Сяргей Бычкоў
- 24.02.2017
- 3359
Што будзе, калі пакінуць дзяцей на суполку маладых тат, а жонак адпусціць займацца ёгай і глядзець новую выставу, якая адкрылася ў горадзе? Гомельскі актывіст Сяргей Бычкоў распавядае пра тое, што такое «ТатаЗала», як спартыўныя заняткі могуць дапамагчы наладжванню адносін унутры сям’і і дзе мужчыну падрыхтавацца да бацькоўства.
Чым займаюцца: арганізуюць вольны час бацькоў і дзяцей у спартыўных залах горада.
Дата заснавання: 2016 год.
З кім гутарым: Сяргей Бычкоў, 41 год, шматдзетны бацька, з адукацыі – настаўнік фізічнай культуры, цяпер – старшыня арганізацыі «Савет бацькаў Гомеля».
Сайт / VK / Instagram / YouTube / FB / OK
Арыгінальная дата публікацыі – 24.02.2017. Матэрыял публікуецца з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
«Ужо на першы занятак прыйшло 33 чалавекі!»
Гісторыя Сяргея
– Я шматдзетны бацька. Каля дзесяці гадоў таму стаў задавацца пытаннем: «Куды пайсці ў такую пару года, як цяпер?» На вуліцы дажджы, халодна, а дома надакучыла мазаікі складаць і ў машынкі гуляць. Так мы з дзецьмі прыйшлі ў спартзалу нашай школы.
Пазней я падумаў, што з гульняў у спартзале можна стварыць паўнавартасны праект. Вырашылі «патэсціць» і запрасілi да нас бацькаў з дзецьмі, якім гэта таксама магло быць цікава. Ужо на першы занятак прыйшло 33 чалавекі! Потым інфармацыя пра нас распаўсюдзілася, і ўсё – у наступны раз нас было 80.
«Пакуль тата займае дзяцей і праводзіць час у мужчынскай кампаніі, жанчына можа расслабіцца, заняцца сабой або сваёй любiмай справай»
Пра развіццё дзяцей і сям’і
– Гэта не проста гульні – для дзяцей гэта стартавая пляцоўка для развіцця. Многія з іх яшчэ не ходзяць у садок, але ўжо на ўсю моц актыўнічаюць і балбочуць на нашых занятках. Дзеці развіваюцца фізічна, ім ёсць куды выплюхнуць сваю энергію, яны ўдасканальваюць свае камунікатыўныя навыкі, узаемадзейнічаючы адно з адным. Акрамя таго, дзіцё бачыць перад сабой станоўчы прыклад: у яго фармуецца нармальная мадэль мужчынскiх паводзінаў і здаровага ладу жыцця.
Заняткі праходзяць у свабодным рэжыме, і іх нельга прыраўноўваць да якіх-небудзь трэніровак. Кожны можа займацца тым, што яму падабаецца. Часам мы гуляем у «гусі-лебедзі» – дзеці пішчаць ад радасці. Ёсць іншая зала, у якой ляжаць маты, – дзеці могуць там папоўзаць, паскакаць.
Самае малодшае дзіця прынеслі на занятак у слінгу – паўгадовую Каралiнку. Абяцалі яшчэ 3-месячную прынесці, але пакуль не дайшлі да нас.
«Тата-заняткі» паляпшаюць узаемаадносіны паміж мужам і жонкай і хатнюю атмасферу. Пакуль тата займае дзяцей і праводзіць час у мужчынскай кампаніі, жанчына можа расслабіцца, заняцца сабой або сваёй любiмай справай. Неяк хлопец у першы раз да нас прыйшоў з дзіцем, пару гадзін пабыў, а яму жонка тэлефануе: «Я ўжо манікюр зрабіла, у ваннай паляжала, чаю папіла – не ведаю, што яшчэ зрабіць».
Мы прынцыпова не запрашаем мам. З бацькамі малыя становяцца зусім іншымі: таты дазваляюць ім больш у плане актыўнасці. Часам такое твораць – сам дзіву даюся. Ды і быў вопыт, калі на занятак зазірнула адна з матуль і ў дзяцей пайшла ланцуговая рэакцыя: «А дзе мая мама?», «Я таксама на ручкі хачу» – імгненнем іх як падмянілі. Потым мужчыны тэлефанавалі і казалі: «Не-не-не, больш ніякіх жанчын у спартзале».
У нас добрая кампанія падабралася: мы ўсе вядзём здаровы лад жыцця, не п’ём і не палім. І па-за заламі праводзім час разам: выязджаем за горад, ладзім пікнікі, ходзім адзін да аднаго ў госці.
«Потым мужчыны тэлефанавалі і казалі: “Не-не-не, больш ніякіх жанчын у спартзале”»
Курс наперад
– Спартзаламі ўсё не абмяжоўваецца. У скарбонцы нашых праектаў ёсць «ТатаСплаў»: у 2016-м бацькі сплаўлялася з больш дарослымі дзецьмі па рацэ Сож.
Яшчэ адзін праект – «ТатаШкола»: там мы займаемся падрыхтоўкай мужчын да з’яўлення дзіцяці ў сям’і. На занятках дзелімся практычным вопытам, які ў нас маецца. Вядучы – адзін з бацькоў, у якога ўжо шэсць дзяцей. Я таксама вяду заняткі. Яны праходзяць цікава, таму што прыходзяць матываваныя хлопцы – ім праўда гэта важна, яны хочуць ведаць, як стаць лепей для сябе і сваёй сям’і.
Цяпер мы развіваем новы праект – рух дваровых гульняў. Нашай камандзе цікава, каб дзеці з бацькамі адрываліся ад гаджэтаў, выходзілі з кватэр і гулялі «ўжывую» ў сваіх дварах.
Мы ўжо правялі дваровы турнір па міні-футболе: прыехалі хлопцы і з раёнаў нашага горада, і з навакольных вёсак. За паспяховую гульню ўручылі ім падарункі, узнагародзілі медалямі. Таксама плануем адраджаць такія гульні, як «выбівалы», «лапта», «шчупаковы хвост».
«Нашай камандзе цікава, каб дзеці з бацькамі адрываліся ад гаджэтаў, выходзілі з кватэр і гулялі “ўжывую” ў сваіх дварах»
Пра Social Weekend
– 15 снежня 2016-га мы выйгралі конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, узялі гран-пры і атрымалі фінансаванне на распрацоўку праекта для Беларусі. Сутнасць заключаецца ў тым, каб як мага больш такіх спартыўных залаў працавала ў гарадах нашай краіны. Цяпер актыўна ажыццяўляем задуманае. «ТатаЗалы» ўжо з’явіліся ў Менску, Магілёве, Петрыкаве, Калінкавічах, Светлагорску, Рагачове, Мазыры, Пінску, Смаргоні. На сайце праекта ёсць алгарытм для тых, хто жадае адкрыць «ТатаЗалу» ў сваім горадзе.
Дзяўчаты ўжо пытаюцца, калі будзе «МамаЗала». Я адразу кажу, што гэта не маё, але я магу падказаць, як зрабіць. Сам не бяруся, таму што нельга ахапіць неабсяжнае.
Тэкст і фота by Настасся Давыдзенка