць адзін артыкул, то адразу ўсё зменіцца. Мы вырашылі не проста заявіць пра тое, што ёсць праблема, але і зрабіць нешта сваімі рукамі, таму прынялі ўдзел у «Горадзе».

 

 

Шоу працягваецца

– Шоу «Горад» – гэта нейкае чараўніцтва. Я вельмі хвалявалася, што мне будзе некамфортна сярод удзельнікаў, але ўсе апынуліся крэатыўнымі і ідэйнымі людзьмі, з якімі мы былі на адной хвалі. Было бачна, што ўсе ад душы займаюцца сваімі справамі, і таму мы шчыра адно аднаго падтрымлівалі, дзяліліся вопытам. Вельмі класна было пагутарыць з аднадумцамі, бо ў сваім горадзе я часта сустракаю неразуменне: людзі пытаюцца, навошта я займаюся нейкім гарадскім актывізмам і ці ёсць у мяне наогул праца.

Наш праект пастаянна дапаўняўся новымі ідэямі, якія з’яўляліся ледзь не пасля кожнай лекцыі і гутаркі. Я зразумела, што нам патрэбен брэндынг, лагатып, фірмовыя пазнавальныя колеры, каб у людзей адразу была візуальная асацыяцыя са словамі «Наша Сцежка».

«Людзі пытаюцца, навошта я займаюся нейкім гарадскім актывізмам і ці ёсць у мяне наогул праца»

Наконт лагатыпа ў мяне была ідэя: турнік, да якога прыкладзены трыпутнік, бо інфраструктура – гэта балючае месца лесу. Мой сябар-дызайнер намаляваў лога, мы раздрукавалі банеры, налепкі, сталі іх расклейваць. Раней я ніколі не звярталася да спонсараў – усё рабіла з дапамогай сяброў і знаёмых. Але падчас шоу наладзіла кантакт з адным друкаваным цэнтрам, і нам зрабілі 20-адсоткавую зніжку як сацыяльнаму праекту. З часам іншыя кампаніі нават самі тэлефанавалі і пісалі нам, прапаноўвалі свой удзел: настолькі гэтая ідэя закранула людзей. Вядома, не ўсе, да каго я звярталася па фінансавую падтрымку, згаджаліся нам неяк дапамагчы. Але адмова – гэта вопыт, выклік сабе, праз які трэба прайсці.

 

 

Суботнік па-новаму

– Пасля перамогі на шоу і атрымання ўзнагароды мы правялі вялікі суботнік у лесе – гэта было 21 траўня. Каб прыцягнуць увагу да мерапрыемства, я вырашыла зрабіць фотасэт з прыгожымі падкачанымі дзяўчынамі і хлопцамі, каб паказаць: «Сцежка Здароўя» – гэта не нейкае маркотнае савецкае месца, а сучасная лакацыя для класных спартыўных мерапрыемстваў. За адзін дзень знайшла фатографа і мадэляў, і за пару гадзін мы правялі здымкі.

На суботніку мы прыбіралі смецце, прыкручвалі урны, ставілі самаробныя лавачкі і вешалі паказальнік і дзве карты, якія я распрацоўвала. Прыйшоў адзін ініцыятыўны хлопец і павесіў шэсць шпакоўняў з надпісам «Наша Сцежка», што дзіўна, бо ён нават не папярэджваў нас пра гэта загадзя. Яшчэ прыйшлі дзве жанчыны з гаспадаркі, якія прыбіраюць «Сцежку Здароўя», і былі ў шоку: яны ніколі не бачылі, што людзі самі прыходзяць, прыбіраюць і ставяць скрыні.

Каб мерапрыемства не было сумным і прымусовым, мы арганізавалі вялікую культурную праграму. Студыя ёгі правяла для нас занятак, быў майстар-клас па зумба-фітнесу, прыходзілі хлопцы з клуба гістарычнай рэканструкцыі і паказвалі баі на мячах, была гульня ў алтымат фрысбі, рамеснікі прапаноўвалі свае вырабы, мясцовыя крышнаіты частавалі ежай. Дом культуры будаўнікоў бясплатна прадаставіў нам гукавую апаратуру і генератары.

Больш за ўсё нам дапамагалі валанцёры і прыватныя кампаніі, але дзяржструктуры таксама ўдзельнічалі – у першую чаргу аддзелы архітэктуры і ідэалогіі выканкама, якія ўсё ўзгаднілі і дазволілі. ЖКГ дала нам трактар для вывазу смецця.

«Вам заняцца няма чым? У нас нічога няма. Усё, што мы вам можам даць, – гэта трактар»

Але як усё адбывалася. Першапачаткова я папрасіла выканкам пасадзейнічаць у прыцягненні ЖКГ. Ім пераслалі мой ліст з просьбамі і прапановамі. Калі я стэлефанавалася з дырэктарам ЖКГ, ён перанакіраваў мяне да нейкага мужчыны, і той сказаў нешта накшталт: «Вам заняцца няма чым? У нас нічога няма. Усё, што мы вам можам даць, – гэта трактар. Але навошта вам трактар? Там жа няма смецця!» Мне прыйшлося доўга тлумачыць, што сцежку прыбіраюць толькі на бачных участках. У выніку нам усё ж такі далі трактар, а фарбу і урны прыйшлося набываць самім. Ну, дзякуй і на тым.

Калі ЖКГ у апошні момант паведаміла, што сметнікаў няма, за адзін дзень я знайшла ў Менску кампанію, якая займаецца вырабам металаканструкцый, і заплаціла каля 100 еўра са сваёй кішэні за скрыні. Потым звярнулася да дырэктара адной нашай IT-кампаніі, і ён згадзіўся пакрыць выдаткі на гэта. Мой тата з’ездзіў у Менск і прывёз нам новыя сметніцы. У той жа дзень мы з сябрамі выкопвалі ямы на «Сцежцы Здароўя», бетанавалі іх, каб затым усталяваць скрынкі – і ўсё гэта адбывалася пад дажджом. Потым вырашылі замаляваць усякія пенісы на фургончыку-распранальні – у 8 гадзін вечара пачалі фарбаваць і скончылі, калі ўжо сцямнела, а на суботніку яшчэ дадалі графіці.

 

 

Пра змены

– Пасля суботніка мы не спыніліся і сталі далей развіваць «Сцежку Здароўя». Літаральна праз тыдзень мы адкрылі пляцоўку для ўсходніх практык – зараз па раніцах выходных дзён усе жадаючыя прыходзяць туды, каб пазаймацца ёгай. Цікава, што яшчэ год таму на гэтым месцы былі столікі, дзе людзі проста бухалі, а цяпер мы там займаемся спортам. Па-мойму, гэта выдатна. Кожны дзень я спецыяльна хаджу праз «Сцежку» і назіраю, што з’яўляецца ўсё больш людзей, якія проста сядзяць, размаўляюць, чытаюць, адціскаюцца.

Самае мілае, што жанчына з ЖКГ, якая прыбірае ў лесе, цяпер прыходзіць сюды і выказвае здзіўленне, што тут стала значна чысцей. І людзі, якія раней сюды асабліва не прыходзілі, цяпер бываюць тут часцей, шпацыруюць і ладзяць пікнікі.

«Цікава, што яшчэ год таму на гэтым месцы былі столікі, дзе людзі проста бухалі, а цяпер мы там займаемся спортам»

Што тычыцца вандалізму, то ён усё яшчэ ёсць. Хтосьці вывернуў адну скрыню літаральна праз пару дзён пасля таго, як мы яе ўсталявалі. Хтосьці спрабаваў сарваць паказальнікі, але мы прыбілі іх яшчэ мацней.

У далёкай перспектыве мы хочам зрабіць дзіцячую пляцоўку. Яна ёсць, але быццам для дзяцей вайны – вельмі страшная і на месца для гульняў зусім не падобная. Верагодна, восенню мы зробім вялікую клумбу па даўжыні ўсёй сцежкі. Яшчэ мы б хацелі ўсталяваць новыя ліхтары, таму што нашы апытанні паказалі, што жыхарам вельмі не хапае асвятлення.

 

Тэкст by Captain White
Фота by latishka


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.