Што глядзець на «Паўночным ззянні – 2019»?

  • 30.04.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 6404

З 10 па 17 траўня ў Менску зноў адбудзецца фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». 34mag пашуршаў па праграме і спрасціў табе жыццё: чытай, як карыстацца фэстам у адпаведнасці з тваімі перавагамі.

 

 План 1. Для тых, хто шукае нешта гучнае 

 

«Аноры»

рэжысёрка Піпалук К. Ёргенсан

 

 

Наўрад ці ты калісьці бачыў(-ла) фільм, які знялі ў Грэнландыі. Дадае эксклюзіўнасці і той факт, што гэта першы грэнландскі поўнаметражны фільм, сцэнарысткай, прадзюсаркай і рэжысёркай якога стала жанчына. У кадры – шмат-шмат-шмат снегу, калі ты раптам паспеў(-ла) па ім засумаваць.

Мае сэнс таксама зарэгістравацца на сустрэчу з выканаўцай галоўнай ролі (а па сумяшчальніцтве Міс Грэнландыяй – 1990) Нукакай Костэр-Вальдаў.

 

 

«Мая бабуля з Марса»

рэжысёр Аляксандр Міхалковіч

 

 

Тут не пра далёкіх паўночных людзей, а блізкая да цела кашуля. Гэта фільм беларускага дакументаліста пра яго бабулю, якая на пенсіі апынулася ў анэксаваным Крыме. Гучны геатэг прадказальна выбухнуў скандалам: фільм не прапусцілі ў праграму леташняга кінафестывалю «Лістапад». У выніку «Бабуля» паспяхова пракацілася па еўрапейскіх фестывалях і нарэшце едзе да нас.

 

 

«Жанчына абвяшчае вайну»

рэжысёр Бенедыкт Эрлінгсан

 

 

Фільм адхапіў галоўны прыз у праграме «Тыдня крытыкі» ў Канах – 2018, таму ўжо варты тваёй увагі. Да таго ж сюжэт разгортваецца на фоне ісландскіх пейзажаў, а гэта заўсёды +1 да глядзельнасці любой гісторыі.

 

 

Майстар-клас «Як весці оскараўскую кампанію і колькі гэта каштуе?»

Эстонскі прадзюсар, які за што ні возьмецца, тое прэтэндуе на «Оскар» ці хоць бы «Залаты Глобус», раскажа, ці рэальна канкураваць нацыянальнаму кіно з галівудскім і якіх намаганняў (і бабла) гэта каштуе. Цікава!

Рэтраспектыва і варкшоп Лайлы Пакальніня

Да нас едзе легенда латвійскай дакументалістыкі. Лайла Пакальніня – аўтарка больш за 25 фільмаў. Калі ты падкі(-ая) да статуэтак, то ведай, што яе кароткі фільм «Вада» быў узнагароджаны «Залатым Мядзведзем» у Берліне, а фільм «Dream Land» атрымаў узнагароду Еўрапейскай кінаакадэміі.

 

 

 План 2. Для тых, каму важная актуальнасць тэмы 

 

«Рэфармістка»

рэжысёрка Мары Скаўгорд

Актуалачка пра іслам і месца жанчыны ў ісламе. Гераіня гэтай дакументалкі адкрыла першую ў Еўропе мячэць, лідаркамі ў якой сталі жанчыны. Як і можна было меркаваць, хутка штосьці пайшло не так... Схадзі – набярэшся новых аргументаў для застольных размоў пра будучыню Еўропы etc.

«X&Y»

рэжысёрка Ана Удэль

Рэжысёрка кідае выклік гендарным ролям, якія мужчыны і жанчыны адыгрываюць у сучасным грамадстве. Яна запрашае сем актораў жыць з ёй і шведскай іконай маскуліннасці Мікаэлем Персбрантам у адной прасторы і выступаць у якасці іх альтэр эга. Глянь, калі цікавішся гендарнымі тэорыямі.

«Незвычайнае жыццё дзяўчыны па імені Ві»

рэжысёр Таніслаў Хрыстоў

Дакументалка пра «ралевікоў», але не тых, што проста сякуцца на мячах у кальчугах, а пра тых, якія з дапамогай гульні даследуюць сябе і нават пераадольваюць пагібельныя дзіцячыя траўмачкі. Знята вельмі сімпатычна, варта глянуць за адну ўжо карцінку.

«Вакацыі»

рэжысёрка Ізабэла Эклёф

Фільм распавядае пра маладую дзяўчыну, якая апынулася ў гвалтоўных стасунках з наркабаронам. Сюжэт закранае тэмы ролі і становішча ахвяры, матываў гвалту, таго, як і чаму гвалт адбываецца і кім падтрымліваецца. Пасля паказу адбудзецца дыскусія з удзелам рэжысёркі і псіхалагінь – пра тое, як распазнаць гвалт у адносінах і як не патрапіць у сузалежнасць з партнёрам.

Майстар-клас «Як давяраць выявам у час fake news і медыянепісьменнасці»

Спікеры распавядуць пра прынцыпы працы адной з самых прагрэсіўных прадакшн-кампаній Швецыі – гётэборгскай Plattform Production, пра філасофію ўспрымання выявы ў XXI стагоддзі, а таксама пра тое, як ствараць уплывовае і неабыякавае дакументальнае кіно.

 

 

 

 План 3. Для інтравертаў 

 

«Animus Animalis (гісторыя пра людзей, жывёл і рэчы)»

рэжысёрка Айстэ Жэгулітэ

 

 

70 хвілін пра жывёл, з якіх зрабілі пудзіла, – вось гэта па-сапраўднаму царскі вольны час, якога ты заслугоўваеш. Адборная крыпацень!

 

 

«Куды вяртаецца чалавек» («Hvor man vender tilbake»)

рэжысёр Эгіл Хошульд Ларсэн

 

 

 

 

Чорна-белы фільм пра маўклівага мужыка, сабаку і суровую паўночную прыроду – самая эфектыўная медытацыя. Але толькі ў тым выпадку, калі ты рэальна дасі рады на працягу ўсяго фільма ні разу не пацягнуцца па смартфон, каб праверыць, ці не піша хто ў цялегу.

 

 

Сферычнае кіно пра паўночнае ззянне

Пакуль да той Лапландыі дабярэшся… Запісвайся і прыходзь у менскі Планетарый на бясплатныя сеансы паўнакупальнага кіно пра Aurora Borealis: пабачыш прыгажосць незямную, на якую здольная матухна-прырода. Дарэчы, годная ідэя для рамантычнага спаткання.

 

 

 План 4. Для палітыканаў 

 

«Добры тыдзень для дэмакратыі»

рэжысёрка Сесілія Б’ёрк

Фільм здымалі на працягу трох фестываляў Альмедален. Гэта фэст, што ладзіцца на востраве Готланд з 1968 года і з’яўляецца сапраўдным гонарам шведскай дэмакратыі. Паглядзі, як палітыка прадстаўляецца ў грамадстве, дзе ўвага медыя з’яўляецца цвёрдай валютай. Ды і ўвогуле паглядзі на дэмакратыю, ну.

«Радэа»

рэжысёры Раймо Йыранд, Кіур Аарма

Фільм пра тое, як Эстонія трапіла ў рукі самага маладога прэм’ер-міністра ў Еўропе – 32-гадовага Марта Лаара. І пра тое, што з гэтага атрымалася. Для даведкі: Март за два гады заслужыў рэпутацыю паспяховага рэфарматара, потым вылецеў з пасады за цьмяныя справы з савецкімі мільёнамі, але вярнуўся на пасаду ў 1999 і нешта здолеў.

«Маленькая Масква»

рэжысёр Грымур Хоканарсан

Кіно пра маленечкі гарадок Нэскёйпстадур, дзе будавалі камунізм, пакуль уся Ісландыя ўваходзіла ў НАТА і кіравалася правацэнтрысцкімі сіламі. Сацыялісты прыйшлі тут да ўлады ў 1946 і трымалі яе на працягу 52 гадоў. Такая сабе «ўнутраная Манголія».

 

 

 

 План 5. Для тых, хто яшчэ маленькі 

 

«Якаб, Мімі і сабакі, якія размаўляюць»

рэжысёр Эдмундс Янсанс

 

 

Багацей Калабок плануе ператварыць адзін з рамантычных вугалкоў Рыгі ў бяздушныя джунглі хмарачосаў і шкла. Якаб, Мімі і, як зразумела з назвы, сабакі, што ўмеюць размаўляць, намагаюцца гэтага не дапусціць. Гэты і яшчэ адзін мульцік пакажуць на «Паўночным ззянні» ў беларускай агучцы, што само па сабе ўжо нагода выбрацца з дому ўсёй сям’ёй.

 

 

Майстар-клас «Справа мары»

Маленькім удзельнікам прапануюць паразважаць, якія прафесіі з’явяцца праз 10–15 год, і зрабіць візуалізацыю сваёй мары ў выглядзе комікса. Майстар-клас правядзе Валерыя Манковіч, аўтарка курсаў комікса ў «Творчых майстэрнях галерэі Ў». Шкада, у тваім дзяцінстве такіх прыкалюх не было.

 

***

Зразумела, гэта не ўся праграма фестывалю, і тое, што мы абмінулі ўвагай, зусім не факт, што не вартае ўвагі тваёй. Не лянуйся, шукай фільмы на свой густ тут.