Аляксей Чаранкевіч
- 27.12.2019
- 6717
34 пільна сочыць за пазапрацоўнай дзейнасцю класнага дызайнера Аляксея Чаранкевіча: летась мы пісалі пра падборку галоўных трэкаў незалежнай Беларусі, гэтай восенню Аляксей запусціў «партызанскі навігатар» па аўдыякніжках на мове. Але гэта яшчэ не ўсё, што ён зрабіў пад лэйбай letapis.by (і далей, упэўненыя, зробіць яшчэ больш). Вырашылі запоўніць белую пляму несправядлівасці і распавесці пра ўсю платформу агулам – ад першай асобы.
Рэсурс: Letapis.by – платформа, дзе на сённяшні дзень прадстаўленыя чатыры праекты пра беларускае мінулае і сучаснасць. Тут можна вывучаць родную гісторыю, знаходзіць аўдыякніжкі беларускіх аўтараў, слухаць хіты незалежнай Беларусі – карацей, усебакова любіць сваё.
Герой: Аляксей Чаранкевіч, 31 год, дызайнер інтэрфейсаў. Нарадзіўся ў Рагачове. Вучыўся ў Гомельскім ДТУ імя П.В. Сухога. Цяпер працуе ў кампаніі «Яндекс. Беларусь».
Сайт Facebook Блог Аляксея Чаранкевіча
Пра «Мапу станаўлення Беларусі»
– Гадоў сем таму я падумаў, што было б выдатна асвяжыць веды па гісторыі Беларусі. Пад руку трапілася кніга Уладзіміра Арлова «Ілюстраваная гісторыя. Краіна Беларусь». Я пачаў яе чытаць свежым поглядам, а не школьным ці студэнцкім, і ўбачыў у гісторыі не толькі вайну і рэвалюцыю, пра якія нам увесь час кажуць у школе, а тое, наколькі яна багатая. Мне здавалася, што ў маім атачэнні існавала думка, маўляў, класная гісторыя – гэта ў Францыі, ЗША, Расіі, а ў нас усё нудна. Вырашыў, што нашу гісторыю можна прэзентаваць больш годна, а не так, як пра яе расказвалі ў мае школьныя гады.
Я працую дызайнерам, так што для мяне гэта ператварылася ў класнае дызайнерскае заданне – візуалізаваць гісторыю Беларусі, зрабіць цікавы і прывабны звонку праект.
Спачатку я хацеў надрукаваць мапу, але на этапе эскізаў зразумеў: папера не дасць мне той свабоды, якую можа даць экран. Тым больш што інтэрфейсны дызайн – менавіта тая дысцыпліна, у якой я працую. Забіў на ідэю з плакатам, прыдумаў і звярстаў вэб-версію, а калегі дапамаглі давесці ўсё да ладу – там было праграмаванне, якое мне не пад сілу. Знаёмая з іншай IT-кампаніі дапамагла перакласці праект на англійскую мову, падкарэктавала беларускую і рускую версіі, і мы запусціліся.
«Хацелася зрабіць праект як мага далейшым ад палітыкі, хоць гэта, калі гутарка пра гісторыю, не заўсёды магчыма»
Вельмі турбаваўся наконт крыніц. Хацелася зрабіць праект як мага далейшым ад палітыкі, хоць гэта, калі гутарка пра гісторыю, не заўсёды магчыма. Таму прыдумаў адзін крытэрый: ёсць адкрытыя крыніцы накшталт Вікіпедыі, ёсць агульнавядомыя факты, давайце імі кіравацца і не залазіць у нетры. Праўда, тут таксама ёсць ментальная пастка, бо як зразумець, што скарыстаць, а што апусціць? Але, паколькі гэты праект аўтарскі, я дазволіў сабе рабіць выбар самастойна і ўстаўляць у яго тыя дадзеныя, якія палічыў патрэбнымі.
Думаю, нейтральнасць можна ацаніць па водгуках: я не атрымліваў у якасці фідбэку абвінавачанняў у нацыяналізме ці ў тым, што я ватнік. Была літаральна пара лістоў з Літвы ў духу «вы што там у сябе, афігелі?». Я не першы чалавек, хто нарываецца на канфлікт інтарэсаў паміж дзвюма краінамі, і я разумеў, што такое будзе. Здзівіўся, што такіх лістоў было мала.
Мы зрабілі «Мапу» без адзінага рубля. Бліжэй да рэлізу ў нас з'явілася ідэя: чаму б не размясціць тут якую рэкламу і не зарабіць трохі грошай? Пачалі прапрацоўваць розныя варыянты, спрабавалі заходзіць у алкагольныя брэнды. Так супала, што быў канец года і рэкламныя бюджэты брэндаў ці скончыліся, ці былі распісаныя да канца года. Нам не пашчасціла, але ў нейкі момант я зразумеў, што так нават лепш. Хацелася запусціць праект у тым выглядзе, як ён задумваўся, а рэклама запатрабавала б рэдактуры і перакручвання ідэі.
Я адкрыты да таго, каб перакладаць праект на іншыя мовы, вывесіў у сябе на Facebook запрашэнне да людзей прыходзіць і дапамагаць. У выніку ў нас ёсць версіі, здаецца, на 10 мовах, улічваючы беларускую лацінку. Навошта яна патрэбная? Вельмі люблю беларускую лацінку і як носьбіт мовы, і чалавек, які па прафесіі звязаны з літарамі. Таму ўсяляк за яе таплю. А паколькі сам праект пра гісторыю, лацінка ў ім вельмі дарэчная. Да мяне паступіла прапанова зрабіць версію на лацінцы, і я не змог адмовіцца.
«Я не атрымліваў у якасці фідбэку абвінавачанняў у нацыяналізме ці ў тым, што я ватнік»
Праект атрымаў нядрэнны рэзананс, які заахвоціў мяне працягваць нешта рабіць. Я вярнуўся да ідэі звярстаць папяровую версію карты, недзе за паўгода ўсё гэта намаляваў, і ў выніку мы выпусцілі плакат разам з крамай адзення LSTR. Ён дагэтуль там прадаецца.
Я прыходзіў з плакатам у Міністэрства адукацыі. Расказваў ім, што было б выдатна павесіць яго ў кожнай школе, для такой справы нескладана знайсці спонсараў. Пагутарыў там з чулымі людзьмі, якія мне растлумачылі, як усё ўладкавана. Трэба знайсці рэцэнзента, потым доўга рэцэнзаваць, перавёрстваць, уносіць праўкі… У мяне няма столькі вольнага часу, вырашыў пакуль адкласці гэту ідэю.
Было б клёва надрукаваць «Мапу» вялікім фарматам і павесіць дзесьці ў горадзе, напрыклад, на прыпынках. Але без рэцэнзіі гэта немагчыма. Увогуле мне не шкада аддаць зыходнік плаката, калі да мяне прыйдуць з класнай ідэяй пра тое, як пусціць плакат у масы.
«Мне не шкада аддаць зыходнік плаката, калі да мяне прыйдуць з класнай ідэяй пра тое, як пусціць плакат у масы»
Пра «60 беларускіх хітоў сучаснасці»
– Неяк я заслухаўся беларускай музыкай і зразумеў: блін, гэта наступная штука, пра якую я хачу расказваць. Доўга выношваў ідэю, думаў, як гэта зрабіць. А потым пазнаёміўся з Сяргеем Будкіным, галоўрэдам Tuzinfm.by і Belsat Music Live, абмеркаваў з ім новы праект, які тады разумеў максімальна абстрактна. Дамовіліся як-небудзь сустрэцца і папрацаваць.
Больш за ўсё бянтэжыў выбар музыкі. Як зразумець, што важна і пра што варта расказаць? Мог распавядаць пра Akute, «Палац», «Краму» і Вольскага, але тады праект упёрся б у асабіста мае перавагі. Яшчэ палохаў фармат: што я панабіраюся адвагі камусьці нешта раіць. А потым я перафармуляваў ідэю – проста кожны чалавек у свеце можа скласці плэйліст сваіх улюбёных песень і расшарыць яго, і нічога яму за гэта не будзе.
Звязаўся з Сяргеем, пачалі думаць, як зрабіць усё максімальна слушна. Гэта было летам мінулага года, а ўзімку сайту Tuzinfm.by павінна было споўніцца 15 гадоў. На сайце ёсць чарт, і атрымліваецца, што мы валодаем сапраўдным зборным чартам незалежнай беларускай музыкі за 15 гадоў. Мы ўзялі 45 песень з усяго чарту за 15 гадоў, але зразумелі, што гэта занадта кароткі тэрмін. Як жа без «Трох чарапах» ці ранняй «Крамы»? Так што асабіста ад сябе мы акуратна дадалі 15 песень за папярэднія 15 гадоў, і атрымаўся адрэзак у 30 гадоў, што супадае з гісторыяй незалежнай Беларусі. Выглядала ўсё класна. Сяргей складаў плэйліст і апісанне кожнай песні, я займаўся сайтам, і амаль год таму мы запусцілі гэты праект.
Я не маркетолаг, і ў плане маркетынгу магу кіравацца толькі інтуіцыяй, нейкім асабістым досведам, метрыкамі. Імкнуся рабіць так, як лічу патрэбным, хоць мы і кансультуемся з дасведчанымі людзьмі перад запускам кожнага праекта. Калі мы зрабілі «Мапу», думалі так: збярэ 100 лайкаў – і нармальна. А яна сабрала тысячы лайкаў і рэпостаў.
У мяне ёсць асноўная праца, якой аддаю вялікую частку дня, праектамі я займаюся ў вольны час. У кожнага чалавека цягам дня ёсць шмат часовых адкідаў – там 5 хвілін, тут 10, бывае, і паўдня вызваляецца. Мне нескладана ў такія моманты адкрыць ноўтбук і зрабіць нейкае простае заданне па праектах, таму што ўсе складаныя заданні можна пабіць на простыя.
Пра «Беларускую літаратуру ў аўдыякнігах»
– Спачатку была думка зрабіць нешта іншае. Я ездзіў да бацькоў і там па «Беларусь 3» пабачыў перадачу, прысвечаную народным казкам. Жанчына, якая там выступала, выказала думку, што сучасныя дзеці могуць назваць пяць рускіх казак, калі іх папрасіць, і з вялікімі намаганнямі – хаця б адну беларускую. Мяне зачапіла гэтая ідэя. Падумаў, што нашы народныя казкі сапраўды неяк забыліся і гэта тая праблема, якую мог бы вырашаць адзін з праектаў letapis.by. Яна ўпісваецца ў нашу місію.
Я выказаў сваю ідэю знаёмай ілюстратарцы, і тут цягам тыдня выходзіць найцудоўнейшы праект – праграма, дзе беларускія казкі чытае Алег Хаменка. Калі Алег Хаменка чытае казкі, мне там рабіць ужо няма чаго.
Некалькі месяцаў хадзіў з думкай, што ўсё ж такі хачу нешта здзейсніць па беларускай літаратуры, бо адкрыў для сябе скрыню Пандоры. І тут у верасні заходжу ў Facebook і бачу навіну: Міністэрства інфармацыі выклала ў вольны доступ больш за сотню аўдыякніжак беларускіх пісьменнікаў. Гэта вельмі шчодры жэст з іх боку, і там выдатная якасць запісу, але той факт, што ўсё неяк хаатычна выкладзена ў выглядзе папкі на Google Drive, крыху прымяншае вартасць жэсту. Праз дзень вы ўжо забудзецеся, як знайсці патрэбную аўдыякніжку. Да таго ж, наколькі я ведаю, усё гэта не індэксуецца пошукавікамі. Дый наогул такі архіў выглядае неяк недастойна, там былі хібы ў назвах кніг і аўтараў. У ідэале для аўдыякніжак трэба адмысловае афармленне: з вокладкай, мета-інфармацыяй і разметкай частак.
«Сучасныя дзеці могуць назваць пяць рускіх казак, калі іх папрасіць, і з вялікімі намаганнямі – хаця б адну беларускую»
Як толькі я ўбачыў той пост, у мяне зачасаліся рукі. Сам вельмі люблю аўдыякніжкі, таму быў гатовы бескарысліва і ў свой асабісты час усё гэта сістэматызаваць: аформіць навігацыю па кнігах, зрабіць для іх вокладкі. Адразу ж напісаў ліст у міністэрства і сеў чакаць адказ. Разумеў, што наўрад ці на мяне адрэагуюць, бо там занятыя людзі, дый мая прапанова выглядае досыць дзіўна: маўляў, мужык хоча забраць усю славу за чужы праект. Таму я прыдумаў план Б: размясціў у сябе на старонцы навігатар па аўдыякніжках – lit.letapis.by запомніць лягчэй, чым адрас у папцы Google Drive, гэты сайт праіндэксаваны пошукавікамі, і на ім можна лёгка знайсці патрэбную кнігу. Каб не парушаць аўтарскія правы, я не захоўваю ў сябе ніводны файл. Калі вы абіраеце кнігу, то проста пераходзьце па спасылцы ў папку з кнігай на Google Drive Мінінфарма.
Пазней дадаліся спасылкі на кнігі з яшчэ двух рэсурсаў: «Радыё Свабода» і Knihi.com. Ёсць шмат іншых добрых кніг, але пакуль яны не зусім падыходзяць па якасці. Магчыма, у наступнай версіі атрымаецца іх дадаць.
Дарэчы, Міністэрства інфармацыі так і не адказала на мой ліст, але рэтвітнула мой твіт.
«Вельмі люблю беларускую лацінку і як носьбіт мовы, і чалавек, які па прафесіі звязаны з літарамі»
Пра фідбэк
– Калі казаць пра фідбэк агулам, галоўным чынам пішуць па нядаўнім праекце, хоць ёсць каменты і па астатніх. Прыкладам, летам мне напісалі з Лідскага замка. Яны адкрывалі новую экспазіцыю ў адной з веж і хацелі павесіць там велізарны сэнсарны экран, на які была б выведзеная «Мапа». Ідэя настолькі суперская, што цяжка было ў яе паверыць – да гэтага ў мяне не атрымлівалася калабарацый з дзяржаўнымі ўстановамі.
Дамовіліся вярнуцца да ідэі ў жніўні. Калі яны мне паўторна напісалі, зразумеў, што людзі сур'ёзна настроеныя і наагул гэта крутыя рабяты. Яны купілі класны дэвайс. Калі я прыехаў, то зразумеў, што мне нават не трэба нічога рабіць: супрацоўнікі Лідскага замка самі ўсе ўсталявалі. Атрымалася выдатна. У мяне нават ёсць фота, дзе пасол Польшчы ў Беларусі скануе QR-код «Мапы».
Быў яшчэ мілы выпадак. «Мапу» знайшла нейкая жанчына з ЗША, бабуля і дзядуля якой былі выхадцамі з Беларусі. Яна ўбачыла праект і заліпла, бо раней яна амаль нічога не ведала пра Беларусь і пра тое, што гэта краіна з такой насычанай гісторыяй. У нас з ёй здарылася невялікая перапіска, і жанчына мне выслала сканы дакументаў па набыцці грамадзянства яе бабулі і дзядулі. Папрасіла дапамогі, каб знайсці пазначаныя ў дакументах тапонімы, і я падказаў ёй, пра што гаворка.
90% фідбэку – гэта праўкі і дадаткі. Але аднойчы напісаў нейкі чалавек, які папракаў мяне: «Відавочна, што вы топіце супраць інтэграцыі з Расіяй!» Нічога яму не адказаў. Бываюць такія лісты, дзе мяне лаюць, што я не хачу інтэгравацца з Расіяй. Так, не хачу.
Фота: Віялета Саўчыц