Вячаслаў Антоненка і Фёдар Ратнікаў
- 07.08.2019
- 4120
Распавядаем пра гомельскі «Рух дваровых гульняў», які ўласным прыкладам разбурае стэрэатып, быццам падлеткам 2010-х забамбіць сэлфак у інсту заўсёды цікавей за тое, каб пакідаць у двары мяч або лятучую талерку.
Героі:
Вячаслаў Антоненка
40 гадоў
педагог, дырэктар агульнаадукацыйнай школы, кіраўнік праекта.
Фёдар Ратнікаў
35 гадоў
інжынер-праекціроўшчык, каардынатар праекта па алцімат фрысбі.
Чым займаюцца: арганізуюць сумесны актыўны адпачынак дзяцей і бацькоў у дварах і на школьных пляцоўках. Ініцыятыва рэалізуецца грамадскім аб'яднаннем «Савет бацькоў горада Гомеля». У 2018 годзе «Рухам» праведзена больш за 230 мерапрыемстваў (турніраў, майстар-класаў, трэніровак) з удзелам больш за 1700 чалавек. Актыўныя кірункі: дваровы міні-футбол, стрытбол, алцімат фрысбі, варкаўт, хакей, лапта. Суполка ладзіць не толькі падлеткавыя спаборніцтвы, але і сямейныя фестывалі дваровых гульняў.
Як з'явіўся праект і куды ён рухаецца
Вячаслаў: Добра, калі ініцыятыва ёсць не толькі зверху, але і знізу. Адна справа, калі настаўнік збірае дзяцей і прапануе нешта зрабіць. Звычайна энтузіязму дзяцей хапае на адзін-два разы. Іншая справа, калі яны самі чагосьці хочуць.
У школе я працаваў не першы год, і дзеці добра мяне ведалі. Аднойчы падышлі і папрасілі арганізаваць спартыўны турнір па футболе – не на адзін раз, а каб серыя і на пастаяннай аснове. «Не пытанне», – адказаў я ім, і панеслася. Дзеці самі сабралі каманды – не толькі ўнутры школы, але і прывялі сяброў з суседніх. Вынік – 12 каманд, якія гулялі да канца навучальнага года. З 2007 года і па сённяшні дзень.
Усю лагістыку на сябе ўзялі дзеці – як навучэнцы, так і выпускнікі. Яны займаюцца прыёмам заявак, складаюць расклад, шукаюць спонсараў на чэмпіянаты (калі патрэбныя ўзнагароды, прызы), вядуць статыстыку і сочаць за сацыяльнымі сеткамі. І нават калі хтось знікаў, то на яго месца прыходзіў іншы і падхопліваў усё. Нашу лігу мы назвалі «Распалены асфальт». Два гады таму мы пазнаёміліся з Сяргеем Бычковым [заснавальнік праекта «ТатаЗала». – заўв. 34]. Я ведаў, што ёсць такі актыўны чалавек, чуў пра яго дзейнасць. У той момант ён якраз думаў пра новы праект. «А што тут думаць? Хай бацькі выходзяць гуляць з дзецьмі», – прапанаваў я. Сяргею гэтая ідэя спадабалася, і мы вырашылі паспрабаваць. Так нарадзіўся «Рух».
Футболам мы не абмежаваліся. Правялі «ТатаСплаў» – выйшлі за рамкі двара і арганізавалі сплаў па рацэ з вылазкай у лес на пару дзён. Сталі думаць, якія віды дваровых гульняў маглі быць цікавыя ўдзельнікам. У першым сезоне мы паспрабавалі футбол, выбівалы, стрытбол. Пазней з'явілася ідэя развіваць варкаўт, падцягнуць фрысбі – навамодныя, але не папулярныя ў нас віды спорту.
«Моладзь назірае і нават моцна не крыўдзіцца, калі ім прылятае дыскам па галаве»
Фёдар: Тры гады я актыўна захапляюся фрысбі. Спортам займаўся заўсёды, кожныя выходныя хадзіў з сябрамі гуляць у футбол, а потым знаёмы прапанаваў схадзіць на трэніроўку па алцімат фрысбі. Прыйшоў, аказалася прыкольна. Фрысбі – гэта наогул сумесь рэгбі, футбола, баскетбола.
Гуляў, сталі ездзіць на спаборніцтвы, а потым на нас выйшаў Сяргей Бычкоў. Прыйшоў да нас на трэніроўку і прапанаваў супрацоўніцтва. Мы былі не супраць – бо чым больш людзей, тым цікавей гуляць. Так нашу кампанію разбавілі дзеці і падлеткі, і стала ўсё значна весялей. Тым больш што від спорту для нашых краёў малавядомы, а так мы маем магчымасць пашырыць супольнасць.
Пакуль цёпла, мы з «Рухам» збіраемся на стадыёне школы. Паўдзельнічаць можа хто заўгодна, нават калі вы ўпершыню бачыце «лятаючую талерку». У групе «ВКонтакте» мы выкладваем расклад трэніровак, там людзі запісваюцца і прыходзяць. Першыя паўгадзіны паказваем асноўныя кідкі, тлумачым правілы, а затым у вольным тэмпе праходзіць турнір. Нярэдка дзеці прыходзяць да нас на трэніроўкі ў залу або на пляж. Усё бясплатна.
Летась мы з «Рухам» хадзілі па школах, праводзілі майстар-класы, дзецям падабалася. Некаторыя займаюцца з намі да гэтага часу. Калі ладзім турніры ў Гомелі, стараемся рабіць іх мікставымі – каб у камандах былі і дзяўчаты, і хлопцы. Часам да нас прыходзяць і парамі. Ёсць адна пара, якая падчас трэніровак увесь час сварыцца на тэму спорту, і гэта нядрэнна – на пляцоўцы ў іх эмацыйная разрадка, яны выпускаюць пар, а дома мір і спакой.
Пенсіянеры часта пытаюцца, што гэта такое. Не могуць паўтарыць слова «фрысбі». Моладзь назірае і нават моцна не крыўдзіцца, калі ім прылятае дыскам па галаве. Бывае, што бацькі з дзецьмі падыходзяць, мы дзелімся дыскамі, і дзяцей потым не адарваць.
«Калі кажуць, што займацца спортам дорага, я кажу, што гэта – бязглуздзіца. Схадзі хуткім крокам да працы – гэта ўжо кардыятрэніроўка»
Конкурсы, гранты, валанцёры
Вячаслаў: Конкурсаў праводзіцца шмат, і мы ў іх удзельнічаем. Так, выйгралі грант ад Еўрасаюза, Белмеда і ПРААН, пабудавалі новую спартыўную пляцоўку, на якой і праходзяць спаборніцтвы. Удзел у конкурсах дае нам бясцэнны вопыт, штуршок да руху і развіцця. Арганізацыі, якія дапамагаюць нам, таксама не прайграюць: яны атрымліваюць ідэі, якія могуць рэалізаваць у любой краіне, – каб змагацца з гіпадынаміяй, паслабленнем сувязяў унутры сям'і. Гэта рэальныя праблемы.
Не маючы ніякай спартыўнай базы, можна займаць людзей. Калі кажуць, што займацца спортам дорага, я кажу, што гэта – бязглуздзіца. Схадзі хуткім крокам да працы, падыміся па лесвіцы замест ліфта – гэта ўжо кардыятрэніроўка. Гэта ўсё бясплатна і дае вынік. Можна купіць дзве ракеткі і валанчык – па інтэнсіўнасці бадмінтон займае другое месца пасля хакея. Ёсць яшчэ мяч, ровар. Для ўсяго гэтага не патрэбна спартыўная зала і абанемент, і мы гэта даказалі. Падыдзе любая тэрыторыя вакол жылля.
Цяпер у нас вялікая супольнасць. З 12 каманд мы выраслі да 42. Гульцоў заўсёды хапае, але ёсць і база мадэратараў, каардынатараў – дарослых людзей, якія арганізоўваюць каманды, сочаць за ходам гульні і парадкам. Ёсць і валанцёры-медыкі, якія ў свой вольны час прыходзяць на поле, дыхаюць паветрам і заўзеюць за ўдзельнікаў.
Дарэчы, нецэнзурная лексіка падчас гульняў у нас забароненая. Мы сочым за гэтым і стараемся мяняць такі спосаб выражэння эмоцый. Вучым людзей гуляць шчыра, не наракаць на суддзяў.
Галоўная мэта – займацца чымсьці карысным. Не ляжаць на канапе, утыкаючы ў гаджэты. Развіваць чалавека, рабіць яго лепш. Сёння да нас прыходзіць падлетак, а потым ён аддасць сваё дзіця ў спартыўную секцыю. Скажа яму: «У тваім узросце я ніколі не сядзеў дома. Марш на вуліцу!»
Ёсць такія карцінкі: адна з 70-х, дзе маці цягне сваё дзіця за вуха з вуліцы – таму што яму ніякія ўрокі не патрэбныя, той шпацыруе днямі; а другая на новы манер – у 2019-м маці цягне дзіцяці на вуліцу, вырываючы ў яго планшэт. За паўстагоддзя свядомасць людзей кардынальна змянілася. Цяпер людзі разумеюць: для таго каб навучыцца ўзаемадзейнічаць з іншымі, развівацца фізічна – трэба гуляць на вуліцы. Сацыяльны басейн – гэта і ёсць двор, у які дзеці перасталі ныраць. А што да школы, то яна многіх навыкаў не дае.
Фёдар: Гэты варушняк у цэлым класны: спаборніцтвы, выезды, камунікацыя, новыя знаёмствы, развіццё. Ёсць адмысловы сайт з турнірамі: калі ты нешта арганізоўваеш, то выкладвай усю інфу – і адгукнуцца людзі. Паводле такога прынцыпу мы арганізоўваем міжнародныя турніры ў Гомелі, ездзяць да нас і ездзім мы.
Што будзе далей
Фёдар: Ёсць такая арганізацыя – БФЛД (Беларуская федэрацыя лятучых дыскаў). Сёлета зборная Беларусі ўпершыню была на чэмпіянаце Еўропы, гэта вялікі крок для нашай фрысбі-асацыяцыі. Хочацца развівацца, прыцягваць людзей, удзельнічаць у турнірах. Чым больш людзей, тым вышэй узровень і шанец на міжнароднай арэне заняць месцы. У мэтах – каб алцімат фрысбі прызналі ў Беларусі афіцыйным відам спорту.
Вячаслаў: Мы хочам, каб падобныя рухі былі хаця б у кожным абласным цэнтры. Каб інстытут спартыўнага валанцёрства набіраў абароты. У валанцёрстве рэалізуецца чалавечая патрэба ў прызнанні – людзі табе ўдзячныя, ты часта чуеш «дзякуй». Прызнанне ты не купіш за грошы, людзі ўсё адчуваюць.
«У валанцёрстве рэалізуецца чалавечая патрэба ў прызнанні – людзі табе ўдзячныя, ты часта чуеш “дзякуй”»
Мы ездзім на спаборніцтвы ў суседнія краіны і бачым: дваровага спорту яшчэ нідзе няма. Сочым па СМІ за тым, што адбываецца ў краіне. Калі раптам заўважаем, што нехта арганізоўвае нешта падобнае – клічам да сябе ў госці, прапануем абмяняцца вопытам, не супраць і самі з'ездзіць.
Ужо двойчы правялі гарадскі сямейны фестываль. Дарослыя прыходзяць у класікі гуляць, у гумку і выбівалы – каманда на каманду, сям'я супраць сям'і. Даем усім маршрутныя лісты, уключаем спаборніцкі момант – і ўсе шчаслівыя.
Што я ад гэтага атрымліваю? Мне падабаецца. Я пастаяў на вуліцы ў суботу, нешта арганізаваў, падлічыў – і людзям гэта прынесла радасць.
Фота: Настасся Давыдзенка