Naviband выпусцілі альбом «Адліга»

Naviband вярнуліся да сваіх фанаў з новай музыкай: у альбом «Адліга» ўвайшлі 16 тэрапеўтычных трэкаў, якія складаюцца ў цэльную гісторыю на 48 хвілін.
Акрамя ўжо вядомых публіцы трэкаў «Мама», «Лістапад» і «Прабач», якія завірусіліся ў TikTok, на плытке знайшлося месца і электронным эксперыментам гурта. А калі захочацца ўспомніць, з чаго Naviband пачыналі, можна ўмыкнуць «Life» – і тэлепорт на «Еўрабачанне» 2017-га забяспечаны.
Асобна варта адзначыць яскравыя калабы: на «Адлізе» заспяваў па-беларуску Шура Бі-2 («Маё каханне»), далучылася да энергічнага вакала Ксеніі Жук лірычна-задуменная Palina («Артэфакт»), дадалі грузінскага шарму і цяпла Mgzavrebi («Караблі»).
Альбом «Адліга» даступны на ўсіх стрымінгах, якімі карыстаюцца беларусы.
Прэзентацыя «Адлігі» ўжывую адбудзецца ў Варшаве 23 траўня.