Маладых лідарак і лідараў запрашаюць на анлайн-школу ў чэрвені
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.05.2023
- 4490
Цэнтр новых ідэй запрашае беларусак і беларусаў з актыўным поглядам на свет далучыцца да адукацыйнага курса Belarus Urban Fellowship 2023, які пройдзе з 3 чэрвеня па 1 ліпеня.
Belarus Urban Fellowship 2023 – гэта анлайн-школа на базе трох накірункаў: урбаністыка, актывізм, soft skills. Навучанне ў ёй будзе карыснае тым, хто хоча паляпшаць беларускія гарады і стартаваць уласныя гарадскія праекты. Прынамсі можна будзе даведацца, якая актыўная дзейнасць у гарадах зараз магчымая, як працаваць з рознымі супольнасцямі, як весці камунікацыю ў новай рэчаіснасці.
Праграма складаецца з 14 анлайн-лекцый і трэнінгаў, у якіх тэорыя будзе спалучаная з практычнымі заданнямі. У праграме – лекцыі пра эканоміку рэгіёнаў, мясцовае самакіраванне, піраміду «транспартных прыярытэтаў здаровага чалавека», работу з канфліктамі, канапавы актывізм (ага, тут пра петыцыі), пошук грошай пад свой лямпавы-нішавы праект, стварэнне бамбічных тэкстаў, якія трапяць у сэрцы тых, каго трэба зацікавіць, ды іншыя карысныя топікі.
Пяцёрка найлепшых праектаў з курса атрымаюць якасны ментарскі пуш ад экспертаў на будучыню, каб ідэя не згасла, а квітнела, брыняла і давала плён.
Усю-ўсю інфу пра курс знойдзеш на адмысловым сайце. А калі застануцца пытаннечкі, пішы на пошту info@newbelarus.vision з пазнакай «Belarus Urban Fellowship 2023».
Заяўкі прымаюць да 30 траўня.