Лекцыя дня: «ціхі» нонканфарміст Ізраіль Басаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.10.2024
- 1154
Мастацтвазнаўца і куратарка Кацярына Ізафатава запусціла аўтарскі ютуб-канал з размовамі пра мастацтва. Першай ластаўкай на ім стала лекцыя пра Ізраіля Басава «Прамудрасць збудавала сабе дом…».
На думку Кацярыны, словы з прытчы цара Саламона, вынесеныя ў загаловак, як найлепш сугучныя легендарнаму андэграўнднаму мастаку, які нарадзіўся ў эпоху жорсткіх стандартаў сацрэалізму, але да канца жыцця ўпарта і заўзята працягваў пісаць свае «невыставачныя палотны». У гады росквіту таленту Басаву не дазвалялі экспанавацца на радзіме, ён пісаў скаргі ў Мінкульт і зрэдку выстаўляўся ў Вільні і Кіеве. У вымушанай унутранай міграцыі Басаў пабудаваў унікальны мастацкі свет, у цэнтры якога знаходзіўся вобраз дома.
З лекцыі можна даведацца пра перыпетыі лёсу Ізраіля Басава, пабачыць сувязі яго арту з экзістэнцыялізмам і экспрэсіянізмам, наблізіцца да разумення індывідуальнай міфалогіі мастака. Таксама закранутая тэма «іншага», «неафіцыйнага» мастацтва Беларусі і таго, як Басаў паўплываў на творчыя высілкі «неафіцыйных» мастакоў 1980-х.