Андрэй Завалей

29 чэрвеня ў менскім клубе «Маладосць» адбылася вечарына, куды можна было трапіць бясплатна, калі на камеру назваць сябе п*дарам (з варыянтамі). Арганізавалі гэты правакацыйны варушняк хлопцы са «Справы Пі_». 34mag сустрэўся з каардынатарам кампаніі «Cправа Пі_» Андрэем Завалеем, каб даведацца пра справу яго жыцця і зразумець, навошта Беларусі під*рская рэвалюцыя.

 

 С кiм гaворым:  Андрэй Завалей, 28 гадоў, ЛГБТ-актывіст, каардынатар кампаніі «Справа Пі_».

 Чым займаюцца:  асветніцкай працай, прыцягненнем увагі да праблемы злачынстваў на глебе нянавісці, фарміраваннем культуры нулявой талерантнасці да такіх злачынстваў.

 

 

Як усё пачалося

Афіцыйны старт кампаніі «Cправа Пі_» адбыўся 19 красавіка 2017 года, калі ў кінатэатры «Цэнтральны» актывісты паказалі дакументалку «Мой сябар Мэт Шэпард». Фільм прысвечаны аднаму з самых гучных злачынстваў на глебе нянавісці ў гісторыі ЗША: у 1998 годзе 21-гадовага студэнта Мэцью Шепарда жорстка збілі, і ён памёр у бальніцы. Справа атрымала шырокі рэзананс і паўплывала на амерыканскіх законатворцаў (загуглі «Акт Мэцью Шэпарда і Джэймса Бёрда – малодшага»). Гісторыя Мэцью пераклікаецца з гісторыяй беларуса Міхаіла Пішчэўскага, які стаў ахвярай гамафобнага нападу ў 2014 годзе.

– Падрыхтоўка да старту кампаніі доўжылася каля года, я жыў у пастаянным планаванні, пошуку зерня. Калі за паўгода да паказу фільма Дзяніс Клявіцкі прыдумаў саму назву – «Справа Пі_», – усё склалася. Гэта такая матрошка, у якую змясцілася ўсё: наша агульная справа, справа Пішчэўскага, справа п*дара. Слоган «Народ супраць гамафобіі» гучыць так, быццам мы знаходзімся ў зале суда і ад нас залежыць, якім будзе вердыкт.

«Ніхто не павінны даказваць нешта, быць а*уенным і скакаць вышэй галавы, каб яго ці яе пачалі паважаць»

Галоўная інтэнцыя – выйсці за рамкі звыклага актывізму ў Беларусі. У 2013 годзе, калі мы стваралі Makeout, мяне не задавольвалі інфармацыйныя рэсурсы, сайты накшталт gay.by, якія немагчыма было адкрыць без слёз. Хацелася іншага фармату медыяпрадукцыі ды іншай яе якасці, хацелася стварыць супольнасць з людзей, здольных крытычна думаць і глядзець на сітуацыю з розных бакоў, а не проста ўзяць у рукі сцяг і пайсці ў Шабаны патрабаваць сваіх правоў.

Пасля, калі я думаў пра ідэю будучай кампаніі, мне хацелася разарваць шаблон. Таму я не пайшоў стандартным маршрутам, які выглядае прыкладна так: спачатку мы прымем антыдыскрымінацыйны закон, потым дазволім аднаполыя шлюбы, потым ужо падумаем пра трансгендарных людзей і гэтак далей. Я пачаў «з канца». Калі ўмоўны чалавек, да якога мы звяртаемся, зможа прыняць самую непрымальную ідэнтычнасць, ён прыме і ўсе астатнія. Прыме під*ра – прыме ўсё.

 

 

«Пакуль ты не скажаш, што падтрымліваеш ЛГБТ-людзей, ты – з тымі, хто кажа: “Я, вядома, не гамафоб, але...”»

І хто тут п*дар?

– Я стаміўся спрабаваць камусьці спадабацца, я стаміўся адпавядаць вобразу «добрага гея», на якім хтосьці павінен паставіць пячатку «Акей, я, вядома, ненавіджу під*раў, але ў адным аўтобусе з табой, так і быць, паеду».

Слова «п*дар» я абраў таму, што гэта самае яркае і эмацыйна насычанае ў рускамоўным кантэксце. Гэта шокавая тэрапія. Я нікога не гладжу па галаве, не кажу: «Паводзьце сябе добра, і вам нешта за гэта будзе». Не будзе. Заўтра раніцай мяне, добрага, скруціць АМАП, павязе ў лес і адп*здзіць.

Під*рам можа назваць сябе хто заўгодна. Я не раздаю права на гэтае слова, а проста паказваю схему, як гэта можа працаваць. Ты бярэш слова, якое табе п*здец як баліць, і артыкулюеш прыгнёт, прысвойваеш гэтае слова, за якім стаіць траўміруючы вопыт.

 

 

Крытык, пачні з сябе!

– Нават да самага ўмоўна прыемнага і прыгожага ЛГБТ-актывізму ў Беларусі шмат прэтэнзій. І ў тым ліку з боку ЛГБТ-супольнасці. Маўляў, навошта вы паднімаеце гэтыя пытанні, гэта ставіць нас пад пагрозу, а хочацца жыць «як нармальныя людзі» і не высоўвацца. Нават калі чалавек разумее, што «высоўвацца» ўсё ж такі трэба, ён можа быць не згодны канкрэтна са стратэгіяй «Cправы Пі_». Ёсць людзі, якія кажуць, што мы шкодзім «добрай рэпутацыі геяў», якая зараблялася гадамі. На гэта я кажу: ты сядзіш на сваёй канапе і турбуешся пра імідж гея, дык, можа, пачні з сябе і зрабі ўжо штосьці – выйдзі з гетэрасэксісцкай сістэмы, якую толькі падтрымліваеш крытыкай людзей, што спрабуюць нешта мяняць.

Пакуль ты не артыкулюеш сваю пазіцыю, ты апрыёры стаіш на дамінуючай пазіцыі. Пакуль ты не скажаш, што ты паважаеш і падтрымліваеш ЛГБТ-людзей, ты – з тымі, хто кажа: «Я, вядома, не гамафоб, але...»

 

 

«Прыёмная пі*ара»

– Калі я размаўляю з людзьмі, іду «ў народ» на тэлебачанне або гарадскі фестываль, я заўсёды думаю пра канкрэтнага шаснаццацігадовага хлопца з Жодзіна, якога грамадства навучыла ненавідзець сябе. Я спадзяюся, што ён мяне пачуе. І выкарыстоўваю любую пляцоўку, каб дасягнуць сэрцаў людзей, якім гэта патрэбна.

Вельмі важны гарызантальны кантакт. На Freaky Summer Party X да нашага стэнда – «прыёмнай п*дара» – падышоў хлопец і распавёў: «Раней я вельмі ненавідзеў геяў. У мяне быў дзядзька, які гуляў са мной усё дзяцінства. Мне тады было крута і весела, але ў 16 гадоў я даведаўся, што ён гей, і прыйшоў у шаленства: “Як так, са мной гуляў гей?!" Хоць нічога дрэннага ён мне ніколі не рабіў. Ведаеш, мне так сорамна цяпер…»

«Ідэальны актывізм для мяне – гэта выйсці на вуліцу з таблічкай “Я п*дар, давай пагаворым” і проста размаўляць з людзьмі»

Падышла маладая дзяўчына: «Навошта вы ўсё гэта робіце? Гэта ж супраць прыроды і наогул...» І вось пасля дзесяціхвіліннай размовы яе меркаванне змяняецца, яна кажа, што шмат чаго не ведала і мы робім штосьці крутое.

Я пішу ў сацыяльных сетках пра дыскрымінацыю, і за ўвесь час, пакуль працуе гэты «шапік кіберактывізму», мне прыходзяць толькі словы падзякі, cловы падтрымкі і асабістыя інсайты. Ніводны сраны гамафоб да мяне ў асабістыя не прыйшоў.

 

 

«Устаноўка “адзін у полі воін” працуе толькі ў тым выпадку, калі ты хочаш карміць сваё пачуццё ўласнай важнасці»

Закон, які існуе, але не працуе

Даведка: КК РБ. Ст. 64. Абставіны, якія абцяжваюць адказнасць <...> 9) здзяйсненне злачынства па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці, а роўна па матывах варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы.

– Пры ўсім лінгвістычным і эмацыйным радыкалізме кампаніі яе галоўная мэта – прыцягненне ўвагі да праблемы злачынстваў на глебе гамафобіі і трансфобіі. Наша позва вельмі выразная, ніякіх вясёлкавых сопляў. У Беларусі пастаянна адбываюцца злачынствы на глебе гамафобіі і трансфобіі. Сістэма рэагуе на іх неадэкватна.

29 чэрвеня 2018 года Цэнтральны суд Гомеля асудзіў банду з 11 падлеткаў, якія знаёміліся ў сацсетках з мужчынамі, прапаноўвалі ім сэксуальныя паслугі, а пры сустрэчы шантажавалі, галілі ім галовы і палівалі зялёнкай. Злачынствы кваліфікавалі як злоснае хуліганства, вымагальніцтва, крадзеж і рабаванне. Большая частка абвінавачаных атрымала па годзе пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на год. Матыў варожасці ў судзе не ўлічваўся.

– Ёсць куча спраў, якія нават не даходзяць да суда. З нядаўняга: хлопец забраў заяву, таму што на яго ціснулі і супрацоўнікі міліцыі («Сам вінаваты!»), і бацькі гамафобаў, якія аблілі яго зялёнкай і абстрыглі («Ты хацеў спакусіць нашых дзяцей!»). У яго проста не было рэсурсаў супрацьстаяць гэтаму ціску.

Калі ж справа трапляе ў суд, сістэма ігнаруе такую з'яву, як матыў гамафобіі. У 9,5-мільённай Беларусі гэты матыў зафіксавалі толькі ў адной справе. Гэта за 27 гадоў незалежнасці. У 3-мільённай Літве такіх злачынстваў за адзін толькі мінулы год было 6, хоць там ва ўладзе таксама гамафобныя хлопцы сядзяць і з вялікім нежаданнем фіксуюць такія злачынствы.

Механізм у законе ёсць. Але ён не выкарыстоўваецца. Гісторыя Мішы Пішчэўскага – яскравы прыклад таго, што адбываецца, але чаго адбывацца не павінна.

 

 

Як дапамагчы «Справе Пі_»

– У нас ёсць свой «атрад Дамблдора» – гэта «агенты Справы Пі_». Сутнасць простая: калі ў цябе ёсць пяць хвілін вольнага часу, ты ідзеш піць каву і цябе нешта ў гэтым жыцці турбуе, можаш пакінуць ва ўстанове наш буклет або налепку; калі ж у цябе ёсць дзесяць хвілін вольнага часу і ёсць нейкая ідэя – прапануй яе нам, і мы разам падумаем, як яе рэалізаваць.

Я стаміўся ад ізаляцыі. Мне хочацца адчуваць побач жывых людзей. Устаноўка «адзін у полі воін» працуе толькі ў тым выпадку, калі ты хочаш карміць сваё пачуццё ўласнай важнасці і стаяць у белых даспехах. Але калі ты хочаш дамагчыся выніку, табе патрэбныя саюзнікі – людзі, гатовыя эмацыйна і інтэлектуальна ўкладвацца, быць часткай чагосьці большага.

Мая мэта – п*дарская рэвалюцыя, то-бок рэвалюцыя свядомасці ўнутры суполкі. Гучыць занадта глабальна, так, але калі я бачу бляск у вачах людзей, якім нешта распавядаю, то разумею, што глеба для гэтага ёсць. Проста я бягу на доўгую дыстанцыю. Я бягу марафон.

«Мая мэта – під*рская рэвалюцыя»

 

 

Чытай «Манiфест пiдара»

Лайкай «Справу Пі_» на FB і ў VK.

Далучайся да кампанii

Шукай пасты Андрэя Завалея ў сацыяльных сетках па тэгах: #дело_пи #завалей_пиши #pidor_and_proud

 

P.S. Герой матэрыялу лічыць «під*р» літаратурным словам, якое не мае патрэбы ў адпунктоўцы (і ў яго нават маецца заключэнне лінгвістычнай экспертызы на гэты конт), аднак рэдакцыя вырашыла зберагчы твае далікатныя вочкі і зрабіць в*сь т*к.

 

Фота: daryabrr