Куды схадзіць у Менску ў траўні?
- 03.05.2019
- 6283
Травень не канчаецца шашлыком і салютам: падказваем, як правесці апошні месяц вясны з толкам для тваёй складанай душы.
Калі: 4 траўня, 12:00
Дзе: прастора «Другі паверх» (пр. Машэрава, 9, корпус 8)
Кошт: ад 15 BYN
Калі хочаш паспрабаваць сябе ў ролевых гульнях (live action role-playing game), прыгледзься да гэтага івэнту: тут зможаш пераўвасобіцца ў іншага персанажа, даведацца пра свежыя навіны са свету ларп-руху і як след пакапацца ў сваёй асобе.
Калі: 5 траўня, 23:00
Дзе: прастора «Ok16» (вул. Кастрычніцкая, 16)
Кошт: з рэпостам – 5 BYN, без – 10 BYN
Дыджэі Aslamin, Maklai, キパ, D Bison, RedCatz, HollyMolly ды EluYenich выдадуць саўндтрэкі для годных кунаіці і самураяў. Гэта наступная вечарына ў серыі японскіх тусічаў. Першая адбылася ў канцы сакавіка і выглядала гэта вось так. Рыхтуй свае кімано!
Калі: 5 траўня, 18:00
Дзе: лакацыю табе раскрыюць пасля рэгістрацыі
Кошт: free
Фестываль DOTYK запускае цыкл лекцый, прысвечаных квір-канцэпцыі. На першай сустрэчы раскажуць, што азначае слова «квір», пашукаюць натхняльныя квір-практыкі і паспрабуюць раскрыць патэнцыял гэтай з'явы. Весці івэнт будзе Тоні Лашдэн – беларуск_ая інтэрсекцыйн_ая фемініст_ка, пісьменні_ца і журналіст_ка. Вось тут пачытай камент лектар_кі пра тое, чаго ад мерапрыемства чакаць.
Калі: 6 траўня, 19:00
Дзе: клуб Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)
Кошт: 40–140 BYN
Відэаблогер Алішэр Моргенштэрн вырашыў узяцца за музыку і беларусаў: у студзені ютубер выпусціў сумесны трэк з Алегам ЛСП, а ў траўні вырашыў прыкаціць да нас у рамках туру «Goodbye». Паслухай апошнія рэлізы артыста і прыходзь зацаніць, як гучыць мемасны рэп у лайве.
Калі: 10 траўня, 18:30
Дзе: кінатэатр «Мір» (вул. Казлова, 4а)
Кошт: 7 BYN
10 траўня стартуе пяты фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Перш-наперш мы рэкамендуем патрапіць на паказ грэнландскага фільма «Аноры», які прадставіць выканаўца галоўнай ролі і па сумяшчальніцтве ўладальніца тытулу Міс Грэнландыя. А далей ужо глядзі наш гайд, абірай кіно на свой густ і атрымлівай асалоду ад раскошнай паўночнай эстэтыкі. На фэсце запланаваныя таксама рэтраспектывы, варкшопы, лекцыі і забаўкі для самых малых.
Калі: 10 траўня, 19:00
Дзе: клуб Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)
Кошт: 25–30 BYN
Берасцейскія панкі вяртаюцца на сцэну Re:Public са сваімі лепшымі трэкамі. У якасці падрыхтоўкі чытні наша інтэрв'ю з фронтмэнам групы і пагартай кодэкс добрапрыстойнага слэмшчыка.
Калі: 11 траўня, 23:00
Дзе: прастора «Ok16» (вул. Кастрычніцкая, 16)
Кошт: да 4 траўня – 10 BYN, да 10 траўня – 15 BYN, у дзень івэнту – 20 BYN
Пляцоўка вечарынкі раскінецца на чатыры танцполы, якія ўзначаляць тусоўкі «Сияние», «1-2-3-4», PANICA і KILLA. За дыджэйскімі пультамі паспеюць пабываць дваццаць дыджэяў. Візуальным афармленнем фестывалю зоймуцца 375 designers, Andy Rock, Ultravisualgang і Blackout Studio: будзе не толькі гучна, але і сакавіта.
Калі: 14 траўня, 19:00
Дзе: культ. цэнтр «Корпус» (пр. Машэрава, 9, корпус 8)
Кошт: 15 BYN (можна ўзяць групавы на 5 чалавек за 40 BYN)
На лекцыі Цэнтра экалагічных рашэнняў табе раскажуць, ці існуюць у рэальнасці біяраскладальныя пакеты, ці патрэбны Менску смеццеспальвальны завод і чаму папяровыя кубачкі – гэта не экалагічна. Грошы, сабраныя з івэнту, пойдуць на развіццё анлайн-часопіса Ecoidea.by і розныя экалагічныя ініцыятывы.
Калі: 18 траўня, 12:00
Дзе: Парк Перамогі
Кошт: free
Скрозь Менск ужо ў пяты раз пранясецца арда раварыстаў, разадзетых у касцюмы рознай ступені імпазантнасці і вынаходлівасці. Завершыцца велакарнавал конкурсамі і музыкай.
АЛЯКСЕЙ ПЫЛЬНАЯ РАДУГА РУМЯНЦАЎ
Калі: 18 траўня, 20:00
Дзе: Graffiti Bar & Club (зав. Калініна, 16)
Кошт: 30–35 BYN
Лідар групы «Пионерлагерь Пыльная Радуга» вяртаецца ў Менск з акустычнай праграмай. Дарэчы, зараз музыка запісвае другі акустычны альбом: падтрымаць праект можна тут.
Калі: 18 траўня, 23:00
Дзе: клуб Hide (вул. Кастрычніцкая, 19)
Кошт: сачы за інфой на FB
Саўнд на юбілейнай «Мечте» забяспечаць музыканты з ЗША, Расіі і Беларусі. Каб падрыхтавацца да таго, што адбудзецца на гэтым рэйве, і падабраць адпаведную падзеі кашулю, зацані рэпорт з папярэдняй тусы.
Калі: 22 траўня, 20:00
Дзе: клуб Prime Hall (пр. Пераможцаў, 65)
Кошт: 85–130 BYN
«Сплин» вязуць у Менск сваю пятнаццатую плытку «Встречная полоса». Але мы ведаем, што ты пойдзеш на гэты канцэрт дзеля трэкаў пра келіх віна, які падае з рук у разгар весялосці, і пра тое, як сесія ратуе ад жадання залезці ў пятлю.
Фота: daryabrr