Магчымасць: бясплатны бізнэс-курс для жанчын
- Рубрыка: УЛОЎ
- 21.02.2025
- 166
Некамерцыйная пляцоўка WE Platform запрашае жанчын на бясплатны анлайн-курс «Пошук ідэй прадукту».
Курс складаецца з трох модуляў з відэалекцыямі, тэстамі для самправеркі і дамашкамі. Доступ да матэрыялаў прадастаўляецца на 30 дзён, па завяршэнні выдаюць адпаведны імянны сертыфікат.
Праграма адрасаваная і тым, хто пакуль толькі разважае аб уласным праекце, і тым, хто ўжо знаходзіцца «на нізкім старце», і тым, хто плануе маштабавацца, а таму шукае новыя ідэі, што будуць запатрабаваныя рынкам.
Абяцаюць навучыць:
Генераваць ідэі, не чакаючы нахтнення. У гэтым дапамогуць крэатыўныя тэхнікі і шаблоны, якія дапамагаюць прыдумляць новае і вылучацца на фоне канкурэнтаў(-ак).
Абіраць паміж рознымі ідэямі. Адмысловыя інструменты дадуць магчымасць праверыць ідэі на жыццяздольнасць і перспектыўнасць.
Ацэньваць запыты рынка. На курсе падкажуць, як аналізаваць паводзіны канкурэнтаў(-ак) і спажывальнікаў(-іц) і на што звяртаць увагу, каб пераканацца, што прадукт будуць купляць.
Для праходжання курса спатрэбіцца адно толькі зарэгістраваць асабісты кабінет на сваю электронную пошту.
«Пошук ідэй прадукту» – першая частка з серыі навучальных матэрыялаў, прысвечаных стварэнню і развіццю прадукту. Пасля сканчэння аднаго курса можна паслядоўна рухацца далей.
Фота: Unsplash