«Зрабіць беларускую мову папсовай»: інтэрв’ю з блогерам Ільём Шынкарэнкам
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 11.10.2024
- 2678
20-гадовы блогер Ілья Шынкарэнка – адзін з найбольш вядомых беларускамоўных тык-токераў: за ім сочыць больш за 92 тысячы профіляў. Табе, хутчэй за ўсё, трапляліся ў стужцы Ільёвы апытанкі мінакоў на Нямізе ці прынамсі «Падманула-падвяла» ў яго выкананні. Акрамя тык-току Ілья прысвячае час музыцы і вандроўкам па краіне, а яшчэ вядзе адукацыйныя курсы і часам зазірае ва ўніверсітэт. Мы пагутарылі з Ільём пра сэнсы, якія ён імкнецца данесці сваёй творчасцю, пра беларускамоўную медыяпрастору і прагалы сучаснай музычнай індустрыі.
Пра музычны стыль і арыенціры
– Улетку ты даваў сольны канцэрт у Музеі Якуба Коласа. Падзяліся адчуваннямі.
– Цудоўна, усё было крута.
– Ці супадаюць людзі, якія сочаць за тваім тык-токам, з тымі, хто прыйшлі паслухаць тваю музыку?
– Аўдыторыя ў тык-току значна шырэйшая. Здаецца, большасць жыхароў Беларусі, у якіх ёсць TikTok, штосьці ды бачылі. Але бываюць і выпадкі, калі людзі мяне ведаюць у першую чаргу не як блогера, а як музыку. Гуляў у Суле [парку сярэднявечнай гісторыі пад Менскам «Вялікае княства Сула». – заўв. 34] – супрацоўніца музея мяне пазнала: «Гэта вы Ілья Шынкарэнка? У вас класныя песні». Аказалася, яна тык-токам не карыстаецца, але песні ведае. Таму, напэўна, аўдыторыя не супадае, але перакрыжоўваецца.
– І атрымліваецца, што твая аўдыторыя не толькі падлеткі, моладзь, а і людзі больш сталыя?
– Моладзь складае большую яе частку, але слухаюць насамрэч усе, і глядзяць – таксама. Напрыклад, быў фестываль бліз Маладзечна, і я дужа здзівіўся, калі падыходзілі людзі ўзросту маіх бабулі і дзеда: «Ілья, мы вас ведаем. Можна сфоткацца? Як у вас справы?» Таму не сказаць, што толькі дзеці слухаюць і глядзяць. Кантэнт разнастайны, ён не накіраваны на пэўную аўдыторыю. Мемы, вядома, для падлеткаў, а якую-небудзь «Чарку на пасашок» глядзяць у тым ліку бабуля з дзедам. І гэта цудоўна.
«Падыходзілі людзі ўзросту маіх бабулі і дзеда: "Ілья, мы вас ведаем. Можна сфоткацца?"»
– Думаю, гэта кантэнт, які можа яднаць пакаленні: унукі скідваюць бабулям, а яны потым да цябе падыходзяць.
– Так, нярэдка расказвалі: «Сын падсадзіў, я тык-ток дужа не гляджу, але дзякуй».
– У тваіх трэках трапляюцца рэп-часткі. Не думаў неяк шчыльней паэксперыментаваць з жанрам?
– Гледзячы што мы маем на ўвазе пад «рэп-трэкам». У «Матыльку» большая частка напэўна ў рэпе. «Сняжынкай» таксама можна рэпам лічыць, але па стылістыцы ён больш падобны да «нойзаўскай» музыкі. У новым альбоме, які выйдзе вясной, таксама будуць падобныя кампазіцыі.
– А як ты акрэсліваеш свой музычны жанр?
– Поп. Інтэлектуальны поп. Не тупыя словы, якія паміж сабой зарыфмаваныя і накладзены на тры акорды. Чатыры акорды замест гэтага.
– Ці ёсць у цябе куміры ў музыцы?
– Прама куміраў няма. Я слухаю плюс-мінус усё, што выходзіць, – манітору абстаноўку. Шмат хто робіць добра, яшчэ больш робяць усякую лухту.
Можна сказаць, хто зрабіў для беларускай музыкі больш за ўсё: гэта «Песняры». Гэта першая беларуская музыка, якая пачала існаваць у новым фармаце: калі ты ўключаеш песню, запісаную на студыі, і пачынаеш яе слухаць. Па сённяшні дзень яны застаюцца нумар адзін па ўнёску ў культуру. Ніхто столькі не зрабіў для беларускай песеннай культуры, як «Песняры».
– А сучаснікі здолеюць наблізіцца?
– Праблема сучаснай беларускай музыкі, на мой погляд, у тым, што ў нас надта шмат падвальных рок-гуртоў, якія робяць музыку для людзей 2000-х. І пытанне не ў тым, што гэта музыка для людзей, чыя маладосць прыходзілася на 2000-я, а ў тым, што гэтыя рок-гурты не выраслі разам са сваім слухачом.
«У нас надта шмат падвальных рок-гуртоў, якія робяць музыку для людзей 2000-х»
Пра ідэі для відэа
– Ты вядзеш тык-ток-акаўнт два з паловай гады. Як змяніўся за гэты час твой кантэнт і ты сам?
– Калі я пачынаў весці тык-ток, мне было 17 з паловай. Цяпер мне 20. У такі перыяд жыццё змяняецца дастаткова моцна. Што тычыцца тык-току: спачатку я запісваў відэааповеды, потым перайшоў на мемы. Да таго як завёў тык-ток, я яго ўвогуле не любіў і не глядзеў. Потым трошкі ўліўся у сістэму: калі ты робіш тык-токі, трэба ведаць, што там здымаюць.
– Як прыдумляеш, пра што будзе наступнае відэа?
– Тут у мяне дастаткова вялікі «інструментарый»: розныя рубрыкі, розныя фарматы. Зыходзячы з гэтых фарматаў, прыходзіць нешта ў галаву. Альбо раімся з маім аператарам, брэйнштормім.
– Сюжэтная лінія відэа часта пабудаваная вакол стэрэатыпаў. Такая перабольшаная беларускасць: бульба, зубр, дранік, вышыванка. Што ты праз гэта транслюеш?
– Калі браць як прыклад відэа пад тую ж «Чарку на пасашок», то не тое каб канцэпцыяй было жаданне перадаць прататып нейкага беларуса. Гэта проста «папсовы» тык-ток. Калі я заводзіў акаўнт, маёй першаснай мэтай было зрабіць беларускую мову «папсовай», да чаго я імкнуся і цяпер. У «Чарцы на пасашок» выкарыстоўваецца ўсё беларускае: я ў вышыванцы, дзед з вусамі і брылём, бабуля разам з дзедам п’юць гарэлку. У гэтым і была адна з задумак: я ж не адзенуся пад гэтую песню як тыповы прадстаўнік Кастрычніцкай у клёш-джынсах і з блакітнымі валасамі.
«Я ж не адзенуся пад гэтую песню як тыповы прадстаўнік Кастрычніцкай у клёш-джынсах»
– Чаго не хапае беларускамоўнаму TikTok?
– Беларускамоўнаму тык-току не хапае людзей, якія б у гэтым сегменце нешта рабілі. Хаця і ёсць шмат беларускамоўных блогераў, у якіх больш за 10 тысяч падпісчыкаў, яны здымаюць на рэгулярнай аснове.
– Падзелішся сакрэтам свайго поспеху? Ці гэта ўсё алгартытмы?
– Сакрэт у тым, каб рабіць якаснае і рабіць з задавальненнем.
Пра вывучэнне беларускай мовы
– Як ты прыйшоў да беларускамоўнасці?
– У 17 гадоў я зацікавіўся беларускай мовай, беларускай тэматыкай і ўвогуле зразумеў, што калі я хачу атаясамліваць сябе з Беларуссю, лічыць сябе беларусам – то не магу не ведаць беларускай мовы. Так я пачаў яе вывучаць. Пачынаў з беларускамоўных ролікаў на ютубе на хуткасці 0,75, таму што на больш высокай хуткасці даводзілася ўслухоўвацца і я не разумеў, што адбываецца.
Калі праходзіш першы этап, адкуль засвоіш адсоткаў семдзесят лексікі, можна чытаць вершы. Гэта тая крыніца, дзе можна натрапіць на рэдка ўжываныя словы, якія ў штодзённай перадачы дакладна не пачуеш, а яны патрэбныя, каб лексікон не быў бедным. Пасля гэтага трэба пачынаць размаўляць. Бо калі даваць сабе час – «яшчэ трошкі падвучыць, яшчэ годзік», – то размаўляць не пачнеш.
На рускай мове я ўжо размаўляю не вельмі. Некаторыя словы забываюцца і дакладна перакласці іх немагчыма. Учора ў мяне быў стрым, дзе я спрабаваў размаўляць па-руску. І, напрыклад, я часта ўжываю «такога кшталту». На рускай гэта напэўна «такого типа» або «типа такого». Але ж па-руску так ніхто не кажа. Па-першае, гучыць запаволена, па-другое – ненатуральна.
– Як ты ставішся да выпраўленняў? Ці выпраўляеш сам? Ці выпраўляюць цябе?
– Я нікога не выпраўляю. І мяне таксама ніхто не выпраўляў. Напэўна таму, што тыя, з кім я размаўляў, не былі беларускамоўнымі, то-бок выпраўляць не было каму. Максімум, што я магу зрабіць, калі гэта сябар, блізкі чалавек, – нешта падказаць: накшталт «расказаць», а не «распавесці». І ён не пакрыўдзіцца, і я не адчую правіны. А так калі чалавек спрабуе размаўляць па-беларуску, то варта надаць яму матывацыі, а не выпраўляць, каб гэта не сыграла ў мінус і ён не расчараваўся.
«Калі чалавек спрабуе размаўляць па-беларуску, то варта надаць яму матывацыі, а не выпраўляць»
– Ты кажаш, што, калі ты пачынаў, у цябе не было беларускамоўнага асяроддзя. Як да тваёй беларускай мовы паставіліся сям’я і сябры?
– У сям’і ніколі не гаварылі «навошта табе гэта». Бліжэйшае асяроддзе таксама паставілася нармалёва. Максімум, што было, – гэта са смешнай інтанацыяй паўтараць беларускія словы, але не ў негатыўным плане, больш у такім рофельным.
Пра розныя заняткі
– Як ты сумяшчаеш усе свае заняткі. Ты ж яшчэ працуеш выкладчыкам у школе падрыхтоўкі да ЦТ?
– Больш не! Я свае курсы раблю. І мне больш падабаецца акрэсленне «асветнік», а не «выкладчык». «Асветнік» больш пантова. (Канешне, збольшага жартую.) Мае асноўныя заняткі – гэта блогерства, музыка і курсы. Ва ўніверсітэт я хаджу максімум некалькі разоў на месяц. Нейкіх хобі ў мяне няма, хобі перараслі ў прафесійную дзейнасць.
– Але ж ты шмат падарожнічаеш.
– Так, але і падарожжы з цягам часу перараслі ў частку блогерскай дзейнасці. Калі кудысьці едзеш, задумваешся, як лепей нешта паздымаць.
– Якія месцы падчас вандровак запалі ў у душу?
– Крутая панарама горада ў Горадні. А сёння ехаў з Магілёва ў Менск – бачыў прыгожы від на Шклоў праз хвоі. Быццам недзе ў Швейцарыі – «дзеравушка» сярод лесу.
– Менск у тваіх відэа – гэта звычайна Няміга. Нават мерч разам з LSTR зрабілі «На Нямізе».
– Ну на Нямізе ёсць на Нямізе. Сэрца Беларусі!
– Твая папулярнасць неяк змяніла тваё жыццё?
– Калісьці даводзіцца выходзіць у кепцы і худзі. А так – усе добра!
– Ці адчуваеш цяжар адказнасці за тое, што можаш сваёй творчасцю ўплываць на вялізную колькасць людзей?
– Я прасоўваю беларускую мову, любоў да Беларусі і беларушчыны, не прадаю БАДы ці яшчэ нешта такое. То-бок я ўплываю толькі станоўча. Нярэдка чую ўдзячнасць за тое, што нехта перайшоў на беларускую мову праз мяне.
Фота прадастаўленыя героем матэрыялу