Хатнія дэтэктывы bell¿ngcat
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 19.04.2018
- 19195
Навошта звычайнаму чалавеку навыкі фактчэкінгу? Як самім не пладзіць фэйкавыя навіны? Як выжыць у эпоху постпраўды? Наша ілюстратарка Даша Sheeborshee затусіла з Крысціянам Трыбертам з міжнароднай каманды журналістаў-расследавальнікаў bell¿ngcat і даведалася, чым жыве змагар за лічбавую праўду і як табе пачаць сваю дэтэктыўную справу, не ад'язджаючы ў гарачыя кропкі.
З кім гаворым?
Крысціян Трыберт – журналіст, працуе з тэмамі канфліктаў і бяспекі. Спецыяліст у галіне фактчэкінгу і геалакацыі. Уваходзіць у касцяк калектыву bell¿ngcat, знакамітага сваімі расследаваннямі на аснове адкрытых крыніц. Працуе фрыланс-журналістам у аддзеле візуальных расследаванняў New York Times. У 2017 годзе атрымаў European Press Prize Innovation Award за рэканструкцыю няўдалага ваеннага перавароту ў Турцыі. Цяпер Крысціяну 27 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у Нідэрландах, але апошні год жыве ў прамым сэнсе на чамадане – у асноўным падарожнічаючы з канферэнцыі на лекцыю. Па маладосці маніякальна захапляўся аўтастопам: з асаблівай дбайнасцю дабіраўся да Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і нават да Менска. Дарэчы, 9 гадоў таму сюды было гэтак жа складана патрапіць, як і ў Афрыку. Слава бязвізу.
Што такое bell¿ngcat?
bell¿ngcat – калектыў незалежных журналістаў і даследчыкаў. Заснаваны Эліётам Хігінсам у 2014 годзе. Група займаецца расследаваннямі на аснове адкрытых лічбавых крыніц. У фокусе канфлікт на Блізкім Усходзе, ва Украіне, расследаванне фактаў карупцыі.
Акрамя падрабязных публікацый расследаванняў, рабяты таксама складаюць бамбічныя даведнікі па працы з адкрытымі крыніцамі: напрыклад, як адсачыць транзакцыю па блокчэйну або адрозніць нейрапаралітычны газ ад звычайнага. Таксама каманда праводзіць навучальныя варкшопы, каб падтрымліваць свой слоган: «Расследаванні, адкрытыя для кожнага».
А назва bellingcat – гэта адсылка да грэчаскай байкі, у якой кемлівыя мышы скаапераваліся, надзелі кату на шыю званочак і больш не шугаліся, што ён раптам нападзе.
Глядзіце, што я раскапаў!
Такім чынам, маё першае пытанне – і адразу ў лоб. Чаму ты абраў менавіта вайну? А не фэшн-журналістыку, напрыклад?
Ха, раней я вельмі захапляўся аўтаспынам. Але не проста дабіраўся з горада ў горад – часцей гэта былі нейкія канфліктныя зоны і месцы Другой сусветнай вайны, напрыклад. Мяне гэта заўсёды заварожвала.
Калі ты шмат падарожнічаеш аўтаспынам, то раптам разумееш, колькі прыязных людзей наўкол. Але ў той жа час усведамляеш, як жа людзі ненавідзяць адзно аднаго. Вось ты стартуеш з асаблівай дбайнасцю – і людзі ўсю дарогу жартуюць пра немцаў. Перасаджваешся ў нямецкую тачку – і там ужо кажуць пра венграў, маўляў, якія тыя небяспечныя рабяты. Даязджаеш да Венгрыі – і цябе кашмараць гісторыямі пра румынаў, тыя раяць асцерагацца за сваё жыццё ў Балгарыі, потым ты тое ж самае чуеш пра туркаў, а ў Турцыі – пра небяспечных сірыйцаў, і гэта працягваецца проста бясконца. Тое ж і ў Афрыцы. Увесь час нейкія суседскія спрэчкі. І мяне гэта зацікавіла.
Я шчыра веру ў чалавечую дабрыню, але вакол усё роўна шмат канфліктаў. Так маёй тэмай сталі міжнародныя адносіны. Чаму Штаты ваююць дзесьці там? Чаму палітычная сістэма Ірана так адрозніваецца? Як так? Я проста цікавіўся гэтым светам і апынуўся ў магістратуры па даследаванні канфліктаў, бяспекі і развіцця ў Лондане.
«Калі ты шмат падарожнічаеш аўтаспынам, то раптам разумееш, колькі прыязных людзей наўкол. Але ў той жа час ўсведамляеш, як жа людзі ненавідзяць адзін аднаго»
Як ты трапіў у bell¿ngcat?
Будучы студэнтам, я ўжо дакладна ведаў, што хацеў бы займацца журналістыкай. Падчас Еўрамайдану я быў у Кіеве і пісаў для студэнцкай газеты. Яшчэ раней – прыкладна ў 2011 годзе – я ездзіў у Паўночную Сірыю, каб напісаць пра свабодную сірыйскую армію. У 2015 і 2016 гадах я працаваў у Іраку і пісаў пра курдскія сілы. Вядома, гэта ўсё было дзіка цікава, і я нават думаў стаць ваенным карэспандэнтам. Але ў нейкі момант я ўсвядоміў, што, нават знаходзячыся ў гарачай кропцы, я не магу нічога дадаць. На Блізкім Усходзе вельмі шмат крутых журналістаў і фатографаў.
Яшчэ нейкі час я працягваў пісаць пра людзей і іх гісторыі. Але я ж люблю штукі пра расследаванні, а ў полі ў мяне гэтага рабіць асабліва не атрымлівалася. Так, прыкладна ў 2015 годзе я пагрузіўся ў анлайн-расследаванні, у асноўным факусуючыся на Сірыі і Іраку. Тады я ўжо ведаў пра Эліата Хігінса і яго блог. Мяне захапляла ўсё, што ён рабіў. Увогуле, я проста пачаў посціць вынікі сваіх расследаванняў у сябе ў твітары, тыпу: «Хэй, глядзіце, што я раскапаў пра гэты авіяўдар!» Неяк так я і трапіў у bellingcat у 2015-м. Першыя гады мы ўсе працавалі як валанцёры.
«У нейкі момант я ўсвядоміў, што, нават знаходзячыся ў гарачай кропцы, я не магу нічога дадаць»
Хатні дэтэктыў
Як у вас там усе ўладкавана? Апішы прыкладны workflow калектыву.
Кожны расследуе што хоча. Часам індывідуальна, часам групай. Звычайна мы карыстаемся Slack. Што цікава, многіх людзей я ніколі ў жыцці асабіста не сустракаў. Але мы шмат працуем разам і давяраем адзін аднаму. Я магу працаваць усю ноч або пачаць уначы і прапрацаваць увесь дзень... За гэтыя амаль 3 гады рэдка здаралася такое, што я нічога не рабіў для bellingcat.
Якое самае доўгае або нашумелае расследаванне?
Безумоўна, гэта расследаванне пра тое, хто збіў малайзійскі Boeing MH17. Яно доўжыцца ўжо за тры гады і ўвагу да сябе прыцягнула таксама вялікую.
У bellingcat з дапамогай адкрытых крыніц даказалі, што малайзійскі Boeing MH17, які летам 2014-га знік з радараў над Данецкай вобласцю, быў збіты ўстаноўкай «Бук» з тэрыторыі, якая знаходзілася пад кантролем сепаратыстаў. У расследаванні паказаная нават ваенная частка пад Курскам, з якой прывезлі і потым даставілі назад устаноўку. Расія, вядома ж, не прызнае гэта расследаванне і лічыць, што пасажырскі самалёт збіла Украіна. У катастрофе загінула 298 чалавек, што зрабіла гэта самай буйной авіякатастрофай 21 стагоддзя. Поўную справаздачу групы можна пачытаць тут.
Я ведаю, што прарасейскія рабяты, мякка кажучы, не любяць вас. Раскажы пра якія-небудзь правакацыі з іх боку.
Ха. Ну, адной з самых запамінальных выхадак было тое, што хтосьці зрабіў фэйкавы акаўнт bellingcat і нават некаторых удзельнікаў – напрыклад, прафайл Арыка Толера, які спецыялізуецца на даследаваннях Усходняй Еўропы і Расіі.
Я не бяруся сцвярджаць, чыіх рук гэта справа. Але гэтыя людзі выбралі дзіўны спосаб, каб выставіць нас у дрэнным святле: яны назвалі фэйкавы акаўнт bellingcat_LGBT, скапіявалі лога афіцыйнага акаўнта і дадалі вясёлкавых сцягоў. Мы глядзелі і думалі: «Што за ху*ня?». Я з Нідэрландаў, і для нас гэта не можа быць абразай – наадварот, мы ганарымся, што падтрымліваем ЛГБТ+-кам'юніці.
Мы вырашылі адрэагаваць тым, што памянялі назву афіцыйнага акаўнта на гэты самы bellingcat_LGBT і напісалі нешта ў духу: «Дзякуй! Быць пра-ЛГБТ+ – гэта камплімент для нас. Мы гэтым ганарымся». Але некаторыя фаловеры, вядома, сталі рэплаіць: «Фу, ЛГБТ, тады адпісваюся», а мы ім адказвалі: «Пакуль-пакуль».
Акрамя гэтага, нас пастаянна атакуе хакерская група Fancy Bear. Вельмі дастала. Трэба быць пастаянна напагатове, асабліва з электроннымі лістамі.
А раскажы яшчэ пра рэканструкцыю ваеннага перавароту ў Турцыі.
У той час я скончыў магістратуру ў Лондане. Так як там дорага і няма сэнсу сядзець, то пісаць дысертацыю я пераехаў у Куала-Лумпур, дзе надвор'е і ежа значна лепшыя.
Тады як раз здарыўся пераварот у Турцыі. У сеціве адразу з'явілася шмат адкрытай інфармацыі з розных крыніц, але ніхто ёй не карыстаўся і не аналізаваў. Я знайшоў у твітары відэа з падрабязнай перапіскай таго, што адбывалася (гаворка пра відэа, дзе хтосьці скроліць групавы чат, у якім нібыта каардынавалі пераварот. – 34mag). Я задумаўся аб тым, ці змагу я даведацца: ці праўда тое, што там напісана? Таму адзіным спосабам была верыфікацыя кожнага паведамлення. Так я стаў супастаўляць усю інфармацыю, імёны, збіраць усе даступныя фатаграфіі тых сутак, геалацыраваць згаданыя месцы.
Чаму гэтую працу прызналі інавацыйнай і важнай?
Наогул я і сам здзівіўся, так як быў яшчэ студэнтам. Напэўна, таму што гэта была самая падрабязная рэканструкцыя ваеннага перавароту ў гісторыі. Проста штохвілінны рэпартаж, сабраны з адкрытых крыніц. Публікацыя прыцягнула вялікую ўвагу з усяго свету. Я ганаруся, што праведзеную працу ацанілі.
«Яны назвалі фэйкавы акаўнт bellingcat_LGBT, скапіявалі лога афіцыйнага акаўнта і дадалі вясёлкавых сцягоў. Мы глядзелі і думалі: "Што за ху*ня?"»
А як з гэтай адкрытай інфармацыяй карэктна абыходзіцца? Вось, напрыклад, у расследаванні аб Боінгу вы карысталіся фотаздымкамі з асабістых профіляў у VK.
Мы – журналісты – павінны браць на сябе адказнасць за герояў. Заўсёды трэба дзейнічаць этычна. Наступствы могуць быць самыя розныя. У тым расследаванні абліччы замазаныя, нягледзячы на тое, што гэта працягвае быць у адкрытым доступе. Зразумела, што шмат людзей не парацца, калі выстаўляюць сваю інфармацыю і фатаграфіі. Але мы павінны акуратна з ёй абыходзіцца.
Сёлета ты дапамагаў конкурсу World Press Photo. Раскажы, у чым была твая роля.
World Press Photo – гэта досыць сур'ёзная прэмія. А ў дасыланых на конкурс работах часта ёсць недакладнасці: некаторыя могуць быць проста з-за памылкі фатографа, а хтосьці спецыяльна можа прыхлусіць або наогул прыфаташопіць. Гэта зусім не дапускаецца. Для гэтага ў конкурсу ёсць 4 каманды, якія займаюцца фактчэкінгам работ. Я правяраў кантэкст гісторый, дзе было знята, хто на фота, час фатаграфіі. І ў гэтым годзе я нічога не знайшоў!
«Мы – журналісты – павінны браць на сябе адказнасць за герояў. Заўсёды трэба дзейнічаць этычна»
Вяртанне да вытокаў
Уяві, што нешта здарылася ў 30 км ад Менска. Як мне пачаць збіраць інфармацыю з месца падзеі? Хэштэга пакуль няма.
Першае, што трэба зрабіць: пошук па рэлевантных словах, якія б ставіліся да месца падзеі, і фільтр па часе. Адсочваць, што менавіта цяпер людзі посцяць. І другое – па геатэгу вакол месца. Добрым інструментам будзе пашыраны геапошук у твітары.
У цябе ёсць якія-небудзь прадказанні, што будзе з журналістыкай у бліжэйшы час?
Я не спецыяліст у медыя-індустрыі. Але магу сказаць, што мы сапраўды павінны вярнуцца да журналісцкага расследавання. Рэдактары павінны даваць час і рэсурс журналісту для больш аб'ёмнага расследавання. На шчасце, такія медыя, як New York Times, сканцэнтраваны менавіта на гэтым.
Сацыяльныя медыя дазваляюць маментальна даведвацца пра падзею, і многія СМІ адразу пачынаюць рабіць эфіры, не пакідаючы журналістам часу на аналіз таго, што адбываецца, і нават на мінімальны фактчэкінг. Так што я хутчэй за slow journalism. Усё больш і больш людзей бачаць каштоўнасць гэтага падыходу.
А яшчэ журналісты і СМІ не павінны спаборнічаць – патрэбная калабарацыя. Як, напрыклад, у справе расследавання забойства Паўла Шарамета мой калега Цімі дапамог іншым журналістам рушыць наперад у справе. Таму я б хацеў бачыць больш сумеснай працы паміж журналістамі.
Бліц
Давай пра цябе. Дзе ты быў за апошнія 2 месяцы, напрыклад?
Дай-ка я адкрыю свой Google-каляндар. Такім чынам, у апошнія 2 месяцы я быў у Стамбуле, Швейцарыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Егіпце, Ліване, Чэхіі, Арменіі, Беларусі і Нарвегіі.
Заканамернае пытанне! Як табе ў Беларусі?
Оў, я быў вельмі рады вярнуцца праз 9 гадоў. Зусім іншы вопыт у параўнанні з тым падарожжам аўтаспынам праз Берасце і Кобрын. Цяпер я ўбачыў больш Менска, убачыў выдатную прыроду ў розных яе формах.
«Я не спецыяліст у медыя-індустрыі. Але магу сказаць, што мы сапраўды павінны вярнуцца да журналісцкага расследавання»
Назаві самы бяспечны мэсэнджар, у тым ліку для званкоў.
Signal. Ва ўсіх перапісках заўсёды май на ўвазе, што дэвайс твайго суразмоўцы могуць скрасці. І якім бы ты абароненым ні быў, вашу перапіску могуць прачытаць. Проста памятай гэта.
Заклейваць камеру ў ноўтбуку. Так ці не?
Так! Асабліва калі любіш маячыць голай перад камерай.
Што калі не журналістыка?
Толькі і далей журналісцкія расследавання! Я пабудаваў сваю кар'еру на хобі. Таму гэта ўсё, што ў мяне ёсць. Больш няма чаго дадаць. Я вельмі нудны чалавек (смяецца).
Калі цябе зацікавіла тое, чым займаюцца рабяты:
падпішыся на іх паблікі ў Twitter ці FB – час ад часу яны просяць сваіх падпісчыкаў дапамагчы ў верыфікацыі;
адукоўвайся сам(-а): вось тут Крысціян дае 5 асноўных правілаў фактчэкінгу са спасылкамі на інструменты;
далучайся да штодзённай віктарыны, дзе можна прапампавацца ў геалакацыі здымкаў;
дадай у закладкі дакумент з усімі туламі bellingcat, які пастаянна абнаўляецца, – гэта сапраўдны чамаданчык лічбавага дэтэктыву;
паглядзі выступ Крысціяна у менскім Press Club.
Фота – Таня Капітонава