Літаральна на днях выходзіць новы альбом Піта Паўлава «Зброя. Золата. Кабеты», напісаны па матывах раманаў шпіёна і кантрабандыста Сяргея Пясецкага. Мы сустрэліся з музыкам і запыталі, навошта пераасэнсоўваць беларускіх гангстараў, на якіх ён грае гітарах і хто такія сучасныя антыгероі – гутарка атрымалася, як гэта цяпер нячаста бывае, разгорнутай і з шырокімі думкамі.
Гангстарская Беларусь
– Піт, твой альбом «Зброя. Золата. Кабеты » прысвечаны творчасці Сяргея Пясецкага, а на вокладцы апошняга беларускага перакладу яго рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» – тваё фота. Раскажы, як ты пазнаёміўся з гэтым аўтарам і чым яго кнігі цябе так зачапілі?
– Падчас канцэртнага туру ў Польшчы з «Народным альбомам» пасля песні «Кантрабандыст» да нас падышоў паляк і спытаў: «Вы што, начыталіся Пясецкага?» Я тады нічога пра яго не ведаў і зацікавіўся. Аказалася, ён – наш зямляк, нарадзіўся ў 1900 годзе ў Ляхавічах у сям’і абруселага шляхціца, які працаваў чыгуначным чыноўнікам, даволі высокапастаўленым. З дзяцінства Пясецкі меў праблемы з сацыялізацыяй: у школе напаў на школьнага інспектара, за што быў выгнаны, і з’ехаў у Расію. Калі пачалася рэвалюцыя, ён вярнуўся ў Менск і стаў членам крымінальнай групоўкі, усё гэта апісана ў яго аўтабіяграфічных раманах.
«Там вельмі цікавая атмасфера горада, якога мы зусім не ведаем: з бандамі, нападамі, рабаваннямі, паліцмайстарамі, гатэлем «Еўропа», яўрэйскай карчмой на Лагойскім тракце»
Там вельмі цікавая атмасфера горада, якога мы зусім не ведаем: з бандамі, нападамі, рабаваннямі, паліцмайстарамі, гатэлем «Еўропа», яўрэйскай карчмой на Лагойскім тракце. Для многіх гісторыя Менска пачынаецца пасля Вялікай Айчыннай, а якім быў і як выглядаў горад да гэтага, няма ніякага ўяўлення. У Амерыцы, напрыклад, часы сухога закону ўжо даўно адрэфлексавалі і рамантызавалі: у іх ёсць Багсі Сігел, Аль Капонэ, усе гэтыя героі вельмі папулярныя. А ў нас склалася не менш цікавая сітуацыя. Нашу краіну па-жывому падзялілі Брэсцкім мірам на дзве часткі, Заходнюю і Усходнюю Беларусь, са сваімі законамі ў кожнай. А ў пагранічным свеце з’яўляліся людзі, у якіх не было жадання падпарадкоўвацца новым камуністычным уладам, але і палякі, навязваючы сваю мову і культуру, для іх былі чужымі.
У гэтай парадыгме і жыў Пясецкі. Кантрабандыст, ён пачаў супрацоўнічаць з польскай разведкай. Тады з’явілася знакамітая «Двуйка» – дэфензіва, якая эфектыўна дзейнічала супраць Савецкага Саюза, асабліва на гэтых тэрыторыях. Але пра гэта ў нашай літаратуры няма ніякіх рэфлексій, пра гэта не напісана. У нас культывуецца альбо вобраз селяніна ў лапцях – «Людзі на балоце», альбо гараджаніна, якога ўвесь час прыгнятае савецкая ўлада. Таму Пясецкі незвычайны персанаж у гэтым плане, трыксцер.
– Цябе ён цікавіць выключна як яркі персанаж ці ты праводзіш нейкія паралелі са сваім уласным жыццём?
– Вядома, я сябе крыху асацыюю са сваім героем: у мяне таксама былі развілкі, калі я мог стаць крымінальным падлеткам альбо пакінуць музыку і стаць бізнэсмэнам. І, як у яго, у мяне гэтая развілка паміж савецкай культурай, дзіцем якой я непасрэдна з’яўляюся, беларускай нованароджанай, у якой я ўдзельнічаў і ў якую ўнёс некаторы ўклад, і польскай. Натуральна, ніякай зброі ў мяне ў кішэні няма, золата аказіянальнае і з кабетамі ўсё крыху больш прыстойна (смяецца).
Яшчэ дзіўнае супадзенне: ён таксама граў на гітары і мандаліне і займаўся боксам і барацьбой. Для барцоў, дарэчы, у мяне ў гэтым альбоме нават ёсць песня «Схватка».
– Персанаж, які натхніў цябе на напісанне гэтага альбома, – сапраўдны крымінальнік эпохі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Чаму ты лічыш гэты вобраз актуальным на дадзены момант?
– Гаварыць ад асобы авантурыста і шпіёна, які жыў і дзейнічаў амаль сто гадоў таму, – гэта даволі цікавая магчымасць выказацца. Казаць пра сучаснасць цяжка: знаходзячыся ўнутры падзей, людзі часта не бачаць нейкіх важных рэчаў і заўважаюць іх толькі на дыстанцыі. Той час з’яўляецца для мяне метафарай нейкай «прасторы чыстага вопыту», як у вестэрнах – калі пісталет якраз не метафара, а на самай справе ў руцэ, калі чалавек удзельнічае ў сапраўдных перастрэлках. Але сёння сапраўдная бітва – у прасторы ідэй аб свеце, у розуме кожнага з нас. І застаецца знайсці магчымасць адстойваць сваю асабістую ўнутраную прастору. Гэта не спосаб адмежавацца ад іншых, а права распавесці і сваю гісторыю, права быць не «дрэнным», не «добрым», а проста такім, як ёсць.
Банда Паўлава
– Як чалавек, які запісаў дваццаць вялікіх альбомаў, і як адзін з самых бачных і арыгінальных гітарыстаў у гэтай краіне, раскажы пра эвалюцыю ўласнага стылю. Як яна выявілася ў гэтым альбоме?
– Калі ў маладосці я арыентаваўся на гітарыстаў а-ля Ван Халена і Кірка Хэмета, а затым Тома Марэла, то цяпер я больш гляджу кудысьці ў бок Хендрыкса і Фрушантэ. Дзякуючы канцэпцыі альбома я змог зрабіць спасылкі на іх як на важныя дадатковыя мастацкія элементы, мяркуючы, што слухач таксама пазнае тут Red Hot Chili Peppers, Джымі Хендрыкса, Рычы Блэкмара, The Last Shadow Puppets. Таксама я меў на ўвазе і саўндтрэкі да «Агента 007», і такія фільмы, як «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», «Хлеб, золата, наган», «Халоднае лета 53-га». Нават назва альбома «Зброя. Золата. Кабеты» ўзыходзіць да гэтага гераічнага кіно майго дзяцінства і юнацтва. Я заўсёды хацеў, каб музыка да іх гучала, быццам грае Deep Purple, а на гітары часам замест Блэкмара – Фрушантэ.
– Якія гітары ты выкарыстоўваў у запісе?
– Як і на «Д.П.Б.Ч.» NRM, я карыстаўся Gibson Flying V. А таксама мае апошнія набыткі – два «стратакасцеры». Я заўсёды хацеў і заўсёды імітаваў іх гук, робячы ў схемах сваіх гітар супрацьфазы і адсечкі, адключаючы адну катушку ў хамбакеры... Для гэтага альбома я купіў сапраўдныя American Standard Stratocaster і American Special Stratocaster, які для мяне яшчэ больш «стандарт», чым Standard. Там стаяць датчыкі Texas Special, там шырокія лады, вялікая клюшка, на шасці балтах трэмала, гэта самы-самы класічны «Страт», які я сабе ўяўляю. Такі, як у Джымі Хендрыкса і Рычы Блэкмара. Таксама ў адной песні я граю на цікавай вінтажнай гітары Danelectro Dead on '67, спецыяльна мадыфікаванай менскім гітарным майстрам Уладзімірам Бураковым для аднаго майго сябра. І, вядома, я граю на сваёй акустычнай гітары Martin.
– Хто таксама ўдзельнічае ў тваім сольніку? Мы чулі пра нейкую ашаламляльную каманду.
– У якасці музыкаў я задзейнічаў самых сталых і дасведчаных людзей, сваіх сяброў: Глеба Галушку ў якасці супрадзюсара, суаўтара і бас-гітарыста; Назара Рэджэпава – віртуоза з Туркменістана, які нядаўна скончыў Кёльнскую акадэмію музыкі па класе барабана і, на мой погляд, з’яўляецца абсалютна брыльянтавым музыкам. Ён нейкі час жыў, працаваў і запісваўся ў Германіі, пад кіраваннем высакакласных амерыканскіх выкладчыкаў граў джаз. У якасці другога бубнача я запрасіў беларускага музыку Аляксандра Валошчыка, «фірмача», які ўсе свае партыі змог сыграць з першага дубля.
– Як ствараўся альбом? Ці ёсць у цябе нейкі свой метад працы, якім ты перакладаеш жыццёвыя адчуванні ці нейкія драматургічныя рэферэнсы ў гітарную ігру і песні?
– Я слухаю самыя ўдалыя свае песні і думаю: ну як вось яны атрымаліся? Яны нараджаліся мудрагелістымі шляхамі, а потым шліфаваліся.
Гэты альбом – вынік вялікай колькасці супадзенняў, дапушчэнняў, маёй асабістай інтуіцыі, натхнення і жорсткай рэдактуры. Я часта кіруюся спачатку сваёй інтуіцыяй, затым матэрыялам. Я магу спачатку планаваць сабе нешта адно, потым падключаецца новы чалавек, матэрыял мяняецца, і я спакойна адпускаю першапачатковую ідэю ўслед за зменамі, але бываюць рэчы, якія я трымаю да канца.
Апошнім часам у шліфоўцы маіх песень удзельнічае Глеб Галушка. З усіх суаўтараў, якія ў мяне былі, гэта мой самы ўважлівы, самы спрактыкаваны, самы непрымірымы душыцель усяго (смяецца): надзей, надзей на будучыню, наогул надзей на нешта добрае... Як правіла, я фармулюю фабулу, пішу асноўную мелодыю, музыку і тэкст, якія Глеб затым падвяргае жорсткай рэдактуры – пакідае толькі канстатацыі, прамыя эмоцыі, аголеныя нервы, адсякае ўсё ідэалагічнае, рамантычнае і гераічнае шалупінне. А ў музычны матэрыял уносіць незвычайныя і важныя нюансы, упрыгажэнні і эфектныя фігуры. Але калі нешта рэзаніруе са мной, нават калі яму здаецца, што гэта – лухта, але ён бачыць, што гэта са мной усё-ткі рэзаніруе, яно застаецца.
«Я заўсёды хацеў, каб музыка гучала, быццам грае Deep Purple, а на гітары часам замест Блэкмара – Фрушантэ»
Я свае тэксты цяпер вельмі люблю. Таму што яны праходзяць дашліфоўку ў гарніле чалавека з больш дасканалым літаратурным густам, чым мой. Часта працэс нашай сутворчасці востры, напружаны і дынамічны і нагадвае спорт – барацьбу, фехтаванне або бокс. Захоплівае цалкам: вось пяць хвілін таму мы равелі адзін на аднаго, а зараз зноў схапілі гітары і працягваем пісаць аранжыроўку.
А што тычыцца метаду, якім я жыву, то, каб свет мяне не гвалціў, я выкарыстоўваю слоўны аналіз. Напрыклад, падчас размовы я часта раблю важныя для сябе абагульненні, проста вербалізуючы нейкія важныя рэчы. На мой погляд, гэта даволі складаны, а часам і дыскамфортны спосаб, які патрабуе поўнай сумленнасці з самім сабой. Яшчэ я часта адпраўляюся на самотны шпацыр, і гэтыя пешыя паходы дапамагаюць мне дашліфоўваць тэксты песень, пасля шматразовага прагаворвання фразы часам з’яўляюцца дзіўныя вобразы, абрыўкі вершаў. Я завёў звычку запісваць рыфы або мелодыі, якія з’яўляюцца спантанна, цяпер у мяне ёсць ужо сотні, напэўна, кавалкаў песень, «рыб», схопленых тут жа. Я нават сёе-тое выкладваю ў Facebook. У прынцыпе, з гэтых эскізаў ужо можна было б альбом запісаць нейкі. І, магчыма, калі-небудзь да гэтага дойдзе.
Музычнае гета
– Піт, у цябе памяняліся арыенціры, а ўслед за імі музыка і тэксты. Як ты лічыш, ці прыме твая аўдыторыя гэты новы фармат?
– Калі становішся старэйшым, становішся больш дасканалым, і твая асоба можа цалкам памяняцца. Значыць, і музыка твая павінна мяняцца, а калі гэтага не адбываецца, значыць, ты не сталееш. Думаю, што прыме вельмі цёпла, але, як звычайна, павінны будзе прайсці нейкі час (смяецца).
«Многія прыхільнікі хацелі б бачыць гурт NRM нязменным, такім, як у дзяцінстве, калі ім усё яшчэ было б сямнаццаць гадоў»
– Гэты альбом выходзіць пад імем Піта Паўлава, а не NRM. Ці звязаны «рэбрэндынг» з тым, што «Д.П.Б.Ч.» атрымаў спачатку халодныя водгукі?
– Ну, па-першае, гэта не рэбрэндынг, а мая персанальная авантура. Па-другое, тут задзейнічаны прынцыпова іншыя музыкі. Па-трэцяе, мы тады адчулі, што хочам зрабіць музыку, больш шырокую стылістычна, больш складаную і больш падобную на заходнюю. Унутры ўсіх нас адбыліся змены, якія называюцца «сталенне» (смяецца). Было відавочна, што многія прыхільнікі хацелі б бачыць гурт NRM нязменным, такім, як у дзяцінстве, калі ім усё яшчэ было б сямнаццаць гадоў, яны ўсё яшчэ секліся б на мітынгах і каб іх любімая дзяўчына першы раз іх пацалавала. Таму мы, вядома, апынуліся з гэтым альбомам у складанай сітуацыі. Але альбом жа атрымаўся сапраўды класным (усміхаецца).
– Гэта значыць, на табе адбілася сітуацыя, аб’ектыўная для мясцовага шоу-бізнэсу, у якой заўсёды нейкі прадукт даходзіць да аўдыторыі і атрымлівае прызнанне з вялікім спазненнем?
– Так, непасрэдным чынам. У нас даволі моцнае гета, нягледзячы на наяўнасць інтэрнэту. Тады, пяць гадоў таму, мы рызыкнулі і зрабілі тую музыку, якая была непарыўна звязана з нашымі ўнутранымі адчуваннямі лакальнага кантэксту ўнутры глабальнага. І слухач зарэзаніраваў... але толькі праз пяць гадоў, калі наш альбом перастаў быць свежым, а нас захапілі ўжо новыя рэчы. Галоўная праблема, вядома, – гэта недахоп у нас у апошнія гады сапраўднай прафесійнай цэнтралізаванай музычнай прэсы, якая была б актуалізавана і на рэпартажы з канцэртаў маладых гуртоў, і рэцэнзавала б іх дэмазапісы, і своечасова анансавала бы выхад альбомаў ужо вядомых калектываў. З развіццём інтэрнэту ў пачатку нулявых адбыўся востры крызіс папяровай прэсы, і з прылаўкаў зніклі асноўныя музычныя выданні краіны, перш за ўсё «Музыкальная газета», якую чыталі, па-мойму, наогул усе. Інтэрнэт усё-ткі занадта сегментаваны, і гэта, з аднаго боку, спрашчае ўзаемадзеянне з ужо наяўнай аўдыторыяй, але адначасова і перашкаджае заваёўваць новую.
Да таго ж цяпер усе сталі жудаснымі хіпстарамі (смяецца). 1000 чалавек будуць стаяць і здымаць на айфоны твой канцэрт, але ты потым не толькі ні аднаго рэпартажу з канцэрта не прачытаеш, але і ніводнай фоткі ў інтэрнэце не ўбачыш.
– Твой новы альбом яшчэ складаней, чым «Д.П.Б.Ч.». Для каго тады ў гэтых умовах гета ён зроблены?
– Калі ў агульных рысах, то ён зроблены для людзей, якія шукаюць унутраную свабоду ад комплексаў, якія могуць глядзець і на сябе праўдзіва, і на іншых без ілюзорнага пачуцця перавагі або патрэбы падзяліць усё на чорнае і белае.
– Але такі шырокі погляд дапускае ўменне не паддавацца ідэалогіі, якая заўсёды лягчэй, чым праўда. Як чалавеку навучыцца знаходзіць праўду ў тыя моманты цемрашальства, калі навакольныя людзі губляюць здаровы сэнс і імі пачынае кіраваць калектыўная падсвядомасць?– Некаторыя, напрыклад, прапануюць звярнуцца да такіх фундаментальных прац, як фізіялогія Паўлава, квантавая фізіка і гэтак далей, але мне здаецца, што не абавязкова чытаць працы па квантавай фізіцы. Але, тым не менш, трэба ведаць, што ёсць канстанты ў свеце, а інтэрпрэтацыя фактаў – вечнае месца спекуляцый палітыкаў, піяр-менеджараў, жучар усялякіх. Акрамя ўсвядомленых і крытычных адносінаў няма іншага метаду. Атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, развіваць уяўленне, інтуіцыю і быць крытычным. А навакольным нагадваць аб іх разумнасці і чалавечнасці.
«Часта працэс нашай сутворчасці востры, напружаны і дынамічны і нагадвае спорт»
– Ты прыводзіў прыклады сваіх герояў, а ці можаш ты сказаць, хто твой антыгерой?
– Мой антыгерой – гэта любы сучасны функцыянер, бюракрат, чалавек, які дзейнічае толькі пад уздзеяннем пратаколаў. Гэта і еўрабюракрат, і беларускі бюракрат, і расійскі бюракрат, які выдумляе сабе мыліцы ў выглядзе нейкіх тэорый пра тое, як менавіта трэба жыць. Гэта для мяне антыгероі. Таму што яны могуць нават не заўважыць, як «удушаць» нейкіх іншых людзей. Самае жудаснае ў гэтым, што гэта зусім можа не быць іх мэтай, а яны проста могуць дзейнічаць, адцягнена ад рэальнасці выконваючы нейкія бюракратычныя працэдуры, ахвярамі якіх можам стаць мы ўсе.
«Мой антыгерой – гэта любы сучасны функцыянер, бюракрат, чалавек, які дзейнічае толькі пад уздзеяннем пратаколаў»
– Якія сёння твае «правілы жыцця» ў двух словах?
– Я не плыву ў мэйнстрыме, не падпарадкоўваюся ніякім інстытуцыям, дзейнічаю ў сваіх інтарэсах і інтарэсах сваіх блізкіх, жыву згодна са сваімі адчуваннямі.
Тэкст by Аляксандр Галецкі і Кацярына Стаброўская
Фота by Таня Капітонава
Бразільскі мастак з японскімі каранямі – пра вымярэнні мастацтва, прарочыя сны і шлях да прасвятлення.
Перакладчыца дапытвае аўтара: Адэля Дубавец гутарыць з Вітальдам Шаблоўскім пра выданне яго кніг у ЗША, бурчанне ў жываце ў палітычных лідараў і сакрэтную сілу Лукашэнкі.
Пра ўдзел у Vulica Brasil, фотапраекты, старыя і не вельмі, і пра тое, як кожны дзень знаходзіць новую pussy.
Вливаемся в этом со светлым миксом про надежду на доброе завтра.
Личные истории девушек, арестованных по статье 23.34.
Личные истории девушек, арестованных по статье 23.34.
КАМЕНТАРЫ (1)
Ух ты! очень интересная получилась история! Дайте же и альбом послушать