«Ты нікому не патрэбны»: гісторыя стваральніка брэнда Ceremony

  • 12.12.2018
  • Аўтар: Rondo
  • 6092

Ceremony – менскі брэнд, створаны дызайнерамі з Менска і Осакі. Хлопцы распрадаюць свае калекцыі за лічаныя гадзіны, перыядычна мільгаюць у СМІ і ловяць рэспект ад папулярных музыкаў, мастакоў і дызайнераў. Мы сустрэліся са стваральнікам Ceremony і даведаліся, як працуе свет стрытвіру.

 

 Роберт Варанецкі  – дваццацітрохгадовы хлопец, які вырас у Курасоўшчыне. Адвучыўся ў БДУ на кафедры кіравання бізнесам, правёў паўгода ў Амерыцы, папрацаваў з кітайскім рынкам і стварыў Ceremony – менскі брэнд з японскай падаплёкай. Пакуль рэчы Ceremony носяць Алег ЛСП, Boulevard Depo і Надзея Талаконнікава, мы распытваем Роберта аб тым, як зрабіць калабарацыю з Лідскай абутковай фабрыкай, навошта патрэбная сістэма дропаў і колькі можна зарабіць з дапамогай айчыннага стрытвіру.

 

VK     Instagram

 

 

 Пуць Роберта 

– Я заснавальнік Ceremony – чалавек, які прымае самыя важныя рашэнні і задае вектар развіцця брэнда. Увогуле мой фэшн-бэкграўнд даволі вялікі: я пачаў займацца адзеннем на другім курсе ўнівера. Тады ў нас быў праект з Амерыкай: гэта быў брэнд з даволі буйным абаротам, але з асаблівай спецыфікай – мы рабілі базавыя рэчы для тых, у каго даход вышэйшы за сярэдні. Я маляваў эскізы, мы адпраўлялі іх вытворцам у Кітай і рэалізоўвалі ў Амерыцы. На той момант мне было 19 гадоў, і за гэты час я зразумеў, як працуе фэшн-індустрыя, разабраўся ў лагістыцы, маркетынгу і вытворчасці.

Аб стварэнні свайго брэнда я задумаўся гадоў у 20. У адзін момант я зразумеў, што мне ўжо не цікавая праца ў Амерыцы, і я захацеў рэалізоўваць свой творчы патэнцыял – гэтыя думкі да мяне прыйшлі ў Маямі, таму што Маямі падштурхоўвае да нечага прыгожага. Я вярнуўся ў Менск у траўні 2017-га, а Ceremony стартануў у кастрычніку таго ж года.

 

 

 Запыты Ceremony 

Наогул перыяд з траўня па кастрычнік быў даволі жорсткім: мае ілюзіі пра тое, што я нешта ведаю, разбіліся літаральна ў першы месяц. Думаў, што ведаю шмат крутых фішак, а ў Беларусі маленькі рынак, так што адразу ўварвуся і зраблю крута, але я нават не ведаў, дзе мне адшыць вопратку. Пачаліся пошукі вытворчасці, а людзі, якія занятыя ў швейнай індустрыі, вельмі спецыфічныя: быў адзін персанаж, які інсцэніраваў сардэчны прыступ для таго, каб выйграць яшчэ тыдзень часу.

Купля тканін – гэта асобны прыкол. Я аб'ездзіў усе крамы і ўсіх аптавікоў Менска і Берасця ў пошуках чорнай тканіны ў белую палоску для нагавіц – здавалася б, гэта проста, але ў выніку я яе так і не знайшоў. З гэтым мне дапамог мой японскі сябра: ён даслаў трохі тканіны і сітуацыя трошкі палепшылася. Цяпер закупляем тканіну оптам у Турцыі, беларускую тканіну мы не выкарыстоўваем. Нешта мне яшчэ дасылае сябар з Японіі, але ўжо менш, таму што пасылкі з Японіі – гэта вельмі дорага, адна лагістыка чаго вартая.

У нейкім плане мае запыты былі ачмурэлымі: наш першы дроп наогул не ўключаў у сябе худзі і світшоты – мы ў прынцыпе адмовіліся ад класічных рэчаў, з якіх стартуе стрытвір. Адразу ўсім паказалі, што мы крыху пра іншае.

«Мае ілюзіі пра тое, што я нешта ведаю, разбіліся літаральна ў першы месяц»

 Беларуска-японскі брэнд 

Я тусаваўся ў Маямі, нешта рабіў на пляжы і там пазнаёміўся з са сваім японскім партнёрам Такашы Іта – там ён праводзіў студэнцкія вакацыі. Па ўзросце мы аднагодкі, ён яшчэ ва ўніверы вучыўся, на дызайнера, а я ўжо меў свой брэнд і чыліў у Амерыцы. Тады я падумаў, што мы можам быць адзін аднаму карысныя: я дам яму вопыт пабудовы брэнда з нуля, а ён дасць погляд збоку. Я разумеў: калі ў мяне будзе выхад на японскі рынак у плане продажаў, матэрыялаў і камплектуючых, будзе крута. Яму спадабалася мая прапанова, і мы прама там, у Маямі, пачалі нешта прыдумляць. Такашы прымаў вялікі ўдзел у нашым першым дропе, але цяпер брэнд цалкам на мне – прамога ўдзелу ён у ім не прымае, але мы працягваем мець зносіны.

 

 

 Непатрэбны прадукт 

Горкі досвед працы ў Амерыцы навучыў мяне, што твой прадукт нах*й нікому не патрэбны. Каб нешта прадаць, трэба быць вельмі крутым, таму што ў самым пачатку ва ўсіх ёсць ілюзія: «Я раблю нешта крутое, нешта такое, што людзям трэба, – як гэтага можна не хацець?» А насамрэч ты нікому не патрэбны. І прайсці этап, калі ты нікому не патрэбны, – гэта і ёсць самае складанае.

Калі Ceremony стартаваў, я мыў посуд у Tapas Bar, бо ведаў, што ў самым пачатку на маю справу ўсім будзе пох*й. Я працаваў у «Маку», працаваў афіцыянтам, і ў Tapas я таксама пайшоў афіцыянтам, але не змог вывучыць меню і пайшоў мыць посуд. У дзень я зарабляў 11.50 BYN – тады ў мяне быў сур'ёзны фінансавы крызіс, таму гэтыя грошы ратавалі. Але потым я зразумеў, што мне гэта трошкі перашкаджае, і падумаў, што чорт з імі, з гэтымі грашыма, – лепш буду менш есці, але цалкам прысвячу сябе Ceremony.

«Прайсці этап, калі ты нікому не патрэбны, – гэта і ёсць самае складанае»

 

 

 Каманда і абсталяванне 

Я разумеў, што калі і далей буду працаваць над Ceremony адзін, то ўсё хутка скончыцца, таму стаў пашыраць штат. На дадзены момант у нас два самыя крутыя SMM-шчыкі ў свеце, графічны дызайнер, бухгалтар і юрыст у адной асобе, начальнік вытворчасці і тэхнолаг. Яшчэ мы на пастаяннай аснове супрацоўнічаем з двума-трыма фатографамі, мадэлямі і адмінамі, якія вядуць нашу суполку ў «Вконтакте». Адміны – гэта важныя людзі для брэнда, таму ў нас яны атрымліваюць нармальныя грошы. Яны не толькі адказваюць на пытанні, але і збіраюць ідэі ад падпісчыкаў.

Я адкрыў сваю вытворчасць, таму што немагчыма было знайсці збоку тых, хто будзе шыць так, як трэба было мне. Узяў крэдыт у банку, і калі зрабіў сваю вытворчасць, мяне адпусціла – я зразумеў, што нешта можна рабіць.

Цяпер у нас усё крута. У мяне ёсць памяшканне, у якім знаходзяцца розныя машынкі: пласкашоўка, аверлок і г.д. Ёсць асобны стол для закройшчыка з лазерным прыборам, ёсць стол для ўстаноўкі фурнітуры. Летась усё было больш жорстка: абшарпаныя сцены, швейныя машынкі – вось і ўся вытворчасць

 

 Калабарацыі з «Кисленько», Louchesaints і Лідскай абутковай фабрыкай 

Мая любімая калабарацыя – праца з «Кисленько». Я перыядычна пісаў Сярожы, стваральніку «Кисленько»: тады ён планаваў стаць дызайнерам, перыядычна рабіў нейкія напрацоўкі і кансультаваўся ў мяне. Неяк я паехаў у Маскву па сваіх справах, мы з ім сустрэліся і вырашылі зрабіць калаб – мы зрабілі ўсё вельмі нязмушана і хутка, і солд-аўт нашага дропу быў за 40 хвілін. Усё прайшло без найменшай натугі, гэта быў кайфовы калаб.

Дарэчы, усе свае апошнія світшоты «Кисленько» адшываюць у мяне, маўляў, тут самая крутая якасць. Скажу больш: я мацаў худзі Supreme, і якасць нашых худзі лепшая.

Потым быў калаб з Louchesaints, але гэта іншая гісторыя: там мы абмяркоўвалі ўсё да міліметра. Я люблю ўсе хутка рабіць, але гэта наогул не пра іх – я дасылаў ім розныя сэмплы, і розніцы ў іх асаблівай не было, але мы ўвесь час нешта змянялі. У выніку мы два месяцы працеляпаліся з худзі, футболкай і торбай. Гэта было цяжка, але яны навучылі мяне скрупулёзнаму падыходу да дробязяў. Гэты дроп мы распрадалі за 30 хвілін.

«Быў адзін персанаж, які інсцэніраваў сардэчны прыступ для таго, каб выйграць яшчэ тыдзень часу»

Лідская абутковая фабрыка – гэта зусім іншы ўзровень. Тут усё прайшло вельмі крута: я вельмі люблю футбол і ўсё дзяцінства гуляў у лідскіх кедах на асфальтавым полі. Яны «вечныя», але мне не вельмі падабаўся іх колер – у дзяцінстве я проста перафарбоўваў іх балончыкам. І ў адзін момант я зноў купіў лідскія кеды, заснуў у іх ногі і зразумеў: нешта трэба перарабіць. Выходжу з ЦУМа і думаю: блін, я ж магу не проста балончыкам кеды пафарбаваць, а першапачаткова зрабіць так, як я хачу.

Я заходжу на сайт фабрыкі, знаходжу там кантактны нумар, тэлефаную і кажу: «Добры дзень, мяне завуць Роберт, я самы прагрэсіўны менскі дызайнер. Я люблю вашы кеды і хачу зрабіць з вамі сумесную пару». Мне адказалі: «Добра, цікава, запішыце нумар дырэктара». Прайшло хвілін 15, я патэлефанаваў дырэктару, мы прыемна пагаварылі, і хвілін праз 10 я ўжо скідваю яму ў Viber нейкія свае напрацоўкі. Мы зрабілі дзесьці трыста пар: я думаў, што мне там нешта на ад’*біся адшыюць, але яны казалі, як лепш зрабіць пэўныя дэталі, якія элементы мяняць, – увогуле круты падыход. Я вельмі разлічваю на тое, што мы зробім з імі яшчэ адзін калаб, – хачу зрабіць кеды са штучнай скуры.

 

 Этычныя матэрыялы і ачышчэнне Зямлі 

Мы выкарыстоўваем толькі штучныя мех і скуру. У нас ёсць футра са штучнага меху – я проста не магу ўявіць, як можна насіць на сабе чыёсьці цела. Не магу зразумець тых, хто забівае жывых істот для таго, каб зрабіць сабе вопратку.

Наогул тэма экалогіі хвалюе мяне ў першую чаргу: я працаваў з Кітаем і ведаю, што буйныя еўрапейскія і амерыканскія брэнды ім робяць заказы толькі з-за таго, што кітайцы могуць выкарыстоўваць шкодную вытворчасць. Усе разумеюць, які ўплыў такая вытворчасць аказвае на экалогію, але ніхто нічога не робіць – той жа Louis Vuitton спальвае нерэалізаваную вопратку замест таго, каб яе перапрацоўваць.

Я люблю свет у агульначалавечым разуменні і хачу стаць адным з тых, хто будзе спрыяць ачышчэнню Зямлі – па гэтай прычыне мы выкарыстоўваем у нашай вопратцы мембраны з перапрацаванага пластыка. Я разумею, што на цяперашніх этапах гэта проста нішто, але мы ўжо ствараем у свядомасці маленькай групы людзей усведамленне таго, што не шкодзіць планеце – гэта добра.

 

 

 Героі нашага часу ў Ceremony 

За Надзяй Талаконнікавай я сачу вельмі даўно – яна імпануе мне як асоба, мне падабаецца яе спосаб зносін з светам. Нас з ёй таксама пазнаёміў адзін чувак – з ёй мы сустрэліся ў Маскве, там я падарыў ёй наш плашч «arrest me», а яна мне – балаклаву і майку. У ёй я цяпер гуляю ў футбол, для мяне гэта самая галоўная майка.

З Алегам ЛСП у нас агульная сяброўка – яна была менеджарам Алега, з ёй мы разам вучыліся ў БДУ. Ён просты хлопец, з ім прыемна мець зносіны – наша сустрэча адбылася яшчэ на старце Ceremony.

З Кірылам Лермантавым, вакалістам «Найтивыход», мы канэкт знайшлі адразу: пяць хвілін – і мы з Кірылам можам абдымацца без маек. У Менску ў яго быў канцэрт, для выступу ён папрасіў у мяне піжаму, выступіў у ёй, а потым вырашыў у мяне яе купіць.

Пра Boulevard Depo я рэальна не ведаю, мне проста падпісант даслаў фотку Depo ў маёй піжаме. Паняцця не маю, як яна ў яго апынулася.

 

 

 Сістэма дропаў 

Я люблю рабіць шмат чаго рознага, і ў гэтую канцэпцыю добра ўпісваецца сістэма лімітаваных дропаў, таму што мець на пастаяннай аснове сорак розных найменняў прадуктаў – гэта цяжка і нікому не трэба. Таму мне бліжэй схема «ты нешта рэалізаваў, паказаў свету, свет гэта ўспрыняў, ты гэта аддаў – наступны этап». Я ў кожную рэч нешта ўкладваю, і кожная рэч – гэта рэакцыя на навакольны свет.

 

 Мастак, якога не зразумелі 

Я памятаю калаб з Мішам Маркерам – для мяне гэта вельмі сумная гісторыя. Міша Маркер – вельмі таленавіты мастак, рускі Banksy, але наш сумесны світшот замовіла ўсяго 15 чалавек. У гэтых світшотаў быў лепшы мэсэдж ва ўсім рускім стрытвіры, але мы проста рана з ім зрабілі калаб – цяпер заказаў было б у разы больш. Асабіста я сітуацыю з Мішам Маркерам успрымаю як выпадак, калі мастака не зразумелі.

«Я проста не магу ўявіць, як можна насіць на сабе чыёсьці цела»

 Чаму дызайнерскае адзенне каштуе дорага? 

У далейшым адзенне Ceremony будзе каштаваць у некалькі разоў даражэй. Зараз мы можам дазволіць сабе зарабляць мала – у нас няма адзінак выдаткаў, якія ёсць у буйных брэндаў.

У нас класныя матэрыялы – турэцкія тканіны, японская фурнітура, мембраны з перапрацаванага пластыка. Падшэўкі ў нашай вопратцы робяцца з натуральнага матэрыялу, віскозы, хоць яна ў пяць разоў даражэйшая за поліэстэр, але ў поліэстэры скура не дыхае. Па законах рынку, мы павінны павялічыць прайс нашага адзення, але мы гэтага не робім – для мяне важна, каб як мага больш людзей змаглі займець вопратку Ceremony. Я разумею, што мы працуем на рынку СНД – у людзей не так ужо шмат бабак, але па якасці мы можам супернічаць з еўрапейскімі і амерыканскімі вытворцамі. Тыя ж Vetements – крутыя чувакі, але ў плане якасці мы на блізкім узроўні, хоць іх плашчы каштуюць 700 баксаў, а нашы – 150.

Зараз адзенне Ceremony каштуе як Zara без зніжкі, гэта не касмічныя грошы. Я нават не ўключаю ў цэннік той факт, што нашы рэчы – гэта лімітаваная дызайнерская праца. Калі б Zara выпусціла плашчы «arrest me», у іх бы хадзіў увесь Менск, але гэта не так – іх зрабілі толькі мы. Мы проста хочам, каб рэчы Ceremony былі даступныя для людзей, якія жывуць у Беларусі, хоць у плане стрывіру мы самы ўплывовы брэнд у краіне.

 

 

 Sports Jesus 

Ёсць катэгорыя прадуктаў, у якіх мы вытрымліваем цэннік, – гэта «Sports Jesus», «Спартыўныя Ісусы». Але «Спартыўныя Ісусы» – гэта не першай неабходнасці рэч, і калі ты купіў гэтае ўпрыгожванне, значыць, у цябе ёсць магчымасць выдаткаваць на гэта лішнія грошы. Гэта не штаны і не куртка, «Sports Jesus» – гэта ідэя, наш гонар. Гэтай падвескай мы заявілі ўсім, што мы з андэграўнду і ствараем сваю мадэль паводзінаў – мы не проста робім рэчы, мы даем людзям нейкае ўспрыманне навакольнага асяроддзя.

Я вельмі люблю мастацтва: карціна Нікаля Турнье «Укрыжаванне Хрыста» стаяла ў мяне на застаўцы тэлефона года паўтара. У адзін момант я падумаў, што крыж – гэта атрыбут пакарання, і тое, што людзі носяць яго ў сябе на грудзях, – гэта жорстка. Думаю, калі б той жа Кенэдзі спусціўся з нябёсаў і ўсё сустракалі яго з маленькімі вінтовачкамі на шыях, яму б гэта не спадабалася. Таму я вырашыў, што Ісусу больш бы спадабалася мая інтэрпрэтацыя – у маёй падвесцы ён зрабіў выбар сам, надзеўшы спартыўны касцюм і пачаўшы пампаваць прэс. Ісус на крыжы – гэта не выбар Ісуса, а Ісус на спартыўных кольцах – гэта яго рашэнне.

 

 

 Колькі можна зарабіць стрытвірам? 

Сумы мы атрымліваем даволі вялікія, хоць грошы ў нас не мэта, а фактар поспеху. Я жыву толькі Ceremony, і я добра зарабляю, але грашыма збольшага не карыстаюся – яны вяртаюцца ў брэнд. Валавая выручка Ceremony за лістапад – 50 000 BYN. Я пачаў зарабляць у 17 гадоў, а 18 я ўжо зарабляў добрыя грошы, а да 23 гадоў грошы для мяне значаць максімальна мала – тое, што я атрымліваю без грошай, значна круцейшае за тое, што я атрымліваю за грошы.

 

 Што будзе далей? 

У кліпе «The Brightside» у Lil Peep ёсць вельветавае худзі – мы зробім худзі са шчыльнага аксаміту, з вышыўкай, якая імітуе адну з тату Lil Peep.

Яшчэ ў нас будзе калабарацыя з гадзіннікавым заводам «Луч» – мы зробім самыя крутыя гадзіннікі, якія былі ў іх за ўвесь час. Дропнем мадэль дзесьці ў лютым.

Зробім маскі – мы не выпускаем тое, што ўжо ёсць на рынку, але з іншым брэндынгам. Мы прапануем свой канцэпт: адліваем сіліконавыя формы, робім тры розныя матэрыялы, дадаем пластыкавы каркас – маска павінна быць зручнай.

«Цяпер адзенне Ceremony каштуе як Zara без зніжкі, гэта не касмічныя грошы»

 Ідэалогія Ceremony 

Як сказаў адзін з нашых адмінаў, «Ceremony – гэта доўга, дорага і ах*енна». Доўга з-за таго, што нам даводзіцца дашываць занадта вялікую колькасць перадзамоў, дорага з-за матэрыялаў і ах*енна з-за таго, што рэчы з гэтых матэрыялаў атрымліваюцца сапраўды класнымі.

 

Фота: Anastasia Bazyleva, Alexandra Romanovskaya