Калі вакол цябе нешта не так працуе і ты лічыш гэта несправядлівым або недапушчальным, час пісаць петыцыю. Але памятай: петыцыя – не адзіны спосаб абароны інтарэсаў. Гэта дадатковы інструмент прыцягнення ўвагі да праблемы і ўключэння шырокай грамадскасці ў яе абмеркаванне.
Выкарыстоўвай петыцыі як інструмент салідарнасці. Часцяком гэта мае сімвалічны эфект. Напрыклад, калі ты падпісваеш петыцыю ў падтрымку аднадумца з Казахстана ці Кыргызстана, да твайго голасу як голасу замежніка наўрад ці прыслухаюцца. Але ўлады краіны будуць разумець: ёсць міжнародная ўвага, і, магчыма, лішні раз пабаяцца парушаць закон.
Трэба адрозніваць петыцыю ад зварота. Петыцыя – гэта хутчэй інфармацыйная кампанія па прыцягненні грамадскай увагі да праблемы, а зваротам ты вядзеш ужо канкрэтную камунікацыю з дзяржорганамі. Зварот мае юрыдычную сілу, таму павінен адпавядаць фармальнасцям.
Пішы свае сапраўдныя прозвішча, імя і імя па бацьку, адрас месца жыхарства, у пісьмовым варыянце таксама стаў подпіс, у электронным звароце пазначай адрас электроннай пошты.
Пазначай дзяржаўны орган ці службовую асобу, да якой ты звяртаешся. Не хвалюйся: калі ты напішаш не ў тую ўстанову – твой ліст перанакіруюць альбо вернуць з допісам, куды трэба звяртацца.
Пішы зварот зразумелай мовай, чытэльным почыркам (калі гаворка ідзе пра заяву «ад рукі»), не выкарыстоўвай абразлівых фармулёвак. Выкладай сутнасць праблемы сцісла, выразна фармулюй, якіх дзеянняў ты чакаеш ад чыноўніка. Пажадана спасылацца на законы ці пастановы, якія абавязваюць чыноўнікаў вырашаць твае праблемы. Карацей, гутары з сістэмай на яе ж мове.
Кожны зварот рэгіструецца ў дзяржоргане. Таму ніколі не будзе лішнім пацікавіцца нумарам рэгістрацыі твайго звароту. Даведацца пра гэта можна, патэлефанаваўшы і ўдакладніўшы інфармацыю ва ўстанове, або пры асабістай падачы звароту проста папрасіць яго зарэгістраваць пры табе.
Звароты грамадзян – адзін са слупоў беларускай ідэалогіі. Таксама як «барацьба з карупцыяй» і «мадэрнізацыя». Таму тут як у дзюдо – выкарыстоўвай моц суперніка супраць яго самога. Можаш быць упэўнены: адказ чыноўнікі табе дадуць (іншае пытанне які). І пастараюцца ўкласціся ў тэрмін. Інакш іх чакае дысцыплінарная адказнасць.
Пятнаццаць каляндарных дзён пасля рэгістрацыі разглядаецца зварот, калі патрабуецца дадатковы рэсёрч – трыццаць.
Калі справа зайшла занадта далёка, прыцягнуць да адказнасці гора-чыноўнікаў можна трыма спосабамі:
1) напісаць у вышэйшую арганізацыю з указаннем парушэння і просьбай пакараць вінаватых;
2) напісаць тое самае ў пракуратуру ці камітэт дзяржкантролю;
3) падаць у суд (але гэта складаней і марней).
Калі лянота звязвацца з паштовай валакітай, пішы электронны зварот. Кожная дзяржаўная ўстанова на сваім сайце мае форму зваротнай сувязі або паштовую скрыню. Вага электронных зваротаў такая ж самая, як і пісьмовых.
Калі існуе пэўная праблема, рашэнне якой будзе выгадна і іншым людзям, то лепш рабіць калектыўны зварот. Гэта калі пад адным зваротам падпісваюцца некалькі чалавек ці кожны адпраўляе ад сябе ідэнтычны зварот. У выпадку дзесяці подпісаў чыноўнік можа вывесіць адказ на сайце дзяржоргана без асабістага паведамлення. Калі назбіралася больш за трыццаць подпісаў, можаш разлічваць на выезд «адказнай асобы» на месца праблемы.
У красавіку 2013 года грамадская кампанія «У абарону беларускіх балот» сабрала 5800 подпісаў пад анлайн-петыцыяй, а таксама 500 подпісаў мясцовых жыхароў і адстаяла балотныя тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Вецярэвіцкі», якія ўлада планавала пусціць на торфаздабычу.
Менш чым за месяц летам 2014 года выйграла кампанія супраць перавозкі святых камянёў Воранаўскага раёна ў пасёлак Радунь, дзе планавалася стварыць музей валуноў пад адкрытым небам. Камяні засталіся на сваіх месцах.
Старыя праваслаўныя могілкі ў Ракаве, прызнаныя гісторыка-культурнай спадчынай, дзякуючы петыцыі прыдбалі агароджу і пасаду кіраўніка могілак, каб прадухіліць новыя пахаванні і разбурэнні старых.
Раварысты абскардзілі неправамерныя дзеянні кантралёраў у электрычцы і атрымалі матэрыяльную кампенсацыю.
Самая буйная і найбольш сур'ёзная грамадская ініцыятыва беларусаў «За ўвядзенне мараторыя на смяротную кару» набрала больш за 112 тысяч подпісаў. Адказу з боку ўлады пакуль не было, але здавацца рана.
Праходзяць грамадскія абмеркаванні новага Ляснога кодэкса Беларусі, які змяншае нормы плошчы прыгарадных зялёных зонаў, стварае ўмовы для перадачы каштоўных лясных земляў у прыгарадах пад высечку і забудову, а таксама скасоўвае паняцце «проціэразійных лясоў». Чыноўнікі млява ідуць на саступкі. Таму трэба падтрымаць барацьбу. Адаслаць зварот можна тут.
Сёлета ў верасні з’явілася інфармацыя аб указе, згодна з якім здымаць фільмы можна будзе толькі тады, як атрымаеш на гэта пасведчанне ад міністэрства культуры. Праект узрушыў грамадскасць, бо ставіць пад пытанне існаванне незалежнага і малабюджэтнага кіно. Азнаёміцца і падпісаць петыцыю можна тут.
Дагэтуль не вырашаны статус гістарычнай забудовы ў менскім раёне Асмалоўка. Шанец яшчэ ёсць, таму далучайся ўсім сэрцам да кампаніі.
Незразумелай застаецца сітуацыя наконт расійскай вайсковай базы ў Беларусі. Таму раім падпісацца пад петыцыяй і сачыць за навінамі.
У свеце
У некаторых краінах анлайн-петыцыі працуюць на дзяржаўным узроўні. У Вялікабрытаніі, калі петыцыя збірае 10 тысяч подпісаў, павінен прыйсці адказ ад урада, калі больш за 100 тысяч – праходзяць дэбаты ў парламенце па гэтай праблеме. За час працы анлайн-петыцый узнімаліся пытанні нелегальнай міграцыі ў Брытанію, легалізацыі марыхуаны і недаверу да міністра аховы здароўя. За легалізацыю сабралі 226 тысяч подпісаў, але адказ быў – «не».
У Еўрапейскім саюзе дзейнічае грамадзянская ініцыятыва, якая дазваляе петыцыям з мільёнам подпісаў у чвэрці краін ЕС (зараз гэта сем краін) звяртацца ў выканаўчы орган аб’яднання – Еўрапейскую камісію. Так былі ўзняты пытанні аб адмене роўмінгу на тэрыторыі ЕС, аб адмове ад эксперыментаў на жывёлах і аб стрыманні лібералізацыі паслуг водазабеспячэння.
Умовы прамой дэмакратыі ёсць у Фінляндыі, Францыі, Германіі, Ірландыі, Новай Зеландыі, на Філіпінах. У Швейцарыі гэтая форма волевыяўлення ўвогуле існуе з 1891 года.
Нядаўна быў прыняты закон аб электроннай петыцыі ва Украіне. Згодна з ім прэзідэнт дае адказ, калі ініцыятыва набірае больш 25 тысяч галасоў. Пакуль гэты бар’ер прайшлі дзве петыцыі: аб праве грамадзян на свабоднае валоданне зброяй і аб скасаванні растаможкі і акцызнага падатку на імпарт аўто.
Сайты
Change.org – найбуйнейшая платформа па зборы подпісаў. Можна як падпісваць рэгіянальныя ініцыятывы, так і падтрымліваць актывістаў па ўсім свеце.
Avaaz.org – глабальная грамадская арганізацыя, займаецца пытаннямі змены клімату, правоў чалавека, абароны жывёл, карупцыі, беднасці і канфліктаў. Забаронена ў Іране, Кітаі ды Казахстане.
Zvarot.by – беларуская пляцоўка для электронных зваротаў у дзяржаўныя органы. Рыхтуе менавіта звароты паводле заканадаўства, то-бок калі пішаш праз яе – абавязкова адкажуць. Мае салідную базу кантактаў дзяржаўных устаноў.
Petitions.by – нядаўна адкрыты партал па падрыхтоўцы петыцый. Тэксты зваротаў абмяркоўваюцца і карэктуюцца, пасля адсылаецца запрос у дзяржустановы.
Пацікавіліся методыкамі дапаможнай рэпрадукцыі і тым, як абараняецца таямніца гэтых спраў.
Высвятляем, як планаваць абарону зялёных волатаў у сваім двары.
Як атрымаць месца і што рабіць, каб не выгналі.
Разбіраемся ў візавых пытаннях для тваіх сяброў-замежнікаў.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Дыскусіі, прэзентацыі, інтэрактыў.