Фільм пра Святлану Алексіевіч выкладуць у інтэрнэт на суткі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 06.03.2019
- 7615
7 сакавіка ў сеціве з'явіцца фільм «LYUBOV», які паказвае, як нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч працуе над новай кнігай і як самыя розныя людзі давяраюць ёй асабістыя гісторыі. Фільм будзе даступны для прагляду ўсяго адны суткі.
Шэсць гадоў беларуская пісьменніца інтэрв'юявала людзей для таго, каб стварыць кнігу пра каханне. Шведскі рэжысёр Стафан Юлен увесь гэты час хадзіў за ёй з кінакамерай. Вынікам гэтага чалавечага даследавання і стала дакументалка, прэм'ера якой адбылася ў Стакгольме ў лістападзе 2017-га. Беларусам фільм упершыню паказалі 20 чэрвеня 2018 года ў Галерэі TUT.BY.
У «LYUBOV» паказаныя многія вядомыя людзі Беларусі, аднак іх знакамітасць не адыгрывае ніякай ролі ні для пісьменніцы, ні для рэжысёра – у кіно не называюцца нават іх прозвішчы. Так, напрыклад, Саша Варламаў аказваецца проста «Сашам, мадэльерам».
На здымкі Святлана пагадзілася далёка не адразу: «Мне гэта было не так цікава, паколькі я ўсё пра сябе ведаю. Але Стафан быў настойлівы, і мне давялося яму саступіць».
Фільм «LYUBOV» з'явіцца на сайце праекта «Рэальнае кіно з Віталіем Манскім» 7 сакавіка ў 23: 00 і будзе транслявацца ўсяго толькі суткі.
Фота: ru.sweden.se