Чэк-ліст: пераезд ад бацькоў
- 23.11.2018
- 6569
Гістарычны момант: ты пакідаеш бацькаву хату і перабіраешся ў нанятыя / набытыя палацы. Ход годны, але не тое каб просты. Спяшаемся на дапамогу з інструкцыяй па пераездзе і парадамі на першыя тыдні самастойнага жыцця.
1. Будзь уважлівы(-ая) пры афармленні дамовы найму. Выглядае гэтая паперка так. Гэта тыпавы дакумент, які патрэбны ў першую чаргу кватэраўладальніку і падатковай. Для цябе тут важна прасачыць, каб у дагаворы было выразна прапісана, якое памяшканне здаецца, у якім яно стане і што на яго тэрыторыі ёсць.
2. Завядзі інтэрнэт. З вялікай доляй верагоднасці яго ў тваім новым жытле не існуе. Вырашыць пытанне зараз лёгка – хоць бы таму, што сетка прывязваецца да чалавека, а не да кватэры. Проста патэлефануй правайдару, перакажы свой пашпарт па тэлефоне і чакай прыезду майстра.
3. Даследуй бліжэйшыя крамы. Можна прыкінуць, дзе свяжэйшая гародніна, дзе месціцца добрая кулінарыя ды якая гандлёвая кропка не зачыняецца да самай раніцы. Многія сеткі крам прапануюць карты лаяльнасці, але не ўсе з іх аднолькава карысныя: дзесьці на карту будзе капаць капейка з кожнай пакупкі, у іншым выпадку табе прапануюць бедную фіксаваную зніжку. У любым выпадку пацікавіцца варта.
4. Не ігнаруй саўковыя «гаспадарчыя крамы». Усялякія швабры, крэм для абутку, рондалі ды іншыя апалонікі, што раней з'яўляліся вакол цябе як быццам з паветра, у такіх крамах звычайна руляць па параметрах «кошт» і «якасць».
5. Збяры «скрыню клінера». Каб не тлуміцца з рознымі мыйнымі сродкамі па меры выяўлення той ці іншай праблемы ў доме, закупіся мінімальным арсеналам адразу: гэта вадкасць для мыцця посуду, універсальны мыйны сродак (вадкі і ў парашку), «качаня» для ўнітаза, вадкасць для мыцця шкла, сродак для выдалення плям з тканін, пральны парашок, кандыцыянер і «крот» для прачысткі забітых труб. Гэтага хопіць надоўга.
6. Збяры аптэчку. У яе варта пакласці пластыр, актываваны вугаль, перакіс вадароду, вату і лекі ад усіх боляў, якія ў цябе здараюцца хоць бы раз на год.
7. Распішы бюджэт. Карысна будзе ведаць, колькі грошай сыходзіць на камуналку, ежу, жыллё, грамадскі транспарт, бытавыя патрэбы і іншыя штукі, якія «спальваюць» змесціва твайго гаманца. Кантраляваць выдаткі зручна з дапамогай мабільных дадаткаў.
8. Зазірай у паштовую скрыню. Акрамя папяровага спаму, знойдзеш там рахункі за камунальныя паслугі. Аплаціць іх можна праз інтэрнэт-банкінг, сайт e-pay.by або зусім па олдскуле – на пошце.
9. Рызыкуй гатаваць. Калі ты прыкінеш, у колькі абыдзецца харчаванне шавухамі на працягу цэлага месяца, то ногі самі прывядуць цябе ў аддзел бакалеі бліжэйшай крамы.
10. Вызначся са смеццем. У цябе ў двары могуць быць дурацкія смеццевыя кантэйнеры для ўсяго на свеце, затое ў суседнім адшукаюцца асобныя для шкла, паперы, пластыка. Скарыстайся «зялёнай картай», каб дакладна ведаць, куды несці батарэю бутэлек з-пад «колы», а куды – адпрацавалыя батарэйкі.
11. Запішы нумар 115. Гэта тэлефон адзінай дыспетчарскай службы ЖКГ – на выпадак, калі ў хаце штосьці паламалася і табе патрэбны сантэхнік, электрык або іншы майстар. Плаціць яму ў рукі не трэба – кошт паслугі ўключаць у жыроўку за месяц.
12. Дадай у закладкі сайт 115.бел. Сюды гараджане накіроўваюць запыты, якія тычацца разнастайных гарадскіх сэрвісаў. Не грэюць радыятары, няма святла ў пад'ездзе, вырваныя парэнчы, не вывозіцца смецце, памёр ліфт, у двары гніюць забытыя «Жыгулі» і гэтак далей – усё, што можа атручваць табе жыццё, прымуць у працу.
13. Пазнаёмся з суседзямі. Можна не як у амерыканскіх фільмах – з віном і пірагамі. Аднак будзе не лішнім, калі вы мецьмеце нумары тэлефонаў адно аднаго. Ці мала што.
14. Падрыхтуй набор на выпадак блэкаўту або іншай трасцы. Калі нейкая выгода цывілізацыі раптам ёкнецца, цябе выручаць магутны паўэрбэнк, дэкаратыўныя свечкі, пара бутляў пітной вады і запалкі.
Фота: palasatka