Як ты пачаў працаваць у сферы аховы навакольнага асяроддзя?
Я правёў дзяцінства на поўначы Аўстрыі, у даліне ракі, акружанай лясамі. Зыходнаю кропкай стаў фотаапарат, які я атрымаў падлеткам ад бацькі, – гэтак я пачаў вывучаць прыроду, гледзячы праз лінзу камеры. Пазней у Вене я тусаваўся са студэнтамі, якія бралі ўдзел у кампаніі для захавання альпійскай даліны ад будаўніцтва аўтастрады. Гэта прывяло мяне да Greenpeace. Там я працаваў з 1991-га да 2008 г. і шмат чаго даведаўся ад усіх гэтых натхняльных, бадзёрых, моцных, звар’яцелых і адначасова мудрых людзей – сваіх калегаў. Спачатку мая праца ў гэтай міжнароднай НДА канцэнтравалася на праектах у Аўстрыі ды рэгіёнах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, пазней – я ў асноўным браў удзел у працы найвышэйшага кіраўніцтва. Тамсама ў Вене я скончыў факультэт псіхалогіі, што дазволіла мне зразумець механізмы ўспрымання людзьмі экалагічных пагрозаў. Псіхалогія таксама карысная, каб патлумачыць сабе, як ствараюцца сацыяльны рух і рознага кшталту аб’яднанні ды як вырашаюцца праблемы.
А можаш прыгадаць самыя цікавыя кампаніі, якія ты рэалізоўваў?
На жаль, мая роля дырэктара камунікацыйных кампаніяў прадугледжвала працу ў офісе, а не на месцы. Так што большую частку часу я правёў у Амстэрдаме, Вене, Браціславе і Варшаве. Тым не менш, я ўзначальваў кампаніі для спынення высякання трапічных лясоў у Амазонцы, супраць скіду баку Brent Spar у Паўночнай Атлантыцы, для захавання дзікай арктычнай прыроды і спынення нафтавай прамысловасці на Алясцы і ў Сібіры ды праект супраць ядравых выпрабаванняў у Ціхаакіянскім рэгіёне. Гэта меншая частка працоўных праектаў, вядома.
«Мы стваралі лядоўні на сонечных батарэях, якія могуць працаваць у пустэльні цягам шматлікіх гадоў»
У 2009 г. я займаўся каардынацыяй нямецкага праекту пад назваю «Cонечны холад». Кажучы проста, мы стваралі лядоўні на сонечных батарэях, якія могуць працаваць у пустэльні цягам шматлікіх гадоў. Гэтая прылада карысная, напрыклад, у бедных афрыканскіх краінах, асабліва ў шпіталях для захоўвання лекаў. Мы з камандаю правялі пэўны час у даліне Мугуру, адным з найбяднейшых рэгіёнаў Кеніі, дзе шанцы на развіццё вельмі сумнеўныя – гэта быў інтэнсіўны і эмацыйна цяжкі перыяд для мяне.
Сярод самых цікавых кампаніяў, у якія я быў уцягнуты, – ініцыятыва грамадзянаў Аўстрыі супраць увозу і продажу генетычна мадыфікаваных арганізмаў. Мы дасягнулі 1,23 млн афіцыйна зарэгістраваных подпісаў, адбылося некалькі перамоваў з урадам – і Аўстрыя па-ранейшаму вольная ад ГМА.
Таксама былі акцыі на атамных рэактарах у Чэхіі, Славакіі ды Венгрыі супраць выкарыстоўвання атамнай энергетыкі ў будучыні ды міжнародныя кампаніі для захавання апошніх старажытных лясоў – у Фінляндыі, Канадзе, Інданезіі, Швецыі ды Бразіліі. У 2007–2008-ым я быў адказны за каардынацыю ды камунікацыю ў межах міжнароднай кампаніі «Грынпіс» супраць ГМА – таксама вельмі інтэнсіўная і натхняльная частка маёй кар’еры. У Беларусь я прыляцеў амаль адразу з востраву Барнэа, дзе займаўся фотадакументацыяй працы адмысловай школы для маленькіх сіротаў-арангутанаў. Там валанцёры вучаць жывёлінаў зноў лазіць па дрэвах і самастойна жыць у джунглях, якія паступова знішчаюць сусветныя карпарацыі дзеля пальмавага алею.
«Пры адпаведным маркетынгу прырода можа прыносіць прыбытак»
Чаму ты лічыш, што дзейнасць у некамерцыйных праектах можа прыносіць карысць?
Перш за ўсё, праца ў сектары аховы навакольнага асяроддзя – карысная не толькі для грамадства, але і для кожнага канкрэтнага чалавека: ты можаш рабіць нешта вельмі важнае для ўсяго чалавецтва і расці асабіста з этычнага пункту гледжання. Па-другое, калі мы не зоймемся пытаннямі змены клімату, ядравай пагрозы ды знішчэння экасістэмаў, дык пакінем фатальны галаўны боль сваім нашчадкам. Ці не турбуюць цябе навіны аб катаклізмах і эпідэміях? Мы будзем сутыкацца з усё больш і больш цяжкімі эканамічнымі, сацыяльнымі і медычнымі бедствамі, калі не зможам у найбліжэйшы час абмежаваць шкоду, якую наносім прыродзе, вынішчаючы лясы ды марскія экасістэмы. У адзін цудоўны дзень нам папросту не хопіць паветра. А таму зніжэнне негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе – адная з найбольш важных і актуальных задачаў, якія стаяць сёння перад чалавецтвам, апроч барацьбы з галечаю, няроўнасцю і несправядлівасцю.
А што наконт эканамічнага развіцця? Шматлікія скептыкі лічаць, што дзеянні эколагаў перашкаджаюць функцыянаванню гаспадарак і бізнесу.
Захаванне прыроды мае імгненны станоўчы ўплыў на эканоміку і людзей. Ахова натуральных лясоў і балотаў дапамагае ў захоўванні вады, неабходнай падчас засухі, а таксама ў вывадзе з яе таксічных рэчываў. Захаванне балотаў і рэк, а таксама прырэчных раёнаў некранутымі абмяжоўвае наступствы паводак у населеных пунктах. Дрэвы і лясы ў гарадах забяспечваюць кісларод і ствараюць цень у гарачае і сухое лета. Гучыць банальна? Але ж праблема актуальная: шмат якія гарады Еўропы цяпер распрацоўваюць стратэгіі прыстасавання да змянення клімату, у асаблівасці да ўзмацнення сухіх і гарачых перыядаў увесну і ўлетку.
Ахоўныя прыродныя тэрыторыі могуць падтрымліваць і мясцовую эканоміку, бо яны вельмі прывабныя для турыстаў. Гэткім чынам, пры адпаведным маркетынгу прырода можа прыносіць прыбытак, але трэба памятаць, што заказнікі мусяць быць толькі часткова даступныя – рух наведнікаў трэба абмяжоўваць сцежкамі. Я таксама ўпэўнены, што шмат якія жыхары планеты проста ганарацца «сваймі» прыроднымі скарбамі – гэтак некранутая прырода можа падтрымліваць ідэнтыфікацыю нацыі з рэгіёнам і канструяваць канцэпт «Радзіма».
А наколькі ў цябе самога экалагічны лад жыцця?
Я амаль заўсёды езджу на ровары, а калі гэта немагчыма, – на цягніку ці аўтобусам. У асноўным я не ем мяса, а калі ўсё ж здараецца, купляю арганічнае – яно даступнае ў Аўстрыі нават у супермаркетах, а гэта вялікі крок наперад таксама і для фермераў. Апроч таго, я падтрымліваю некалькі экалагічных ініцыятываў і кампаніяў кансультацыямі ды ўдзелам. Як журналіст і аўтар кнігі пра першабытныя лясы я стараюся развіваць экалагічную свядомасць у грамадстве – сярод іншага, разам з сябрамі абараняю ўнікальны для Еўропы старажытны лес у Румыніі.
«Я ўпэўнены, што сонечная энергія – ключ да энергіі будучыні»
Якія экалагічныя звычкі маглі б палепшыць выгляд Менску?
Гледзячы на шырокія менскія праспекты я, вядома, думаў пра пешаходаў і раварыстаў. Еўрапейскія гарады становяцца больш арыентаваныя на добрыя ўмовы для ўсіх людзей, а не толькі для аўтамабілістаў. Варта абмяжоўваць рост аўтамабільнага руху і рабіць ровары ды грамадскі транспарт больш прываблівымі для жыхароў. Гэта перш за ўсё зніжае шум, забруджванне паветра і небяспеку на вуліцах, а ў перспектыве значна паляпшае якасць жыцця. Таксама памятаем пра дрэвы, пра кісларод. У зялёным горадзе менш пылу, больш ценю ў гарачы час, у якім могуць схавацца і пажылыя людзі, і маленькія дзеці.
Думаючы пра глабальны кантэкст, варта ўзгадаць праблему выкарыстання энергарэсурсаў. Дзіўна, што ў Беларусі, дзе наступствы чарнобыльскай трагедыі мелі велічэзныя маштабы, будуюць атамную станцыю. Падвышаную радыеактыўнасць дагэтуль можна выявіць у Аўстрыі, а мая краіна не пацярпела ад аварыі так моцна, як Беларусь. Я ўпэўнены, што сонечная энергія – ключ да энергіі будучыні: яна экалагічная і можа вырабляцца дэцэнтралізавана, а з павелічэннем маштабаў вытворчасці напэўна стане таннейшая. Пытанне толькі ў гатовасці грамадства інвеставаць ва ўласную бяспечную будучыню.
Фота з кнігі Матыяса Шыкхофэра «Нашыя джунглі» і асабістага архіва героя
Гутарым з украінскім квір-мастаком Анатолем Бяловым пра тое, як зняць оргію ў кіно і што дае права на памылку ў творчасці.
Беларускі рэстаратар – пра новыя кавярні ў Маскве і Менску і берасцейскія звычкі есці дома.
Галандскі журналіст Крысціян Трыберт – пра тое, як правесці ваеннае расследаванне на аснове адкрытых дадзеных і як правяраць факты ў эпоху постпраўды.
Як уладкаваны беларускі фестываль стрытфуду, якія цяпер сусветныя гастра-трэнды і навошта рабіць Stereo Weekend – распавядае заснавальнік «вуліцы ежы».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.